Пошук
Царква і Грамадзтва
02.10.2013
Боская Літургія за ненароджаных дзяцей
 
20 верасьня 2013 годуe ў капліцы грэка-каталіцкага Цэнтру Праведнага Язэпа была адслужана Боская Літургія ў інтэнцыі абароны ненароджаных дзяцей і ўмацаваньня хрысьціянскіх каштоўнасьцяў у беларускіх сем’ях. Узначаліў Літургію Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), паведамляе сайт хрысьціянскага валанцёрскага руху сьв. Мікалая valancer.by.
 
З духоўным настаўленьнем да вернікаў зьвярнуўся душпастыр з Ліды — айцец Андрэй Буйніч. У ім ён заклікаў да асаблівай вернасьці навуцы Каталіцкай Царквы, нават калі гэта не зусім зручна і лёгка для выкананьня. Толькі праз асаблівую лучнасьць з Хрыстом і Яго Царквой мы можам абараніць сям’ю ад многіх сучасных бязбожных выклікаў, адзначыў ён.
 
Пасьля заканчэньня Боскай Літургіі адбылася сустрэча пры гарбаце, на якой айцец Васіль Ягораў — грэка-каталіцкі душпастыр з Магілёва, распавёў пра асаблівасьці практычнага служэньня ў справе абароны жыцьця. Ён таксама адзначыў, што праблема абортаў пачынаецца глыбока ў сэрцы і розуме чалавека. Зьнявераны атэістычнай ідэалогіяй і атручаны карыстальніцкім і геданістычным падыходам да жыцьця, сучасны чалавек перастае бачыць ў новым жыцьці дар Божы і пачынае трактаваць дзіця як уласнасьць ці нават рэч, якую можна мець альбо ня мець. Людзі нават не адчуваюць нічога непрыемнага, калі кажуць “я хачу завесьці дзіця” альбо “я хачу мець дзіця”. Гэта стала нормай. Нормай для грамадзтва з абартыўным менталітэтам становяцца і выказваньні, накшталт “нам зараз дзеці ў сям’і пакуль не патрэбныя”.
 
Кожны чалавек пакліканы цаніць дар жыцьця, адзначыў сьвятар, асабліва хрысьціяне, якія нясуць адказнасьць перад Богам за захаваньне Яго запаветаў. Катэхізіс Каталіцкай Царквы сярод чужых грахоў з нашае віны адзначае наступныя: дазваляць грашыць, апраўдваць грэх, не караць за грэх, замоўчваць грэх… Як часта на споведзі мы гэта згадваем? А ці памятаем мы, што умовай добрай споведзі ёсьць пастанова выправіцца?!!
 
Беларусь сёньня займае другое месца ў сьвеце па ўзроўні разводаў, трэцяе месца па колькасьці абортаў, чацьвёртае месца па колькасьці суіцыдаў.
 
У Беларусі сёньня згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 2013 году шэраг сацыяльных паказаньняў для перарываньня цяжарнасьці на позьнім тэрміне скарочаны з дзесяці да дзьвюх пазіцыяў: цяпер зрабіць аборт пры наяўнасьці сацыяльных паказаньняў маюць магчымасьць жанчыны, якія сталі цяжарнымі ў выніку згвалтаваньня, і жанчыны, якія рашэньнем суду пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. У той жа час застаюцца ў сіле тры групы падставаў для перарываньня цяжарнасьці: па жаданьні жанчыны без абгрунтаваньня прычыны ў тэрмін да дванаццаці тыдняў цяжарнасьці; па жаданьні жанчыны пры наяўнасьці сацыяльных паказаньняў да дваццаці двух тыдняў цяжарнасьці; і па медыцынскіх паказаньнях у любы тэрмін цяжарнасьці.
 
На 21 верасьня ў Менску планавалася правядзеньне першага Агульнанацыянальнага маршу пад дэвізам “За жыцьцё, за сям’ю, за дзяцей”. Ініцыятары запланаванага маршу хацелі прыцягнуць увагу грамадзтва да праблемы абароны жыцьця, ненароджаных дзяцей і абароны традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў. Падобныя акцыі сталі традыцыйнымі ў многіх краінах. Бласлаўленне на правядзеньне маршу далі каталіцкі і праваслаўны ярархі — Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. На жаль, агульнанацыянальны Марш у абарону жыцьця і сям’і так і не адбыўся — сьвецкія ўлады не далі на яго дазвол.
 
Тым ня менш, у гэты дзень у менскім архікатэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў сьв. Імшу ў інтэнцыі абароны жыцьця, сям’і і дзяцей, паведамляе Catholic.by. “Абарона жыцьця, як самага каштоўнага Божага дару – гэта найперш і перадусім выконваньне Божай волі, — падкрэсьліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі падчас Імшы. — Жыцьцё зьяўляецца цудоўным дарам Бога, які ў чалавека, зьлепленага з гліны, удыхнуў жыцьцё. Калі жыцьцё даецца нам ад Бога і калі мы нараджаемся дзякуючы Яго бескарыснай любові, то ці не зьяўляецца гэта дастатковай прычынай, каб глядзець на яго як на самае сьвятое, на якое мае права толькі Бог?”
 
Напрыканцы сьв. Імшы Мітрапаліт заклікаў удзельнікаў набажэнства “аб’яднацца ў нашых намаганьнях у імя абароны жыцьця для шчасьлівай будучыні нашай Бацькаўшчыны”.
Гл. таксама:
23.11.2019
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на цырымоніі пахаваньня парэшткаў паўстанцаў у Вільні: «у Бога няма выпадковасьцяў»
16.09.2015
Як разьвіваўся беларускі біблійны пераклад?
03.08.2012
Сьвятар БГКЦ Васіль Ягораў пра акцыю ў абарону жыцьця “Ад акіяну да акіяну”
24.01.2011
Трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да еднасьці
01.01.2011
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў беларускае грамадзтва да супольнага пошуку сапраўднага міру і згоды