Пошук
Царква і Грамадзтва
04.05.2017
Папа: праца дае моладзі магчымасьць марыць
 
У дзень 1 траўня, калі ў Каталіцкай Царкве лацінскага абраду адзначаецца ўспамін сьв. Юзафа, рамесьніка, Папа Францішак скіраваў свае думкі да моладзі — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
«Няхай сьв. Юзаф дасьць моладзі здольнасьць марыць, рызыкаваць дзеля вялікіх рэчаў, якіх прагне для нас Бог», — напісаў ён у сваім профілі ў сацыяльнай сетцы Twitter.

Успамін сьв. Юзафа, рамесьніка, быў устаноўлены ў Каталіцкай Царкве, каб надаць хрысьціянскі сэнс Міжнароднаму дню працы. Гэта адбылося ў 1955 годзе, падчас пантыфікату папы Пія ХІІ.
 
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё адзначае, што Сьвяты Айцец часта заклікае моладзь не скарацца перад цяжкасьцямі, асабліва зьвязанымі з беспрацоўем, і працягваць марыць пра лепшую будучыню. Пра гэта ён казаў у сакавіку 2014 году падчас аўдыенцыі для дэлегацыі сталеліцейнага заводу з італьянскага гораду Тэрні.
 
«Дарагія браты і сёстры, ніколі не пераставайце спадзявацца на лепшую будучыню. Змагайцеся за яе, змагайцеся! Калі ласка, не дазваляйце віхору песімізму загнаць сябе ў пастку. Калі кожны будзе рабіць сваю частку, калі ўсе будуць ставіць у цэнтар чалавека, з яго годнасьцю, а ня грошы, калі ўмацуецца салідарнасьць і братэрскае дзяленьне, натхнёнае Евангельлем, можна будзе вылезьці з дрыгвы складанага і цяжкага, з эканамічнага і працоўнага пункту гледжаньня, перыяду», — казаў Папа.
 
Дзякуючы працы і здольнасьці прыносіць дамоў хлеб моладзь атрымлівае магчымасьць умацоўвацца ў надзеі і не трапляць у роспач, адзначаў Рымскі Архірэй у сьнежні 2015 году, падчас сустрэчы з удзельнікамі ініцыятывы Канферэнцыі Біскупаў Італіі пад назвай «Progetto Policoro».
 
«Моладзь павінна мець магчымасьць умацоўвацца ў надзеі на тое, што яе сілы, энтузіязм, інвестыцыі энэргіі і рэсурсаў ня будуць дарэмнымі. Колькі моладзі сёньня стала ахвярамі беспрацоўя! Калі няма працы, пад пагрозу становіцца годнасьць, бо адсутнасьць працы не дазваляе прыносіць хлеб дамоў, не дазваляе адчуваць сябе годным зарабляць на жыцьцё. Сёньня існуюць ахвяры гэтага. Колькі з іх ужо перасталі шукаць працу, таму што трапілі ў роспач пасьля шматлікіх адмоваў або абыякавасьці грамадзтва, якое аддае перавагу прывілеяваным», — казаў Папа.
 
Сьвяты Айцец Францішак называе пазбаўленьне людзей працы дзеля эканамічнай выгады цяжкім грахом. Пра гэта ён казаў 15 сакавіка 2017 году, каментуючы сітуацыю з працаўнікамі тэлевізійнай кампаніі «Sky Italia», якім пагражала скарачэньне, нагадвае Ватыканскае радыё.
 
«Праца дае нам годнасьць, і адказныя за народы кіраўнікі маюць абавязак рабіць усё неабходнае, каб кожны чалавек мог працаваць і трымаць галаву высока, з годнасьцю глядзець у твар іншым. Той, хто дзеля эканамічных манеўраў, не зусім празрыстых перамоваў, закрывае фабрыкі, прадпрыемствы і пазбаўляе людзей працы, зьдзяйсьняе цяжкі грэх», — падкрэсьліваў Папа.

Крызіс рынка працы ахоплівае сёньня ўвесь сьвет, і для яго рашэньня існуе стары, але ў той жа час заўсёды новы спосаб: братэрства. Пра гэта Папа Францішак напісаў у сваім сьпецыяльным пасланьні, скіраваным да ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай акадэміі грамадзкіх навук. Паседжаньне яе з 28 красавіка па 2 траўня 2017 году адбывалася ў Ватыкане на тэму: «У накірунку грамадзтва ўдзелу: новыя шляхі для сацыяльнай і культурнай інтэграцыі».

Сьвяты Айцец нагадвае ў сваім пасланьні пра барацьбу працоўных за свае правы ў 19 і 20 стагоддзях. Яна яшчэ ня скончылася, адзначае Папа, і сёньня мы сутыкаемся з трывожнымі феноменамі сацыяльнай адкінутасьці мільёнаў людзей.

Пій XI у сацыяльнай энцыкліцы 1931 году «Quadragesimo anno» сьцьвярджаў, што ў аснове несправядлівасьці ёсьць эгаізм. Эгаізм — гэта супрацьлегласьць братэрству. Ён вядзе да ўмацаваньня «глабальнай эканамічнай дыктатуры». Папа Пій XI называў яе «міжнародным імперыялізмам грошай».

Сёньня неабходна пашырыць традыцыйнае паняцьце справядлівасьці, якое «ня можа зводзіцца толькі да моманту разьмеркаваньня багацьцяў, але павінна сягаць таксама і да моманту вытворчасьці». Вось чаму толькі братэрства можа быць «рэгулюючым прынцыпам эканамічнага парадку», падкрэсьліў Папа Францішак.

У братэрскім грамадзтве праца — гэта ня столькі права, колькі «здольнасьць і невыкараняльная патрэбнасьць чалавека». Толькі ў братэрскім грамадзтве праца можа ісьці побач з справядлівасьцю: тады праца ня проста забясьпечвае законную ўзнагароду, але і адказвае пакліканьню чалавека, спрыяючы разьвіцьцю яго здольнасьцяў. Такім ёсьць евангельскае рашэньне праблемы, тлумачыць Папа Францішак: «новы гуманізм», «новая гістарычная сіла». Яна спараджае свабоду, справядлівасьць, мір і годнасьць для ўсіх людзей.
Гл. таксама:
21.12.2018
Не застацца на сьвята бяз радасьці
04.04.2018
Папа: Хрыстова ўваскрасеньне — магчымасьць адкрываць брацтва
19.02.2015
Папа заклікаў сьвецкіх вернікаў быць апосталамі гарадзкіх кварталаў
27.11.2014
Барталамей I перад сустрэчай з Францішкам: поўная еднасьць усё больш рэальная
22.11.2014
Папа Францішак: пошук еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы