Пошук
Царква і Грамадзтва
05.05.2017
Мітрапаліт Кандрусевіч: у Беларусі насьпела рэформа дзяржаўна-рэлігійных адносінаў
 
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 2 траўня 2017 году выступіў у Менску ў Акадэміі кіраваньня пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з дакладам на тэму «Узаемадзеяньне Касьцёлу і дзяржавы ў наш час» — паведамляе Catholic.by.
 
У сваім дакладзе каталіцкі ярарх адзначыў, што ў Беларусі насьпела рэформа заканадаўства ў сферы адносінаў паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі. Ён агучыў шмат вострых пытаньняў да прадстаўнікоў улады, якія патрабуюць вырашэньня.
 
Пра гісторыю дачыненьняў Царквы і дзяржавы
 
На пачатку свайго дакладу мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў гісторыю разьвіцьця адносінаў паміж Царквой і дзяржавай. За дзьвюхтысячагадовую гісторыю хрысьціянства гэтыя дачыненьні былі рознымі. На пачатку было непрызнаньне і жорсткі перасьлед, а пасьля Міланскага эдыкту 313 г. хрысьціянства атрымала роўныя з іншымі рэлігіямі правы і новыя магчымасьці для выкананьня місіі па абвяшчэньні Евангельля ўсяму сьвету. «Дзякуючы гэтаму, хрысьціянства аказала вялікі ўплыў на разьвіцьцё еўрапейскай цывілізацыі. Нельга зразумець еўрапейскую культуру без хрысьціянства. Яе падмурак складае Евангельле і яна ўнесла свой вялікі ўклад у разьвіцьцё чалавецтва», — падкрэсьліў каталіцкі ярарх.
 
У хуткім часе пасьля Міланскага эдыкту хрысьціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй да такой ступені, што Царква і дзяржава месцамі станавіліся ўзаемазьвязанымі да такой ступені, што Царква нават выконвала некаторыя палітычныя функцыі, а дзяржава клерыкалізавалася. І гэта не спрыяла нармальнаму разьвіцьцю ні Царквы, ні дзяржавы, адзначыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
 
Але гісторыя паказала нежыцьцяздольнасьць такіх стасункаў. Трагічныя наступствы Французскай рэвалюцыі шмат у чым дапамаглі асэнсаваць неабходнасьць адрозьненьня місіі Царквы і дзяржавы, а таксама нязьмешваньня рэлігійнай дзейнасьці з палітычнай.
 
З цягам часу, асабліва з другой паловы ХХ стагоддзя, Царква пачала мяняць свае адносіны да сьвету, больш увагі надаваць ня толькі маральным, але і сацыяльным пытаньням, клопату пра бедных і хворых, пытаньням справядлівасьці. Стала зразумелым, што хрысьціянін павінен несьці адказнасьць за сьвет, у якім жыве.

Пра прынцып аўтаноміі рэлігіі і палітыкі
 
Царква абвяшчае нязьменныя маральныя прынцыпы, чытае знакі часу і, зыходзячы з прынцыпаў Евангельля і сваёй навукі, адказвае на іх.
 
Каталіцкая навука пра адносіны Царквы і дзяржавы грунтуецца на дакументах Другога Ватыканскага сабору і пасьлясаборных дакументах. Галоўнымі з іх зьяўляюцца Пастырская канстытуцыя пра Царкву ў сучасным сьвеце «Радасьць і надзея», Катэхізм Каталіцкай Царквы, сацыяльныя энцыклікі папаў Яна XXIII, Паўла VI, Яна Паўла II, Бенядыкта XVI і Францішка, а таксама Кампендый сацыяльнай навукі Царквы. На сучасным этапе разьвіцьця царкоўна-дзяржаўных адносінаў актуальным зьяўляецца навука папы Бенядыкта XVI, выкладзеная ў энцыкліцы «Бог ёсьць любоў». Усе гэтыя дакументы вучаць, што Царква і дзяржава ў сферы сваёй дзейнасьці зьяўляюцца аўтаномнымі і незалежнымі адно ад аднаго.
 
У аснове адносінаў Царквы і дзяржавы знаходзяцца словы Хрыста: «Богу — Богава, а Цэзару — цэзарава». З гэтага вынікае галоўны прынцып навукі Царквы пра аўтаномію рэлігіі і палітыкі, Царквы і дзяржавы, сказаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Такая норма ў большасьці краінаў сьвету ўспрымаецца як агульнапрынятая.
 
Тым ня менш, адзначыў каталіцкі ярарх, аўтаномнасьць не азначае ўзаемнай ізаляцыі Царквы ад дзяржавы, бо яны «хоць і рознымі спосабамі, аднак служаць тым самым людзям».
 
Царква, як заявіў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, «не патрабуе для сябе ніякіх прывілеяў, а толькі прызнаньня правоў, патрэбных для яе дзейнасьці».

Дэкларацыя Другога Ватыканскага Сабору пра рэлігійную свабоду «Годнасьць чалавечай асобы» падкрэсьлівае, што дзяржаўная ўлада павінна абараняць рэлігійную свабоду справядлівымі законамі і іншымі адпаведнымі сродкамі.

Царква ж займаецца выхаваньнем розумаў і сэрцаў людзей у духу справядлівасьці і пашаны права, што неабходна для нармальнай дзейнасьці любых дзяржаўных і грамадзка-палітычных структураў. «Прызнаючы аўтаномію дзяржавы, Царква, якая з Божага ўстанаўленьня зьяўляецца ахоўнікам і гарантам маральнасьці, пакідае за сабой права на маральную ацэнку яе дзейнасьці ў галіне захаваньня правоў чалавека і збаўленьня душаў», — адзначыў мітрапаліт Кандрусевіч.

Падпісаньне канкардату дасьць магчымасьць выконваць місію Царквы
 
Ярарх дадаў, што сёньня адносіны паміж Каталіцкай Царквой і дзяржавамі рэгулююцца праз заключэньне сьпецыяльных пагадненьняў — канкардатаў. Такія пагадненьні, паводле мітрапаліта Кандрусевіча, на міжнародным узроўні вызначаюць правы і абавязкі бакоў — Апостальскага Пасаду і канкрэтнай дзяржавы.
 
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі зьвярнуў увагу, што размовы пра падпісаньне канкардату ўжо шмат гадоў вядуцца ў нашай краіне, але гэтае пагадненьне дагэтуль так і не падпісанае: «Абодва бакі зацікаўленыя ў гэтым, — падкрэсьліў ярарх. — Аднак, яшчэ далёка ня ўсе праблемы, зьвязаныя з падрыхтоўкай такога пагадненьня, вырашаныя, хоць мы спадзяёмся на прагрэс у гэтай важнай справе».
 
Паводле ярарха, падпісанне такога дакументу ў Беларусі дасьць новыя магчымасьці ў выкананьні місіі Царквы ў краіне ў адпаведнасьці з кананічным правам і традыцыяй Царквы, а сам дакумент палепшыць імідж Беларусі на міжнароднай арэне.
 
Сёньня, на думку мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, пакуль не падпісаны канкардат паміж Апостальскім Пасадам і Беларусьсю, ёсьць неабходнасьць у абнаўленьні заканадаўства ў рэлігійнай сферы. Дачыненьні паміж Царквой і дзяржавай рэгулююцца артыкуламі 16 і 31 Канстытуцыі і Законам «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», прынятым яшчэ ў 1992 годзе, з пазьнейшымі зьменамі і дапаўненьнямі і многімі падзаконнымі актамі. Многія палажэньні гэтага закону ўжо састарэлі і не адпавядаюць часу і рэальнай сітуацыі.
 
«Адразу трэба пазначыць, што гэта агульны для ўсіх рэлігіяў і канфесіяў закон, — сказаў мітрапаліт Кандрусевіч. — Але варта падкрэсьліць, што для поўнага права на свабоду веравызнаньня неабходныя дзяржаўна-канфесійныя пагадненні, якія ўлічвалі б асаблівасьці розных канфесіяў і рэлігіяў», — падкрэсьліў каталіцкі ярарх.
 
«Вось чаму Апостальскі Пасад імкнецца да падпісаньня такога пагадненьня. Без яго Касьцёл ня можа ў поўнай меры ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь, як гэта адбываецца ў іншых краінах», — сказаў архібіскуп.
 
Праблема рэстытуцыі і захаваньня сакральнай архітэктурнай спадчыны
 
У сваім дакладзе Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі закрануў тэму неабходнасьці прыняцьця ў Беларусі закону аб рэстытуцыі, які б урэгуляваў праблему з перадачай парафіям раней канфіскаваных царкоўных будынкаў, якія канфіскавала савецкая дзяржава. Такія законы былі прынятыя ў Літве, Латвіі і Расеі. У якасьці характэрнага прыкладу Ўладыка Тадэвуш ўзгадаў гісторыю з каталіцкай катэдрай Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве, збудаванай у XVIII стагоддзі. (Гэты храм быў канфіскаваны савецкай уладай у 1956 годзе і ў ім разьмясьцілі архіў. Храм страціў частку росьпісаў і ўнікальны арган.) У 1990-ыя гг. католікі яго адрэстаўравалі за свой кошт, але да сёньня сьвятыня не перададзеная парафіі, а магілёўскія ўлады яшчэ й патрабуюць плаціць арэнду за яе выкарыстаньне. Рыма-каталіцкі мітрапаліт лічыць такі падыход несправядлівым і непасьлядоўным.
 
Таксама ярарх зьвярнуў увагу на стан і захаваньне сакральнай спадчыны ў Беларусі. «Пасьля трох пакаленьняў савецкага ліхалецьця ў нашай краіне засталося вельмі мала гістарычных культавых будынкаў, якія раней належылі рэлігійным арганізацыям. Іх трэба адбудоўваць і аднаўляць. Гэта нашая нацыянальная каштоўнасьць і спадчына, менавіта таму павінна быць створаная дзяржаўная праграма па іх аднаўленьні», — сказаў архібіскуп Кандрусевіч. «Іх, а не часамі архітэктурна безгустоўныя навабуды будуць наведваць турысты і пілігрымы ў будучыні», — падкрэсьліў каталіцкі ярарх.
 
Акрамя таго мітрапаліт адзначыў, што да сёньня ў краіне няма адэкватных нормаў на будаўніцтва новых храмаў. Тэрмін будаўніцтва культавых будынкаў вызначаецца нарматывамі для будаўніцтва клубаў і дамоў культуры. «Але касьцёлы будуюцца за ахвяраваньні вернікаў, а не за дзяржаўныя сродкі, як у выпадку з дамамі культуры. І атрымліваецца, што паводле такіх нормаў касьцёл павінен быць пабудаваны за год, а то і менш. Як гэта магчыма?» — рытарычна запытаўся ярарх. Пры гэтым ён з прыкрасьцю адзначыў, што ў такой сітуацыі даводзіцца потым прасіць дазвол у адпаведным выканаўчым камітэце на працяг тэрміну будаўніцтва, які, як правіла, даецца ўсяго на некалькі месяцаў, а за паўторны працяг тэрмінаў будоўлі, як і ўсе наступныя, Царква плаціць штраф. У той жа час, у многіх гарадах і ў сталіцы хапае розных даўгабудаў і гэта нікому не перашкаджае.
 
Яшчэ адной балючай і нявырашанай праблемай у Беларусі каталіцкі ярарх назваў складаны парадак атрыманьня, рэгістрацыі і выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі некамерцыйнымі арганізацыямі. Пры гэтым ён зьвярнуў увагу, што адсутнасць падатковых ільготаў для спонсараў тармозяць разьвіцьцё дабрачыннай дзейнасьці ўнутры краіны.
 
Сярод іншых важных праблемаў, закранутых у дакладзе Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, — спрашчэньне дазволу на служэньне ў краіне замежных сьвятароў, спробы ўмяшальніцтва з боку ўладаў у дзейнасьць нядзельных школаў, пытаньне аб рэлігійным выхаваньні ў школе на факультатыўнай аснове, стварэньне невялікіх капліц у шпіталях і вязьніцах, неадэкватныя меры кантролю і бясьпекі з боку ўладаў з выстаўленьнем «аўтазакаў» падчас царкоўных сьвятаў і ўрачыстасьцяў, якія ўскладняюць і перашкаджаюць іх сьвяточнаму характару, ды шэраг іншых праблемаў.
 
У мерапрыемстве ў Акадэміі кіраваньня пра Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у межах праграмы павышэньня кваліфікацыі прынялі ўдзел кіраўнікі галоўных упраўленьняў, аддзелаў ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, гарвыканкамаў, райвыканкамаў і мясцовых адміністрацыяў раёнаў, якія курыруюць пытаньні рэлігіяў і нацыянальнасьцяў.
 
Фота кс. Кірылы Бардонава, Catholic.by.
Гл. таксама:
19.10.2018
Сьвяты Пасад пракаментаваў раскол паміж Масквой і Канстанцінопалем
09.04.2018
Моладзь і рэлігія
10.08.2017
У Менску прайшло духоўна-асьветніцкае сьвята ў гонар Скарыны
06.05.2017
Мітрапаліт Кандрусевіч: няма ніводнай краіны, акрамя Беларусі, дзе замежны сьвятар павінен прасіць ва ўладаў дазвол, каб адслужыць імшу
23.09.2009
«Царква павінна быць самастойнаю»