Пошук
Царква і Грамадзтва
07.05.2017
Каталіцкі ярарх занепакоены спробамі ўлады ўмешвацца ў працэс катэхізацыі ў нядзельных школах
 
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, выказаў зьдзіўленьне і занепакоенасьць Каталіцкай Царквы ў Беларусі патрабаваньнямі некаторых аддзелаў ідэалогіі прадастаўляць праграму навучаньня Катэхізму і сьпісы вучняў нядзельных школаў.
 
Пра гэта ён заявіў у сваім дакладзе 2 траўня 2017 году ў Акадэміі кіраваньня пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, выступаючы перад кіраўнікамі галоўных упраўленьняў, аддзелаў ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, гарвыканкамаў, райвыканкамаў і мясцовых адміністрацыяў раёнаў, якія курыруюць пытаньні рэлігіяў і нацыянальнасьцяў.
 
Як адзначыў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падрыхтавала адпаведныя падручнікі, якія выкарыстоўваюцца для катэхізацыі дзяцей у нядзельных школах пры каталіцкіх парафіях краіны. Падручнікі афіцыйна зацьверджаныя царкоўнай уладай і выдадзеныя. Таму «ніхто нічога не хавае і нікога ня вучыць патаемна», падкрэсьліў ярарх.
 
На думку архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча патрабаваньне асобных чыноўнікаў «прадастаўляць праграму навучаньня Катэхізісу ў нядзельных школах і сьпісы дзяцей, якія іх наведваюць», гэта ні што іншае, як «умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Касьцёлу і неадпаведнасьць закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях».
 
«Якая мэта такіх патрабаваньняў? Праверыць прававернасьць навучаньня дзяцей? — зьдзіўляецца каталіцкі ярарх. — Дазвольце спытаць: “А суддзі хто?” Хто з супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў скончыў каталіцкі, праваслаўны, юдэйскі, мусульманскі ці пратэстанцкі ўніверсітэт?»
 
Ярарх дадаў, што гэта не адзіная праблема ў адносінах з мясцовымі органамі ўлады — часта ў розных раёнах ставяцца яшчэ і розныя патрабаваньні да інфармацыі пра дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў.
 
Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч лічыць, што сьпецыялісты, якія курыруюць справы рэлігіі, павінны ведаць ня толькі Закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях», але і асновы веравучэньня ды ўласнае права розных рэлігіяў і канфесіяў, паколькі ў Статуце кожнай рэлігійнай арганізацыі прапісана, што яна ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць ня толькі ў адпаведнасьці з законамі Рэспублікі Беларусь, але і з заканадаўчымі правіламі рэлігіі або канфесіі, да якой належыць.
 
У сувязі з гэтым ён прапанаваў часьцей запрашаць на мерапрыемствы для чыноўнікаў, якія курыруюць дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў, адпаведных сьпецыялістаў з розных канфесіяў, каб яны маглі павышаць сваю кваліфікацыю, і каб чыноўнікі і рэлігійныя арганізацыі не займаліся непатрэбнай паператворчасьцю.
 
Таксама Ўладыка Тадэвуш Кандрусевіч лічыць, што прыйшоў час вырашыць пытаньне пра рэлігійнае выхаваньне ў школе, як гэта прынята ў многіх краінах сьвету. На яго думку, яно магло б ажыцьцяўляцца на факультатыўнай аснове. Духоўныя каштоўнасьці «актуальныя заўсёды і незамяняльныя ў працэсе выхаваньня маладога пакаленьня», сьцьвярджае каталіцкі ярарх.
Гл. таксама:
09.04.2018
Моладзь і рэлігія
06.05.2017
Мітрапаліт Кандрусевіч: няма ніводнай краіны, акрамя Беларусі, дзе замежны сьвятар павінен прасіць ва ўладаў дазвол, каб адслужыць імшу
14.12.2016
Памяці сьвятара, які гарэў вераю
24.12.2013
Кардынал Курт Кох: навучыцца нанова фармуляваць каштоўнасьці хрысьціянства
23.09.2009
«Царква павінна быць самастойнаю»