Пошук
Царква і Грамадзтва
13.06.2017
Ноч храмаў — традыцыя, якую варта запазычыць Беларусі
 
У Празе і па ўсёй Чэхіі 9 чэрвеня 2017 году адбылася так званая «Noc Kostelů» — «Ноч храмаў». Сёлета ў гэтай рэлігійна-культурнай акцыі была і беларуская праграма — у царкве сьв. Кузьмы і Дзям’яна, дзе моляцца вернікі-беларусы, што жывуць у Празе.
 
Упершыню Ноч храмаў была арганізаваная ў Нямеччыне ў 2003 годзе. З кожным годам акцыя ўсё больш набывае папулярнасьць і ахоплівае новыя гарады і краіны. Падобныя мерапрыемствы ладзяцца цяпер таксама ў Чэхіі, Аўстрыі, Славакіі, Эстоніі, Латвіі, Галандыі.
 
Для ўдзелу ў Ночы храмаў-2017 у сталіцу Чэхіі прыехалі Апостальскі Візітатар для беларускіх грэка-католікаў Архімандрыт Сяргей (Гаек) і кіраўнік грэка-каталіцкага душпастырства ў Празе протапрасьвітар Андрэй Абламейка.
 
Пра тое, што ўяўляе сабой Ноч храмаў у Празе, журналіст Радыё Свабода Сяргей Абламейка пагутарыў з Апостальскім Візітатарам БГКЦ Архімандрытам Сяргеем (Гаекам). Ніжэй прапануем гэтую размову, якая адбылася перад яе пачаткам.
 
— Сёньня ў Празе Ноч храмаў. Што гэта такое, як даўно праводзіцца гэтае мерапрыемства?
 
— Ноч храмаў — гэта шматгадовая практыка пражскай япархіі Рымска-Каталіцкай Царквы. Але цяпер яна праводзіцца ў супрацоўніцтве з прадстаўнікамі іншых канфесіяў. У такую ноч храмы адкрытыя для свабоднага наведваньня. У іх, паводле праграмы, адбываюцца набажэнствы, культурныя мерапрыемствы, канцэрты. Гэтая практыка налічвае ўжо шмат гадоў, у пэўны момант да яе далучыліся і пражскія беларусы.
 
— Калі Вы кажаце «пражскія беларусы», вы маеце на ўвазе грэка-каталіцкае душпастырства Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы?
 
— Так, гэтае душпастырства, якое ўзначальвае айцец протапрасьвітар Андрэй Абламейка, бярэ ўдзел у Ночы храмаў у Празе ўжо шмат гадоў у розных формах. Звычайна гэта сканцэнтравана вакол царквы сьвятых Кузьмы і Дзям’яна — гэта славуты пражскі храм усходняга абраду, пабудаваны ў Х стагоддзі, а менавіта ў 928 годзе. Я сам бяру ўдзел у Ночы храмаў другі раз на запрашэньне кіраўніка Апостальскага Экзархату Чэхіі біскупа Ўладзіслава Гучкі.
 
— Такім чынам, Ноч храмаў — гэта калі храмы розных канфесіяў адкрытыя ўсю ноч. Туды можа прыйсьці любы ахвочы...
 
— Так. Галоўнае, што там адбываюцца вячэрнія або начныя набажэнствы. Але ня толькі. Усю ноч у храме знаходзяцца некалькі адказных асобаў. Кожны можа прыйсьці, яму раскажуць пра гісторыю храму, пакажуць помнікі мастацтва, раскажуць пра традыцыю ўдзелу парафіі ў рэлігійным жыцьці рэгіёну або гораду.
 
— А удзел беларусаў мае нейкую асаблівасьць?
 
— Так, вядома. Сёлета для нас ёсьць добрая нагода ўзгадаць важны юбілей — 500-годдзе Псалтыра Скарыны, які быў надрукаваны тут, у Празе.
 
— З чаго складаецца ўдзел беларусаў у Ночы храмаў у Празе, з якіх мерапрыемстваў?
 
— А 17-й гадзіне ў царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна адбудзецца чэская літургія, але з прысутнасьцю беларусаў, якую на запрашэньне Экзарха Чэхіі біскупа Ўладзіслава Гучкі ўзначальваю я. Падчас набажэнства я скажу для прысутных некалькі словаў пра тое, што для нас, беларусаў, вельмі важная памяць пра Скарыну, гэта — каштоўная форма беларускай прысутнасьці ў жыцьці хрысьціянаў Чэхіі і наогул у культурным жыцьці Чэшскай Рэспублікі.
 
— А яшчэ нейкія мерапрыемствы будуць?
 
— Так. Яшчэ а 21-й гадзіне адбудзецца беларускамоўны малебен у той жа царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна, які адслужыць айцец Андрэй Абламейка.
 
— А ці ёсьць нешта падобнае да Ночы храмаў у Беларусі і ці хацелі б вы распачаць такую традыцыю ў нашай краіне?
 
— Вядома, мы вельмі хацелі б. Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо робяцца. Напрыклад, перад Пасхай былі адкрытыя касьцёлы ў Менску. Але такое мерапрыемства было б вельмі дарэчы. Беларусь ў такі спосаб далучылася б да рэлігійных традыцыяў Цэнтральнай Еўропы.
 
* * *
Пасьля таго, як ноч храмаў-2017 у Празе адбылася, журналіст Радыё Свабоды Сяргей Абламейка падзяліўся сваімі ўражаньнямі і назіраньнямі:
 
«На першы погляд, гэтая акцыя выглядае чыста рэлігійнай. Але гэта не зусім так. Сапраўды — храм ёсьць храм, і ўдзел у акцыі бралі храмы розных канфесіяў. У храмах адбываліся набажэнствы, быў адкрыты доступ да мошчаў сьвятых, дзяжурылі сьвятары. Але ня толькі.
 
У будынках, дзе звычайна адбываюцца набажэнствы, яшчэ былі разгорнутыя выставы, дзяжурылі экскурсаводы і актывісты парафіяў, гатовыя расказаць пра храм, пра царкву, якую ён прадстаўляе. Таксама, паводле раскладу, адбываліся канцэрты хораў і музычных калектываў — па два, тры і болей за адзін вечар. /.../
 
Я быў зьдзіўлены, калі ўбачыў тысячы людзей, якія ў той вечар перамяшчаліся па гістарычным цэнтры Прагі, заходзячы ў той ці іншы храм. Людзі цікавіліся гісторыяй, заставаліся на набажэнствы або канцэрты, бралі ўлёткі і брашуры, сьпецыяльна надрукаваныя да Ночы храмаў.
 
Было відаць, што за 5-6 гадоў свайго існаваньня гэтая акцыя ператварылася ў каштоўную і важную культурную падзею, у якой штогод бяруць удзел тысячы людзей».

Фота: Opatství Emauzy.
Гл. таксама:
28.02.2019
Архімандрыт Сяргей Гаек пра духоўныя акцэнты душпастырства ў 2019 годзе
12.12.2016
У Маскве разьвіталіся з сьвятаром Віктарам Данілавым
12.12.2014
Архімандрыт Сяргей Гаек пракаментаваў ідэю кананізацыі Францішка Скарыны
19.11.2014
Архімандрыт Сяргей Гаек: Папа пажадаў грэка-католікам Беларусі асэнсаваць сваю спадчыну
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча