Пошук
Царква і Грамадзтва
06.12.2018
Беларускі грэка-каталіцкі храм у Лондане названы найлепшым рэлігійным будынкам сьвету
 
29 лістапада 2018 году на Сусьветным архітэктурным фэстывалі ў Амстэрдаме было абвешчана, што драўляная грэка-каталіцкая царква сьв. Кірылы Тураўскага і Ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу, збудаваная і асьвячаная ў сьнежні 2016 году ў раёне Паўночны Фінчлі ў Лондане для Беларускай каталіцквай місіі, перамагла ў катэгорыі «Найлепшы рэлігійны будынак». Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.
 
Гэты штогадовы сусьветны архітэктурны конкурс WAF лічыцца адной з найважнейшых падзеяў у сьвеце ў галіне архітэктуры. На ім уручаюць прэміі ў 24 намінацыях. Сёлета ён прыцягнуў увагу больш за 2000 архітэктараў з усяго сьвету.
 
Варта адзначыць, што беларуская царква ў Лондане будавалася таксама як храм-помнік ахвярам трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Усё будаўніцтва храму абыйшлося ў 364 тыс. фунтаў стэрлінгаў, якое фінансава забясьпечыла ватыканская Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў. Гэтая царква стала першым драўляным сакральным будынкам у Лондане пасьля Вялікага пажару 1666 году. Аўтар праекту храма-помніка і, адначасова, парафіянін беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане малады архітэктар Со Цзыўай, каб адчуць дух беларускай сакральнай архітэктурнай спадчыны, сьпецыяльна прыяжджаў у Беларусь і знаёміўся з традыцыямі беларускай сакральнай архітэктуры.
 
Ён лічыць, што беларускія цэрквы вельмі асаблівыя. Яны не падобныя ні да чога іншага ў Еўропе, бо мясцовыя дойліды спалучылі стыль барока і мясцовыя традыцыі. «Гэта сьведчаньне чалавечай крэатыўнасьці пры абмежаваных рэсурсах — толькі дрэва», — лічыць Со Цзыўай. Але, на жаль, у Беларусі такія храмы не заўсёды цэняць. «Калі вы іх разбурыце, вы зьнішчыце ўласную гісторыю», — кажа архітэктар з Лондану.
 
Варта адзначыць, што гэта ўжо ня першая архітэктурная адзнака і ўзнагарода, якую атрымаў будынак беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане архітэктара Со Цзыўай. «Spheron Architects» — архітэктурнае бюро, якім кіруе Со Цзыўай, атрымала ўжо некалькі ўзнагародаў на прафесійных конкурсах. Со Цзыўай стаў пераможцам у конкурсе «UK Young Architect Award», які арганізаваў Амерыканскі інстытут архітэктараў. Царква трапіла таксама ў лік найлепшых будынкаў Лондану за 2016 год і атрымала прэмію Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў (RIBA London Award).
 
Паводле эксьпертнай ацэнкі арганізацыі «New London Architecture» (NLA) беларуская царква-помнік увайшла ў шорт-ліст адразу ў трох намінацыях: самы энэргаэфэктыўны будынак, «Культура і супольнасьць» і «Народны выбар».
 
Адметна, што беларускую царкву ўключылі ў лік самых энэргаэфектыўных будынкаў Лондана. Сьвятыня цалкам драўляная, але пры яе будаўніцтве былі выкарыстаныя сучасныя матэрыялы і тэхналогіі. У ёй зроблена натуральная вентыляцыя. Абаграецца храм сістэмай ад інжынернай кампаніі «Arup», якая праектавала будынак Оперы ў Сыднэі. Царква мае празрысты шкляны фасад і арыентавана на поўдзень, каб атрымліваць максімальнае цяпло ўзімку. У выніку тэмпература ў храме заўжды ідэальная: ня вельмі горача і ня вельмі холадна. Два рады вокнаў па перыметры будынка забясьпечваюць яму дастатковую колькасьць дзённага сьвятла і зьніжаюць неабходнасьць штучнага асьвятленьня сьвятлодыёдамі з нізкім энэргаспажываньнем і доўгім тэрмінам эксплуатацыі.
 
Рафаэль Цзыўай Со заўсёды падкрэсьлівае, што ўсе ўзнагароды за праект царквы атрымлівае ня ён і не ягоная кампанія, а беларуская супольнасьць Лондану. «Я ўсяго толькі хлопец, якому даверылі пабудаваць царкву, — адзначае архітэктар у інтэрв’ю Радыё Свабода. — Яна называецца Беларуская капліца-помнік. Не капліца імя Со Цзыўая. Яна названая ў гонар краіны. І належыць беларускай супольнасьці».
 
Фота: Joakim Boren (Dezeen.com), Алесь Чайчыц, St. Cyril of Turau Belarusian Catholic Church.
Гл. таксама:
01.10.2017
Першаярарх УГКЦ падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за стаўленьне да Ўкраіны
27.05.2017
Беларуская царква трапіла ў лік найлепшых будынкаў Лондану за 2016 год. Інтэрвію з архітэктарам
20.12.2016
Беларускі храм у Лондане будзе важным сымбалем беларускай культурнай прысутнасьці ў сьвеце
19.12.2016
Беларуская царква ў памяць пра ахвяры Чарнобыля асьвячана ў Лондане
26.12.2011
Бэтлеемскі агонь – сымбаль полымя веры