Пошук
Царква і Грамадзтва
05.04.2019
Заява Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адносна сітуацыі ў Курапатах
 
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся пра Курапаты, знаходзячыся ў Беластоку на рэабілітацыі пасьля аперацыі. Ён заклікаў спыніць знос крыжоў і распачаць дыялог з грамадзтвам. «Крыж не павінен падзяляць, бо ён яднае неба з зямлёю, а людзей — паміж сабою ў адзіную сям’ю братоў і сясьцёр», — сьцьвярджае каталіцкі ярарх у заяве, якая разьмешчана на Catholic.by.
 
Заява
арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
Мітрапаліта Менска-Магілёўскага
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
 
Праходзячы за мяжой курс рэабілітацыі пасьля складанай аперацыі па стабілізацыі пазванкоў металаканструкцыямі, я, тым ня менш, сачу за падзеямі, якія адбываюцца на маёй Радзіме.
 
Сёньня сродкі масавай інфармацыі напоўненыя трывожнымі зьвесткамі пра знос крыжоў у мемарыяльным комплексе ва ўрочышчы Курапаты, які разам з шматлікімі іншымі падобнымі месцамі на нашай Бацькаўшчыне зьяўляецца яе Галгофай і адначасова помнікам гісторыі і культуры.
 
Праблема Курапатаў цягнецца ўжо даўно і мае глыбокія карані, але яе неабходна як мага хутчэй вырашыць.
 
Пасьля таго, як напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя шырокай грамадзкасьці стала вядома пра месца злачынства, неабходна было правесьці адпаведныя і грунтоўныя дасьледаваньні, як гэта зроблена ў іншых падобных месцах масавых пахаваньняў, каб мець упэўненасьць у тым, што тут адбылося.
 
Кожнае месца сьмерці і пахаваньня паводле хрысьціянскай — і ня толькі — традыцыі ўшаноўваецца. Гэтае месца — сьвятое: месца памяці і малітвы.
 
Гэта таксама неад’емная частка гісторыі народу, без пазнаньня і ацэнкі якой ён ня мае будучыні. Кожны народ павінен ведаць і паважаць гістарычную праўду з мэтай ачышчэньня памяці, як да гэтага заклікае сьв. Ян Павел II, каб пасьпяхова будаваць шчасьлівую будучыню.
 
На жаль, своечасова гэта не было зроблена, і ў выніку пачалі ўзьнікаць праблемы.
 
У кастрычніку было паведамлена, што да канца мінулага года ў Курапатах будзе ўстаноўлены памятны знак, каля якога таксама можна будзе памаліцца. Аднак ніхто не спытаў прадстаўнікоў веравызнаньняў, як павінна выглядаць месца малітвы, асабліва капліца: ці яна павінна быць міжканфесійнай і міжрэлігійнай, ці, можа, лепш кожнаму веравызнаньню мець сваю.
 
Між тым неабыякавыя да трагедыі масавых забойстваў людзі прыходзілі ў Курапаты, каб памаліцца, і імкнуліся нейкім чынам пазначыць гэтае месца і ўшанаваць памяць забітых і пахаваных тут продкаў і суайчыньнікаў.
 
Такім чынам ва ўрочышчы зьявіліся крыжы, як гэта спрадвеку прынята рабіць на могілках і ў месцах пахаваньняў. Крыжы ставілі без афіцыйнага дазволу, але ўлада не забараняла гэтага рабіць.
 
За апошнія 30 гадоў паступова зьявіўся своеасаблівы «Курапацкі пантэон» — стыхійны мемарыял, вядомы ва ўсім сьвеце.
 
Таму нечаканы знос крыжоў выклікае, мякка кажучы, зьдзіўленьне. Ніхто ня кажа пра тое, што ня трэба ўпарадкаваць тэрыторыю ўрочышча Курапаты, але ня коштам абразы пачуцьцяў вернікаў. Я лічу, што неабходна арганізаваць грамадзкае абмеркаваньне плану ўпарадкаваньня тэрыторыі Курапатаў з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнаньняў.
 
Больш за тое, акцыя зносу крыжоў праводзіцца падчас Вялікага посту, калі ўсе хрысьціяне свой позірк скіроўваюць на Крыж Хрыста — знак нашага збаўленьня і надзеі. З крыжам ваявалі атэісты, нішчылі яго. На вялікі жаль, сёньня, калі афіцыйна няма дзяржаўнай ідэалогіі атэізму, яна зноў рэальна праяўляецца.
 
Заклікаю адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеяньні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадзкіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнаньняў распачаць працэс урэгуляваньня сітуацыі.
 
Наша краіна патрабуе стабільнасьці, а раскачваньне чоўна палітычнага і грамадзкага жыцьця супярэчыць гэтаму. Крыж не павінен падзяляць, бо ён яднае неба з зямлёю, а людзей — паміж сабою ў адзіную сям’ю братоў і сясьцёр. Нездарма нават вядомы кожнаму з першага класу знак складаньня выглядае менавіта ў форме крыжыка.
 
З надзеяй і малітвай аб мірным вырашэньні праблемы
 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
 
Беласток, 4 красавіка 2019 г.

Фота: Францішак Вячорка.
Гл. таксама:
06.04.2019
Вернікі БГКЦ далучаюцца да малітвы перапрашэньня за злом крыжоў у Курапатах
22.04.2018
Украінскі дэпутат пра аўтакефалію: Сьвяты Дух дыхае там, дзе хоча, а ня толькі там, дзе дазваляе Масква
27.02.2017
Каталіцкі ярарх заклікае шукаць прымальнага для ўсіх вырашэньня канфлікту ў Курапатах
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
24.12.2013
Кардынал Курт Кох: навучыцца нанова фармуляваць каштоўнасьці хрысьціянства