Пошук
Царква і Грамадзтва
06.04.2019
Вернікі БГКЦ далучаюцца да малітвы перапрашэньня за злом крыжоў у Курапатах
 
Як паведаміла прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі, беларускія грэка-католікі салідарныя з Заявай Старшыні ККББ архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адносна сітуацыі ў Курапатах і далучаюцца да малітвы перапрашэньня за блюзьнерчыя дзеяньні ў гэтым сьвятым месцы.
 

Камунікат прэс-службы
Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі
Архімандрыта Сяргея (Гаека)  

Раніцай 4 красавіка 2019 года ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам, у месцы загубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930–1940-х гадоў, пачаўся дэмантаж і вываз крыжоў, якія былі ўсталяваныя грамадзкасьцю на пряцягу некалькіх гадоў. Дагэтуль невядомая мэта гэтага... акту.

Крыж для хрысьціянаў зьяўляецца сьвятым сымбалем пакуты і збаўчай сьмерці Госпада нашага Ісуса Хрыста. Для ўсіх людзей абсягу хрысьціянскай цывілізацыі крыж зьяўляецца сымбалем памяці памерлых, асабліва тых, якія памерлі ад несправядлівага насільля.
 
Курапаты — гэта месца памяці пацярпелых людзей усіх нацыянальнасьцяў і рэлігій, месца болю для многіх беларускіх грамадзянаў, продкі якіх пацярпелі ад жахлівых і несправядлівых сталінскіх рэпрэсіяў у першай палове ХХ стагоддзя.
 
Важнасьць гэтага памятнага месца адзначана беларускай дзяржавай, якая ўключыла гэтае месца ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў пад катэгорыяй 1, якая надае помніку міжнароднае значэньне.
 
У сувязі са зносам крыжоў, усталяваных грамадзкасьцю ва ўрочышчы Курапаты, мы поўнасьцю салідарныя з Заявай Старшыні Каферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які, між іншым, напісаў:
 
«Заклікаю адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеяньні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадзкіх сілаў з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнаньняў распачаць працэс урэгуляваньня сітуацыі».
 
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) блаславіў вернікаў, якія праз строгі пост у пятніцу 5 красавіка 2019 году, праз малітву і праз руплівае пакланеньне Крыжу Хрыстоваму ў бліжэйшыя дні, уключна з нядзеляй 7 красавіка 2019 году, бачаць абавязак перапрасіць Бога за гэты блюзьнерчы акт зносу крыжоў у Курапатах.
 
Протапрасьвітар Яўген Усошын,
прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі
 
Менск, 4 красавіка 2019 году.
Гл. таксама:
04.04.2019
Прадстаўнікі Каталіцкай Царквы пра сітуацыю ў Курапатах: «надзвычай балюча такое назіраць»
14.02.2019
У Менску, успамінаючы настаўнікаў славянаў сьв. Кірылу і Мятода, адзначылі 70-годдзе Апостальскага Візітатара БГКЦ
28.02.2017
Пра Курапаты
27.02.2017
Каталіцкі ярарх заклікае шукаць прымальнага для ўсіх вырашэньня канфлікту ў Курапатах
12.12.2016
У Маскве разьвіталіся з сьвятаром Віктарам Данілавым