Пошук
Царква і Грамадзтва
11.04.2019
Дзяржсакратар Ватыкану: рэлігійная свабода знаходзіцца пад пагрозай
 
Нягледзячы на намаганьні па абароне правоў на свабоду рэлігіі, сёньня ў многіх частках сьвету мы назіраем пагаршэньне і нават напад на гэтае неад’емнае права, — так лічыць Дзяржсакратар Яго Сьвятасьці Папы Францішка.
 
Кардынал Пьетра Паралін выказаў гэтую занепакоенасьць на сімпозіюме, які быў арганізаваны пасольствам ЗША пры Сьвятым Пасадзе. Гэтая краіна арганізавала ў ліпені 2018 году ў Вашынгтоне глабальны саміт на ўзроўні міністраў, прысьвечаны рэлігійнаму перасьледу, і ініцыявала адмысловую інфармацыйную кампанію «Stand Together».
 
Як паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі падчас выступленьня не хаваў, таго, што рэлігійная свабода сёньня знаходзіцца ў небясьпецы. Ён патлумачыў, што выбар веры ўплывае на кожны ўзровень жыцьця, і, у прыватнасьці, на палітычную і грамадзкую сферы.
 
Факты парушэньня рэлігійнай свабоды зьяўляюцца пастаяннымі, і часта застаюцца беспакаранымі. Кардынал Паралін папрасіў СМІ імкнуцца падкрэсьліваць той факт, што пад пагрозай знаходзіцца агульнае дабро чалавечай сям’і, а дзяржаўныя інстытуты заклікаў працаваць разам на карысьць стварэньня грамадзка-палітычнага асяроддзя, дзе паважаюць свабоду сумленьня чалавека і яго перакананьні, асабліва калі яго рэлігійная супольнасьць знаходзіцца ў меншасьці.
 
Дзяржсакратар адзначыў, што рэлігійная свабода ня ёсьць чымсьці такім, што даецца чалавеку звонку, таксама не ад дзяржавы. Яна застаецца дарам, які атрыманы ад Бога. Таму сьвецкія ўлады маюць сваім абавязкам ахоўваць і абараняць рэлігійную свабоду, пры чым не таму, што зьяўляюцца яе распарадчыкамі, але найперш вартаўнікамі. Яна не абмяжоўваецца толькі вызнаньнем веры і свабодай у адпраўленьні культу, але гэта яшчэ і магчымасьць у прыватным і публічным жыцьці трымацца маральна-этычных нормаў, што вынікаюць з веры. Яе захаваньне зьяўляецца лакмусавай паперкай павагі да ўсіх іншых правоў. Менавіта таму рэлігійная свабода павінна разглядацца як фундаментальнае права, якое адлюстроўвае высокую чалавечую годнасьць і здольнасьць шукаць ісьціну.
 
Ватыканскі ярарх зьвярнуў увагу на праблему глабалізаванага сьвету, дзе ў імя ілжывай канцэпцыі талерантнасьці нярэдка перасьледуюць тых, хто хоча абараніць сваю веру: хрысьціяне разглядаюцца як грамадзяне другога гатунку, а так званыя «новыя правы чалавека», як правіла, стаяць у поўнай супярэчнасьці з сужэнствам і недатыкальнасьцю жыцьця.
 
Кардынал Дзяржсакратар пацьвердзіў поўную прыхільнасьць Апостальскай Сталіцы прасоўваньню рэлігійнай свабоды. Ён спаслаўся на Дэкларацыю аб чалавечым братэрстве, нядаўна падпісаную ў Абу-Дабі Рымскім Архірэем і Вялікім імамам Аль-Азхар, дзе, сярод іншага, падкрэсьліваецца важнасьць абуджэньня рэлігійнай сьвядомасьці ў сьвеце і неабходнасьць яе ажыўленьня ў сэрцах маладога пакаленьня праз здаровае выхаваньне, вернасьць маральным каштоўнасьцям, а таксама належнае навучаньне рэлігійным асновам, што дапаможа супрацьстаяць сьляпому радыкалізму і экстрэмізму.

Фота: Vatican Media.
Гл. таксама:
10.04.2019
Бласлаўляйце, а не кляніце
30.06.2013
Невялічкая сучасная ўтопія
21.05.2013
Каталіцкі Патрыярх Александрыі пра сустрэчу Папы з Патрыярхам Тавадрасам
11.12.2012
Архібіскуп Вены падзякаваў за дар уваскрасеньня Цэркваў-мучаніц XX стагоддзя
02.07.2012
Сьвяты Пасад падтрымлівае імкненьне да свабоды і справядлівасьці ў Беларусі