Пошук
Царква і Грамадзтва
21.05.2019
Цэрквы і мясцовыя супольнасьці перад абліччам сацыяльных выклікаў
 
16-17 траўня 2019 году ў Менскай духоўнай акадэміі імя сьв. Кірылы Тураўскага адбылася міжнародная міжканфесійная канферэнцыя, прысьвечаная тэме «Цэрквы і мясцовыя супольнасьці перад абліччам сацыяльных выклікаў».
 
У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі хрысьціянскіх Цэркваў Беларусі, Германіі, Польшчы, Аўстрыі, Украіны і Расеі, у тым ліку Рыма-Каталіцкай і Грэка-Каталіцкай Царквы ў нашай краіне. БГКЦ прадстаўляў Апостальскі Візітатар Архімандрыт Сяргей (Гаек). Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляў старшыня Камісіі па міжканфесійных і міжрэлігійных адносінах протаярэй Ігар Шабан.
 
Сярод больш чым 60 гасьцей форуму, арганізаванага ў межах Працоўнай групы «Прымірэньне», былі сьвятары, тэолагі, дыпламаты, эканамісты, сацыяльныя работнікі, прадстаўнікі ўлады і грамадзкасьці.
 
Перад пачаткам форуму ўдзельнікі наведалі мемарыяльныя комплексы ў Трасьцянцы і Курапатах, дзе адбылася экуменічная малітва і ўскладаньне кветак ля памятных знакаў. У Курапатах была адслужана паніхіда ў памяць пра ахвяры камуністычнага рэжыму.
 
Хрысьціянскія супольнасьці з апостальскіх часоў разьвівалі формы сацыяльнага служэньня і ўзаемадзеяньня з людзьмі. Сучасны сьвет дае чалавеку поўную свабоду, але і ставіць перад новымі выклікамі, праблемамі і спакусамі. Таму сёньня асаблівую важнасьць набываюць міжканфесійныя і міждзяржаўныя праекты, накіраваныя на дапамогу чалавеку. Гэта і стала асноўнай тэмай абмеркаваньня гэтай міжнароднай канферэнцыі ў Менску, якая дала магчымасьць пазнаёміцца з вопытам у розных краінах.
 
Сацыяльнае служэньне на ўзроўні парафіяў, манастыроў, япархіяў зьмяніла жыцьцё і самой Царквы. Валанцёрскія праекты прыцягнулі новых людзей, гатовых дапамагаць.
 
Як адзначае Catholic.by, гэтая канферэнцыя паставіла новыя мэты і задачы: арыентацыі на супрацоўніцтва з іншымі грамадзкімі арганізацыямі і канфесіямі, стварэньне магчымасьцяў для далучэньня актыўных вернікаў, найперш маладых, у жыцьцё канкрэтнай супольнасьці і ў сацыяльныя праекты. У сваю чаргу, вялікая колькасьць зваротаў людзей па дапамогу ў сацыяльныя цэнтры, створаныя царкоўнымі арганізацыямі, паказвае актуальнасьць гэтых праектаў і неабходнасьць пашырэньня іх дзейнасьці.
 
Група «Прымірэньне» была створаная ў 1974 годзе з ініцыятывы Нямецкай Евангелічна-Лютаранскай Царквы і Польскай экуменічнай рады. Асноўнай мэтай праекту на той час была выпрацоўка праекту прымірэньня паміж Польшчай і Германіяй, чые адносіны былі абцяжараныя ўспамінамі пра Другую сусьветную вайну. У 1996 годзе ініцыятыва была пашыраная дзякуючы новым удзельнікам: Украіне і Беларусі. Так узьнік праект «Прымірэньне ў Еўропе — задачы Цэркваў ва Ўкраіне, Беларусі, Польшчы і Германіі».
 
Мэтай групы зьяўляецца пошук шляхоў узаемадзеяньня хрысьціянскіх канфесіяў ва Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропе і супрацоўніцтва ў вырашэньні грамадзка-рэлігійных і сацыяльных праблемаў у гэтым рэгіёне.
 
Канферэнцыі, якія арганізуе група «Прымірэньне» ў розных краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы амаль 20 гадоў, зьбіраюць лепшых эксьпертаў, навукоўцаў і практыкаў, а іх характар накіраваны на практычную зьмену хрысьціянскга супрацоўніцтва.
 
Фота з старонкі а. Ігара Шабана ў Facebook.
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
24.01.2016
Архімандрыт Сяргей Гаек: трэба вучыць вернікаў, што ў Хрысьце мы ўсе сапраўды браты і сёстры
31.12.2015
Нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці: Папа папрасіў мяне быць знакам суцяшэньня для ўкраінцаў
12.11.2015
Крыж у Курапатах «Памяці берасьцейцаў»
02.11.2014
Ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў: разьдзяленьне Царквы Хрыстовай — анамалія, якую нельга лічыць нормай жыцьця