Пошук
Царква і Грамадзтва
08.07.2019
Сьвятар БГКЦ: грэка-католікам выставілі рахунак за пілігрымку і яна адмененая
 
Беларускае Радыё Рацыя зьвярнулася па каментар пра адмену юбілейнай 25-й пілігрымкі БГКЦ з Віцебску у Полацак да аднаго з яе арганізатараў — дэкана Ўсходняга дэкантау БГКЦ і параха парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Віцебску а. Зьмітра Грышана.
 
9 ліпеня 2019 году павінна была распачацца грэка-каталіцкая пілігрымка з Віцебску ў Полацак, прысьвечаная памяці сьвятога Язафата Кунцэвіча і Полацкіх мучанікаў, забітых за веру расейскім царом Пятром і яго жаўнерамі. Аднак за дзень да пачатку пілігрымкі віцебскі сьвятар Зьміцер Грышан, парах парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага, быў вымушаны адклікаць сваю заяўку ў аблвыканкам.
 
Паводле пастановы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь № 49 за ахову пілігрымаў міліцыяй з арганізатараў запрасілі каля трох тысячаў беларускіх рублёў. Аказалася, што ільготы, нібыта нададзеныя рэлігійным арганізацыям у падобных выпадках, на гэтую пілігрымку ня дзейнічаюць. У вернікаў няма такіх сродкаў, кажа айцец Зьміцер Грышан:
«Так здарылася, што мы атрымалі дазвол на правядзеньне гэтай пілігрымкі, але не атрымалі магчымасьцяў не плаціць і не заключаць дамоваў, якія прадугледжаныя гэтай пастановай. Мы шукалі, ці ёсьць магчымасьць не плаціць, але няма такой магчымасьці. Тады мы прасілі, каб нас не ахоўвалі: мы самі будзем сачыць за парадкам, мы маем досьвед гэтага. Таксама няма магчымасьці. У нас і блізка няма такіх сродкаў — каля трох тысячаў рублёў. Такую суму мы ня можам нават разглядаць».
 
У інтэрв’ю Радыё Рацыя а. Зьміцер Грышан адзначыў, што падчас нядаўняй пілігрымкі ў Будслаў не паўставала такіх праблемаў, бо тамтэйшае сьвяткаваньне ў гонар Маці Божай Будслаўскай мае статус агульнадзяржаўнай імпрэзы. Лакальная ж пілігрымка, як выявілася, будзе разглядацца як масавае шэсьце паводле Закону аб масавых мерапрыемствах, за якія належыць плаціць арганізатарам. Сьвятара БГКЦ папярэдзілі аб адміністрацыйнай адказнасьці і штрафных санкцыях да ўдзельнікаў пілігрымкі, таму ён прыняў рашэньне адклікаць заяўку.
Гл. таксама:
08.07.2019
Традыцыйную пілігрымку памяці манахаў, забітых Пятром I, адмянілі, бо ўлады запатрабавалі 3000 рублёў
03.07.2018
Грэка-католікі Беларусі рыхтуюцца да сваёй штогадовай пілігрымкі
09.07.2016
Беларускія грэка-католікі запрашаюць у пілігрымку
13.11.2015
Парафіяльнае сьвята ў гонар сьв. Язафата адзначылі ў Полацку
15.05.2015
Грэка-каталіцкі сьвятар Зьміцер Грышан: «Мы свабодныя, каб стаць шчасьлівымі!»