Пошук
Царква і Грамадзтва
25.10.2013
Апостальскі Нунцый сустрэўся з ксяндзом Уладзіславам Лазарам у сьледчым ізалятары КДБ
 
25 кастрычніка 2013 году Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі архібіскупу Клаўдыё Гуджэроцьці дазволілі сустрэцца з ксяндзом Уладзіславам Лазарам у сьледчым ізалятары КДБ, дзе ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца арыштаваны сьвятар.
 
Як паведамляе Інтэрнэт-партал Рыма-Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі Catholic.by, сустрэча трывала каля гадзіны і адбывалася ў прысутнасьці адказнага за сьледства і прадстаўніка Міністэрства замежных спраў Беларусі, які выконваў абавязкі перакладчыка.
 
Прадстаўнік Папы запэўніў арыштаванага сьвятара ў асабістай блізкасьці Папы Францішка і ўсёй Каталіцкай Царквы ў Беларусі, якая з пільнай увагай суправаджае сьвятара безупыннай малітвай.
 
Арыштаваны каталіцкі сьвятар Уладзіслаў Лазар.
Ксёндз Уладзіслаў Лазар, як піша Catholic.by, выглядае выпрабаваным турэмным зьняволеньнем, але цьвярозым і рашучым. Ён з узрушаннем выказаў падзяку Сьвятому Айцу Францішку. Таксама шчыра падзякаваў за ружанец, які перадаў яму Рымскі Архірэй.
 
Кс. Уладзіслаў Лазар паведаміў, што арышт, хоць і зьяўляецца вялікай пакутай, не перашкодзіў яму жыць глыбокім духоўным жыцьцём. Ён сьцьвердзіў таксама, што зьяўляецца патрыётам, любіць Беларусь і чакае справядлівага рашэньня. Як сапраўдны хрысьціянін, кс. Уладзіслаў сказаў, што прабачыў тым, хто стаўся прычынай ягоных пакутаў.
 
Арыштаваны сьвятар папрасіў Апостальскага Нунцыя заахвоціць усіх да малітвы за яго і зазначыў, што адчувае блізкасьць Каталіцкай Царквы. Яе жыцьцё сымбалічна прысутнічае і ў яго турэмным жыцьці праз гучаньне касьцёльных званоў, гукі якіх далятаюць да ягонай камеры.
 
Размова зьняволенага каталіцкага сьвятара з прадстаўніком Папы архібіскупам Клаўдыё Гуджэроцьці мела нефармальны, братэрскі характар і скончылася супольным пажаданьнем, каб сьледства было завершана як мага хутчэй, паведамляе Catholic.by.
Гл. таксама:
07.12.2015
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
14.03.2015
Кардынал Паралін: дыпламатыя Сьвятога Пасаду служыць шматлікім Абэлям, якіх працягваюць забіваць Каіны гэтага сьвету
23.10.2013
Папа: хто ня моліцца, той ператварае веру ў ідэалогію
03.10.2013
Папа Францішак заклапочаны лёсам затрыманага ксянзда Лазара
07.06.2013
Папа Францішак: Немагчыма прапаведаваць Евангельле з сумнымі тварамі