Пошук
Царква і Грамадзтва
08.07.2019
Традыцыйную пілігрымку памяці манахаў, забітых Пятром I, адмянілі, бо ўлады запатрабавалі 3000 рублёў
 
Новы парадак аплаты за масавыя акцыі негатыўна паўплываў на дзейнасьць ня толькі апазіцыйных партый, але і рэлігійных арганізацый.
 
Пілігрымка грэка-каталікоў з Віцебску ў Полацак, архіўнае фота.
 
Пачатак грэка-каталіцкай пілігрымкі з Віцебску ў Полацак быў запланаваны 9 ліпеня 25-ы раз. Але яе адмянілі ў апошні дзень перад выхадам, бо ўлады запатрабавалі аплаціць паслугі міліцыі, медыкаў і камунальнікаў паводле новага парадку — агулам каля 3 тысяч рублёў.
 
Пілігрымы ўшаноўвалі манахаў, забітых Пятром I
 
Пілігрымка Віцебск — Полацак ходзіць з 1995 году. Гэта адзіная ў Беларусі грэка-каталіцкая пілігрымка, у якой бралі ўдзел вернікі з усёй краіны. Пілігрымы ішлі больш за 100 кіламетраў цягам пяці дзён да полацкай Сафіі — месца сьмерці пяці пакутнікаў манахаў-базыльянаў, якіх за веру забіў расейскі цар Пётар I.
 
 
Сёлета пілігрымка мелася прайсьці з 9 па 13 ліпеня. У ёй планавалі ўзяць удзел каля 60 чалавек. У розныя гады колькасьць удзельнікаў сягала 150 чалавек.
 
Дазвол на пілігрымку быў
 
Як расказаў грэка-каталіцкі сьвятар Зьміцер Грышан, вернікі атрымалі дазвол з Віцебскага аблвыканкаму на правядзеньне пілігрымкі 24 чэрвеня. Аднак у адказе гаварылася, што адпаведна заканадаўству арганізатары пілігрымкі абавязаныя заключыць дамовы аб ахове правапарадку, ахове здароўя і прыбіраньні сьмецьця. У аблвыканкаме патлумачылі, што за ўсе гэтыя паслугі трэба будзе плаціць.
 
 
Новы «падатак на масавыя мерапрыемствы» (пастанова Савета Міністраў № 49) зьявіўся сёлета ў студзені. Паводле яго, арганізатары мусяць плаціць за паслугі міліцыі, медыкаў, камунальнікаў падчас масавых мерапрыемстваў. Сумы залежаць ад колькасьці ўдзельнікаў.
 
Віцебская міліцыя адказала, што яны бясплатна ня маюць права ахоўваць пілігрымаў, а пакінуць зусім без аховы таксама ня могуць.
 
Сума склала каля 3 тысяч беларускіх рублёў. Гэта значыць, кожны з 60 пілігрымаў меўся б заплаціць па 50 рублёў толькі за паслугі дзяржаўных службаў.
 
«Плаціць такія сумы нерэальна», — сказаў Свабодзе айцец Зьміцер Грышан.
 
Пілігрымка ўніятаў з Віцебску ў Полацак, архіўнае фота.
 
Два тыдні перамоваў выніку не далі. Апошнюю адмову сьвятар атрымаў у суботу, 6 ліпеня, а ў панядзелак 8 ліпеня адклікаў заяву на правядзеньне пілігрымкі. Інакш ён бы стаў парушальнікам, бо заяўленая падзея пачалася б не па законе — без абавязковых дамоваў.
 
Рэлігійныя арганізацыі павінны плаціць ці не?
 
Пасьля прыняцьця новай пастановы аб аплаце паслуг падчас масавых мерапрыемстваў Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў зьвярнулася ў Савет Міністраў з пытаньнем, ці гэтая пастанова тычыцца таксама рэлігійных арганізацыяў.
 
Адказ з ураду за подпісам колішняга міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча зьявіўся ў траўні на афіцыйным каталіцкім партале catholic.by. Паводле яго, рэлігійныя арганізацыі будуць вызваленыя ад аплаты дзяржаўным службам.
 
«Гаворка ідзе пра ўсе рэлігійныя мерапрыемствы, якія адбываюцца ў культавых будынках, пабудовах і на тэрыторыях, якія да іх адносяцца, у іншых месцах, адведзеных рэлігійным арганізацыям для гэтых мэтаў, у месцах пілігрымак, на могілках, у крэматорыях або па рашэньні выканаўчых і распарадчых органаў улады», — гаварылася ў дакуменце, падпісаным міністрам унутраных справаў.
 
Аднак грэка-каталікам адказ Шуневіча не дапамог.
 
Пілігрымка грэка-каталікоў з Віцебску ў Полацак, архіўнае фота.
 
Айцец Зьміцер патлумачыў, што так адбылося з прычыны няправільнага разуменьня адказу міністра.
 
«Трэба вельмі ўважліва чытаць гэты дакумент. Ён нічога новага не сказаў. Хоць усе спачатку яму ўзрадаваліся. Мы таксама думалі, што абыдзецца бяз нашага ўдзелу (без аплаты. — РС). Рэлігійныя арганізацыі звольненыя ад аплаты ў месцах пілігрымак, нідзе не сказана пра шляхі да гэтых месцаў», — кажа айцец Грышан.
 
Выхад — трапіць у гадавы дзяржаўны план
 
Ён заўважыў, што рашэньне таксама можа залежаць ад мясцовых выканкамаў.
 
«Адзінае, што нам прапанавалі, — нейкім чынам унесьці нашу пілігрымку ў гадавы план мерапрыемстваў, якія праводзяцца з удзелам дзяржавы. Я сам пра яго нядаўна даведаўся. Тады ўсе службы абавязаныя ажыцьцяўляць свае паслугі як дзяржаўным арганізацыям», — удакладняе сьвятар.
Пілігрымка ў Полацку, архіўнае фота.
 
Туды, прыкладам, унесеныя пілігрымкі ў нацыянальны санктуарый у Будславе.
 
«Тут няма ніякіх змоваў супраць грэка-каталікоў. Усё паводле закону. Але гэтыя законы ўводзяць усё большую стэрыльнасьць у нашае жыцьцё. Мусіць быць лад, гармонія. А тут нехта кудысьці пайшоў... Наша пілігрымка сваёй прычынай неадназначная — ушанаваць пакутнікаў, якіх забіў Пётар I. Баюся гэта можа стаць ідэалагічнай перашкодай, каб нас ільготна патрактавалі», — мяркуе айцец Зьміцер Грышан.
 
Радыё Свабода
Гл. таксама:
08.07.2019
Адменена грэка-каталіцкая пілігрымка: улады запатрабавалі аплаціць паслугі па ахове грамадзкага парадку
07.07.2019
Юбілейная 25-я грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск — Полацак
06.07.2017
Удзельнікі грэка-каталіцкай пілігрымкі будуць натхняцца спадчынай Скарыны
10.02.2016
Споведзь пілігрыма
07.07.2014
Беларускія грэка-католікі запрашаюць у пілігрымку ў Полацак