Пошук
Царква і Грамадзтва
23.11.2019
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на цырымоніі пахаваньня парэшткаў паўстанцаў у Вільні: «у Бога няма выпадковасьцяў»
 
У сталіцы Літвы Вільні 22 лістапада 2019 году ў катэдральнай базыліцы сьв. Станіслава і сьв. Уладзіслава адбыліся пахавальныя ўрачыстасьці з сьвятой Імшой пры трунах з нядаўна адшуканымі парэшткамі Кастуся Каліноўскага і іншых 19 удзельнікаў вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг. Пасьля набажэнства з словам да ўдзельнікаў цырымоніі пахаваньня парэшткаў паўстанцаў зьвярнуўся Мітрапаліт Менска-Магілёўскі РКЦ архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ніжэй падаем тэкст яго выступу.
 
Слова архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
падчас цырымоніі перапахаваньня
Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў у Вільні
 
Глыбокапаважаныя спадары
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда,
Ваша Эксцэленцыя арцыбіскуп Гінтарас Грушас, Мітрапаліт Віленскі,
шаноўныя Эксцэленцыі,
паважаныя кіраўнікі афіцыйных дэлегацый Беларусі, Латвіі і Ўкраіны,
прадстаўнікі дзяржаўных уладаў,
духоўныя асобы, вернікі, умілаваныя браты і сёстры, у тым ліку пілігрымы з Беларусі!
 
Божы Провід дазваляе нам браць удзел у перапахаваньні парэшткаў удзельнікаў паўстаньня 1863–1864 гадоў. Гара Гедыміна — сымбаль Вільні — два гады таму адкрыла нам сваю таямніцу. Нарэшце скрытыя на працягу паўтараста гадоў парэшткі герояў паўстаньня былі адшуканыя і сёньня з пашанай пераносяцца на месца вечнага спачынку на могілкі Роса ў Вільні.
 
У Бога няма выпадковасьцяў. Магчыма, так трэба было, каб мы зноў узгадалі пра тых, хто аддаў сваё жыцьцё ў трагічных абставінах, імкнучыся здабыць волю.
 
Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнаньняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду — змагаліся «за нашу і вашу свабоду».
 
Сярод іх Кастусь Каліноўскі, сын беларускага народу, лідар нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся надзвычайнаю сілаю духа і зьяўляўся адным з кіраўнікоў паўстаньня. Таму сёньняшняя падзея мае вялікае значэньне таксама і для Беларусі.
 
Кастусь Каліноўскі належыць нашай гісторыі як той, хто заклаў аснову самасьвядомасьці беларусаў як асобнай еўрапейскай нацыі, якая мае права на самавызначэньне.
 
У ім і яго паплечніках мы бачым узор альтруізму, самаахвярнасьці, усьведамленьня ўласнае годнасьці.
 
Хоць у жыцьці і барацьбе паўстанцаў былі разнастайныя асьпекты, якія цяжка ахапіць у некалькіх сказах, і хоць само паўстаньне не прынесла жаданага плёну, тым ня менш яно пакінула свой сьлед у гісторыі.
 
Узгадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнемся разьдзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх сольлю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесьці адсутнасьць любові да бліжняга і павагі да яго правоў, якія ён атрымаў ад Бога, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася.
 
Мы таксама жадаем маліцца за паўстанцаў-мучанікаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна не былі вядомыя, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнаньняў. Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў.
 
Сымбалічна, што перапахаваньне парэшткаў паўстанцаў адбываецца ў Вільні — горадзе Божай Міласэрнасьці. Cваімі малітвамі мы спадарожнічаем загінулым паўстанцам і даручаем іх душы міласэрнаму Богу.
 
Вечны адпачынак дай ім, Пане, а сьвятло вечнае няхай ім сьвеціць. Няхай адпачываюць у супакоі. Амэн.
 
Паводле Catholic.by.
 
Гл. таксама:
25.11.2019
«Нібы сам Каліноўскі ішоў па Вільні». Гарадзенскі сьвятар расказаў, як гэта — ісьці побач з паўстанцамі
11.09.2014
500 гадоў царкве Сьвятой Тройцы ў Вільні (Базыльянскія муры)
03.07.2012
Грамадзянін Вялікага Княства Любові
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
01.01.2011
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў беларускае грамадзтва да супольнага пошуку сапраўднага міру і згоды