Пошук
Царква і Грамадзтва
25.11.2019
«Нібы сам Каліноўскі ішоў па Вільні». Гарадзенскі сьвятар расказаў, як гэта — ісьці побач з паўстанцамі
 
Айцец Андрэй Крот, душпастыр гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, наведаў перапахаваньне паўстанцаў у Вільні і служыў набажэнства за іх супакой. Ён расказаў, што адчуваў, калі ішоў у працэсіі побач з Каліноўскім, піша Hrodna.life.
— Я спачатку не зьбіраўся ехаць на пахаваньне Кастуся Каліноўскага. Баяўся, што трэба будзе прайсьці шмат фармальнасьцяў, узгадненьняў, каб патрапіць на цырымонію. Але калі даведаўся, што ў межах пахаваньня плануецца і грэка-каталіцкая служба, сам зьвярнуўся да свайго царкоўнага кіраўніцтва і выказаў жаданьне ехаць.
 
Для мяне гэта было важна, бо падзея гістарычная. Да таго ж я меў магчымасьць некалькі разоў маліцца на месцы бацькоўскага дома Каліноўскага ў Якушоўцы, у Сьвіслачы, дзе ён вучыўся. Таму асоба Кастуся Каліноўскага мне блізкая. І яшчэ для мяне ўдзел у пахаваньні — гэта такі выраз удзячнасьці чалавеку, што змагаўся за свабоду нашай Бацькаўшчыны і адраджэньне Грэка-Каталіцкай (Уніяцкай) Царквы, — кажа айцец Андрэй.
Сьвятар удзельнічаў у працэсіі, у грэка-каталіцкай літургіі за супакой Канстанціна Каліноўскага і яго паплечнікаў у суботу ў базыльянскай царкве сьв. Тройцы, быў адным з чатырох сьвятароў, што служылі гэтае набажэнства. Наведаў канцэрт гурта «Dzieciuki», хоць звычайна ня ходзіць на такія мерапрыемствы.
 
«Але тут мне важна было сустрэцца з беларусамі, якія прыехалі ў Вільню ў гэтыя дні, сярод якіх было таксама шмат вернікаў нашай Царквы ці проста старых знаёмых.
 
Для мяне гэты канцэрт стаўся нечым накшталт памінальнай вячэры, калі пасьля пахаваньня зьбіраюцца сябры і знаёмыя памерлага ды ўзгадваюць пра яго жыцьцё. Тут музыкі, наш гарадзенскі гурт «Dzieciuki», саліст якога Алесь Дзянісаў, дарэчы, ахрышчаны ў нашай Царкве, узгадалі ў сваіх песьнях і пра Каліноўскага, і пра іншых паўстанцаў, ды ўвогуле пра ўсіх бязьвінна загінулых на нашай зямлі».
 
— Як гэта — ісьці побач з Каліноўскім? Што Вы адчулі?
 
— Розныя былі думкі. Па-першае, кранула тое, што людзі праляжалі ў зямлі 155 гадоў, здавалася б, зьніклі назаўсёды. А тут іх целы знайшлі, ды з вялікім гонарам хаваюць, па-людзку ды па-хрысьціянску. Гэта для мяне такі знак, што, калі нават па-чалавечы нейкая нашая справа здаецца безнадзейнай, то ў Бога свае планы, магчыма, прынясе яна плён толькі праз 100 гадоў, а пашаны мы дачакаемся толькі праз 150, — усьміхаецца айцец Андрэй. — Па-другое, адчуў гонар за беларусаў, якія, нягледзячы на цяжкасьці (візы, квіткі, працоўны дзень і г.д.) прыехалі на пахаваньне сваіх герояў. Такі годны чалавечы ўчынак.
Па-трэцяе, уразіла ўрачыстасьць цырымоніі — высокія прадстаўнікі сьвецкіх і царкоўных уладаў розных краінаў, вайсковая атрыбутыка, людзі з сьцягамі розных краінаў і г.д. І адначасова простасьць — працэсія ішла па вуліцах, дзе людзі займаліся звычайнымі справамі — працавалі, сядзелі ў рэстаранах, сьпяшаліся па сваіх справах. Нібы сам Каліноўскі ў кампаніі паплечнікаў ішоў па Вільні.
 
— Чаму для Вас Каліноўскі — герой?
 
— Таму што адважыўся кінуць выклік імперыі і пачаў змагацца за свабоду сваёй Радзімы ды за годнасьць чалавечай асобы, маючы невялікія шансы на перамогу. Ён змагаўся не за ўладу для сябе, не дзеля ўласнай карысьці, а дзеля людзей. Марыў ня толькі пра незалежнасьць Рэчы Паспалітай ці Беларусі, а пра тое, каб учарашнія прыгонныя, амаль рабы, атрымалі ня толькі ўяўную, але сапраўдную свабоду. У кагосьці з гісторыкаў чытаў: гэта Каліноўскаму ўдалося, бо царскія ўлады, каб пазбавіць паўстанцаў падтрымкі сялянаў і пазьбегнуць паўстаньняў у будучыні, выканалі праграму Каліноўскага і яго паплечнікаў. Таму ахвяра Кастуся не была дарэмнай, — кажа айцец Андрэй Крот.
 
Алена Кавальчук, Hrodna.life.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
19.11.2016
У Вільні прадстаўнікі БГКЦ ушанавалі памяць сьв. Язафата і продкаў
11.11.2014
Апостальскі Візітатар БГКЦ на ўрачыстасьцях у Вільні
28.09.2014
Айцец Андрэй Крот: “Сьмецьцевы Чарнобыль” – глабальная праблема
10.09.2014
У Вільні ўшанавалі 500-ыя ўгодкі перамогі войскаў ВКЛ над Маскоўскім княствам