Пошук
Царква і Грамадзтва
01.12.2019
У Вільні адбылося грэка-каталіцкае набажэнства за супакой паўстанцаў
 
22 лістапада 2019 году ў Вільні з удзелам вялікай колькасьці беларусаў адбылося ўрачыстае пахаваньне нядаўна знойдзеных парэшткаў Канстанціна Каліноўскага і іншых паўстанцаў 1863-64 гг. у капліцы на могілках Росы, арганізаванае на дзяржаўным узроўні ўладамі Літоўскай Рэспублікі.
 
У гэты дзень у катэдральнай базыліцы сьв. Станіслава і сьв. Уладзіслава была адслужана сьвятая Імша за супакой паўстанцаў, а таксама вуліцамі Вільні праз Вострую Браму прайшла пахавальная працэсія на могілкі Роса.
 
У беларускую царкоўную дэлегацыю на гэтых жалобных урачыстасьцях у гонар паўстанцаў уваходзіў архібіскуп РКЦ Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек), пяць сьвятароў лацінскага абраду і трое грэка-каталіцкіх сьвятароў — а. Яўген Усошын і а. Андрэй Абламейка з Менску і а. Андрэй Крот з Горадні.
 
23 лістапада, у суботу, у старажытнай грэка-каталіцкай царкве Сьвятой Тройцы ў Базыльянскіх мурах — адным з важных асяродкаў, дзе паўставала Унія і дзе служыў сьв. Язафат Кунцэвіч, была адслужана Боская Літургія па-беларуску за супакой паўстанцаў 1863-1864 гадоў.
 
“Правадніком праўды, волі і мужнасьці” назваў Вікенція Канстанціна Каліноўскага Апостальскі Візітатар для беларусаў грэка-католікаў Архімандрыт Сяргей (Гаек), які ўзначальваў набажэнства, якое з ім саслужылі а. Яўген Усошын, а. Андрэй Абламейка і а. Андрэй Крот. На памінальную літургію за супакой душаў паўстанцаў і К. Каліноўскага сабраліся мясцовыя беларусы, грэка-католікі, вернікі з розных гарадоў Беларусі, кіраўнікі БНР і вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі з розных краінаў сьвету. Прысутнічалі на малітве таксама і беларускія праваслаўныя сьвятары з аўтакефальнай Царквы.
 
Беларускае Радыё Рацыя перадае словы сьвятара БГКЦ а. Яўгена Ўсошына, якія ён сказаў пасьля набажэнства: “Мы ўзгадвалі ўсіх паўстанцаў, якія былі пахаваныя ўчора – Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. Адбываецца гэткае выпраўленьне крыўдаў, якія былі зробленыя людзям, якія маюць права на годнае пахаваньне і належнае ўшанаваньне. Тым больш, што гэтыя людзі ня толькі для беларускага народу, але і для іншых народаў маюць вялікае значэньне. Гэта тым больш надае большую вагу гэтаму ўсяму”.
 
Кажа Мірон Крывіч, які таксама маліўся на беларускай грэка-каталіцкай літургіі за паўстанцаў: “Кастусь Каліноўскі і іншыя паўстанцы сказалі – мы павінны навучыцца любіць. І гэта было іх галоўным паролем – любіць Беларусь! Гэта значыць, любіць і Бога, бо Бог даў нам гэтую зямлю, Бог даў нам нашу мову і мы павіны гэта любіць. І тое, што адбылося зараз у Вільні, гэта вялікая падзея ў жыцьці беларускага народу”.
 
Канстанцін Каліноўскі паходзіў з каталіцкай сям’і, яго старэйшыя браты былі ахрышчаныя ва ўніяцкай царкве, а блізкім сябрам сям’і быў уніяцкі сьвятар з Мастаўлянаў.
 
Адзін з нумароў “Мужыцкай праўды”, якую выдаваў К. Каліноўскі з сваімі паплечнікамі, быў адмыслова прысьвечаны Уніі і абароне “справядлівай уніяцкай веры” многіх беларусаў. Зьвяртаючыся да свайго народу, аўтар у “Мужыцкай праўдзе” гаворыць найперш пра тое, што менавіта Бог павінен займаць першае месца ў жыцьці чалавека, як гэта было ў часы Рэчы Паспалітай, а ня цар-бацюшка, як гэта сталас пасьля скасаваньня Уніі ў Расейскай імперыі, калі хваласьпеў цару заняў месца, належнае Богу: “...Выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі бога, а радню царскую, но для таго, дзецюкі, Бог найвышшы цярпеў за нас, каб закон яго быў ужэ вечны, ніхто не смеў перамяняці, а мы з цэлай моцы трымаліся яго. Но чы гэтак, дзецюкі, робіцца ў нас, як сам Бог прыказвае, чы дзержымося мы закону боскага? Самі скажыце. Не адзін ужэ, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры...”
 
Паўстаньне 1863–1864 гг. засталося ў памяці народаў як прыклад самаахвярнага змаганьня за грамадзянскія правы і рэлігійную свабоду.
 
Фота Якуба Сушчынскага і Ладзіка Майніча.
Гл. таксама:
25.11.2019
«Нібы сам Каліноўскі ішоў па Вільні». Гарадзенскі сьвятар расказаў, як гэта — ісьці побач з паўстанцамі
30.06.2016
Царква — гэта найперш супольнасьць вернікаў
22.06.2014
Апостальскі Візітатар БГКЦ: дыялог ня можа адбывацца праз выключэньне аднаго з партнёраў
27.11.2012
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі
23.12.2011
Гісторыя адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі