Пошук
Гісторыя Царквы
01.01.2014
175-ыя ўгодкі Царкаўнянскага пратэсту ўніяцкага духавенства
 
У 2013 годзе споўніліся 175-ыя ўгодкі Царкаўнянскага пратэсту 111-ці ўніяцкіх сьвятароў. 28 сьнежня 1838 году обер-пракурор Сіноду граф Пратасаў дакладваў расейскаму імператару, што 111 сьвятароў “адважыліся турбаваць Вашу Імператарскую Вялікасьць просьбай, напоўненай самых недарэчных дамаганьняў”. Гэта была апошняя адважная спроба духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы Беларусі аказаць супраціў ліквідацыі Уніі ў краі.
 
Белая царква (Траецкая царква) базыльянскага манастыра ў в. Чарэя (Віцебская вобл.). Збудавана ў 1599 г. канцлерам ВКЛ Львом Сапегам.
На гэты мужны акт веры, скіраваны ў абарону сваёй Царквы, учынены 16 верасьня 1838 году падчас царкоўнага фэсту ў мястэчку з сымбалічнай назвай Царкоўна Дрысенскага павету, што на беразе Асьвейскага возера на Полаччыне, (сёньня гэта Верхнядзьвінскі раён) беларускія грэка-каталіцкія сьвятары пайшлі сьвядома, ведаючы, што для іх гэта можа скончыцца пакараньнямі і нават жорсткімі рэпрэсіямі, а і іх сем’і будуць жыць у няпэўнасьці, цалкам пазбаўленыя сродкаў для існаваньня. Да гэтага часу Ёсіф Сямашка, які подступам захапіў уладу ва Ўніяцкай Царкве, з большасьцю ўніяцкіх сьвятароў правёў асабіста або праз сваіх памагатых тлумачальныя размовы, і праз угаворы, пагрозы ды розныя царкоўныя кары атрымаў ад многіх з іх расьпіскі аб тым, што сьвятар “убеждён в православіі Греко-російской Церкві” і дае згоду на аб’яднаньне з дзяржаўнай рэлігіяй Расейскай імперыі. На 15 жніўня 1838 году такую “згоду” у Літоўскай япархіі выказала каля 72% духавенства, а ў Беларускай япархіі ўсяго толькі 25 %. Усяго не далі падпіскі 421 сьвятар і 172 манахі.
 
У петыцыі імператару, якую ад імя 111 уніяцкіх сьвятароў Беларускай япархіі нейкім цудам здолелі даставіць у сьнежні 1838 году ў Пецярбург сьвятары Ян Ігнатовіч і Адам Тамковід, галоўным патрабаваньнем было вызваліць адданых Уніі сьвятароў і даручаных іх апецы вернікаў з-пад духоўнай улады Ёсіфа Сямашкі. Таксама падпісанты патрабавалі дазволіць ім заснаваць свае духоўныя вучэльні, адчыніць асобную друкарню, нават з уласных ахвяраваньняў, каб друкаваць там богаслужбовыя ўніяцкія кнігі замест кніг маскоўскага друку, якія ня згодныя з каталіцкай навукай. І ўрэшце, калі ня будзе царскай ласкі на захаваньне ў Расейскай імперыі Уніі і яна павінна будзе ўсё ж зьнікнуць, 111 сьвятароў прасілі дазволіць ім перайсьці ў каталіцтва лацінскага абраду. Справа з скасаваньнем Уніі паводле зацьверджанага самім царом Сямашкавага тайнага плану, па-ціху ішла да завяршэньня, а тут такое нахабства – пратэст больш за сотні папоў, што пагражала народным бунтам і зрывам усіх намаганьняў ліквідатараў!
 
Як 175 гадоў таму, 16 верасьня 1838 году, удалося бяз ведама ды перашкодаў з боку ўладаў (царкоўных і сьвецкіх) арганізаваць і правесьці такі масавы сход вернага Уніі грэка-каталіцкага духавенства і вернікаў у м. Царкоўна – сёньня застаецца толькі здагадвацца. Бо ў гарадах, мястэчках і вёсках Паўночна-Заходняга краю было поўна царскага войска, якое было ўведзена, каб пазьбегчы бунту ўніятаў, а кожны крок ненадзейных і асабліва небясьпечных для ўладаў асобаў, з тых, каго яшчэ не адправілі “на перавыхаваньне”, адсочваўся.
 
Гэтая апошняя адчайная спроба сьвятароў адстаяць сваю ўніяцкую веру праз калектыўную петыцыю цару, як ведаем, не прынесла станоўчага выніку – цар Мікалай ня зьлітаваўся і Грэка-Каталіцкую Царкву скасаваў, бо Унія была перашкодай на шляху рэалізацыі імперскай палітыкі расейскага царызму.
 
Сёньня пра Царкаўнянскі пратэст уніяцкага духавенства, пра яго арганізатараў мужных вызнаўцаў веры а. Адама Тамковіда і а. Яна Ігнатовіча, мала хто ведае ў беларускім грамадзтве. Гэтая старонка беларускай гісторыі аказалася выкрасьленай і забытай. Да апошняга часу на гэтую падзею не зьвярталі ўвагі і гісторыкі. Застаецца пытаньнем, ці ведалі пра гэты калектыўны пратэст духавенства ў Апостальскай Сталіцы ў Рыме (а ўсе афіцыйныя сувязі ўніятаў з Рымам былі ў той час даўно забароненыя царскімі ўладамі). І, калі ведалі, то як рэагавалі на жаданьне немалой часткі сьвятароў і вернікаў застацца вернымі сваёй Царкве. Без грунтоўнага вывучэньня гэтай лёсавызначальнай трагічнай падзеі ў нашай царкоўнай гісторыі мы не да канца разумеем ня толькі гісторыю і асаблівасьці хрысьціянства ў Беларусі, але складанасьці этнанацыянальных і нацыятворчых працэсаў у нашай краіне.
 
Падаецца, у гісторыі Царквы наогул мала можна прыгадаць аналагаў падобнай зьявы, калі ўсё ўжо прадвырашана моцнымі гэтага сьвету, і, тым ня менш, ва ўмовах рэпрэсіўнага ціску больш за сотню сьвятароў адважваюцца на адкрыты калектыўны пратэст у абарону сваёй веры – зусім як у часы першых хрысьціянаў. Так, пазьнейшыя рэпрэсіі зламалі многіх, але ня ўсіх. У сьнежні 1838 – студзені 1839 гадоў былі пакараныя 29 сьвятароў-удзельнікаў Царкаўнянскага пратэсту. А постаць такога мужнага вызнаўцы веры як прафесар Полацкай духоўнай семінарыі а. Адам Тамковід (1795-1860-ыя), якога яшчэ пры жыцьці ўважалі за мучаніка, вартая ўшанаваньня сёньня і на царкоўным узроўні. Сьвятар быў высланы ў Курск у асобы праваслаўны манастыр-вязьніцу для найбольш упартых уніятаў. Нават пасьля вызваленьня з Курску яму не дазволілі вярнуцца ў родны край, 16 гадоў ён ня меў права служыць ля алтара. Аж да сваёй сьмерці ў Харкаве ён знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Нягледзячы на ўсе выпрабаваньні і рэпрэсіі, якія яму давялося зьведаць, ён заставаўся верным сынам Каталіцкай Царквы.
 
Для грэка-католікаў Беларусі 2013 год, як і ва ўсёй Каталіцкай Царкве, быў Годам веры. Адным з яскравых і моцных сьведчаньняў веры пакінулі нам, сучасным грэка-католікам Беларусі, для малітвы і разважаньня ўніяцкія сьвятары і вернікі — ініцыятары і ўдзельнікі Царкаўнянскі пратэсту 1838 году.
 
Ігар Бараноўскі
 
(На гэтую тэму гл. таксама на нашым сайце ўрывак з навуковага артыкулу вядомай дасьледчыцы Уніі, доктара гістарычных навук праф. Сьвятланы Марозавай “Супраціў дэўнізацыі на Беларусі ў 1834-1838 гг.”).
 
Гл. таксама:
05.10.2018
Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй Царквы
13.03.2015
Унія. Адроджаная беларуская Царква
27.02.2014
За кулісамі Полацкага царкоўнага сабора
03.01.2014
Пратэст 111-ці
24.11.2013
Шляхі міжваеннай Уніі