Пошук
Гісторыя Царквы
03.01.2014
Пратэст 111-ці
 
З нагоды 175-х угодкаў пратэсту 111-ці ўніяцкіх сьвятароў у м. Царкоўна прапануем урывак з навуковага артыкулу вядомай дасьледчыцы Уніі, доктара гістарычных навук праф. Сьвятланы Марозавай “Супраціў дэўнізацыі на Беларусі ў 1834-1838 гг.”.
 
Восеньню 1838 г. усім было відавочна, што зьнішчэньне Ўніяцкай Царквы – справа часу. Завяршаўся збор падпісак аб згодзе далучыцца да праваслаўя, “калі на тое зьявіцца найвышэйшая воля”. Афіцыйны Пецярбург, дзякуючы аналітычнай справаздачы камергера Скрыпіцына, у прынцыпе арыентаваўся ў настроях, якія панавалі на Беларусі. Усе чакалі толькі імператарскага ўказу аб усеагульнай канверсіі ўніятаў.
 
Але тут, нібы гром сярод яснага неба, у сталіцу імперыі прыляцела вестка: 111 папоў з Белай Русі (усходняй Беларусі) рашылі стаяць за Унію. І гэта ў той час, калі ў Літоўскай япархіі ўся без выключэньня ўніяцкая эліта далучылася да лагеру прыхільнікаў праваслаўя! Такога дзёрзкага і масавага выступленьня “супраць урадавай мэты” ніхто ў Пецярбургу не чакаў.
 
11 лістапада ў Царскім сяле обер-пракурор Сіноду граф Пратасаў дакладваў імператару пра гэта: “Справа агульнага ўзьяднаньня ўніятаў магла б лічыцца ўжо далёка прасунутай, калі б Беларуская япархія дасягнула роўнай ступені [гатоўнасьці – С.М.] з Літоўскай. … Цяпер асабліва патрэбнае намаганьне мясцовых грамадзянскіх начальстваў утаймоўваць яўныя і тайныя супрацьдзеяньні… У дачыненьні асобаў, якія распасьціраюць сваю нядобранадзейнасьць да дзёрзкага ўзбуджэньня іншых супраць урадавай мэты, … прысутнасьць іх у заходніх губернях робіцца шкоднай”. Кіраўнік рэлігійнымі справамі імперыі прасіў найвышэйшага дазволу на сакрэтнае даручэньне генерал-губернатарам заходніх губерняў “аб узмацненьні … мераў асьцярожнасьці і пільнага нагляду дзеля папярэджаньня найменшых беспарадкаў пры цяперашнім пераўтварэньні грэка-уніяцкай царквы” [Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў, г. Санкт-Пецярбург (далей – РДГА, ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк. 1–2 адв.].
 
“Я не спадзяваўся, што зламысьнікі маглі скласьці настолькі моцную партыю паміж духавенствам, якое знаходзіцца ў ваколіцах самога месцазнаходжаньня беларускага епархіяльнага начальства”, – зьдзіўляўся галоўны “ліквідатар” Сямашка [РДГА, ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк. 21].
 
Гэтая “партыя” апазіцыйнага духавенства сфармавалася ў 1838 г. у Полацку. Парафіяльных сьвятароў, па 20-30 чалавек, выклікала туды епархіяльнае начальства дзеля навучаньня новым абрадам. Там іх трымалі па некалькі месяцаў. На працягу ўсяго году праціўнікі ўзьяднаньня праводзілі свае нарады ў Полацку. На іх і быў выпрацаваны план дзеяньняў [РДГА, ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк. 156].
 
Да сярэдзіны верасьня ў вёску Царкоўна, што ў Дрысенскім павеце Віцебскай губерні, зьехаліся і сышліся звыш сотні апазіцыйных сьвятароў. Там 16 верасьня яны правялі несанкцыянаваны сход, на якім рашылі стаяць за Унію. Арганізатарамі акцыі пратэсту былі асэсар Полацкай грэка-ўніяцкай кансісторыі Іван Ігнатовіч і Адам Тамкавід. Іван Ігнатовіч зьвярнуўся з пропаведдзю да народу, у якой пераконваў, “каб цьвёрда трымаліся сваёй уніяцкай веры”. Зачыншчыкі, як праходзіць па дакументах Сіноду, “хацелі ўзбудзіць народ да супраціўленьня” [РДГА, ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк. 43 адв.].
 
Царкаўнянскі сход выпрацаваў петыцыю-просьбу да імператара аб абароне і дапамозе. У кіраўніка дзяржавы прасілі назаўсёды пакінуць духавенства і парафіянаў паветаў, чые прадстаўнікі падпісалі петыцыю, у Уніі. Прасілі прызначыць для тых, хто застаўся ў Уніі, асобага пастыра і духоўнае начальства. Петыцыю падпісалі 111 сьвятароў. Для яе дастаўкі ў Пецярбург сход абраў дэлегацыю. Выканаць гэтую місію выпала сьвятарам Лепельскага і Астровенскага дэканатаў (Івану Квяткоўскаму і інш.) [РДГА, ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк. 6 адв., 24]. Каб зьвярнуцца з лістом да імператара, трэба было атрымаць пісьмовыя даверанасьці на тое ад усіх удзельнікаў сходу. Іх зьбіралі Ігнатовіч і Тамкавід.
 
За арганізатарамі акцыі быў устаноўлены паліцэйскі нагляд. Калі інфармацыя пра змову 111-ці ў падачы обер-пракурора Сіноду 11 лістапада дайшла да імператара, той распарадзіўся тых духоўных Беларускай япархіі, якіх епархіяльнае начальства прызнае неабходным, выслаць у Расею [РДГА, ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк. 1].
 
Петыцыя мяцежных сьвятароў была дастаўлена ў Пецярбург дзесьці ў пачатку сьнежня. 28 чысла обер-пракурор Сіноду дакладваў імператару, што Ігнатовіч і Тамкавід ад імя 111 сьвятароў “адважыліся турбаваць Вашу Іператарскую Вялікасьць просьбай, напоўненай самых недарэчных дамаганьняў, як …звольніць іх з-пад улады цяперашняга духоўнага начальства, адкрыць асобую друкарню, нават з іх ахвяраваньняў, каб друкаваць богаслужбовыя ўніяцкія кнігі замест ужываных зараз кніг маскоўскага друку, уладкаваць духоўныя вучылішчы, …і ўрэшце, калі на гэта не адбудзецца высачайшай ласкі, і Унія павінна ў Расеі спыніцца, дазволіць ім прыняць рыма-каталіцкае веравызнаньне” [РДГА, ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк. 27]. Вінаватых ў складаньні гэтак дзёрзкай просьбы расшукаць і зрабіць падрабязнае прадстаўленьне – такім быў загад імператара. Ён даручыў Літоўскаму япіскапу Сямашку ехаць у Полацак, каб там, “унікнуць у сапраўдныя прычыны гэтага беспарадку, прыняць меры па выпраўленьні онага”. [РДГА, ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк. 32, 39, 61, 138 б].
 
Апошняя “зачыстка” рэлігійнага поля
 
Зусім верагодна, што царкаўнянская акцыя пратэсту прысьпешыла санкцыю афіцыйнага Пецярбурга на ўсеагульную канверсію ўніятаў, бо рэалізацыю “благодетельных видов правительства” яна ставіла пад сур’ёзную пагрозу. Гэта быў апошні радыкальны крок у супраціве духавенства. Далей ужо ішлі, галоўным чынам, рэпрэсіі. Рэпрэсіі, закліканыя забясьпечыць посьпех “уніяцкай справы” на апошнім яе этапе: перасьлед, арышты, дэпартацыя, высылка, зьняволеньне, зьдзекі… Так што падрыхтоўка да ліквідацыі Ўніяцкай Царквы ішла паралельна з зачысткай, скажам так, рэлігійнага поля на Беларусі.
 
4 студзеня 1839 г. адбылося чарговае пасяджэньне Сакрэтнага камітэту. На ім прысутнічалі шэф жандараў генерал Бенкендорф, міністар дзяржаўных маёмасьцяў П. Кісялёў, міністар унутраных спраў Д. Блудаў, обер-пракурор Сіноду граф Пратасаў. На пасяджэньне былі запрошаныя генерал-губернатары: смаленскі, віцебскі і магілёўскі – Дзякаў і віленскі, гарадзенскі, беластоцкі і менскі – Далгарукаў. Абмяркоўвалі выпрацаваную Сакрэтным камітэтам інструкцыю. У ёй – “часова дараваныя (на перыяд усеагульнай рэлігійнай канверсіі ўніятаў – С. М.) генерал-губернатарам асаблівыя правы, якія перавышаюць іх звычайную ўладу” [РДГА, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 1–1 адв.].
 
“Для большага посьпеху агульнага ўзьяднаньня ўніятаў, – гаварылася ў той інструкцыі, – ён (урад – С. М.) прызнае неабходным даць усемагчымае адзінства распараджэньням галоўных начальнікаў Заходняга краю для ўтаймаваньня ўсіх магчымых супрацьдзеяньняў”. Каб рыма-каталіцкае духавенства і шляхта, з боку якіх найперш чакалася супрацьдзеяньне, ня сьмелі “ні яўна, ні тайна, пропаведзямі або настаўленьнямі падрываць цяперашнюю схільнасьць уніятаў да ўзьяданьня…, каб нідзе, у гарадах і сялібах, не дапускалася ані найменшая непакорнасьць начальству, а тым больш парушэньне грамадзкага спакою”. Ажыцьцяўляць паліцэйскі нагляд над сялянамі абавязалі саміх паноў і арандатараў, якіх належала папярэдзіць пра ўсю “адказнасьць, якой яны падвяргаюць сябе ў выпадку хваляваньняў у іх маёнтках”.
 
“Незалежна ад гэтых паліцэйскіх мераў, – апавяшчаў чацьвёрты пункт інструкцыі, – і пры гэтым без далейшага адкладу генерал-губернатарам і, згодна іх настаўленьню, начальнікі губерняў… абяруць …зручныя пункты ў гарадах і сялібах для разьмяшчэньня ў іх войскаў пастоем… Для ўвядзеньня войскаў у паветы, дзе іх няма і дзе прадбачыцца ў тым патрэба, генерал-губернатары адразу ж зьвернуцца да ваеннага міністра…”
 
Рыма-каталіцкаму духавенству “пад пагрозай найстражэйшага спагнаньня” забаранялася адпраўляць трэбы для ўніятаў і ганіць праваслаўную веру. Абмяжоўвалася перасоўваньне каталіцкага духавенства ў межах заходніх губерняў. Уніяцкае духавенства, якое не падпарадкоўвалася свайму начальству, падлягала выдаленьню. Генерал-губернатары атрымлівалі права высылаць такіх духоўных у праваслаўныя манастыры ў глыб Расеі, а асобаў “з меншай ступеньню фанатызму” – зьмяшчаць у манастырах паўднёвых губерняў пад нагляд.
 
Генерал-губернатарам прадастаўлялася права адхіляць ад пасады прадвадзіцеляў дваранства, гараднічых, земскіх спраўнікаў, западозраных “у саўдзеле іх процідзеяньню відам ураду”. Духоўных і сьвецкіх асобаў, якія б асьмеліліся “пахіснуць цяперашнюю схільнасьць грэка-уніятаў да ўзьяднаньня”, трэба было высылаць у вялікарасейскія губерні, якія не мяжуюць з заходнімі губернямі. У выпадку ўзброенага мяцежу… аддаваць іх ужо ваеннаму суду”.
 
Генерал-губернатары надзяляліся правам выдаляць з маёнткаў памешчыкаў і арандатараў, калі яны дапусьцяць у іх хваляваньні сялянаў або будуць шкодзіць посьпеху справы. Маёнткі ў такім выпадку перадаваліся ў казённае кіраваньне. Калі ж “прысутнасьць такіх уладальнікаў у Заходнім краі акажацца шкоднай”, іх трэба дэпартаваць у расейскія губерні, якія не мяжуюць з заходнімі.
 
Пра ўсе свае захады адносна духоўных і сьвецкіх асобаў генерал-губернатары павінны былі інфармаваць Міністэрства ўнутраных спраў і Сінод. [РДГА, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 1 адв.– 7].
 
Незадоўга да сабора, які павінен быў паставіць апошнюю кропку на гісторыі ўніяцкай Беларусі, па загаду Мікалая І у Полацак прыбыў саветнік обер-пракурора Сіноду камергер Скрыпіцын. Ён меў “асобае даручэньне па грэка-уніяцкім справам”, выкладзенае ў сакрэтнай запісцы-інструкцыі ад 6 студзеня, якую атрымаў ад свайго шэфа. “Уважліва назіраць за настроямі грэка-ўніяцкага духавенства, – патрабавала інструкцыя. – Зьвяртаць пастаянную ўвагу на супрацьдзеяньні, якія могуць быць ад памешчыкаў і лацінскага духавенства… Калі заўважаны будзе дзесьці пачатак неспакою, схільнасьць да хваляваньня, неадкладна з эстафетай апавяшчаць пра гэта мясцовага губернатара, даводзячы разам з тым да ведама генерал-губернатара, з дадаткам яму, калі будзе вядома, якія асобы ёсьць галоўныя зачыншчыкі і ўзбуджальнікі астатніх… Штотыднёва дакладваць мне пра ўсё заўважанае вамі па ўскладзенаму на вас даручэньню, пра вашыя дзеяньні, пра асобаў, якія асабліва адзначыліся руплівасьцю або заўважаныя ва ўпартасьці і нядобранадзейнасьці, далейшае знаходжаньне якіх у тым краі можа быць у цяперашні час шкодным” [РДГА, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 62–67].
 
У Чашніках арыштавалі і адправілі ў Полацак Івана Ігнатовіча. Кіраваў арыштам – адпаведна значнасьці злачынцы – падпалкоўнік Агатонаў – вядомы змагар з уніятамі. Бунтара ў расе, чыё знаходжаньне ў Беларусі палічылі “шкодным, як з-за непрыхільнасьці яго да праваслаўя, так і з-за ўплыву, якое ён меў на іншае духавенства”, 10 студзеня пад канвоем павезьлі ў Смаленск. Далейшы шлях ляжаў у Прадцечанскі манастыр у Вязьме [РДГА, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 78, 83, 137, 152].
 
Адама Тамкавіда ўзялі ў Іказьні Дзісенскага павету і пераправілі ў Менск, а адтуль 26 студзеня – у Курск. Праз два тыдні, 9 лютага, яго даставілі на месца высылкі [РДГА, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 125, 136]. Перамешчаны на сотні кіламетраў ад таго месца, дзе рыхтаваўся апошні акт уніяцкай трагедыі, ён ужо не ўяўляў небясьпекі.
 
У сувязі з прашэньнем царкаўнянскіх “змоўшчыкаў”, якое выяўляе дух свавольля і непакорнасьці”, у пачатку лютага прыбыў у Полацак, згодна імператарскаму загаду, і Сямашка. Ён заняўся разборкай па “справе 111-ці”. Шукалі складальніка прашэньня, людзей, якія сваімі даверанасьцямі ўпаўнаважылі дэлегацыю на яго падачу імператару.
 
Галоўную прычыну “гэтак важнага супраціву духавенства Беларускай япархіі” Літоўскі япіскап убачыў “у раздражнёнасьці і нават разьлютаванасьці, выкліканымі ў яго цяжкімі наступствамі ранейшай сістэмы навяртаньня ўніятаў”. Такімі настроямі, сьцьвярджаў ён, намагалася скарыстацца варожая справе польска-каталіцкая партыя. Звальненьне япіскапа Смарагда, князя Хаванскага і губернатара Шрэдара, якое лічыцца справай рук гэтай партыі, узмацніла аўтарытэтнасьць яе намоваў, нібыта пераўтварэньні Грэка-Ўніяцкай Царквы робяцца самім яе духоўным начальствам і супраціўныя намерам гасудара-імператара.
 
Другой прычынай Сямашка лічыў слабасьць духоўнай улады ў Беларускай япархіі. Нядобранадзейныя сьвятары, якіх выклікалі ў Полацак “дзеля намоваў або выпраўленьня”, заставаліся на прыходах, нават будучы ад іх адлучанымі. І гэта нягледзячы на прадпісаньні начальства. Ня дзіўна, піша ён ў сваёй справаздачы обер-пракурору Сінода, што знайшлося 111 духоўных асобаў, якія падпісалі даверанасьць на падачу прашэньня імператару супраць уласнага начальства [РДГА, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 138 б*].
 
Распраўляючыся з апазіцыянерамі, Сямашка, як ён сам адзначаў, кіраваўся трыма мэтамі: 1) разарваць сувязі паміж членамі “шматлікай партыі духавенства, якое запрацівілася распараджэньням Беларускага епархіяльнага начальства”; 2) аднавіць уладу гэтага начальства; “зьнішчыць дух свавольля і думкі пра беспакаранасьць” з яго боку; 3) “аблегчыць таму ж начальству спосабы ўзьдзейнічаць на розум астатняга духавенства, яшчэ не набытага праваслаўнай Царквой” [РДГА, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 138 б].
 
“Мінулы тыдзень, – пісаў Сямашка обер-пракурору Сінода Пратасаву 8 лютага, – прысьвяціў я разгляду абставінаў справы, мне даручанай. На жаль, значная колькасьць духавенства, уцягнутага ў супрацьдзеяньне …не дазволіла мне абмежавацца некалькімі прыкладамі строгасьці. Аказалася неабходным зрабіць нашмат важнейшае ўражаньне, каб разарваць шайку, існаваўшую даволі ўжо працяглы час, каб прыбраць у аддаленыя месцы людзей, якія ёй кіравалі”, каб пазбавіць іх магчымасьці зносінаў паміж сабой і з астатнім духавенствам Беларускай япархіі”. Руплівасьцю Сямашкі высылцы з Беларускай япархіі падлягала 20 сьвятароў, якія далі Ігнатовічу і Тамкавіду даверанасьці на падачу прашэньня імператару. “А каб адабраць у пазначаных духоўных надзею на ранейшае бязьдзеяньне паліцыі”, ён распарадзіўся неадкладна адправіць апальных сьвятароў у вызначаныя для іх месцы выгнаньня ў суправаджэньні паліцэйскіх [РДГА, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 121, 132–132 адв., 138 б].
 
Ад галоўных зачыншчыкаў царкаўнянскай акцыі пратэсту пазбавіліся. Але на месцах заставаліся яшчэ многія дзясяткі яе ўдзельнікаў, “уцягнутыя ў яе болей староньнімі інтрыгамі, чым па ўласным жаданьні, якія аднак яшчэ не засьведчылі начальства ў сваім раскаяньні”. Лёс 68 сьвятароў, якія падпісалі “супрацьзаконныя даверанасьці” на імя Ігнатовіча і Тамкавіда, вырашаў Сямашка 11 лютага. Вось што займала яго думкі за дзень да гістарычнага Полацкага царкоўнага сабору! Ён распарадзіўся выклікаць іх па чарзе ў Беларускую кансісторыю для разборкі. Тых, хто раскаецца, можна вяртаць на месца службы. Тых, хто адмовіцца ад раскаяньня, і нядобранадзейных падвяргаць забароне. “А калі каторыя з царкоўнаслужыцеляў акажуцца лішнімі або шкоднымі па Беларускай япархіі”, заключаць такіх пад нагляд у манастыр [РДГА, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 123 – 123 адв.].
 
“На астатнюю масу духавенства яшчэ няпэўнай добранадзейнасьці” ён раіў узьдзейнічаць праз благачынных, “цяпер ужо амаль усіх надзейных”. А потым рэкамендаваў выклікаць іх для перавыхаваньня ў Полацак па 2-3 чалавекі – “каб зноў ня даць поваду скласьціся шматлікай бандзе неслухаў ”. Тых, хто адмовіцца зьмяніць веру, Сямашка патрабаваў паступова замяшчаць надзейнымі сьвятарамі.
 
(З працы: Марозава С.В. Супраціў дэўнізацыі на Беларусі ў 1834–1838 г.).
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
13.03.2015
Унія. Адроджаная беларуская Царква
11.03.2014
Кардынал Каспэр: як пераадолець прорву паміж царкоўным навучаньнем пра шлюб і практыкай многіх католікаў
27.02.2014
За кулісамі Полацкага царкоўнага сабора
01.01.2014
175-ыя ўгодкі Царкаўнянскага пратэсту ўніяцкага духавенства