Пошук
Гісторыя Царквы
27.02.2014
За кулісамі Полацкага царкоўнага сабора
 
175 гадоў таму, 12 (24) лютага 1839 г., у Нядзелю Праваслаўя, на сумесным служэньні ў Полацку трох біскупаў Ёсіфа Сямашкі, Васіля Лужынскага і Антонія Зубко, якія папярэдне здрадзілі Ўніяцкай Царкве і перайшлі ў праваслаўе, быў складзены “саборны акт” з прашэньнем аб падпарадкаваньні Ўніяцкай Царквы Сьвятому Сіноду Расейскай Праваслаўнай Царквы.
 
Да гэтага акту гвалту, які адбываўся пад пільным кантролем і ўсялякім сапрыяньні царскай улады і які ліквідоўваў Уніяцкую Царкву на тэрыторыі Расейскай імперыі, былі прыкладзеныя 1305 расьпісак-абавязацельстваў сьвятароў і манахаў. Але 593 ўніяцкія сьвятары такіх расьпісак (сабраных з дапамогаю прымусу і гвалту) тады яшчэ ўсё роўна не далі. Вось жа нягледзячы на здраду сваіх ярархаў, ажно шэсьць соцень уніяцкіх сьвятароў па-ранейшаму прагнулі заставацца ў сваёй веры і захоўваць вернасьць Каталіцкай Царкве.
 
Сафійскі сабор у Полацку. (Акварэль Напалеона Орды XIX ст.).
Тым ня менш, 26 лютага Ёсіф Сямашка перадаў “саборны акт” обер-пракурору Сьвятога Сіноду графу Мікалаю Пратасаву. 1 сакавіка акт паднесьлі на ўзгадненьне цару Мікалаю I, які перадаў яго на разгляд Сіноду. 13 сакавіка 1839 году падпарадкаваны сьвецкай уладзе Сінод прыняў рашэньне пра аб’яданьне ўніяцкага духавенства і вернікаў з Расейскай Праваслаўнай Царквою. 25 сакавіка цар Мікалай I даў згоду на прыняцьце ўніятаў у Праваслаўную Царкву, напісаўшы на дакуменце, які паведамляе пра гвалтоўнае скасваньне Уніі: “Дзякую Богу і прымаю”.
 
Рашэньне Полацкага царкоўнага “сабора” некалькі месяцаў хавалі ад народу – царкоўныя і сьвецкія ўлады небеспадстаўна баяліся выбуху народнага гневу. Таму для прадухіленьня хваляваньняў чакалі падыходу ў паўночна-заходнія губерні Расейскай імперыі дадатковай вайсковай сілы. Каб ня выпусьціць сітуацыю з-пад кантролю абвяшчэньне народу рашэньня аб скасаваньні Уніі адбывалася паступова з траўня 1839 г. і расьцягнулася на цэлы год.
 
Пра тое, у якіх умовах прымаўся гэты “саборны акт” аб гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай Царквы, піша доктар гістарычных навук, прафесар Сьвятлана МАРОЗАВА ў сваім артыкуле “За кулісамі Полацкага царкоўнага сабора (восень 1838 – зіма 1839 г.)”, урывак з якога прапануем ніжэй.
 
 
Незадоўга да Полацкага сабора, які павінен быў паставіць апошнюю кропку на гісторыі Ўніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі, па загаду Мікалая І у Полацак прыбыў саветнік обер-пракурора Сіноду камергер Скрыпіцын. Ён меў “асобае даручэньне па грэка-ўніяцкіх справах”, выкладзенае ў сакрэтнай запісцы-інструкцыі ад 6 студзеня 1839 г., якую атрымаў ад свайго шэфа. “Уважліва назіраць за настроямі грэка-ўніяцкага духавенства, – патрабавала інструкцыя. – Зьвяртаць пастаянную ўвагу на супрацьдзеяньні, якія могуць быць ад памешчыкаў і лацінскага духавенства… Калі заўважаны будзе дзесьці пачатак неспакою, схільнасьць да хваляваньня, неадкладна з эстафетай апавяшчаць пра гэта мясцовага губернатара, даводзячы разам з тым да ведама генерал-губернатара, з дадаткам яму, калі будзе вядома, якія асобы ёсьць галоўныя зачыншчыкі і ўзбуджальнікі астатніх… Штотыднёва дакладваць мне пра ўсё заўважанае вамі па ўскладзенаму на вас даручэньню, пра вашы дзеяньні, пра асобаў, якія асабліва адзначыліся руплівасьцю або заўважаныя ва ўпартасьці і нядобранадзейнасьці, далейшае прабываньне якіх у тым краі можа быць у цяперашні час шкодным” [1, арк. 62–67].
 
У адпаведнасьці з гэтымі інструкцыямі, у Чашніках арыштавалі і адправілі ў Полацак Івана Ігнатовіча, арганізатара акцыі пратэсту ў Царкаўлянах (у в. Царкоўна Дрысенскага павету, сёньня Верхнядзьвінскі раён – заўв. Рэд. “Царквы”). Кіраваў арыштам – адпаведна значнасьці злачынцы – вядомы змагар з уніятамі падпалкоўнік Агатонаў. Бунтара ў расе, чыё знаходжаньне ў Беларусі палічылі “шкодным, як з-за непрыхільнасьці яго да праваслаўя, так і з-за ўплыву, які ён меў на іншае духавенства”, 10 студзеня пад канвоем павезьлі ў Смаленск. Далейшы шлях ляжаў у Прадцечанскі манастыр у Вязьму [1, арк. 78, 83, 137, 152]. Другога арганізатара царкаўнянскага (у аўтара тут і далей – царкаўлянскага; заўв. Рэд. “Царквы”) сходу і петыцыі на імператарскае імя Адама Тамкавіда ўзялі ў Іказьні Дзісенскага павету і пераправілі ў Менск, а адтуль 26 студзеня – у Курск. Праз два тыдні, 9 лютага, яго даставілі на месца высылкі [1, арк. 125, 136]. Перамешчаныя на сотні кіламетраў ад таго месца, дзе рыхтаваўся апошні акт уніяцкай трагедыі, Іван Ігнатовіч і Адам Тамкавід небясьпекі ўжо не ўяўлялі.
 
У сувязі з прашэньнем царкаўнянскіх “змоўшчыкаў”, якое выяўляла “дух свавольля і непакорнасьці”, у пачатку лютага прыбыў у Полацак, згодна з імператарскім загадам, і Сямашка. Ён заняўся разборкай “справы 111-ці”. Шукалі складальніка прашэньня, а таксама людзей, якія сваімі даверанасьцямі ўпаўнаважылі дэлегацыю на падачу петыцыі імператару.
 
Галоўную прычыну “гэтак важнага супраціву духавенства Беларускай япархіі” літоўскі япіскап убачыў “у раздражнёнасьці і нават разьлютаванасьці, выкліканымі ў яго цяжкімі наступствамі ранейшай сістэмы пераварочваньня ўніятаў”. Такімі настроямі, сьцьвярджаў ён, намагалася скарыстацца варожая справе польска-каталіцкая партыя. Звальненьне полацкага япіскапа Смарагда, беларускага генерал-губернатара князя Хаванскага і віцебскага губернатара Шрэдара, якое лічыцца справай рук гэтай партыі, узмацніла аўтарытэт яе намоваў, нібыта пераўтварэньні грэка-ўніяцкай Царквы робяцца самім яе духоўным начальствам і супраціўныя намерам гасудара-імператара.
 
Другой прычынай Сямашка лічыў слабасьць духоўнай улады ў Беларускай япархіі. Нядобранадзейныя сьвятары, якіх выклікалі ў Полацак “дзеля настаўленьняў або выпраўленьня”, заставаліся на прыходах, нават будучы ад іх адхіленымі. І гэта нягледзячы на прадпісаньні начальства. Ня дзіўна, піша ён у сваёй справаздачы обер-пракурору Сінода, што знайшлося 111 духоўных асобаў, якія падпісалі даверанасьць на падачу прашэньня імператару супраць уласнага начальства [1, арк. 138 б].
 
Адзін з іх, Захарый Маркоўскі, як даносіў 4 лютага з Полацка ў Сінод япіскап Ёсіф, “дзейнічаў рашуча і амаль адкрыта…, і таму звольнены яшчэ ў мінулым годзе ад Чашніцкага прыхода і ад пасады благачыннага. Пій Перабіла звольнены таксама за падобныя ўчынкі ад Бешанковіцкага Ільінскага прыхода і ад пасады благачыннага”. Разам з настаяцелем Дварэцкай царквы Іванам Тачыцкім яны “маюць моцны і шкодны ўплыў на духавенства”. “Дзеля супакаеньня мясцовага грэка-ўніяцкага духавенства, а таксама дзеля выкараненьня сярод яго духа ўпартасьці і непакоры” Сямашка палічыў за лепшае ўпячы згаданых трох асобаў у расейскія манастыры [1, арк. арк. 123–123 адв.].
 
Распраўляючыся з апазіцыянерамі, япіскап, як ён сам адзначаў, кіраваўся трыма мэтамі: 1) разарваць сувязі паміж членамі “шматлікай партыі духавенства, якое запрацівілася распараджэньням Беларускага епархіяльнага начальства”; 2) аднавіць уладу гэтага начальства; “зьнішчыць дух свавольля і думкі пра беспакаранасьць” з яго боку; 3) “аблегчыць таму ж начальству спосабы ўзьдзейнічаць на розум астатняга духавенства, яшчэ ненабытага праваслаўнай Царквой” [1, арк. 138 б].
 
“Мінулы тыдзень, – пісаў 8 лютага Ёсіф Сямашка обер-пракурору Сінода Пратасаву, – прысьвяціў я разгляду абставінаў справы, мне даручанай. На жаль, значная колькасьць духавенства, уцягнутага ў супрацьдзеяньне, …не дазволіла мне абмежавацца некалькімі прыкладамі строгасьці. Аказалася неабходным зрабіць нашмат важнейшае ўражаньне, каб разарваць шайку, існаваўшую даволі ўжо працяглы час, каб устараніць у аддаленыя месцы людзей, якія ёй кіравалі, каб пазбавіць іх магчымасьці зносінаў паміж сабой і з астатнім духавенствам Беларускай япархіі”. А каб адабраць у пазначаных духоўных надзею на ранейшае бязьдзеяньне паліцыі”, ён распарадзіўся неадкладна адправіць апальных сьвятароў у вызначаныя для іх месцы выгнаньня ў суправаджэньні паліцыі [1, арк. 121, 132–132 адв., 138 б].
 
У Трыгурскі манастыр “на чорную работу” выслалі Андрэя Нікановіча і Івана Латто. Яго аддаленасьць ад уніяцкіх цэркваў павінна была пазбавіць гэтых упартых сьвятароў сродкаў “шкоднага уплыву” на астатняе духавенства. У Любарскі манастыр “пад нагляд да поўнага выпраўленьня” даставілі Фаму Чабаноўскага і Рыгора Эльяшэвіча, у Жыровіцы – Ігнація Хруцкага. 14 лютага Пія Перабілу часова, “да асобага распараджэньня”, выслалі ў Аршанскі манастыр “пад нагляд настаяцеля і паліцыі”. Усьлед за ім 21 лютага туды павезьлі Івана Тачыцкага.
 
Руплівасьцю Сямашкі высылцы з Беларускай япархіі падлягала 20 сьвятароў, якія далі І. Ігнатовічу і А. Тамкавіду даверанасьці на падачу прашэньня імператару. Адны былі адпраўлены ў Літоўскую япархію для назначэньня на пасады прычэтніка “пры разважных настаяцелях”, другія – заключаны ў аддаленыя, разьмешчаныя паміж праваслаўным насельніцтвам, уніяцкія манастыры, трэція – высланы ў манастыры Расеі.
 
Кіраўнік духоўнага ведамства дзяржавы Пратасаў такія меры пакараньня санкцыянаваў. У сваім сакрэтным лісьце ад 20 лютага ён цікавіўся ў аршанскага япіскапа Васіля, “ці ўсе яны сапраўды адпраўлены да месцаў іх прызначэньня” [2, арк. 124, 125, 131–132 адв., 138 б, 148 адв.]. Чыноўнікі на месцах, якія непасрэдна ажыцьцяўлялі арышт і дэпартацыю, спрацавалі ня так аператыўна, як гэта было патрэбна Сіноду. 3 сакавіка “за маруднасьць у высылцы грэка-ўніяцкіх сьвятароў Мараўскага і Стульчынскага” зьнялі з пасады станавога прыстава, зрабілі строгую вымову членам Дрысенскага земскага суда [2, арк. 154].
 
Ад галоўных зачыншчыкаў царкаўнянскай акцыі пратэсту пазбавіліся. Але на месцах заставаліся яшчэ многія дзясяткі яе ўдзельнікаў, якія, на думку Ёсіфа Сямашкі, былі “уцягнутыя ў яе болей староньнімі інтрыгамі, чым па ўласным жаданьні, якія аднак яшчэ не засьведчылі начальства ў сваім раскаяньні”. Лёс 68 сьвятароў, якія падпісалі “супрацьзаконныя даверанасьці” на імя Ігнатовіча і Тамкавіда, Сямашка вырашаў 11 лютага. Вось што займала яго думкі за дзень да гістарычнага Полацкага сабора! Ён распарадзіўся выклікаць іх па чарзе ў Беларускую кансісторыю для разборкі. Тых, хто раскаецца, можна вяртаць на месца службы. Тых, хто адмовіцца ад раскаяньня, і нядобранадзейных падвяргаць забароне. “А калі каторыя з царкоўнаслужыцеляў акажуцца лішнімі або шкоднымі па Беларускай япархіі”, заключаць такіх пад нагляд у манастыр [1, арк. 123 – 123 адв.].
 
“На астатнюю масу духавенства яшчэ няпэўнай добранадзейнасьці” ён раіў узьдзейнічаць праз благачынных, “цяпер ужо амаль усіх надзейных”. А потым рэкамендаваў выклікаць іх для перавыхаваньня ў Полацак па 2-3 чалавекі – “каб зноў ня даць повада скласьціся шматлікай бандзе неслухаў”. Тых, хто адмовіцца зьмяніць веру, Сямашка патрабаваў паступова замяшчаць надзейнымі сьвятарамі.
 
“Пасьля гэткіх мераў, – пісаў уладыка, – я не чакаю ніякага важкага супраціву з боку няпэўнай яшчэ добранадзейнасьці сьвятароў Беларускай япархіі. …Пра манахаў ня варта хвалявацца, …таму што наогул амаль ужо пазбаўлены ўсялякага ўплыву на грэка-ўніяцкі народ. Адзінае, на што належыць зьвярнуць увагу, ёсьць …спробы ўзьняць прыхаджанаў супраць сьвятароў, прызначаных на месца духоўных, якія аказаліся нядобранадзейнымі”. Памешчыкаў, настаўляў далей Сямашка, праз прадвадзіцеляў дваранства трэба папярэдзіць, што хваляваньні сялянаў у іхніх уладаньнях будуць разглядацца як іх уласная безадказнасьць.
 
Пасьля ўсіх прынятых і плануемых да ўжытку мераў, заключаў літоўскі япіскап, “не знаходжу ніякага поваду прыпыняць мяркуемае далучэньне ўніятаў, насупраць, лічу, што гэтая мера будзе рашуча садзейнічаць канчатковаму вынішчэньню элементаў супрацьдзеяньня... Адна толькі перасьцярога можа быць ня лішняй, менавіта: каб не абвяшчаць цяпер афіцыйна ўказу Сьв. Сіноду…, каб выйграць час…” [1, арк. 138 б].
 
Ушанаваны шматлікімі ўзнагародамі ад уладаў Ёсіф Сямашка, праваслаўны мітрапаліт Літоўскі.
26 лютага 1839 г. Сямашка пісаў Мікалаю І пра выкананьне імператарскага даручэньня: “Амаль усе сьвятары-завадатары, якія ўдзельнічалі ў згаданай інтрызе або праявілі дух прадпрымальны і дзёрзкі, устаранёныя ў аддаленыя месцы”. [1, арк. 138 б адв.].
 
Расправу над “адмаўленцамі” (ад пераходу ў праваслаўе) чыніў і В. Скрыпіцын, чыніў да сабора і пасьля яго. Ён прасіў віцебскага, магілёўскага і смаленскага генерал-губернатара аб высылцы з Сеньненскага павету Віцебскай губерні 14 сьвятароў, якія ў верасьні мінулага году падпісалі прашэньне на царскае імя ў абарону уніі [3, арк.19–21, 29 адв.]. 25 лютага 1839 г. у Віцебску яны трымалі адказ перад самім царскім пасланьнікам. Прысутнічаў запрошаны ім палкоўнік корпусу жандараў Куцынскі. Абвінавачаныя ў супрацьдзеяньні імператарскай волі, маральна зламаныя і застрашаныя, безабаронныя, сьвятары далі пісьмовае абяцаньне, што “заўсёды будуць павінавацца сьвяшчэннай волі манарха і …ўладам”. Адзін толькі Адам Ранчэўскі, які ў верасьні езьдзіў па вёсках і зьбіраў подпісы тых сьвятароў, якія не змаглі прыехаць у Царкоўна, ад такога абавязацельства, а, значыць, як націскалі высокапастаўленыя сьледчыя, ад пакоры ўладам адмовіўся, “выявіў дух упартасьці і дзёрзкага свавольства”. Па распараджэньні Скрыпіцына яго павезьлі пад паліцэйскім канвоем у Полацак, да аршанскага япіскапа Васіля [4, арк. 1–2]. Далейшы лёс мяцежнага сьвятара быў прадвызначаны.
 
Указ ад 3 сакавіка 1839 г. падвёў пад дэпартацыю юрыдычную базу. Ён абвяшчаў: “Сьвяшчэнна- і царкоўнаслужыцеляў і ўніяцкіх манахаў, якія не павінуюцца начальству, выдаліць у вялікарасейскія губерні для разьмяшчэньня ў тамашнія праваслаўныя манастыры” [5, арк. 6].
 
Дзейнасьцю Сямашкі і яго акружэньня была забясьпечана нейтральная пазіцыя большасьці сьвятароў адносна “ўзьяднаньня”, непакорных пазбавілі магчымасьці супраціўленьня, душылі незадавальненьне сялянаў.
 
Некалькі гадоў схілялі “падпарадкавацца сваёй праваслаўнай Царкве” сялянаў мястэчка Ўшачы Лепельскага павету. Іх угаворвалі камісіі, пераконваў лепельскі земскі спраўнік, адміністрацыя маёнтка, прымушала паліцыя. Але яны так і заставаліся ўпартымі ў сваіх “памылках”. Нават падпалкоўнік Агатонаў, “пры ўсёй яго дбайнасьці і руплівасьці да справаў праваслаўя”, ня меў посьпеху.
 
Жыхароў мястэчка нават асьцерагаліся публічна пытацца, хто з іх уніят, хто праваслаўны, “бо можа адбыцца сярод іх хваляваньне, ды й сумніўна, каб хоць адзін сказаў, што ён праваслаўны”. Прыходзкі сьвятар Язафат Шавельскі, які веру-такі зьмяніў, здабыў сабе нянавісьць навакольных паноў, уніяцкіх сьвятароў Лепельскага павету, ушацкіх прыхаджанаў.
 
Застаўся адзін сродак – па чарзе (так лягчэй было зламаць) выклікаць сялянаў у Полацак у грэка-расейскую кансісторыю для ўгаворваньня. Яго і пусьцілі ў ход у лютым 1839 г. Зразумела, ніхто сам у Полацак не паехаў. Тады паспрабавалі вазіць іх туды ў суправаджэньні паліцыі. Дык сяляне спачатку ўцякалі ад паліцэйскіх, а потым пачалі зьбірацца натоўпамі і адбіваць узятых пад канвой аднавяскоўцаў [6, арк. 12].
 
Акт Полацкага сабора некалькі месяцаў хавалі ад народу – баяліся выбуху бунтаў, чакалі падыходу дадатковай вайсковай сілы. “У выніку супраціву, дзе б тое ні здарылася, – зьвяртаўся ў студзені 1839 г. да ваеннага міністра смаленскі, віцебскі і магілёўскі генерал-губернатар, – прысутнасьці адной роты дастаткова будзе на прывядзеньне ў паслушэнства ўпартых, тады як па прашэсьці месяца, на працягу якога зло гэта можа ўзмацніцца, трэба будзе дзеля гэтага ўжыць намнога большую колькасьць войскаў”. Каб прадухіліць хваляваньні, імператар тады ж распарадзіўся накіраваць на Беларусь 29-ты казацкі полк, які ішоў з Фінляндыі на Дон. Полк прыбыў у сярэдзіне сакавіка. Яго разьмясьцілі сотнямі ў найбольш выбухованебясьпечных населеных пунктах Полацкага, Дрысенскага, Себежскага і Лепельскага паветаў Віцебскай губерні, Вілейскага, Дзісенскага і Барысаўскага паветаў Менскай і Сеньненскага і Мсьціслаўскага паветаў Магілёўскай губерні [3, 5–6 адв., 8, 11 адв., 27, 29 адв., 53–53 адв.].
 
Абнародаваньне саборнага рашэньня прайшло спакойна…
 
Такім чынам, ліквідацыя Ўніяцкай Царквы станавілася нібы дэтанатарам выбуху, які аднак не патрос дзяржаву, – улады яго папярэдзілі. Калі душылі шляхецкія паўстаньні, то з уніяцкім духавенствам і сялянствам расправіцца было лягчэй. У Пецярбургу помнілі апошняе паўстаньне і баяліся паўтарэньня. Улады ўжо мелі вопыт падаўленьня і змаглі нейтралізаваць усе актыўныя сілы, што сталі на абарону уніі, а таксама задушыць незадавальненьне сялянства. Інтэнсіўная “зачыстка” рэлігійнага поля Беларусі спадарожнічала пярэдадню Полацкага сабора і абнародаваньню саборнага акту.
 
Уніяцкая Царква аказалася ня ў стане супрацьстаяць катастрофе 1839 г. Адным росчыркам імператарскага пяра 1,5 мільёна вернікаў і каля 1470 прыходаў былі ўключаныя ў склад Расейскай Праваслаўнай Царквы. Іх жаданьне далучыцца да пануючай веры зусім не лічылася абавязковай умовай пераварочваньня. Беларусь у сваёй гісторыі яшчэ ня ведала такой маштабнай адначасовай і радыкальнай перакройкі яе канфесійнай карты.
 
1. Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 797, воп. 87, спр. 22.
2. Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 797, воп. 7, спр. 23446.
3. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, г. Менск. Ф. 1297, воп.1, спр. 11116.
4. Дзяржаўны архіў Расейскай Федэрацыі, г. Масква. Ф. 109, IV эксьпедыцыя. 1839 год, воп. 179, спр. 96.
5. Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 797, воп. 7, спр. 23441.
6. Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў, г. Санкт-Пецярбург. Ф. 797, воп. 7, спр. 23307.
 
Гл. таксама:
25.06.2014
Быць Царквою – несьці Божае блаславеньне ўсім людзям
08.05.2014
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар: насілу да веры ніхто не прыводзіць
07.05.2014
Айцец Ігнат Кульчынскі – навуковец і пашыральнік культу Маці Божай Жыровіцкай
11.03.2014
Кардынал Каспэр: як пераадолець прорву паміж царкоўным навучаньнем пра шлюб і практыкай многіх католікаў
08.03.2014
Канфесіянальныя “франты”, лініі “культурнага разлому” і “доўгая памяць”