Пошук
Гісторыя Царквы
08.03.2014
Канфесіянальныя “франты”, лініі “культурнага разлому” і “доўгая памяць”
 
Прапануем аналітычны агляд навуковай працы амерыканскай дасьледчыцы Барбары Скінэр “Заходні фронт Усходняй Царквы. Уніяцка-праваслаўны канфлікт XVIII стагоддзя ў Польшчы, Украіне, Беларусі і Расеі”, які падрыхтаваў Аляксандар Пагарэлы.
 
Агляд падрыхтаваны аўтарам у межах супольнага праекту “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных дасьледаваньняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх дасьледаваньняў у Менску.
 
Barbara Skinner (2009). The Western Front of the Eastern Church. Uniate-Orthodox Conflict in 18th-Century Poland, Ukraine, Belarus and Russia. DeKalb: Northern Illinois University Press, XVI+295 pp.
 
Барбара Скінэр.
Яшчэ ў 2009 г. пабачыла сьвет манаграфія Барбары Скінэр “Заходні фронт Усходняй Царквы. Уніяцка-праваслаўны канфлікт XVIII стагоддзя ў Польшчы, Украіне, Беларусі і Расеі”. Восем разьдзелаў кнігі асьвятляюць вельмі шырокае кола ўзаемазьвязаных праблемаў: уніяцкае і праваслаўнае парафіяльнае жыцьцё, сацыяльныя і адукацыйныя характарыстыкі сьвятароў, палітызацыю ўніяцка-праваслаўнага канфлікту ў XVIII ст., гвалт на канфесійнай глебе ў кантэксьце 1-га падзелу Рэчы Паспалітай і падзеяў, што яму папярэднічалі, лёс уніятаў беларускіх зямель пасьля 1-га падзелу і інш.
 
Скінэр разглядае праблему паўстаньня уніі ў ключы канфесіяналізацыі пострэфармацыйнай Еўропы і патрэбы мадэрнізацыі Праваслаўнай Царквы Рэчы Паспалітай. Апошні клопат аб’ядноўваў як будучых ініцыятараў уніі, так і іх зацятых праціўнікаў. Канфесіяналізацыя, паводле Скінэр, азначала выкарыстаньне такіх інструментаў, запазычаных ад новых пратэстанцкіх галінаў заходняга хрысьціянства, як вызначэньне дактрынаў і практыкаў веры праз тэкстуальную фіксацыю вызнаньня ці праз царкоўны сабор і стварэньне добра артыкуляваных катэхізісаў з мэтай навучаньня рэлігіі.
 
Продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў фігуруюць у яе як “русіны”.
 
Асноўныя высновы аўтаркі адлюстроўваюць яе перакананьне, што XVIII ст. зьяўляецца досыць дрэнна вывучаны перыядам ў параўнаньні з бурлівым XVII ст. і палітыкай поўнага зьнішчэньня уніі ў XIX ст. Паводле яе, працэсы рэформаў і трансфармацыі закранулі як Праваслаўную Царкву, бо пераўтварэньні кіеўскага мітрапаліта Магілы былі цалкам у духу канфесіяналізацыі і былі ў значнай ступені вестэрнізацыйнымі, так і стаялі за паўстаньнем Уніяцкай Царквы.
 
Далей дасьледчыца заўважае, што супрацьстаяньне палітычных арыентацыяў у кантэксьце падзеяў XVIII ст. стала каталізатарм фармаваньня асобных ідэнтычнасьцяў: русінскай уніяцкай і праваслаўнай. Таксама, паводле яе, дасьледуючы прыроду Ўніяцкай і Праваслаўнай Цэркваў, іх адрозьненьні, кніга пралівае сьвятло на цэнтральны чыньнік русінскай ідэнтычнасьці, які ўплываў на яе цягам стагоддзяў.
 
Таксама нельга зразумець характару эскалацыі ўніяцка-праваслаўнага канфлікту ня ўлічваючы разьвіцьця расейскай імперскай ідэнтычнасьці і ідэалогіі. Апошнія не пакідалі месца іншым хрысьціянскім канфесіям для “агульнарускага” народу апрача праваслаўя. У рамках такой логікі працэс “вяртаньня” у праваслаўе быў яе своеасаблівым культурным і ідэалагічным інструментам.
 
Гаворачы аб ідэалогіі, паняцьці, якое само зьяўляецца мінным полем для дасьлдечыкаў, трэба яшчэ адзначыць, што менавіта праваслаўнае духавенства з левабярэжнай Украіны мела “доўгую памяць” пасьля рэлігійнай вайны сярэдзіны XVII ст. ва ўкраінскіх землях Рэчы Паспалітай і якраз яно забясьпечыла імперскі ўрад Кацярыны ІІ канцэпцыямі “культурнай уніфікацыі”, якія служылі апраўданьнем навяртаньня ўніятаў і наступных (2-га і 3-га) падзелаў Рэчы Паспалітай, а таксама неабходнымі кадрамі.
 
Разьвязаная Кацярынай ІІ кампанія навяртаньня, якая вылілася ў серыю крывавых паўстаньняў і сутыкненьняў, Барбара Скінэр расцэньвае не як палітычныю акцыю, характэрную для эпохі асьветніцтва і асьветнай мадэрнасьці (Van Der Veer, 1996), а як праяву ментальнасьці рэлігійнай вайны і канфесійнага канфлікту, характэрных для папярэдніх стагоддзяў у іншых частках Еўропы (Marx, 2003).
 
Ні праблемы з уніфікацыяй і выпраўленьнем літургічнай літаратуры, ні позьняее разьвіцьцё ўніяцкага кнігадрукарства ніяк ня сьведчаць супраць таго, што ў XVIII ст. Уніяцкая Царква аформілася як паўнавартасная канфесія з сваёй уласнай маральнай тэалогіяй. Апошні асьпект Скінэр падрабязна аналізуе і раскрывае сьпецыфіку грамадзкіх каштоўнасьцяў, якія складалі падставы сацыяльных дактрын уніяцтва і праваслаўя ў іх сувязі з дамінуючым інтэлектуальным кліматам і ідэалогіяй.
 
Шмат месца яна прысьвячае тлумачэньню сацыяльнага вучэньня Расейскай Праваслаўнай Царквы, якая, паводле амерыканскай дасьледчыцы, заахвочвала адданасьць цару, у параўнаньні з арыентацыяй на прававыя нормы і кантрактныя адносіны ў выпадку Ўніяцкай (Скінэр, 2007).
 
У той жа час досыць праблематычна сьцьвярджаць, што ўніяцкія сьвятары трансьлявалі каштоўнасьці непасрэдна з дапаможнікаў па маральнай тэалогіі, а масы сялянаў-вернікаў — пасіўна і літаральна ўспрымалі такія ідэі. Скінэр не надае праблематызацыі гэтага асьпекту належнай увагі, хоць гэты накірунак ужо даўно распрацоўваецца ў рамках той жа “новай культурнай гісторыі” (Hunt, 1989; Катлярчук, 2001).
 
Паводле амерыканскай дасьледчыцы, менавіта ў XVIII ст. уніяцкая юрысдыкцыя максімальна пашырылася пасьля траўматычнай і турбулентнай другой паловы XVII ст., якая паставіла само выжываньне канфесіі на большай частцы тэрыторыі Рэчы Паспалітай пад пытаньне. Палітызацыя канфесійнай прыналежнасьці ў кантэксьце расейскай імперскай палітыкі і адчуваньне ўнутры Рэчы Паспалітай сябе як краіны ў атачэньні “іншаверцаў” прывяла да абвастрэньня супрацьстаяньня паміж Праваслаўнай і Ўніяцкай Цэрквамі.
 
Аўтарка фактычна сьцьвярджае, што больш інтэнсіўны характар гвалту ў дачыненьні вернікаў і іх супраціў адбываўся там, дзе традыцыі уніі пасьпелі пусьціць глыбокія карані. У літаратуры даўно існуюць розныя погляды на тое, як моц рэлігійных пачуцьцяў уплывае на гвалтоўныя дзеяньні і стварэньне “вобразу ворага” (De Vries, 2002).
 
Пры гэтым нельга правесьці дакладнай лініі падзелу паміж тымі тэрыторыямі, дзе унію ўспрымалі як неад’емную частку ўласнай ідэнтычнасьці, і тымі, дзе яна зацьвердзілася адносна нядаўна. Характар рэакцыяў вернікаў на спробы навяртаньня часта (але не заўсёды), паводле Скінэр, указваюць на наяўнасьць своеасаблівых лініяў “культурнага разлому”. На беларускіх землях тэрыторыя 2-га падзелу аказалася больш прывязанай да уніі, чым 1-га.
 
У другой палове XVIII стагоддзя не магло быць і гаворкі пра канфесійную мабільнасьць, альбо дабраахвотны выбар веравызнаньня. У 1760-1790-я гг. зьмена веравызнаньня, якая супярэчыла дзяржаўным інтарэсам як расейскіх уладаў, так і ўладаў Рэчы Паспалітай разглядалася ня проста як вераадступніцтва, але як дзяржаўная здрада.
 
Нельга ахапіць усе праблемы, зьвязаныя з гісторыяй адносінаў уніяцтва і праваслаўя і нельга раскрыць іх усе адразу, але кніга заслугоўвае вельмі высокай ацэнкі. На некаторыя праблемы, якія на думку Скінэр, зьяўляюцца і будуць актуальнымі, яна зьвярнула асаблівую ўвагу як, напрыклад, параўнаўчае дасьледаваньне ўніяцкіх і праваслаўных парафіяў на межах Рэчы Паспалітай і Расеі.
 
Цікавыя і праблемы таго, ці зьяўлялася ўступленьне рыма-каталікоў у базыльянскі ордэн адным з каналаў захаваньня русінскай ідэнтычнасьці, а таксама больш уважлівае вывучэньне ўнутранага аздабленьня парафіяльных уніяцкіх цэркваў, што само па сабе было своеасаблівай “бібліяй непісьменных” (Гуревич, 1989; Senyk, 2006: 201-234).
 
Больш увагі таксама, на яе погляд, заслугоўваюць і пастанаўленьні аб вяртаньні ў унію раней пераведзеных у праваслаўе сялянаў у канцы XVIII ст. Ня менш важныя і дасьледаваньні на лакальным узроўні самога працэсу навяртаньня ўніятаў у праваслаўе падчас і пасьля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай і адваротнага працэсу вяртаньня ў унію пазьней. Усё гэта магчыма толькі з улікам абмежаваньняў, якія накладаюць крыніцы і тэарэтыка-метадалагічны апарат дасьледчыкаў.
 
Навуковец з універсітэту штата Індыяна трансьлітэравала ў кнізе асабістыя і геаграфічныя назвы так, як яны адлюстраваны ў крыніцах з тым, каб яны ня надта адрозьніваліся ад сучасных назваў. Напрыклад, Наваградак у кнізе перадаецца як Novohrodok. Усё ж такі бянтэжыць наяўнасьць некаторых недарэчных скажэньняў такіх як “Druissa” у Полацкай дыяцэзіі, бо ня ясна пра Друю ці Дрысу ідзе гаворка. Гэта сьведчыць аб крыху меншай абазнанасьці аўтаркі ў гістарычнай геаграфіі беларуска-літоўскіх зямель у параўнаньні з украінскімі і некаторай некрытычнасьці ў адносінах да крыніцаў.
 
Скінэр лічыць абмежаваньне вывучэньня гісторыі Ўніяцкай Царквы сучаснымі нацыянальнымі рамкамі і межамі немэтазгодным, бо гэта звужае магчымасьці дасьледчыка і перашкаджае фармаваньню комплекснага шматвымернага ўяўленьня аб гісторыі канфесіі.
 
Барбара Скінэр перакананая, што нельга прымяншаць уплыў царкоўнай уніі на культуру і ідэнтычнасьць украінцаў і беларусаў. Уплывы гэтыя ня зводзяцца выключна да Заходняй Украіны, дзе доўгі перыяд спатрэбіўся для ператварэньня яе ў нацыянальны інстытут, і такі вынік быў далёка не перадвызначаным наперад. Канфесійныя разломы з часам перасунуліся далей на захад, але і да сёньня нагадваюць пра сябе супрацьпастаўленьнем ідэнтычнасьцяў і палітычных памкненьняў, якія маюць лакальнае, нацыянальнае, рэгіянальнае і еўрапейскае вымярэньне.
Гл. таксама:
10.11.2017
Навуковая канферэнцыя з нагоды 400-годдзя служэньня манахаў-базыльянаў на беларускіх землях
26.05.2016
Адбылася прэзентацыя манаграфіі пра канфесійны фактар у сацыяльным разьвіцьці Беларусі
20.01.2016
Не было б уніяцтва – не было б Беларусі?
18.04.2015
Айцец Аляксандар Надсан: «Чакаю, калі Беларусь стане больш беларускай»
08.07.2014
Полацкая трагедыя 1705 году