Пошук
Гісторыя Царквы
07.05.2014
Айцец Ігнат Кульчынскі – навуковец і пашыральнік культу Маці Божай Жыровіцкай
 
7 траўня ў царкоўным календары — дзень, калі Царква ў Беларусі ўшаноўвае адну з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятыняў нашай краіны — цудадзейны абраз Маці Божай Жыровіцкай.
 
Абраз Маці Божай Жыровіцкай на камені.
Яе прыгожа аздобленая рэльефная выява на маленькім авальным яшмавым камені-іконцы вось ужо больш за пяць стагоддзяў прыцягвае ў разбудаваны манахамі-базыльянамі славуты Жыровіцкі Сьвята-Ўсьпенскі манастыр шматлікіх пілігрымаў ня толькі з розных куткоў Беларусі, але і з суседніх краінаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалтай: з Украіны, Польшчы, Літвы, Расеі. Да цудатворнай выявы Багародзіцы ў Жыровіцы імкнуліся як людзі простыя, так і знакамітыя асобы: вялікія князі літоўскія і каралі польскія, прадстаўнікі слынных магнацкіх родаў, вышэйшыя царкоўныя ярархі. Шматлікімі былі і ахвяраваньні да Жыровіцкага абраза.
 
Вялікую славу жыровіцкай сьвятыні характарызуе вельмі шырокі арэал распаўсюджаньня іканаграфіі Маці Божай Жыровіцкай: сьпісы гэтага абраза вядомыя ня толькі ў Беларусі, але і на Валыні ды Падляшшы, у Прыкарпацьці, у Маскве і ў Рыме. Тое, што слава Маці Божай Жыровіцкай дасягнула ажно Рыму — вялікая заслуга гісторыка Ўніяцкай Царквы, манаха-базыльяніна а. Ігната Кульчынскага. Пра гэтую цікавую постаць, значэньне яго твораў у пашырэньні культу Маці Божай Жыровіцкай і рымскую цудатворную копію Жыровіцкага абраза піша ў сваім артыкуле грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні а. Андрэй Крот.
 
* * *
 
Айца Ігната Кульчынскага, архімандрыта гарадзенскага базыльянскага Каложскага манастыра, справядліва лічаць заснавальнікам беларускага краязнаўства. Яго творы па гісторыі Каложскай царквы і Жыровіцкай іконы Маці Божай зьяўляюцца важнымі крыніцамі па гісторыі гэтых сьвятыняў.
 
Гістарычную каштоўнасьць напісаных у XVIII стагоддзі твораў айца І. Кульчынскага “Інвентар базыльянскага манастыра ў Горадні на Каложы…” і Хроніка ігуменаў, архімандрытаў, фундатараў і пратэктараў Гарадзенскага манастыра на Каложы закону С[вятога] А[йца] Н[ашага] Васіля В[ялікага]” высока ацэньваюць сучасныя дасьледчыкі. Аднак айцец Ігнат Кульчынскі ня толькі быў адным з першых, хто зацікавіўся мінулым нашай краіны, але і тым, хто прапагандаваў веды пра Царкву і гісторыю Вялікага Княства Літоўскага на захадзе Еўропы.
 
Нарадзіўся Ігнат Кульчынскі ў 1694 (па іншых зьвестках — 1707) годзе. Няма пэўнасьці што да месца яго нараджэньня. Паводле зьвестак адных гісторыкаў ён паходзіў з Уладзіміра Валынскага, паводле іншых — з ваколіцаў Горадні. У маладым узросьце ўступіў у ордэн базыльянаў. Пасьля вывучэньня філасофіі і тэалогіі прыняў сьвятарскія сьвячаньні і працаваў сакратаром генерала ордэну базыльянаў Карнэлія Сталпавіцкага-Любянецкага. Займаючы гэтую пасаду, у 1726 годзе айцец І. Кульчынскі прымаў удзел у агульным сходзе (кангрэгацыі) манахаў-бызыльянаў у Быцені (сучасны Івацэвіцкі раён). Паводле некаторых гісторыкаў, на гэтай кангрэгацыі ён быў прызначаны пракуратарам базыльянаў Рэчы Паспалітай у Рыме, гэта значыць меўся прадстаўляць інтарэсы базыльянскага ордэна і біскупаў Уніяцкай Царквы пры Апостальскім Пасадзе. Аданак, паводле базыльянскіх крыніцаў, пасаду гэтую айцец І. Кульчынскі займаў з 1729 па 1735 год. У гэты ж час айцец Ігнат Кульчынскі выконваў функцыі рэктара рымскай царквы сьвятых Сяргея і Вакха, якая належала Ўніяцкай Царкве Рэчы Паспалітай.
 
Абраз Маці Божай Жыровіцкай. Цудатворная рымская копія, захоўваецца ў Рыме, у грэка-каталіцкай царкве сьв. Сяргея і Вакха.
Прысутнасьць гісторыка і царкоўнага дзеяча ў Рыме супала з узрастаньнем культу Маці Божай Жыровіцкай. У жніўні 1718 году ў рымскай царкве Сяргея і Вакха падчас рамонту пад тынкам на адной са сьценаў выпадкова быў выяўлены абраз Маці Божай, які быў ідэнтыфікаваны як копія іконы Маці Божай Жыровіцкай. Сярод рымскага люду абраз стаўся вельмі папулярным пад назвай Madonna del Pascolo.
 
Гісторыю рымскай копіі Жыровіцкай іконы айцец І. Кульчынскі апісвае ў адной з сваіх прац. Як адзначае дасьледчык, гісторыю іконы ён даведаўся ад езуіта К. Кароччы, вядомага ў Рыме пашыральніка культу цудатворных абразоў Маці Божай. Рымская ікона Жыровіцкай Божай Маці была знойдзена ў гасьпіцыі (бальніцы для цяжка хворых), прыбудаваным да царквы сьв. Сяргея і Вакха, на пачатку жніўня 1718 году.
Царква сьв. Сяргея і Вакха ў Рыме, рэктарам якой у 1729-1735 гг. быў беларускі навуковец-базыльянін а. Ігнат Кульчынскі.
У гэты час паводле загаду генеральнага пракуратара базыльянаў распачаўся рамонт памяшканьня, і майстар, які ачышчаў мур ад старой вапны, нечакана ўбачыў фрагмент абраза. Прыйшоўшы на наступны дзень, майстар убачыў, што адвалілася яшчэ некалькі кавалкаў вапны, і адкрыўся прыгожы абраз Маці Божае з Дзіцяткам. У гэтай выяве рэктар царквы пазнаў копію Жыровіцкай іконы. Ігнат Кульчынскі піша, што невядома, хто намаляваў гэтую копію, хто яе схаваў і як доўга яна была схаваная. Аднак рымская копія Жыровіцкага абраза, хоць і большая за арыгінал, ва ўсім падобная да яго.
 
У кнізе “Il Diaspro prodigioso…” сьвятар пераказвае гісторыю разьвіцьця культу іконы ў Рыме на працягу 1718-1719 гадоў. Шанаваньне беларускай сьвятыні італійскімі вернікамі, сярод якіх былі як простыя месьцічы і сяляне, так і заможная шляхта, паспрыяла пераносу іконы з гасьпіцыя ў царкву.
Тытульны ліст працы а. Ігната Кульчынскага “Il Diaspro prodigioso…”.
Сам айцец Ігнат Кульчынскі шмат зрабіў для пашырэньня культу абраза, падрыхтаваўшы для яго ў перыяд паміж 13 верасьня і 29 кастрычніка новую капліцу, урачыста асьвячаную мітрапалітам Фларыянам Грабніцкім. Напэўна, цудоўная знаходка копіі іконы ў Рыме і рост яе папулярнасьці паспрыялі хуткай каранацыі самой Жыровіцкай іконы папскімі каронамі з золата і каштоўных камянёў. Гэтая ўрачыстая падзея адбылася ў Жыровічах 19 (8) верасьня 1730 году ў той час, калі І. Кульчынскі знаходзіўся ў Рыме. Аднак сьвятар разам з мітрапалітам Апанасам Шаптыцкім прымаў удзел у каранацыі рымскай копіі іконы ў тым самым годзе.
 
Разьвіцьцё культу Маці Божай Жыровіцкай стала адным з асноўных накірункаў дзейнасьці айца Ігната Кульчынскага. Першай яго працай на гэтую тэму стаў пераклад з італійскай на польскую мову працы каноніка Ізідара Нардзі Relacja historyczna o zjawieniu Cudownego Obrazu Najswietszej Panny Zyrowickiej, nazwanego po wlosku DEL PASCOLO...”. Пераклад быў выдадзены ў Супрасьлі ў 1728 годзе. Наступныя яго творы: “Il Diaspro prodigioso di tre colori ovvero narrazione istorica delle tre imagini miracolose della B. V. Maria: la prima di Zirovice in Litvana, la seconda, del Pascolo in Roma, e la terca copia della seconda parimente in Zirovice detta de quei Polpoli Romana…” (“Цудатворная трохкаляровая яшма, або гістарычны аповед пра тры цудатворныя абразы Дзевы Марыі: першы ў Жыровічах на Літве, другі – Паскола ў Рыме, і трэці — гэта копія другога, падораная рымлянамі ў Жыровічы”) і “Signum Magnum… Regina Maria Virgo, in Thaumaturga Icone Zyrovicensi… coronata…” (“Вялікі знак... Валадаркі Дзевы Марыі, у цудатворнай іконе Жыровіцкай... каранаванай...”) і Oratio de beatissimae Virgini sMariae imagine Zyrovicensi miraculis” (“Малітва да Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў цудатворным Жыровіцкім абразе...”) выйшлі амаль адначасова — у 1732 годзе. Як адзначаюць некаторыя дасьледчыкі, менавіта І. Кульчынскі сваімі публікацыямі і дзейнасьцю ў значнай ступені паспрыяў шанаваньню беларускага цудатворнага абраза на Захадзе.
 
Абраз Маці Божай Жыровіцкай. Копія рымскага абраза, падараваная ў Жыровічы. Гэты абраз быў каранаваны ў 1730 годзе. Сёньня захоўваецца ў рыма-каталіцкім касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме.
Праз разьвіцьцё культу Маці Божай Жыровіцкай беларускі сьвятар імкнуўся наблізіць і бліжэй пазнаёміць заходніх хрысьціянаў з Уніяцкай Царквой. Прысутнасьць сьвятыні з Вялікага Княства Літоўскага ў сэрцы Каталіцкай Царквы ў Рыме ставіла Ўніяцкую Царкву на адзін узровень з іншымі часткамі Паўсюднай Царквы.
 
Праца І. Кульчынскага “Signum magnum…” невялікая па памерах і напісаная на лацінскай мове. Яна прысьвечана каранацыі Жыровіцкай іконы, якая адбылася ў Рыме з удзелам мітрапаліта Апанаса Шаптыцкага і самога айца Ігната Кульчынскага. У гэтым твор ва ўзьнёслай форме ўсхваляецца цудадзейны абраз Маці Божай. Гэтай падзеі прысьвечаная яшчэ адна праца беларускага царкоўнага гісторыка: “Oratio de Beatissimae Virginis Mariae imagine Zyrovicensi…” Яна перадае зьмест прамовы, якая прагучала ў Рыме падчас каранацыі іконы.
 
Найбольшае значэньне сярод твораў айца Ігната Кульчынскага мае напісаная па-італійску праца “Il Diaspro prodigioso…”. Сама мова гэтага твору раскрывае мэту яго стварэньня. Праца была адрасавана найперш італійскім вернікам і ставіла за мэту пашырэньне культу Жыровіцкай іконы Багародзіцы сярод католікаў Рыму і ўсёй Італіі. “Il Diaspro prodigioso…” складаецца з трох частак: першая — “Стварэньне і шанаваньне Жыровіцкай Мадоны”; другая – “Некаторыя зьвесткі пра царкву Сяргея і Вакха, яе жыцьцё, а таксама пра блаславёнага Язафата”; трэцяя — “Гістарычны аповед пра Дзеву Марыю Паскола ў Рыме і зробленую з яе цудатворную копію, якая потым зьявілася ў Жыровічах”; чацьвёртая — “Аповед пра каранацыю Жыровіцкай Мадоны”. Каштоўнасьць выданьня для сучасных дасьледчыкаў яшчэ і ў тым, што яно ўтрымлівае гравюру Жыровіцкага абраза — малавядомы сучасным дасьледчыкам іканаграфічны сьпіс.
 
Падсумоўваючы, можна сказаць, што манах-базыльянін а. Ігнат Кульчынскі пакінуў па сабе невялікую, але надзвычай важную спадчыну. Як адзначаюць некаторыя дасьледчыкі, менавіта І. Кульчынскі сваімі публікацыямі і дзейнасьцю ў значнай ступені паспрыяў шанаваньню знакамітага беларускага цудатворнага абраза на Захадзе. Культ Жыровіцкай іконы Божай Маці стаўся для вучонага манаха нагодай для стварэньня памосту паміж Уніяцкай Царквой Вялікага Княства Літоўскага і Каталіцкай Царквой у Заходняй Еўропе. Маці Божая Жыровіцкая духоўна яднала беларускіх вернікаў розных абрадаў і католікаў з ваколіцаў Рыму. І таму праз свае творы айцец Ігнат Кульчынскі імкнуўся наблізіць беларускім хрысьціянам культ рымскай цудатворнай іконы, а вернікам на захадзе — шанаваньне Маці Божай Жыровіцкай.
 
Аўтарызаваная версія паводле матэрыялу на сайце Harodnia.com “Айцец Ігнат Кульчынскі – з Рыму да Гародні. Шлях святара і вучонага”.
Гл. таксама:
05.10.2018
Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй Царквы
13.03.2015
Унія. Адроджаная беларуская Царква
08.07.2014
Полацкая трагедыя 1705 году
27.02.2014
За кулісамі Полацкага царкоўнага сабора
03.01.2014
Пратэст 111-ці