Пошук
Гісторыя Царквы
12.09.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 1)
 
У гістарычным дасьледаваньні грэка-каталіцкага сьвятара з Горадні а. Андрэя Крата даецца аналіз прававога становішча Ўніяцкай Царквы Беларусі ў Расейскай імперыі і эвалюцыя царскай палітыкі ў дачыненьні Царквы за часоў цараваньня Аляксандра І і Мікалая І.
 
Палітыка Аляксандра І
 
Расейскі імператар Аляксандар І у гістарыяграфіі Ўніяцкай Царквы разглядаецца як неадназначная асоба. З аднаго боку, у адрозьненьні ад сваёй бабулі Кацярыны ІІ ці брата Мікалая І, ён не перасьледаваў уніятаў адкрыта. З іншага боку, падчас яго цараваньня дзяржаўныя ўлады стараліся паставіць Уніяцкую Царкву пад свой кантроль і перашкаджалі ўсялякім дзеяньням, накіраваным на адраджэньне былой велічы Уніі.
 
Расейскі цар Аляксандар I.
Перад пачаткам цараваньня Аляксандра І справы ўсёй Каталіцкай Царквы ў Расейскай імперыі падлягалі разгляду дэпартаментам рыма-каталіцкіх справаў пры Міністэрстве юстыцыі. Першае пасяджэньне гэтай установы адбылося 9 сакавіка 1797 году, але ўжо 26 студзеня 1798 году дэпартамент быў аддзелены ад Міністэрства юстыцыі і пачаў працу як самастойная структура. На чале дэпартаменту ў рангу старшыні стаў рыма-каталіцкі біскуп Магілёўскі Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Ад 1800 году ў склад дэпартаменту кожная з шасьці рыма-каталіцкіх дыяцэзіяў Расейскай імперыі павінна была вылучыць па адным прадстаўніку тэрмінам на тры гады. Царскае атачэньне дамаглося, каб у склад дэпартаменту маглі ўваходзіць прынамсі дзьве сьвецкія асобы. Затое ад трох уніяцкіх япархіяў у гэтую структуру не ўвайшоў ніводны прадстаўнік, паколькі Павел І не лічыў уніятаў самастойнай Царквой, а патэнцыйнымі праваслаўнымі альбо рыма-католікамі [Radwan 2004, с. 49].
 
Зьмены ў адносінах паміж Каталіцкай Царквой і дзяржавай адбыліся на пачатку панаваньня Аляксандра І. У 1801 годзе быў створаны Сьпецыяльны камітэт, які апрацаваў новыя нормы гэтых адносінаў. Замест каталіцкага дэпартаменту пры юстыц-калегіі была створана Рыма-каталіцкая калегія. Яе кіраўніком стаў Магілёўскі архібіскуп, у склад увайшлі адзін біскуп і адзін інфулат, абраны Сенатам з двух кандыдатаў, прапанаваных Калегіяй, а таксама шэсьць асэсараў – па адным ад кожнай рыма-каталіцкай дыяцэзіі, абраных мясцовымі капітуламі. Калегія павінна была стаць перш за ўсё апеляцыйнай інстанцыяй у спрэчках паміж дыяцэзіяльнымі кансісторыямі з аднаго боку і мясцовым духавенствам і вернікамі – з другога, а таксама трэцяй інстанцыяй у справах прызнаньня няважнасьці сужэнства [Radwan 2004, с. 49].
 
Нягледзячы на тое, што Ўніяцкая Царква таксама падпарадкоўвалася Рыма-каталіцкай калегіі, першапачаткова не прадугледжвалася, што ў склад Калегіі ўвойдуць прадстаўнікі Ўніяцкай Царквы. Уніяты былі незадаволеныя статусам каталікоў другога гатунку і некампетэнтным вырашэньнем іх справаў, таму, у адказ на іх скаргі, 12 ліпеня 1804 году цар выдаў указ, паводле якога ў склад Калегіі ўводзіўся адзін уніяцкі біскуп і тры асэсары – па адным ад кожнай япархіі. У справах, якія датычылі ўніятаў, біскупу і тром уніяцкім асэсарам у Калегіі належала па два галасы, а рыма-каталікам – па адным. У спрэчных выпадках абодва бакі мусілі зьвяртацца з апеляцыяй у Сенат [Radwan 2004, с. 50-51].
 
Такая грувасткая структура перашкаджала аператыўнасьці вырашэння справаў. Таму ўказам ад 16 чэрвеня 1805 году Аляксандар І падзяліў Рыма-каталіцкую калегію на два дэпартаменты: першы – рыма-каталіцкі, і другі – уніяцкі. Другі дэпартамент цалкам заняўся ўніяцкімі справамі. На чале яго стаў архібіскуп Іраклій Лісоўскі, а рыма-каталіцкі архібіскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, акрамя кіраўніцтва першым аддзелам, выконваў таксама функцыі кіраўніка ўсёй Калегіі. З боку сьвецкай улады кіраўніцтва Калегіяй ажыцьцяўляў пракурор. Указам ад 18 чэрвеня 1806 году Аляксандар І вызначыў колькасьць супрацоўнікаў ІІ дэпартаменту.
Уніяцкі архібіскуп Іраклі Лісоўскі.
Агулам іх было дзесяць: мітрапаліт, які узначальваў дэпартамент, па адным прадстаўніку ад трох уніяцкіх епархіяў (Луцкай, Берасьцейскай і Полацкай архіяпархіі), прадстаўніком Віленскай мітраполіі (утворана ў 1809 годзе) быў сам мітрапаліт. Рэшту членаў дэпартаменту складалі сакратары і гаспадарчыя работнікі [Radwan 2004, с. 51].
 
У часы панаваньня Аляксандра І адбылася частковая рэарганізацыя епархіяльнай структуры Ўніяцкай Царквы. Яшчэ пасьля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай імператрыца Кацярына ІІ пазбавіла ўлады ўсіх уніяцкіх біскупаў, акрамя Полацкага архібіскупа Іраклія Лісоўскага, тым самым зьнішчыла ўсе ўніяцкія япархіі ў сваёй дзяржаве. У 1798 годзе Павел І аднавіў тры япархіі: Луцкую, Берасьцейскую і Полацкую архіяпархію. Гэтая структура 18 лістапада 1798 году была зацьверджана Папам [Likowski ІІ 1906, с. 13]. У 1809 годзе, пасьля заключэньня Тыльзіцкага міру паміж Расеяй і напалеонаўскай Францыяй, да Расеі адышла Беластоцкая акруга. Для Ўніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі гэта быў значны набытак: да Берасьцейскай япархіі далучылася 59 парафіяльных цэркваў, 41 тысяча вернікаў, 3 базыльянскія кляштары. Але, паколькі пасьля гэтага павелічэньня Берасьцейская япархія пачала налічваць каля 900 парафіяў і ахопліваць надзвычай вялікую тэрыторыю, мітрапаліт Іраклі Лісоўскі зьвярнуўся да цара з прапановай яе падзелу.
 
З складу Берасьцейскай япархіі была вылучаная мітрапалітальная Віленская япархія, якая налічвала каля 300 парафіяў. Паколькі мітрапаліт, як кіраўнік ІІ дэпартаменту Рыма-каталіцкай калегіі, павінен быў знаходзіцца ў Пецярбургу, кіраваньне новай япархіяй ускладалася на яго суфрагана, які атрымліваў ганаровы тытул біскупа Аршанскага. Аляксандар І зацьвердзіў падзел указам ад 14 лютага 1809 году. Такім чынам, на той час Уніяцкая Царква ў Расейскай імперыі складалася з мітрапалітальнай Віленскай япархіі, якая ахоплівала Віленскую, часткі Менскай і Курляндзкай губерняў, Полацкай архіяпархіі (Віцебская і Магілёўская губерні), Луцкай япархіі (Кіеўская, Валынская і Падольская губерні), Берасьцейскай япархіі (Гарадзенская, частка Менскай губерні, Беластоцкая акруга). Берасьцейская япархія, паколькі была самай вялікай, атрымала таксама суфрагана з тытулам біскупа Ўладзімірскага [Likowski ІІ 1906, с. 22-23].
 
Рыма-каталіцкі мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.
За часы Аляксандра І адбыліся зьмены ў падрыхтоўцы будучых сьвятароў Уніяцкай Царквы. У 1808 годзе ў Вільні намаганьнямі біскупаў Сестранцэвіча і Лісоўскага пры падтрымцы кіраўніка Віленскай адукацыйнай акругі Адама Чартарыйскага, была адчынена Галоўная семінарыя. Мэтай стварэньня гэтай навучальнай установы было адарваць будучых сьвятароў ад уплыву манахаў — езуітаў і базыльянаў, якія раней займаліся іх падрыхтоўкай. Навучаньне ў ёй адначасова павінны былі праходзіць 15 семінарыстаў: 9 — з Берасьцейскай япархіі, 4 — з Полацкай і 2 — з Луцкай. Паводле статуту навучальнай установы выпускнікам семінарыі дазвалялася займаць вышэйшыя пасады ва ўніяцкіх япархіях, а нежанатым і ўдовым, з адпаведнымі навуковымі ступенямі – прэтэндаваць на біскупскі сан [Бобровский, с. 327]. Навучальная ўстанова знаходзілася пад наглядам сьвецкіх уладаў, і была створана на ўзор Венскай семінарыі, якая адрозьнівалася антыманаскім духам [Бобровский, с. 320].
 
У 1810 годзе было створанае Галоўнае ўпраўленьне духоўнымі справамі іншаземных веравызнаньняў, якое складалася з чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі і Рыма-каталіцкай калегіі, на чале яго стаў былы обер-пракурор Сіноду князь Аляксандар Галіцын. У 1817 годзе было створана Міністэрства асьветы і іншаземных веравызнаньняў, якому падпарадкоўвалася Ўніяцкая Царква.
 
Царква базыльянаў у Таракані (сучасная в. Імянін Драгічынскага р-ну), дзе была рэзідэнцыя протаархімандрыта Ордэну базыльянаў Літоўскай правінцыі. (Фота да 1939 г. з архіву Інстытута Мастацтва Польскай Акадэміі навук).
Не абышлося ў перыяд цараваньня Аляксандра І без умяшальніцтва дзяржавы ў дачыненьні паміж сьвецкім уніяцкім духавенствам і манахамі-базыльянамі. Манаскі ордэн дзяліўся на тры правінцыі: Беларускую, Літоўскую і Рускую. Кацярына ІІ скасавала ў Ордэне базыльянаў пасаду протаархімандрыта і падпарадкавала манахаў мясцовым біскупам. Гэтае падпарадкаваньне не было жорсткім: ва ўнутрыманаскіх справах правінцыялы былі самастойнымі, да біскупаў яны накіроўвалі толькі спрэчныя справы для перадачы ў Калегію. Паводле рэгламента 1801 году базыльянскімі манастырамі кіравалі правінцыялы, кансультары і настаяцелі, якія абіраліся самімі манахамі з свайго асяроддзя на чатыры гады [Бобровский, с. 318].
 
Карыстаючыся адноснай свабодай у часы Аляксандра І, базыльяне сабралі ў 1802 годзе ў Таракані сваю капітулу, на якой абралі протаархімандрыта і трох правінцыялаў, тым самым аднаўляючы сваю незалежнасьць ад улады біскупаў. На правядзеньне капітулы выказала згоду Рыма-каталіцкая калегія, якая на той час яшчэ ня мела ў сваім складзе ўніятаў. Імкненьне базыльянаў да незалежнасьці выклікала абурэньне ўніяцкіх біскупаў, а таксама архімандрытаў некаторых вялікіх базыльянскіх манастыроў, якія гублялі праз гэта частку сваіх прывілеяў. Менавіта яны, на чале з архімандрытам полацкага манастыра Навіцкім, склалі ў Сенат скаргу, якая ў 1803 годзе была задаволеная. Сенат адмяніў рашэньні Тараканскай капітулы, скасаваў пасаду протаархімандрыта і правінцыялаў, зацьвердзіў прывілеі архімандрытаў вялікіх манастыроў. Акрамя таго, былі пакараныя некаторыя члены Рыма-каталіцкай калегіі, бо яны, “насуперак грамадзкай карысьці спрабавалі вызваліць манахаў ад усялякага кантролю царкоўнай улады” [Likowski ІІ 1906, с. 26].
 
Як ацаніць палітыку Аляксандра І у дачыненьні Ўніяцкай Царквы? Здаецца, больш за ўсё яна падобная да палітыкі аўстрыйскага імператара Ёзафа ІІ, якая ўвайшла ў гістарыяграфію пад назвай ёзафінізму. Сутнасьць ёзафінізму была ў максімальным зьмяншэньні ўплываў Рымскага папы на жыцьцё Царквы і падпарадкаваньні яе дзяржаве. Палітыка ёзафінізму адрозьнівалася, напрыклад, асаблівай варожасьцю да манаства – зачыняліся ўсе кляштары, якія не займаліся дабрачыннасьцю ці асьветай. Манаскія ордэны падпарадкоўваліся біскупам і дзяржаўным уладам, а не ўласным генералам ці правінцыялам. Парафіяльнае духавенства навучалася ў сьпецыяльных семінарыях і прыроўнівалася да дзяржаўнага чынавенства. І, зразумела, унутраным жыцьцём Царквы павінен быў кіраваць манарх, а не Сьвяты Пасад у Рыме. Падобныя рысы палітыкі назіраем у стаўленьні Аляксандра І да Ўніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі [Kumor 2009, слуп. 177-179].
Працяг гл. тут.
а. Андрэй КРОТ
 
(Аўтарская назва артыкулу:
“Аналіз прававога становішча Ўніяцкай Царквы Беларусі ў Расейскай імперыі і эвалюцыя царскай палітыкі ў дачыненьні Царквы за часоў цараваньня Аляксандра І і Мікалая І”).
 
Літаратура:
Kumor 2000 – Kumor, B. Jozefinizm/B. Kumor//Encyklopedia katolicka. – Tom VIII – Lublin, 2000. – слуп. 176-180.
Likowski ІІ 1906 – Likowski, E. Dzieje Kościoła Unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku. Część 2/ E.Likowski. – Warszawa, 1906.
Radwan 2004 – Radwan, M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796-1839/ M. Radwan. – Lublin, 2004. – 504 c.
Бобровский – Бобровский П. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра І/П. Бобровский//Журнал Министерства народнога просвещения.
 
 
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
21.10.2014
Аб нестварэньні Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1596 годзе
04.10.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 3)
19.09.2014
У Амане каталіцкія і праваслаўныя ярархі разважаюць пра сінадальнасьць і прымат
16.09.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 2)