Пошук
Гісторыя Царквы
16.09.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 2)
 
У гістарычным дасьледаваньні грэка-каталіцкага сьвятара з Горадні а. Андрэя Крата даецца аналіз прававога становішча Ўніяцкай Царквы Беларусі ў Расейскай імперыі і эвалюцыя царскай палітыкі ў дачыненьні Царквы за часоў цараваньня Аляксандра І і Мікалая І.
 
Палітыка Мікалая І. План Сямашкі і падрыхтоўка да ліквідацыі Уніі
 
Расейскі цар Мікалай I.
Каб акрэсьліць палітыку Мікалая І адносна Ўніяцкай Царквы, варта паказаць інстытуты і асобаў, якія фармавалі гэтую палітыку. Уніяцкая Царква на пачатку цараваньня Мікалая І падпарадкоўвалася Міністэрству народнай асьветы і іншаземных веравызнаньняў. Міністра асьветы князя Серафіма Галіцына, які адчуваў пэўную сімпатыю да ўніятаў, зьмяніў састарэлы Аляксандар Сямёнавіч Шышкоў, а яго памочнікамі сталі Дзьмітры Іванавіч Блудаў і Дзьмітры Васілевіч Дашкаў. Блудаў у 1830 годзе некалькі месяцаў кіраваў Міністэрствам юстыцыі, а з 1832 па 1837 год узначальваў Міністэрства ўнутраных справаў, якому ад 1832 году падпарадкоўваўся дэпартамент іншаземных веравызнаньняў. Важнай у справе скасаваньня Уніі асобай быў Рыгор Іванавіч Карташэўскі, спачатку начальнік аддзелу, а потым дырэктар дэпартаменту іншаземных веравызнаньняў пры Міністэрстве асьветы. Ня гледзячы на тое, што сваю пасаду ён займаў толькі да 1829 года, Карташэўскі першы знайшоў кантакт з тагачасным асэсарам уніяцкага дэпартаменту Рыма-каталіцкай калегіі Ёсіфам Сямашкам [Likowski ІІ 1906, с. 48]. Яшчэ адной важнай асобай, якая фармавала палітыку адносна Ўніяцкай Царквы быў Мікалай Аляксандравіч Пратасаў, обер-пракурор Сьвятога Сіноду. Менавіта яму з 1 студзеня 1837 году была падпарадкавана Ўніяцкая Царква. Як адзначаюць дасьледчыкі, Галіцын і Шышкоў адрозьніваліся больш талерантным стаўленьнем да Уніі, якое было характэрнае для эпохі Аляксандра І, а Блудаў і Пратасаў вызначаліся варожасьцю да Ўніяцкай Царквы і былі стараннымі выканаўцамі волі Мікалая І [Radwan 2004, с. 55].
 
Уніяцкая Царква ў розны час падпарадкоўвалася такім дзяржаўным установам як Міністэрства народнай асьветы і іншаземных веравызнаньняў, Міністэрства ўнураных справаў, галоўнае ўпраўленьне (з 1832 — дэпартамент) іншаземных веравызнаньняў, другі дэпартамент Рыма-каталіцкай калегіі, Грэка-ўніяцкая калегія. Іх дзейнасьць таксама адлюстроўвае палітыку Мікалая І адносна Ўніяцкай Царквы.
 
Да асобаў, якія ўплывалі на гэтую палітыку, абавязкова трэба аднесьці Ёсіфа Сямашку. Ён быў самым верным выканаўцам, а часам нават натхняльнікам Мікалая І. Ёсіф Сямашка нарадзіўся 5 студзеня 1799 году (па новым стылі) ў Кіеўскай губерні ў сям’і ўніяцкага сьвятара. Скончыўшы Віленскую галоўную семінарыю, атрымаў тытул магістра багаслоўя, год пазьней быў высьвячаны на сьвятара і атрымаў пасаду засядацеля Луцкай кансісторыі. У 1822 годзе Ёсіф Сямашка ўваходзіць у склад другога дэпартаменту Рыма-каталіцкай калегіі, у 1823 годзе атрымаў тытул каноніка, а ў 1825 — пралата-схаластыка Луцкай катэдральнай капітулы. У 1829 годзе высьвячаны на дапаможнага біскупа Полацкай архіяпархіі з тытулам біскупа Мсьціслаўскага, а ў 1833 годзе стаў кіруючым біскупам Літоўскай япархіі.
 
Польскі дасьледчык М. Радван называе перыяд з 1827 году па 1839 год самым трагічным перыядам у існаваньні Уніі пад расейскім панаваньнем. Каталіцкая калегія ў гэты перыяд зьяўлялася арганізацыяй, якая займалася толькі рэалізацыяй рашэньняў, прынятых дэпартаментам іншаземных веравызнаньняў Міністэрства ўнутраных справаў. Гэта датычыла, напрыклад, прызначэньня ўніяцкіх біскупаў, стварэньня школаў для дзяцей духавенства, ліквідацыі манастыроў, фінансаваньня іканастасаў і маскоўскіх літургічных кніг, рэпрэсіяў супраць духавенства. А ўніяцкія біскупы, пачынаючы ад Ё. Сямашкі, дбалі больш пра інтарэсы дзяржавы, чым Царквы [Radwan 2004, с. 56].
 
Ёсіф Сямашка, біскуп Літоўскі.
5 лістапада 1827 году Ё. Сямашка зьвяртаецца праз дырэктара дэпартаменту духоўных справаў іншаземных веравызнаньняў Карташэўскага і міністра Шышкова да цара з планам рэарганізацыі, а фактычна ліквідацыі Ўніяцкай Царквы [Radwan 2004, с. 55].
 
У сваёй запісцы Ё. Сямашка прапануе наступнае бачаньне Уніі, якое абумовіла далейшую палітыку Мікалая І у дачыненьні Ўніяцкай Царквы:
 
1. Унія – гэта спроба палякаў і каталікоў усталяваць сваё панаваньне над праваслаўным рускім насельніцтвам Вялікага Княства Літоўскага. Палякам і езуітам удалося перацягнуць у каталіцтва шляхту, але народ і нізы духавенства засталіся ва ўніяцтве [Записки, с. 32].
 
2. Акт Берасьцейскай уніі гарантаваў захаваньне нескажоным грэцкага абраду, аднак на справе абрад быў зьменены, і гэта адбывалася з ведама Рымскага папы. Прычынай гэтых зьменаў Ё. Сямашка лічыць паступовае пранікненьне рыма-каталікоў, прывабленых багатымі фундушамі, у шэрагі ўніяцкага манаства [Записки, с. 33].
 
3. Зьмены ў грэцкім абрадзе праводзілі ў асноўным манахі-базыльяне. Акрамя таго, базыльяне страцілі першапачатковую манаскую дысцыпліну, яны адабралі ў парафіяльнага духавенства найлепшыя парафіі, стварыўшы замест іх манастыры, яны не падпарадкоўваюцца біскупам, а толькі свайму протаархімандрыту (генералу) [Записки, с. 34-35].
 
4. Сьвецкае духавенства таксама займалася ўвядзеньнем скажоных грэцкіх абрадаў, паколькі ў асноўным атрымлівала адукацыю ў базыльянскіх ці рыма-каталіцкіх манаскіх навучальных установах [Записки, с. 35].
 
5. Што да патрыятызму, то ўніяцкае духавенства лічыць сваёй радзімай Польшчу, да Расеі і расейскай культуры адчувае пагарду і варожасьць. Гэтаму спрыяюць блізкія кантакты з рыма-каталікамі (якія ўзьніклі пасьля далучэньня да Расейскай імперыі): абедзьвюма Цэрквамі кіруе адна Калегія, уніяцкае духавенства знаходзіцца ў залежнасьці ад рыма-каталіцкіх памешчыкаў-палякаў, атрымлівае ад іх матэрыяльныя ўзнагароды [Записки, с. 36-38].
 
У сувязі з вышэйпералічаным, Ё. Сямашка лічыў, што ўрад павінен “насаджаць у сэрцах сваіх падуладных (г. зн. уніятаў) любоў да агульнай бацькаўшчыны” [Записки, с. 39]. Таму будучы біскуп прапаноўваў наступныя крокі:
 
Па-першае, рэарганізаваць сістэму адукацыі ўніяцкага духавенства. Уніяцкія навучальныя ўстановы павінны быць падобныя ў навучальным працэсе да праваслаўных. Акрамя таго, трэба стварыць іх дастатковую колькасьць, каб не было занядбаньня ў адукацыі будучага духавенства праз вялікую адлегласьць ад месца навучаньня. Мовай навучаньня ў такіх установах павінна быць расейская. Пры неабходнасьці навучаньне павінна быць аплочана дзяржаўнымі альбо епархіяльнымі ўладамі [Записки, с. 40].
 
Па-другое, на думку Ё. Сямашкі, трэба абмежаваць уплыў базыльянскага ордэну, які ён называў цалкам рыма-каталіцкім. Для гэтага ён прапаноўваў скасаваць большасьць базыльянскіх манастыроў: з 80 пакінуць варта 20. Маёмасьць базыльянаў належыць канфіскаваць і перадаць сьвецкім альбо епархіяльным уладам. Акрамя таго, трэба падзяліць манахаў уніяцкага і рыма-каталіцкага паходжаньня і пасяліць іх у асобныя манастыры. У манастырах з базыльянамі рыма-каталіцкага паходжаньня належыць забараніць прымаць новых манахаў [Записки, с. 41-42].
 
Па-трэцяе, трэба аддзяліць епархіяльнае кіраўніцтва Ўніяцкай Царквы ад рыма-каталікоў. Дзеля гэтага належыць рэарганізаваць епархіяльную структуру: ліквідаваць Віленскую мітрапалічую япархію, цэнтар Луцкай япархіі перанесьці ў Оўруч [Записки, с. 42-43].
 
Па-чацьвёртае, трэба падзяліць Рыма-каталіцкую калегію: аддзяліць калегію ўніяцкую, таму як нават пры фармальнай роўнасьці ўніяты ў дачыненьні да рыма-каталікоў зьяўляюцца падначаленымі [Записки, с. 43].
 
Па-пятае, трэба было рэарганізаваць духавенства пры катэдральных цэрквах — скасаваць катэдральныя капітулы (структуры, створаныя па ўзоры рыма-каталіцкіх), прыналежнасьць да якіх разглядалася духавенствам як своеасаблівая форма ўзнагароды. А ўзнагароды, на думку Ё. Сямашкі, уніяцкаму духавенству мог раздаваць толькі манарх, і калі б яго ўзнагароды перавысілі тыя, якія на той момант духавенства атрымлівала ад мітрапаліта ці ад Папы Рымскага, гэта ўмацавала б аўтарытэт улады [Записки, с. 43-44].
 
Ё. Сямашка выказвае заклапочанасьць тым, што яго праект ня знойдзе разуменьня ў біскупаў Уніяцкай Царквы, таму яго выкананьне належыць ускласьці таксама на кансісторыі і калегію [Записки, с. 44].
 
Першым крокам у палітыцы Мікалая І стала выданьне 9 лютага 1826 году ўказу, які забараняў прадаваць уніяцкія кнігі на кірмашах, адпустах і іншых вялікіх зборах людзей. У 1827 годзе зьяўляецца ўказ аб ачышчэньні лацінізаванага абраду Ўніяцкай Царквы. Адрасатам гэтага ўказу стала Рыма-каталіцкая калегія. Указ забараняў прымаць у базыльянскі ордэн асобаў, якія паходзілі з рыма-каталіцкіх сем’яў, а таксама загадваў засноўваць школы, у якіх уніяцкая моладзь магла б навучацца асобна ад рыма-каталікоў [Radwan 2004, с. 57].
 
Ключавым дакументам Мікалая І, які распачаў працэс ліквідацыі Уніі, прынята лічыць указ ад 22 красавіка 1828 году, альбо “Палажэньне аб устройстве Грэка-ўніяцкай Царквы”. Паводле гэтага дакументу стваралася незалежная ад Рыма-каталіцкай Грэка-ўніяцкая духоўная калегія, для якой быў набыты асобны дом і прызначаныя новыя члены. У яе павінны былі ўвайсьці адзін біскуп і адзін архімандрыт, прызначаныя царом, а таксама чатыры протаярэі, абраныя самімі ўніяцкімі біскупамі і іх кансісторыямі. Старшынёй Калегіі быў мітрапаліт Уніяцкай Царквы. Замест чатырох уніяцкіх япархіяў заставалася дзьве: Літоўская (яна ўключала былыя Луцкую, Берасьцейскую і Віленскую) з цэнтрам у Жыровіцах, і Беларуская (былая Полацкая, павялічаная ў заходні і паўднёвы бакі) з цэнтрам у Полацку.
 
Апошні ўніяцкі мітрапаліт Язафат Булгак (†1838).
На чале Літоўскай япархіі стаў мітрапаліт Язафат Булгак, а на чале Беларускай — біскуп Якуб Мартусевіч, аднак яго суфраганам з 1829 году быў Ёсіф Сямашка. Іншыя біскупы (Серацінскі, Явароўскі, Галаўня) адышлі ад справаў і неўзабаве памерлі. Паводле царскага ўказу ў новых япархіях ствараліся таксама свае семінарыі і сярэднія школы для моладзі з сьвятарскіх сем’яў. Гэтыя навучальныя ўстановы павінны былі вызваліць будучае ўніяцкае духавенства ад ўплыву базыльянаў. Мовай навучаньня ў семінарыях і школах стала расейская [Radwan 2004, с. 57].
 
Важным крокам у палітыцы скасаваньня Уніі стала барацьба дзяржавы і епархіяльных уладаў супраць базыльянскага ордэну. Ёсіф Сямашка слушна лічыў базыльянаў асноўнай сілай, якая супрацьстаіць далучэньню ўніятаў да праваслаўя. М. Радван спасылаецца на дакумент, створаны Ё. Сямашкам 22 сьнежня 1827 году, які ўтрымлівае план аслабленьня Ордэну базыльянаў. Будучы ліквідатар Уніі ставіў пад сумніў грамадзкую карысьць базыльянаў, таму прапаноўваў ліквідаваць большасьць базыльянскіх манастыроў. Пакінуць прапаноўваў 23 манастыры, 60 — ліквідаваць, а парафіі, якія знаходзіліся пры гэтых манастырах перадаць епархіяльным уладам. Частку манастыроў, якія мелі малую колькасьць парафіянаў ці невялікую маёмасьць, Ё. Сямашка прапаноўваў ліквідаваць цалкам, а іх маёмасьць аб’яднаць у адзіны фонд для ўніяцкага духавенства. Парафіі пры гэтых манастырах прапаноўваў далучыць да іншых [Radwan 2004, с. 116-120].
 
На пачатку цараваньня Мікалая І базыльянскі ордэн падзяляўся на тры правінцыі: Беларускую, Рускую і Літоўскую. Іх правінцыялы мелі рэзідэнцыі адпаведна ў Вярбілаве (сёньня — ў Пскоўскай вобл., Расея), Крэмянцы і Вільні. Паводле красавіцкага ўказу 1828 году правінцыялы падпарадкоўваліся епархіяльным біскупам і іх кансісторыям, аднак гэтае падпарадкаваньне было даволі фармальным. Таму ўжо 17 кастрычніка таго ж году царскім указам правінцыялам загадвалася пераехаць у месцы знаходжаньня епархіяльных кансісторыяў і актыўна ўключыцца ў іх працу. Адначасова Грэка-ўніяцкая калегія выдала распараджэньне, паводле якога пасада правінцыялаў ператваралася ў сінекуру — усе сур’ёзныя справы яны павінны былі пісьмова прадстаўляць кансісторыі, а самастойна маглі вырашаць толькі дробныя справы. Гэтае распараджэньне выклікала супраціў правінцыялаў, якія патрабавалі наўпроставага падпарадкаваньня сваіх правінцыяў Калегіі. Аднак супраціў прывёў да адхіленьня ад пасады беларускага правінцыяла Мудровіча. Пасьля сьмерці Мудровіча і правінцыяла Рускай правінцыі Беляневіча напачатку 1831 году, царскім указам ад 16 лютага 1832 году падзел на правінцыі быў скасаваны. Адзіны жывы правінцыял — літоўскі правінцыял Язафат Жарскі — атрымаў пасаду візітатара базыльянскіх манастыроў, аднак ня ўсіх, а толькі тых, якія падлягалі ліквідацыі. Увогуле, указ 1832 году ліквідаваў у базыльянскім ордэне ўсе пасады і тытулы, якія паходзілі з каталіцкай традыцыі [Likowski ІІ 1906, с. 74-75].
 
Наступным крокам стала ліквідацыя ў 1831 годзе двух буйных базыльянскіх манастыроў на Валыні — Оўруцкага і Пачаеўскага, за тое, што іх манахі падтрымалі паўстаньне 1830-1831 гадоў. У 1832 годзе ліквідавана яшчэ 24 манастыры, а потым — наступныя 18. Ініцыявала ліквідацыю Грэка-ўніяцкая калегія, прычына тлумачылася як “узмацненьне манаскай дысцыпліны”. Прыводзіліся і іншыя падставы ліквідацыі: малая колькасьць уніятаў у ваколіцах манастыра альбо невялікая адлегласьць паміж манастырамі, удзел у паўстаньні 1830-1831 гадоў, антыправаслаўная дзейнасьць, а таксама тое, што паводле свайго заснаваньня манастыр мусіў быць праваслаўным. Такім чынам, да 1835 году былі ліквідаваныя 2/3 базыльянскіх манастыроў у Расейскай імперыі. У тых, якія засталіся, уводзілася праваслаўная маскоўская абраднасьць — забараняліся польскія сьпевы, арганы, набажэнствы, запазычаныя з лацінскага абраду, уводзіліся іканастасы праваслаўнага ўзору і г. д. Забаранялася прымаць у базыльянскія манастыры новых членаў без асаблівага дазволу сьвецкай і епархіяльнай улады, манахі ня мелі права без дазволу гэтых уладаў выязджаць з манастыра. У 1832 годзе была прынятая пастанова, якая прадпісвала базыльянам, якія паходзілі з лацінскага абраду, вярнуцца ў свой абрад. Такіх было каля 200 манахаў, якія складалі эліту ордэну. Такім чынам уплыў базыльянскага ордэну быў моцна падарваны [Likowski ІІ 1906, с. 76-79].
 
У 1831 годзе Мікалай І выдаў указ, паводле якога епархіяльныя ўлады не маглі прызначаць на парафіі сьвятароў без папярэдняга ўзгадненьня з дзяржаўнымі ўладамі. У 1833 царскі ўказ ліквідаваў права калятарства — апекі сьвецкіх землеўладальнікаў над уніяцкімі парафіямі. Большасьць землеўладальнікаў былі каталікамі і іх права апекі было дадатковым эканамічным спосабам ўзьдзеяньня на духавенства і вернікаў. Духавенству было таксама забаронена пакідаць тэрыторыю сваёй парафіі без дазволу епархіяльнай і сьвецкай ўлады. У 1832 годзе забаронена супольна служыць набажэнствы ўніятам і каталікам лацінскага абраду [Likowski ІІ 1906, с. 80-82].
 
Уніяцкі службоўнік 1692 году мітрапаліта Кіпрыяна Жахоўскага. (Фота І. Бараноўскага).
Чарговым крокам для пераводу ўніятаў у праваслаўе стала абрадавае збліжэньне абедзвюх Цэркваў. Цягам амаль двух з паловай стагоддзяў разьвіцьця Ўніяцкай Царквы яе абрад набыў пэўныя самабытныя дэталі або пераняў пэўныя багаслужбовыя рысы Рыма-Каталіцкай Царквы. У 1828 годзе выйшла распараджэньне Калегіі, якое забараняла друкаваць богаслужбовыя кнігі без яе дазволу, сама ж Калегія не магла выдаць такі дазвол без узгадненьня з міністрам унутраных справаў Блудавым. Наступным распараджэньнем ад 7 лютага 1834 году Грэка-ўніяцкая калегія разам з мітрапалітам Язафатам Булгакам, біскупам Ёсіфам Сямашкам і новапрызначанымі біскупамі Васілём Лужынскім, Антонам Зубко і Язафатам Жарскім, загадала ўніяцкаму духавенству вакарыстоўваць на службах толькі праваслаўныя службоўнікі маскоўскага выданьня 1831 году. З гэтай мэтай было распаўсюджана 600 службоўнікаў сярод духавенства Беларускай япархіі і 700 — Літоўскай. Гэты ж указ загадваў усталяваць ва ўсіх уніяцкіх цэрквах іканастасы. Паколькі апошняе патрабавала дастаткова вялікіх фінансавых сродкаў, фінансаваньне вырабу іканастасаў ускладалася на былых калятараў цэркваў. У манастырах іканастасы належала ўзьвесьці за свой кошт, а ў бедных парафіях на гэтую мэту выдзялялася 300 рублёў з дзяржаўнай казны з фонду, які фармаваўся з былой базыльянскай уласнасьці і прызначаўся на ўніяцкую акадэмію ў Полацку (яна так і не была створаная) [Likowski ІІ 1906, с. 82-83].
 
Адразу пасьля рэарганізацыі структуры яперхіяў Уніяцкай Царквы пачалася рэарганізацыя падрыхтоўкі ўніяцкіх сьвятароў. У кожнай з новаствораных япархіяў — Беларускай і Літоўскай — павінна была існаваць уласная семінарыя і сярэдняя школа. У Беларускай япархіі ўжо была Полацкая семінарыя, дзе павялічылася колькасьць навучэнцаў і выкладчыкаў. У Літоўскай япархіі, замест Лаўрышаўскай, Сьвержаньскай і Луцкай семінарыяў стваралася новая семінарыя і сярэдняя школа ў Жыровіцах. Туды ж пераводзіліся ўніяцкія навучэнцы з Галоўнай Віленскай семінарыі. З 1830 году было забаронена накіроўваць уніяцкіх семінарыстаў на навучаньне ў Рым.
 
Паводле ўказу 1828 году ў кожнай семінарыі павінна было навучацца па 120 семінарыстаў, 20 вучняў сярэдняй школы, а выкладчыкаў павінна было быць 12. Для гэтых мэтаў семінарыі атрымлівалі адпаведныя матэрыяльныя сродкі. Указам міністра ўнутраных справаў ад 22 сьнежня 1835 году ўніяцкія навучальныя ўстановы падпарадкоўваліся камісіі духоўных вучэльняў [Radwan 2004, с. 55].
 
Польскі дасьледчык М. Радван аналізуе зьмест навучаньня ў новаствораных семінарыях і робіць выснову, што яны служылі мэтам русіфікацыі ўніяцкага духавенства, а не падрыхтоўкі душпастыраў. Ён зьвяртае ўвагу, што з 55 лекцыйных гадзінаў на тыдзень (на трох курсах семінарыі) 31 гадзіна прысьвячалася вывучэньню моваў (грэцкай, лацінскай, габрэйскай, нямецкай і французскай), 10 — русіфікацыйным прадметам (агульная гісторыя, гісторыя Расеі, гісторыя расейскай літаратуры), 5 гадзінаў – матэматыцы, фізіцы, філасофіі, 3 гадзіны — на біблійныя навукі, яшчэ 3 — на сьпевы і літургіку, і па 2 гадзіны на дагматычную і маральную тэалогіі. Такую адукацыю М. Радван называе “прарасейскай і псеўдафіласофскай” [Radwan 2004, с. 153].
 
Каб пракантраляваць выкананьне ўказаў аб ачышчэньні абраду, обер-пракурор Пратасаў загадаў біскупу Сямашку правесьці ў 1833 годзе візітацыю Беларускай і часткі Літоўскай япархіяў. Візітацыя, якая прайшла з чэрвеня па кастрычнік, выявіла, што ў большасьці парафіяў не былі выкананыя патрабаваньні аб увядзеньні праваслаўных літургічных кніг і іканастасаў. Наступствам гэтай візітацыі стаў урадавы ўказ аб суровых пакараньнях, якія пагражаюць за невыкананьне папярэдніх распараджэньняў. У выніку большасьць сьвятароў выканалі ў хуткім часе патрабаваньні [Likowski ІІ 1906, с. 94-95]. Аднак ня ўсе ўніяцкія сьвятары ўмелі служыць набажэнствы згодна з праваслаўнай традыцыяй. Абавязак навучыць іх быў ускладзены на дэканаў, якія папярэдне павінны былі прайсьці сьпецыяльнае навучаньне ў Полацку. Акрамя таго, у кожнай парафіі дэканы мусілі знайсьці чалавека, які мог бы даносіць пра выкананьне сьвятарамі распараджэньняў адносна служэньня паводле новых правілаў [Likowski ІІ 1906, с. 96].
 
Яшчэ адным вынікам візітацыі ўніяцкіх парафіяў біскупамі Сямашкам і Лужынскім стала скасаваньне малых парафіяў і філіяльных цэркваў. Так, напрыклад, у 1836 годзе (пасьля візітацыяў 1833 і 1834 гадоў) Літоўская кансісторыя запатрабавала ад дэканаў сьпіс парафіяў, якія павінны былі быць ліквідаваныя і да якіх павінны былі быць прыпісаныя вернкі з скасаваных душпастырскіх асяродкаў. Неўзабаве ў кансісторыю паступілі прапановы пра скасаваньне 74 парафіяў і філіяльных цэркваў [Radwan 2004, с. 160-161].
(Працяг будзе)
а. Андрэй КРОТ
 
(Аўтарская назва артыкулу:
“Аналіз прававога становішча Ўніяцкай Царквы Беларусі ў Расейскай імперыі і эвалюцыя царскай палітыкі ў дачыненьні Царквы за часоў цараваньня Аляксандра І і Мікалая І”).
 
Літаратура:
Likowski ІІ 1906 – Likowski, E. Dzieje Kościoła Unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku. Część 2/ E.Likowski. – Warszawa, 1906.
Radwan 2004 – Radwan, M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796-1839/ M. Radwan. – Lublin, 2004. – 504 c.
Записки – Записки Иосифа митрополита Литовского – Том І – Санкт Петербург,1883.
Гл. таксама:
21.10.2014
Аб нестварэньні Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1596 годзе
04.10.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 3)
05.08.2014
Кардынал Кох пра стан экуменічнага дыялогу і новыя выклікі для хрысьціянства
15.01.2014
Заява Зьверхніка УГКЦ з нагоды ліста-папярэджаньня ад уладаў
03.01.2014
Пратэст 111-ці