Пошук
Гісторыя Царквы
04.10.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 3)
 
У гістарычным дасьледаваньні грэка-каталіцкага сьвятара з Горадні а. Андрэя Крата даецца аналіз прававога становішча Ўніяцкай Царквы Беларусі ў Расейскай імперыі і эвалюцыя царскай палітыкі ў дачыненьні Царквы за часоў цараваньня Аляксандра І і Мікалая І.
 
Ч. 1. Палітыка Аляксандра І
Ч. 2. Палітыка Мікалая І. План Сямашкі і падрыхтоўка да ліквідацыі Уніі
 
Рэпрэсіі, тайныя камітэты і ліквідацыя Уніі
 
З 1 студзеня 1837 году царскім указам Уніяцкая Царква перастала падпарадкоўвацца дэпартаменту іншаземных веравызнаньняў Міністэрства ўнутраных справаў і была падпарадкавана Сіноду Праваслаўнай Царквы. Пасьля сьмерці ў лютым 1838 году апошняга ўніяцкага мітрапаліта Язафата Булгака Ёсіф Сямашка разам з біскупамі Васілём Лужынскім і Антонам Зубко пачынаюць збор подпісаў духавенства за далучэньне да праваслаўя.
 
У Літоўскай япархіі з 1057 сьвятароў такія подпісы паставілі 760, але ў Беларускай япархіі з 680 сьвятароў за далучэньне да праваслаўя выказалася толькі 186. У якасьці пакараньня тых, хто не падпісаўся, пераводзілі на іншыя парафіі, якія ўжо былі схіленыя да праваслаўя, а на іх месца пераводзілі сьвятароў, якія паставілі свае подпісы за далучэньне. Некаторых, найбольш упартых сьвятароў высылалі ў Расею ў праваслаўныя манастыры нібыта з мэтай лепшага пазнаньня “чыстага” ўсходняга абраду [Likowski ІІ 1906, с. 98-99].
 
Прымус уніятаў з дапамогаю войска да праваслаўя.
Прымусовыя меры па набліжэньні Ўніяцкай Царквы да Праваслаўнай выклікалі супраціў з боку духавенства і чарговыя рэпрэсіі з боку царкоўных і сьвецкіх уладаў. Так, пасьля сустрэчы з біскупам Ё. Сямашкам 2 верасьня 1834 году 57 сьвятароў Наваградзкага дэканату на чале з дэканам Янам Гамаліцкім склалі ліст з патрабаваньнем пакінуць нязьменнымі абрады Ўніяцкай Царквы. Ліст свой яны накіравалі біскупу Сямашку, міністру Блудаву і ў царскую канцылярыю. У адказ на тых, хто падпісаў ліст, абрынуліся рэпрэсіі: пяцёра сьвятароў былі пазбаўленыя парафіяў, ім было забаронена сьвятарскае служэньне і яны выконвалі толькі функцыі дзякаў. Акрамя таго, двух галоўных арганізатараў – Іпація Дылеўскага і Адама Плаўскага – саслалі ў манастыры, дзяцей а. Дылеўскага накіравалі ў праваслаўныя манастыры, каб “адвучыць ад Уніі”.
 
З падобным пратэстам да міністра ўнутраных справаў зьвярнуліся 30 ліпеня 1835 году сьвятары Камянецкага дэканату. Адказам на іх пратэст сталі таксама рэпрэсіі [Radwan 2004, с. 162].
 
Чарговыя пратэсты адбыліся ў парафіях Чыжы і Новабярозава ў Бельскім дэканаце Літоўскай япархіі. Тут супраць пераводу ў праваслаўе выступілі ня толькі сьвятары, але і іх парафіяне, якія актыўна баранілі сваіх душпастыраў. У якасьці пакараньня сьвятары былі сасланыя спачатку ў манастыр у Таракані, а потым, паводле ўказу самога Мікалая І, у Кастрамскую губерню. У парафіі ў якасьці пакараньня былі ўведзеныя войскі на сталае кватараваньне. Пазьней аднак сьвятары вымушаны былі падпісаць акт згоды на прыняцьце праваслаўя і засталіся ў Літоўскай япархіі, аднак у Чыжы і Новабярозава Ёсіф Сямашка накіраваў іншых сьвятароў [Radwan 2004, с. 164].
 
Ёсіф Сямашка – ліквідатар Уніі.
Найбольш вядомым і масавым стаў Царкаўнянскі пратэст 16 верасьня 1838 году, калі 111 сьвятароў на чале з Янам Ігнатовічам і Адамам Тамкавідам падпісалі петыцыю супраць падрыхтоўкі да скасаваньня Уніі, якую, на іх думку, рыхтавалі дзяржаўныя ўлады, праваслаўнае духавенства і ўніяцкія біскупы на чале з Сямашкам.
 
З мэтай ліквідацыіі гэтага пратэсту па ўказаньні обер-пракурора Сіноду Пратасава ў Полацак з Пецярбургу накіраваўся сам Ёсіф Сямашка. Ён хацеў падарваць салідарнасьць сьвятароў, умацаваць аўтарытэт епархіяльных уладаў і іх ўплыў на духавенства, якое яшчэ заставалася верным Уніі. Сямашка планаваў таксама пакараць сьвятароў, якія прымалі найбольш актыўны ўдзел у пратэсьце. 12 сьвятароў ён зьбіраўся саслаць у Літоўскую япархію з пазбаўленьнем іх сьвятарскага сану і прызначэньнем на пасады дзякаў альбо званароў, 8 планаваў саслаць ва ўніяцкія манастыры, каб пазбавіць іх кантактаў з парафіянамі, а 5 саслаць у праваслаўныя манастыры ў Расеі. План Сямашкі аднак быў зьменены, і ў выніку пакараных было больш. Значная частка сьвятароў не адмаўлялася ад сваіх перакананьняў, а наадварот, умацоўвалася ў іх, таму пакараньне замянялася яшчэ больш суровым.
 
Як адзначае М. Радван, паводле рашэньня Грэка-ўніяцкай калегіі, з 42 удзельнікаў Царкаўнянскага пратэсту, якія былі пазбаўлены сану альбо сасланыя ва ўніяцкія манастыры, 19 пазьней былі сасланыя ў Расею. Адметна, што ўдзельнікаў Царкаўнянскага пратэсту каралі яшчэ да скасаваньня Уніі.
 
У 1839 годзе яшчэ 35 сьвятароў былі сасланыя ў расейскую глыбінку, а агульная лічба рэпрэсаваных за часы пратэстаў, паводле польскага гісторыка Марыяна Радвана, склала 92 сьвятары [Radwan 2004, с. 170-171].
 
Мікалай І асабіста сачыў за тым, каб скасаваньне Уніі было праведзена пасьпяхова. Каб мець цэласнае бачаньне сітуацыі ва Ўніяцкай Царкве, а таксама ўпэўніцца ў пасьпяховасьці праведзеных для яе ліквідацыі захадаў, цар выслаў 23 траўня 1838 году ва ўніяцкія япархіі камергера М. Скрыпіцына, чыноўніка для асобых даручэньняў пры обер-пракуроры Сіноду.
 
Скрыпіцын павінен быў зьвярнуць асаблівую ўвагу на настроі ўніяцкага духавенства і вернікаў, веданьне імі расейскай мовы, карыстаньне маскоўскімі літургічнымі кнігамі, ачышчэньне ад лацінскіх “запазычаньняў”, пабудову іканастасаў.
 
Чыноўнік скончыў сваё падарожжа 31 жніўня. За тры месяцы ён наведаў 54 царквы, 8 мужчынскіх і 2 жаночых манастыры ў Літоўскай япархіі і 23 парафіі, два мужчынскіх і адзін жаночы манастыр — у Беларускай япархіі [Radwan 2004, с. 174].  Паводле зьвестак Скрыпіцына, у большасьці храмаў ужо былі пабудаваныя іканастасы, прыбраныя амбоны, арганы і бакавыя алтары. Паўсюль ужо выкарыстоўваліся маскоўскія літургічныя кнігі.
 
Сьвятароў Уніяцкай Царквы Скрыпіцын падзяліў паводле іх стаўленьня да скасаваньня Уніі на тры катэгорыі: станоўча настроеных, паслухмяных і непрыхільных. Апошніх чыноўнік налічваў 151 і прапаноўваў зьвярнуць на іх асаблівую ўвагу. Чыноўнік заўважыў розьніцу ў стаўленьні духавенства да скасаваньня Уніі паводле тэрытарыяльнага прынцыпу: у Беларускай япархіі згоду на прыняцьце праваслаўя выказала каля 25,29% (680 сьвятароў) духавенства, а ў Літоўскай – 71,9% (1057 сьвятароў) [Radwan 2004, с. 174]. Таму Скрыпіцын раіў часткова замяніць сьвятароў Беларускай япархіі душпастырамі з Літоўскай япархіі. Акрамя таго, ён лічыў патрэбным накіраваць ва ўніяцкія духоўныя навучальныя ўстановы дадатковых выкладчыкаў з Расеі.
 
Агульная выснова Скрыпіцына была наступная: планы скасаваньня Уніі не зьяўляюцца ўжо таямніцай, таму сам факт скасаваньня ня выкліча бунтаў. Прамаруджваньне з скасаваньнем парушыць планы ўладаў і прывядзе да ўзмацненьня супраціву [Марозава 2005, с. 12].
 
Важным элементам палітыкі Мікалая І у дачыненьні да Ўніяцкай Царквы стала дзейнасьць таемных камітэтаў. Першы з іх быў створаны з ініцыятывы міністра ўнутраных справаў Блудава, які ў 1834 годзе прадставіў цару стратэгію дзейнасьці адносна Ўніяцкай Царквы.
Міністар унутраных справаў Расейскай імперыі ў 1832-38 гг. Дзьмітры Блудаў.
Паводле міністра былі дасягнутыя значныя посьпехі ў справе падпарадкаваньня ўніятаў праваслаўнаму Сіноду. Аднак пагрозай у далейшай справе ліквідацыі Уніі маглі стаць самі праваслаўныя, якія сваімі дзеяньнямі па навяртаньні адзінкавых уніятаў распальвалі нянавісьць да праваслаўя сярод тых, якія заставаліся ва Ўніяцкай Царкве. Блудаў падтрымаў ідэю Маскоўскага мітрапаліта Філарэта, каб пры Сінодзе стварыць асобны Камітэт па ўніяцкіх справах [Radwan 2004, с. 173].
 
Ідэя стварэньня Камітэту была падтрыманая Мікалаем І у чэрвені 1834 году. Сваю працу Камітэт пачаў у сьнежні 1834-га. У яго склад увайшлі міністар унутраных справаў Блудаў, Наўгародзкі мітрапаліт Серафім, Маскоўскі мітрапаліт Філарэт, Цьверскі архібіскуп Рыгор, уніяцкі мітрапаліт Язафат Булгак, уніяцкі архібіскуп Ёсіф Сямашка, граф Талстой, князь Галіцын, кіраўнік 1-га аддзяленьня імператарскай канцылярыі Танееў і обер-пракурор Сіноду Нячаеў. Гэтыя асобы складалі так званы поўны склад камітэту. Акрамя яго існаваў вузкі, таемны склад, у які ўваходзілі мітрапаліт Філарэт, біскуп Сямашка, міністар Блудаў і обер-пракурор Нячаеў. Фактычна толькі гэты склад прымаў важныя рашэньні. Задачай Камітэту было ня толькі далучэньне ўніятаў да Праваслаўнай Царквы, але і навяртаньне на праваслаўе тых уніятаў, якія перайшлі ў лацінскі абрад. Такі пераход неабходна было зьдзейсьніць яшчэ перад “навяртаньнем” уніятаў. Асноўным дасягненьнем дадзенага Камітэту міністар Блудаў лічыў стварэньне магчымасьці для дзяцей уніяцкага духавенства навучацца ў праваслаўных школах, а таксама падпарадкаваньне ўніяцкіх навучальных установаў праваслаўнай камісіі па справах духоўных школ. Таксама камітэт дазволіў праваслаўнаму духавенству ўдзяляць таемствы ўніятам [Radwan 2004, с. 173].
 
Камітэт праіснаваў нядоўга – да 1836 году. З прыходам новага обер-пракурора Сіноду Пратасава, замест Камітэту па ўніяцкіх справах былі пасьлядоўна створаны два новыя: паяднаўчы і па справах былых уніятаў. У склад паяднаўчага камітэту ўвайшлі шэф жандармскага корпусу Бенкендорф, міністар дзяржаўнай маёмасьці Кісялёў, міністар унутраных справаў Блудаў, обер-пракурор Сіноду Пратасаў, Смаленскі, Віцебскі і Магілёўскі генерал-губернатар Дзьякаў і Віленскі ваенны генерал-губернатар Далгарукаў.
 
Камітэт правёў тры пасяджэньні: 22 і 26 сьнежня 1838 году і 4 студзеня 1839 году. Іх мэтай было азнаямленьне генерал-губернатараў з інструкцыяй адносна іх дзеяньняў падчас канчатковага “ўзьяднаньня” ўніятаў. Інструкцыя была падрыхтаваная маскоўскім мітрапалітам Філарэтам, цар падпісаў яе праз некалькі дзён пасьля апошняга пасяджэньня камітэту – 4 студзеня 1839 году. Паводле гэтай інструкцыі генерал-губернатары павінны былі сачыць, каб рыма-каталіцкае духавенства ў сваіх казаньнях не выступала супраць скасаваньня Уніі. Таксама землеўладальнікі павінны былі быць папярэджаныя аб адказнасьці за супраціў іх сялянаў праваслаўным сьвятарам. Пакараньне ссылкай пагражала рыма-каталіцкаму і былому ўніяцкаму духавенству, а дваранам акрамя таго яшчэ і канфіскацыя маёмасьці, калі яны спрычыняцца да дзеяньняў, якія супярэчыць распараджэньням улады адносна скасаваньня Уніі. Акрамя таго, у мясцовасьцях, якія генерал-губернатары лічылі патэнцыйна небясьпечнымі, напярэдадні скасаваньня Уніі прадугледжвалася магчымасьць увядзеньня войскаў [Radwan 2004, с. 175-177].
 
12 лютага 1839 году ў Полацку сабраліся 3 біскупы і 21 прадстаўнік духавенства, якія падпісалі Саборны акт аб адзінстве з Праваслаўнай Царквой і просьбу да імператара садзейнічаць найхутчэйшаму далучэньню ўніятаў да праваслаўя. Да Акту дадавалася 1305 расьпісак-абавязацельстваў сьвятароў і манахаў, але 593 сьвятары такіх расьпісак не далі. Ды і сярод тых, хто падпісаў згоду пра пераход на праваслаўе, значная частка зрабіла гэта няшчыра, з страху альбо з разьліку [Марозава 2009, с. 316].
 
Нягледзячы на тое, што 25 сакавіка Мікалай І падпісаў пастанову Сіноду аб прыняцьці ўніятаў ў Праваслаўную Царкву, Саборны акт некалькі месяцаў хавалі ад народу. Урад і царкоўныя ўлады баяліся бунтаў і чакалі прыходу дадатковых вайсковых сілаў. Для прадухіленьня хваляваньняў імператар распарадзіўся накіраваць у Беларусь 29-ы казацкі полк, які ішоў з Фінляндыі на Дон. Полк прыбыў у Беларусь у сярэдзіне сакавіка. У красавіку пачалося абвяшчэньне Саборнага акту – яго даводзілі да ведама “добранадзейных” сьвятароў, якіх па аднаму выклікалі ў кансісторыю. І толькі ў сярэдзіне траўня ў галоўных гарадах пачаліся ўрачыстыя набажэнствы з нагоды “ўзьяднаньня”, у якім удзельнічала былое ўніяцкае і праваслаўнае духавенства [Марозава 2009, с. 321].
Медаль, выбіты з нагоды скасаваньня Уніі 25 сакавіка 1839 г. з цынічным надпісам: “Отторгнутые насиліемъ, возсоединены любовію”.
Паяднаўчы камітэт давёў справу скасаваньня Уніі да канца і быў распушчаны 16 сьнежня 1839 году. Яго дзейнасьць працягваў камітэт па справах былых уніятаў. Перадгісторыя стварэньня гэтага камітэту – дзейнасьць камісіяў, якія павінны былі рэалізаваць указ 1827 году аб вяртаньні ва ўніяцтва ўсіх тых, хто пасьля 1798 году перайшоў у лацінскі абрад. У 1827 годзе на пасяджэньні абодвух дэпартаментаў Рыма-каталіцкай калегіі быў акрэсьлены механізм гэтага вяртаньня: сьпісы былых уніятаў павінны былі складаць сьпецыяльныя камісіі, якія складаліся б з рыма-каталіцкага і ўніяцкага духавенства, а ў асаблівых выпадках мелі ў сваім складзе і сьвецкіх прадстаўнікоў. У 1836 годзе Сямашка ўзгадаў пра пастановы 1827 году. Да рэдагаваньня сьпісаў рыма-каталіцкіх парафіяў прыступілі аднак не зьмешаныя рыма-каталіцка-ўніяцкія камітэты, а ўніяцкія дэканы разам з дзяржаўнымі чыноўнікамі. Да таго ж, шмат з тых, хто калісьці пакінуў Унію, ужо не жылі, таму, паводле Сямашкі, вярнуцца ва ўніяцтва павінны былі іх нашчадкі. Таксама ўніятамі пачалі лічыцца дзеці ў зьмешаных рыма-каталіцка-ўніяцкіх шлюбах і дзеці рыма-каталікоў, ахрышчаных уніяцкімі сьвятарамі, якія працавалі ў лацінскіх парафіях. Рыма-каталіцкія сьвятары, ня ўключаныя ў камісіі, абавязаныя былі падаваць ім сьпісы сваіх парафіянаў [Radwan 2004, с. 178].
 
Дзейнасьць камісіяў выклікала абурэньне рыма-каталіцкага духавенства. Сямашка аднак не спыніў іх дзейнасьці. Наадварот, царскі ўказ ад 13 сакавіка 1837 году забараняў сьвятарам лацінскага абраду хрысьціць дзяцей уніятаў (такім чынам апошнія хацелі захаваць сваіх дзяцей ад пераходу ў праваслаўе). Чарговы ўказ забараняў займаць царкоўныя пасады сьвятарам, якія мелі жонак лацінскага абраду [Likowski ІІ 1906, с. 98-99].
 
Тайны камітэт па справах былых уніятаў правёў першае пасяджэньне 1 жніўня 1839 году. У яго склад увайшлі Блудаў, які на той час ужо займаў пасаду міністра юстыцыі, дзяржаўны сакратар Дашкаў, міністар унутраных справаў Строганаў і обер-пракурор Пратасаў. Пастановы гэтага камітэту забаранялі стварэньне новых рыма-каталіцкіх парафіяў там, дзе няма прынамсі 100-150 сем’яў гэтага вызнаньня, і будаўніцтва новых рыма-каталіцкіх капліц. Забаранялася нават прымаць на працу ў рыма-каталіцкія плябаніі ці манастыры праваслаўных (гэта значыць — былых уніятаў). Рыма-каталіцкія сьвятары не маглі падарожнічаць без дазволу сваіх царкоўных уладаў, спавядаць не сваіх парафіянаў, акрамя таго яны павінны былі падаваць поўную справаздачу пра стан і дзейнасьць сваёй парафіі, каб не было ніякай магчымасьці нелегальнай душпастырскай апекі над былымі ўніятамі. Акрамя таго, камітэт загадваў уладам весьці кантроль на царкоўных урачыстасьцях і ў школьным навучаньні, каб не было выказваньняў супраць праваслаўя. Землеўладальнікам і арэндатарам фальваркаў камітэт загадваў кантраляваць удзел у праваслаўных набажэнствах сваіх прыгонных.
 
Таксама пастановы камітэту рэгулявалі працэс пакараньня вінаватых у парушэньні вышэйзгаданых пастановаў. Што цікава, сьвятароў, якія прызнаваліся вінаватымі ў дапамозе былым уніятам, павінен быў судзіць сьвецкі, а не царкоўны суд. Пакараньнем за такія “злачынствы” як дапушчэньне да таемстваў былых уніятаў павінен быў быць перавод на іншую парафію, высылка ў манастыр альбо аддаленыя губерні, пазбаўленьне сьвятарскага сану. Ссылкай караліся сьвецкія асобы, вінаватыя ў навяртаньні праваслаўных (былых унятаў) на каталіцтва, а таксама тыя, хто пераходзіў на каталіцтва.
 
Пастановы камітэту былі зацьверджаныя царом і дзейнічалі аж да пачатку ХХ стагоддзя [Radwan 2004, с. 182-183].
 
Падсумоўваючы вынікі дасьледваньня палітыкі Мікалая І адносна Ўніяцкай Царквы, можна сказаць наступнае:
 
1. Палітыка Мікалая І была накіраваная на планамернае паступовае далучэньне ўніятаў да Праваслаўнай Царквы, а праз гэта – на паступовую русіфікацыю.
 
2. Палітыка па далучэньні ўніятаў да Праваслаўнай Царквы доўгі час падавалася як ачышчэньне абраду Ўніяцкай Царквы ад рыма-каталіцкіх элементаў і як абарона ўніятаў-рускіх ад рыма-каталіцкага польскага прыгнёту.
 
3. Меры па далучэньні ўніятаў да Праваслаўнай Царквы мелі патаемны характар, ажыцьцяўляліся пры дапамозе тайных камітэтаў, іх сапраўдныя матывы хаваліся ад вернікаў і міжнароднай грамадзкасьці.
 
4. Сваю палітыку Мікалай І праводзіў пры дапамозе некаторых прадстаўнікоў уніяцкага духавенства, у першую чаргу пры дапамозе біскупа Ёсіфа Сямашкі і яго паплечнікаў.
 
5. У сваёй палітыцы Мікалай І умела выкарыстоўваў супярэчнасьці ўнутры Царквы (барацьба белага духавенсва з манахамі-базыльянамі, канфлікты паміж уніятамі і рыма-каталікамі) і адміністрацыйныя магчымасьці Расейскай імперыі.
 
6. Палітыка Мікалая І была рэпрэсіўнай – тыя сьвятары і вернікі, якія не жадалі далучацца да Праваслаўнай Царквы, жорстка караліся.
 
а. Андрэй КРОТ
(Аўтарская назва артыкулу:
“Аналіз прававога становішча Ўніяцкай Царквы Беларусі ў Расейскай імперыі і эвалюцыя царскай палітыкі ў дачыненьні Царквы за часоў цараваньня Аляксандра І і Мікалая І”).
 
Літаратура:
Likowski ІІ 1906 – Likowski, E. Dzieje Kościoła Unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku. Część 2/ E.Likowski. – Warszawa, 1906.
Radwan 2004 – Radwan, M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796-1839/ M. Radwan. – Lublin, 2004. – 504 c.
Марозава 2005 – Марозава С., Місія камергера Скрыпіцына/С. Марозава//Царква – 2005 – №3(46) – с. 12-14.
Марозава 2009 – Марозава С., Беларусь, восень 1838 – вясна 1839 г.: апошні акт уніяцкай трагедыі (некаторыя малавядомыя старонкі)/С. Марозава //Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Зборнік навуковых артыкулаў. Рэдакцыйная калегія: Марозава С. В., Ярмусік Э. С., Сілава С. У. – Частка 1. – Гродна: ГрДУ імя Я.Купалы. – 2009 – с.305-322.
 
Гл. таксама:
18.01.2016
Кніга пра спробу забойства беларускага народу
25.09.2014
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў
12.09.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 1)
03.01.2014
Пратэст 111-ці
24.11.2013
Шляхі міжваеннай Уніі