Пошук
Гісторыя Царквы
06.08.2015
Праблемы канфесійнага статусу Скарыны і яго час
 
Беларуская грамадзкасьць рыхтуецца адзначыць найвялікшую дату ў гісторыі айчыннай культуры — 500-годдзе беларускага кнігадрукаваньня. 6 жніўня 1517 году Францішак Скарына ў Празе надрукаваў Псалтыр, а потым амаль штомесяц выдаваў новую кнігу Бібліі.
 
Біблія, надрукаваная Францішкам Скарынам у 1517 годзе.
«Біблію Скарына ўспрымаў як Боскі запавет, як самыя Сьвяшчэнныя кнігі ўсяго хрысьціянскага сьвету. І ён стараўся давесьці і растлумачыць іх усяму хрысьціянскаму паспольству. Дарэмна было б шукаць у яго прадмовах і каментарыях прыкметы крытычнага рацыяналістычнага падыходу, што адзначалася ў некаторых прысьвечаных яму працах», — адзначае вядомы беларускі гісторык Георгі Галенчанка.
 
Паводле падлікаў бібліёграфаў Францішку Скарыне і яго дзейнасьці прысьвечана больш за 6 тыс. публікацыяў. Аднак сярод іх грунтоўных манаграфіяў і дасьледаваньняў вядомых гісторыкаў, кнігазнаўцаў, філолагаў, мастацтвазнаўцаў, філосафаў ня так шмат — усяго з дзясятак. У 1988 і 1990 гг. на беларускай і расейскай мовах нават выйшаў энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час». Большасьць дакументальных сьведчаньняў пра беларускага першадрукара сабрана ў грунтоўным найбольш поўным іх комплексе: «Францыск Скарына. Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (1988). Прыкметны ўклад у Скарыніяну ўнесьлі таксама калектыўныя зборнікі, матэрыялы навуковых канферэнцыяў. І тым ня менш, у біяграфіі Францішка Скарыны застаецца шмат белых плямаў, далёка ня ўсе этапы жыцьцёвага шляху знакамітага культурнага дзеяча высьветленыя.
Адна з такіх белых плямаў у яго біяграфіі — канфесійная прыналежнасьць.
 
З гэтай нагоды прапануем ніжэй урывак з навуковай працы аднаго з найбольш аўтарытэтных дасьледчыкаў спадчыны Францішка Скарыны, доктара гістарычных навук Георгія Галенчанкі «Францыск Скарына: у паціне версій, стэрэатыпаў і міфаў», адзін з разьдзелаў якой ён прысьвяціў праблеме канфесійнага статусу Ф. Скарыны.
 
Праблемы канфесійнага статусу Скарыны
 
У цэнтры дыскусіяў дасьледчыкаў застаюцца праблемы канфесійнага статусу Скарыны. Яны ў пэўнай ступені адлюстроўваюць канфесійнае разьмежаваньне старадаўняй, ды і сучаснай Еўропы і хрысьціянскага сьвету, якое паступова зыходзіць у мінулае. На дзейнасьць Скарыны паўплывала агульная атмасфера постгусіцкай Чэхіі, рэфармацыйных рухаў у нямецкіх княствах. Адна з асноўных крыніц яго пражскіх перакладаў была, як вядома, чэшская ўтраквісцкая Біблія (венецыянскае выданьне 1506 г.).
 
Аб’ектыўна дзейнасьць Скарыны часткова супадае з праграмнымі пастулатамі еўрапейскіх рэфарматараў: выданьне Бібліі як асновы хрысьціянскай веры на зразумелай народу мове. Але памылкова было б уключаць яго ў кагорту сьвядомых еўрапейскіх пратэстантаў. У Беларусі ў першай чвэрці ХVI ст. не адчувалася выразных рэфармацыйных павеваў і не існавала ўмоваў для разгортваньня падобнай дзейнасьці. У адрозьненьне ад пратэстантаў, Скарына прызнаваў царкоўную традыцыю, важнасьць дагматыкі і абраднасьці, у сваіх каментарах спасылаўся на творы айцоў Царквы, пастановы Ўсяленскіх сабораў. Ня толькі віленскія, але і пражскія выданьні, як сьведчаць, напрыклад, паметы на экзэмпляры Пражскага музею, выкарыстоўваліся ў праваслаўных літургічных службах.
 
Глыбокая хрысьціянская сьвядомасьць відавочна ў яго стаўленьні да царкоўнага разьмежаваньня ў сьвеце і на Радзіме. Складана ў лацінскай тагачаснай Еўропе знайсьці асьветнікаў і выдаўцоў, якія выдавалі б адначасова свае кнігі таксама для праваслаўнага паспалітага люду, захоўваючы грэка-візантыйскі Сымбаль веры. Віленскія выданьні Скарыны ў сваёй аснове мала чым адрозьніваліся ад традыцыйных праваслаўных тэкстаў Апостала і Псалтыра, нягледзячы на вядомае дабаўленьне да 13-га псалома («Гроб разверсты…»). Па сутнасьці, Скарына зьяўляецца адным з першых прыхільнікаў экуменічнага зьбліжэньня ўсіх хрысьціянскіх народаў і Цэркваў. У яго прадмовах і каментарах няма палемічных і ідэалагічных акцэнтаў, скіраваных супраць каталіцкай ці праваслаўнай канфесіі, ці нават і рэфарматараў.
 
Патрыятычныя погляды Скарыны выцякалі з яго разуменьня патрэбаў грамадзтва, асэнсаваньня цэласнасьці беларускага народу, пры ўсіх унутраных супярэчнасьцях і канфліктах. Сталае згадваньне Полаччыны — сваёй малой Радзімы, рысы народнай беларускай мовы прасьледжваюцца ў большасьці яго выданьняў (дасьледчыкі называюць яе царкоўнаславянскай мовай беларускай рэдакцыі). Яны паказваюць, каму ў першую чаргу прызначаў ён свае выданьні: усяму беларускаму паспольству, усім яго станам, гараджанам, шляхце, духоўным асобам, у больш шырокім кантэксьце — усім беларусам, украінцам і рускім, што пражывалі на землях ВКЛ. Можна сказаць, што тэксты Скарыны былі вядомыя і сялянам, бо ў шмат якіх прыхадзкіх храмах чыталі іх галосна і адпраўлялі па іх патрэбныя службы.
 
Адукаваны ўніяцкі мітрапаліт Антон Сялява ў 1622 г. публічна асудзіў яго кнігі, але гэтая інвектыва шмат чаго вартая. Зьвяртаючыся да сваіх апанентаў, беларускіх і ўкраінскіх выдаўцоў і палемістаў, ён сьцьвярджаў: «Y przed tym jeszcze dawno za przodkow waszych wam podobnych, Ruś byla dobrze potruta: przed unią był Skoryna, heresią Hussyta, ktory wam księgi po rusku drukował w Pradze. Przyjmowali ich wdzięcznie, dosyć na tym że się zwał Rusinem z Połocka, jako się podpisał. Smakowali sobie iego druki, człowek godny mowili, a Rusin, brat nasz to drukował».
 
Гравюрны партрэт Францішка Скарыны (1517).
Гуманістычныя, асьветніцкія і грамадзка-палітычныя погляды Скарыны сказваюцца ў яго стаўленьні да школьнай і вышэйшай асьветы, да твораў антычных і рэнесансавых аўтараў, у яго піетэце да прыродазнаўчых і «вольных» навук. Толькі свабодны чалавек, які асэнсоўваў годнасьць духоўнай творчасьці, мог двойчы надрукаваць у Бібліі свой «партрэт» — доктара ў лекарскіх навуках, адыйсьці ад многіх канонаў мастацкага афармленьня ацаркоўленых твораў традыцыйнай беларускай і ўсходнеславянскай пісьменнасьці. Некаторыя дасьледчыкі падкрэсьлівалі, што параўнаньне Бібліі з кнігамі Арыстоцеля і іншых дзеячаў старажытнасьці, з 7 сьвецкімі навукамі, сьведчыла аб пэўнай недаацэнцы Скарынам значнасьці сьвецкай навукі і культуры. Няма больш памылковага ўражваньня. Згадваньне Арыстоцеля, класічных аўтарытэтаў сярэдневяковай і рэнесансавай Еўропы павінна было падкрэсьліць духоўны прыярытэт Бібліі і ў той жа час вызначыць высокі духоўны сэнс згаданых свабодных навук, прац і аўтараў. Іншае параўнаньне проста б не спрацоўвала. Выдатнае веданьне знакамітых твораў Арыстоцеля, між іншым, ляжала ў аснове дзьвюх універсітэцкіх ступеняў Скарыны.
 
Уплыў Скарыны на духоўную культуру Беларусі і ўсіх усходнеславянскіх народаў цяжка пераважыць. У шырокім кантэксьце як заснавальнік беларускага і ўсходнеславянскага кнігадруку ён вырашальным чынам узьдзейнічаў на зараджэньне новай духоўнай цывілізацыі, і ў пэўнай ступені на зьбліжэньне славянскіх і еўрапейскіх народаў, лацінскай і грэка-візантыйскай Еўропы. Уплывы Скарыны на духоўную культуру Беларусі, Украіны, Польшчы, тагачаснай Расеі па-свойму праяўляліся ў розных рэгіёнах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. І асноўным іх чыньнікам былі непасрэдна яго выданьні. Дзе былі яго кнігі, там быў Скарына. Дасьледчыкі высьветлілі нямала бібліятэк, кніжных, архіўных і музейных збораў ХVI—ХVIII ст., маргінальных уладальніцкіх і чытацкіх запісаў, дзясяткі рукапісных сьпісаў, цытатаў і перайманьняў з яго прац.
 
Скарына садзейнічаў разьвіцьцю духоўнай і кніжнай талерантнасьці, дзякуючы чаму адроджанае з другой паловы ХVI ст. беларускае кнігадрукаваньне (тэматычна і па колькасьці афіцынаў і напрамкаў) выразна пераўзыходзіла расейскае і ўкраінскае. Ён заклаў падставы біблейскай друкарскай традыцыі. Ніводная з суседніх дзяржаў ня можа пахваліцца такой колькасьцю рознамоўных і рознаканфесійных выданьняў Сьвятога Пісаньня, як Беларусь ХVI ст. Спадчына Скарыны як уся яго творчасьць не была ні кананічнай, ні амярцьвелай. Пераемнікі Скарыны, што добра ведалі яго творы і нават імітавалі іх у пэўных стылістычных і моўных рысах і мастацкім аздобленьні, у нечым адышлі ад Скарыны, у нечым пайшлі далей. Сымон Будны, як выразны дзяяч еўрапейскага Рэнесансу і Рэфармацыі, стаў зачынальнікам плённай філалагічнай крытыкі многіх польскіх і заходнееўрапейскіх перакладаў Бібліі, сам ажыцьцявіў шэраг выданьняў і неаднаразова спасылаўся на тэксты Скарыны. Васіль Цяпінскі пераняў патрыятычныя заветы Скарыны і ўпершыню ў сьвеце выдаў частку Евангельля на славянскай і старабеларускай мовах. Прыклады можна было б прадоўжыць.
 
Бясспрэчна, што дзейнасьць Скарыны не патрабуе штучных упрыгожваньняў. Многія яго духоўныя і ментальныя рысы ствараюць непаўторны воблік вялікага палачаніна: глыбокія хрысьціянскія погляды, экуменізм, гуманізм, упэўненасьць у неабходнасьці актыўнай дзейнасьці дзеля ўласнага непаўторнага лёсу ўсіх вернікаў, для карысьці грамадзтва і дзяржавы, павага да іншых народаў і краінаў, асьветніцтва, дэмакратызм (у тагачасным яго выглядзе), талерантнасьць, літаратурныя і іншыя таленты. Паводле агульнай сукупнасьці сваіх поглядаў і сваёй дзейнасьці ён ня меў адэкватных асобаў у тагачаснай лацінскай і «грэцкай» Еўропе.
 
Скарына ня быў тыповым прадстаўніком духоўнай эліты Беларусі першай паловы ХVI ст. Ён намнога апярэдзіў свой час, чым і тлумачыцца значны «глухі» перыяд у станаўленьні сталага кнігадрукаваньня ў Беларусі, Літве, Украіне і Расеі. Па многіх сваіх памкненьнях і ідэях ён больш сучасны для нас, чым для тагачаснага насельніцтва Беларусі і Ўсходняй Еўропы.
 
Семя, пасеянае Скарынам, не прапала. Вегетацыя была працяглай, але яно ўзышло новымі ўсходамі і абліччамі ў кнігах беларускіх і ўкраінскіх выдаўцоў, адбілася ў творчасці рускіх першадрукароў, пазьней эмігрантаў — Івана Фёдарава і беларуса Пятра Мсьціслаўца, расквітнела ў спадчыне беларускага Адраджэньня другой паловы ХVI ст. Нягледзячы на тое, што кнігадрукаваньне пасьля Скарыны заўсёды выкарыстоўвалася з рознымі мэтамі, у цэлым яно перамагала цемру і забабоны, служыла людзям, стварала чалавека разумнага, цэласнага, сьвядомага, годнага. Сьвятло кнігадрукаваньня прарывалася праз цені часу.
 
Урывак друкуецца паводле: Галечанка Г.Я. Францыск Скарына: у паціне версій, стэрэатыпаў і міфаў // Российские и славянские исследования: науч. сб. Вып. 3. / редкол.: А. П. Сальков, О. А. Яновский (отв. редакторы) [и др.]. — Минск : БГУ, 2008.
Гл. таксама:
10.08.2017
У Менску прайшло духоўна-асьветніцкае сьвята ў гонар Скарыны
06.08.2017
500 гадоў Скарынаўскай Бібліі
05.08.2017
Францішак Скарына. Чалавек сьвету
24.06.2017
Дастатковых доказаў аб прыналежнасьці Скарыны да пэўнай канфесіі пакуль няма
28.06.2015
Падзяляючы спадчыну Скарыны