Пошук
Гісторыя Царквы
20.01.2016
Не было б уніяцтва – не было б Беларусі?
 
Размова журналіста Беларускага Радыё Рацыя з дасьледчыкам уніяцтва ў Беларусі, гісторыкам Ярашам Малішэўскім.
 
Беларускі ўніяцкі абраз XVIІІ стагоддзя.
Гаворачы пра канфесійны склад Беларусі, часьцей за ўсё маюць на ўвазе праваслаўных і рыма-каталікоў. Нехта прыгадвае і пратэстантызм, традыцыі якога ў нашай краіне сягаюць у XVI стагоддзе. А вось пра грэка-каталікоў згадак куды менш, хаця гэтая хрысьціянская канфесія яшчэ 250 гадоў таму была ў Беларусі дамінуючай.
 
Якая роля грэка-каталіцкай Царквы ў фармаваньні беларускага этнасу? Чаму ўніяцкая Царква выклікала такую лютую нянавісьць расейскага царызму? Якія персьпектывы ў грэка-каталікоў у цяперашняй Беларусі?
 
Яраш Малішэўскі: Калі б не было ўніяцтва і ўвогуле грэка-каталіцкай Царквы, то і беларусаў бы, напэўна, не існавала. Бо гэта тая канфесія, якая дазволіла нам захавацца, як народу. Уласна кажучы, сутнасьць беларусаў такая і ёсьць: знаходзячыся паміж сьветам каталіцкім і сьветам праваслаўным, заўсёды мы імкнуліся да гэтага самага паяднаньня. Такім сінтэзам праваслаўя і каталіцтва і стала ўніяцкая Царква.
 
Уніяцтва і дало нам найцікавейшыя ўзоры мастацтва, жывапісу, скульптуры, дойлідзтва… Беручы пад увагу тое, што напрыканцы XVIІІ стагоддзя, перад расейскай акупацыяй, каля 80% беларусаў былі ўніятамі, то прыкладна такі ж самы адсотак у нас найкаштоўнейшых, найцікавейшых абразоў, скульптураў, літаратуры… Тыя ж уніяцкія абразы — гэта наш беларускі фальклор. Натуральна, замяшаны і на візантыйскіх традыцыях, і на традыцыях заходнееўрапейскіх. Прытым замяшаны так, што іншым разам глядзіш на той уніяцкі абраз і разумееш — вось яна, сутнасьць беларуса!
 
РР: А ў чым гэтая сутнасьць выяўляецца?
 
Яраш Малішэўскі: Калі гаварыць пра менавіта ўніяцкія абразы, то гэта і не заходняе, і не ўсходняе мастацтва. А менавіта сінтэз, створаны на нашай беларускай глебе. Глядзіш на такі абраз і разумееш, што мастак маляваў яго з нейкага рэальнага чалавека, мо і са свайго знаёмага. Прытым бачыш там рэальныя, пазнавальныя рэчы тых часоў: ручнікі, інтэр’еры, зброю… На адным і тым жа абразе можна сустрэць надпісы і лацінскія, і беларускія, і польскія, і царкоўнаславянскія. Гэта космас, у якім ёсьць усё! І лёс кожнага такога абраза — свая гісторыя, якія я знаходжу і апавядаю.
 
РР: У Заходняй Украіне шмат хто мяркуе, што грэка-каталіцтва — выключна ўкраінская зьява…
 
Яраш Малішэўскі: Такое меркаваньне некаторых нашых украінскіх братоў — ад недасьведчанасьці. Кожны культурны чалавек мусіць ведаць, што беларусы і ўкраінцы зьнітаваныя вельмі шчыльна, у тым ліку і праз Унію. Менавіта ў нас уніяцтва набыло тыя формы, якія прыжыліся ў народзе. Згадайма Ўкраіну. Шматлікія паўстаньні: Хмяльніччына, Гонта, Жалязьняк… Там было вельмі жорсткае міжканфесійнае супрацьстаяньне. Каталікі рэзалі праваслаўных, праваслаўныя забівалі грэка-каталікоў і гэтак далей. Дзясяткамі тысяч. У нас нічога падобнага не існавала.
 
РР: А чаму так?
 
Яраш Малішэўскі: Калі гаварыць вельмі спрошчана, то тут даюцца ў знакі традыцыі і ментальныя асаблівасьці нашых народаў. Паўднёвы — «калі ты ня з намі, ты супраць нас!» і іншы, паўночны, з разуменьнем таго, што «іншы» — ён ня ёсьць тваім ворагам, ён можа быць тваім найлепшым сябрам, але пры гэтым заставацца іншым па веравызнаньні. Калі ва Ўкраіне стагоддзямі прадстаўнікі розных канфесій і рэлігій адзін аднаго рэзалі, душылі, забівалі, стралялі, тапілі, то ў нас такога ніколі не было. Калі, вядома ж, ня браць зьнешніх уплываў. Класічнае беларускае мястэчка, ня кажучы пра вялікі горад, выглядала так: касьцёл, царква, уніяцкая бажніца, пратэстанцкая кірха і сінагога, а іншым разам і мячэць. Прадстаўнікі розных рэлігій і канфесій зазвычай віншавалі адзін аднаго са сьвятамі, а іншым разам нават і сумесна іх сьвяткавалі. І ніякай варажнечы!
 
РР: Аляксандар Герцэн у сваім галоўным творы «Былое і думы» апавядае, як масава пераводзілі беларускіх грэка-каталікоў у маскоўскае праваслаўе: ва ўніяцкую вёску прывозілі салдат, якія ўсіх секлі. Адкуль у расейскага царызму такая нянавісьць да нашых грэка-каталікоў?
 
Яраш Малішэўскі: Калі скласьці такую ўмоўную шкалу, то ўніяцтва акурат і будзе паміж праваслаўем і каталіцтвам. Гэткі сярэдні варыянт. Яго расейскім імперцам было куды прасьцей зьнішчыць. Зьнішчыш грэка-каталікоў, зачысьціш гэтае поле — наступнымі будуць рыма-каталікі.
 
РР: Расейская Праваслаўная Царква Маскоўскага патрыярхату кананізавала мітрапаліта Літоўскага Язэпа Сямашку, які спрычыніўся да ліквідацыі беларускага ўніяцтва. Як Вы ацэньваеце гэтую гістарычную асобу?
 
Яраш Малішэўскі: Роля Язэпа Сямашкі, насамрэч, страшная. Я б так сказаў, што калі скласьці тройку найстрашнейшых персанажаў нашай гісторыі, якія ня ёсьць прыхаднямі, а маюць менавіта беларускае паходжаньне, то Сямашка ў тую тройку ўваходзіць. Ён паходзіў з нашых земляў, але стаў здраднікам. Найжудасныя пачвары выгадоўваюцца менавіта з «мясцовых кадраў». Чалавек, які быў беларускім грэка-каталіцкім сьвятаром, сьвядома перайшоў на бок акупантаў і вырашыў зьнішчыць сваё. Ніякі акупант так бы не зрабіў, бо менавіта Сямашка ведаў усё з сярэдзіны: псіхалогію народу, усе варункі… Акупанты выдатна разумелі, што лепш за Сямашку ніхто ўніятаў ня зьнішчыць. Таму і далі яму такія паўнамоцтвы. Унія на той момант была канцэнтрацыяй таго, што трымала беларусаў: нацыянальная Царква. У выніку атрымалася, што адна Царква — праваслаўная, то бок маскоўская, а другая — каталіцкая і польская. Прынамсі, на той час.
 
РР: Якія персьпектывы беларускага ўніяцтва ў цяперашняй Беларусі?
 
Яраш Малішэўскі: З цяперашняй уладай ніякіх персьпектываў быць ня можа. Грэка-каталікі нават ня могуць збудаваць свае бажніцы — ім проста не дазваляюць. Але лічу, што ўсе гэтыя перашкоды рана ці позна будуць перадоленыя, бо стрымліваньне абсалютна штучнае. Беларусы яшчэ ў XVI стагоддзі ўсё вынайшлі — нашую нацыянальную Царкву, якая злучыць наш падзелены на праваслаўных і каталікоў народ разам. Уніяцкая, ці грэка-каталіцкая Царква ўзьнікла ў выніку Берасьцейскай уніі ў 1596 годзе, калі праваслаўныя і каталікі Беларусі аднавілі адзінства пры ўмове падпарадкаваньня Папе Рымскаму, але з захаваньнем праваслаўных абрадаў. Унія была гвалтоўна зьліквідаваная ў 1839 годзе, што выклікала масавыя хваляваньні ў Беларусі. Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя пачалося аднаўленьне ўніяцкіх храмаў. Цяпер ў нашай краіне існуе каля 20 грэка-каталіцкіх парафій.
 
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Гл. таксама:
09.04.2018
Моладзь і рэлігія
18.10.2016
Перадумовы і значэньне Берасьцейскай Уніі
29.06.2015
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў
10.05.2012
Ватыканскі ярарх разам з грэка-католікамі памаліўся за Менск і за ахвяры вайны
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас