Пошук
Гісторыя Царквы
30.06.2016
Ватыканскія архівы адкрылі новыя зьвесткі пра Скарыну
 
Новыя зьвесткі пра біяграфію і постаць Францішка Скарыны адшукаў Алесь Жлутка, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Беларусі.
 
Падчас апошняй камандзіроўкі дасьледчык удакладніў сувязь першадрукара з V Латэранскім саборам. Нагадаем, менавіта туды прыбыла дэлегацыя дацкага караля, у складзе якой быў нейкі Скарына. А праз тры месяцы ўжо дакладна Францішка Скарыну пры абароне доктарскай працы ў Падуі называюць сакратаром дацкага караля Ганса. Ці пра адну і тую ж асобу ідзе гаворка ў розных крыніцах, задаўся пытаньнем навуковец.
 
Падчас працы ў Ватыканскім архіве Алесь Жлутка знайшоў цікавыя дакументы, у якіх сакратар дацкага караля паведамляе пра тое, што да V Латэранскага сабору жадаў далучыцца маскоўскі цар.
 
«Падчас працы з дакументамі высьвятляюцца такія цікавыя рэчы, што перад 1508 годам Ёган або Ганс (дацкага караля ў крыніцах называюць і так, і так) прымае ў сябе дэлегацыю ад маскоўскага цара, і паслы просяць яго дамовіцца з папам Юліям ІІ пра доступ маскоўскага пасольства да Ватыканскага двара. У ходзе гэтых і наступных перамоваў дацкі кароль спрабаваў намовіць Васіля ІІІ да паяднаньня Цэркваў. Пасьля дацкі кароль зьвярнуўся да французскага караля, каб той паспрыяў гэтаму паяднаньню і садзейнічаў маскоўскаму цару пры двары папы Юлія ІІ. У 1509 годзе да дацкага двара прыбыла таксама дэлегацыя польскага караля і Вялікага князя Жыгімонта, у падданстве якога на землях Беларусі і Ўкраіны таксама былі праваслаўныя і дзе дакументацыя вялася на лаціне і старабеларускай. Узьнікае пытаньне: дзеля чаго патрэбны быў Скарына дацкаму каралю ў якасьці сакратара? Адказ напрошваецца сам сабой: для дыпламатычных зносінаў з Жыгімонтам і Васілём ІІІ; Скарына выконваў экуменічную місію ў справе паяднаньня двух галінаў хрысьціянства. Вельмі верагодна, што ў Даніі ён і атрымаў медычную адукацыю, каб пасьля абараніць дактарат па медыцыне ў Падуі», — адзначае дасьледчык, спрабуючы аднавіць храналогію падзеяў, якія адбыліся больш за пяць стагоддзяў таму.
 
Атрымаць медычную адукацыю Францішак Скарына мог з 1509 па 1512 год, але пакуль гэта толькі тэорыя, бо менавіта гэты час яшчэ застаецца белай плямай у яго біяграфіі. У любым выпадку, тое, што Скарына мог быць непасрэдным удзельнікам дацкай дэлегацыі на V Латэранскім саборы — вельмі важная акалічнасьць, лічыць Алесь Жлутка. Гэта ня дзіўна: Скарына атрымаў адукацыю і ва ўсходняй, і ў заходняй хрысьціянскай традыцыі, вучыўся ў каталіцкіх універсітэтах, працаваў пры дварах дацкага караля і віленскага біскупа, выдаваў Біблію і літургічныя кнігі для праваслаўных вернікаў.
 
«Пашыраецца дыяпазон самой асобы Францішка Скарыны, пашыраецца дыяпазон ягоных перамяшчэньняў па Еўропе. Гэта паказвае яго нам чалавекам даволі вядомым, асобай рэнесанснага тыпу. А як вядома, дзеячы Адраджэньня ў той час даволі шмат падарожнічалі па Еўропе, набываючы веды і працуючы ў розных галінах. А яго дзейнасьць у экуменічным кірунку сьведчыць пра шырыню сьветапогляду, пра яго адкрытасьць. Тое, што ён мог удзельнічаць у важнай місіі, у справе паяднаньня падзеленых частак хрысьціянства напярэдадні новага падзелу, які несла блізкая Рэфармацыя, надае яшчэ большую веліч ягонай постаці», — упэўнены навуковец.
 
Доктар медыцыны і свабодных навук, магчымы ўдзельнік дыспутаў з Парацэльсам — вядомым містыкам XVI стагоддзя, і Марцінам Лютэрам, безумоўна, велічная, але і таямнічая постаць — усё гэта Францішак Скарына. Алесь Жлутка прызнаецца, ісьці крок за крокам па сьлядах першадрукара — гэта нібы разблытваць дэтэктыў, фінал якога на сёньняшні дзень невядомы, бо нават месца, дзе памёр Скарына — пакуль дакладна невядомае. Затое можна амаль з пэўнасьцю ўзнавіць зьвесткі пра першую палову жыцьця, у прыватнасьці пра тое, дзе Скарына атрымаў першапачатковую адукацыю і рэлігійныя веды. Названы ён быў у гонар сьв. Францішка Асізскага — патрона кляштару бернардынцаў у Полацку, пры якім і атрымаў веды ў лаціне, а веды ў праваслаўнай традыцыі і ў старабеларускай кніжнай мове – пры адным з полацкіх праваслаўных манастыроў.
 
Стала больш вядома і пра яго магчымага нашчадка Яна Хрызастома Скарыну. У першым зборніку дакументаў, датычных першадрукара, выдадзеным у 1988 годзе, зьмешчаны адзін з іх, датаваны там 1558 годам. Алесю Жлутку ўдалося ўдакладніць зьвесткі пра яго паходжаньне і дату. «Дакумент гэты быў выдадзены кардыналам Стэфанам Борджыя, які нарадзіўся ў 1731 годзе і памёр у 1804 годзе. У дакуменце Борджыя названы сакратаром Кангрэгацыі пашырэньня веры, а стаў ён ім у 1770 годзе. Яшчэ адна рэалія, якая фігуруе ў гэтым дакуменце, гэта тое, што Ян Хрызастом Скарына скончыў гэты “Collegium Urbanum” і меў рэкамендацыю да Полацкага архібіскупа. Гэты калегіюм быў закладзены ў 1627 годзе. Такім чынам, сапраўдная дата выданьня гэтага дакументу адсоўваецца з 1558 году амаль на два стагоддзі пазьней, ён мог зьявіцца толькі ў прамежку паміж 1770 і 1804 годам», — мяркуе навуковец.
 
Усе новыя зьвесткі абавязкова будуць апублікаваныя: навукоўцы плануюць выдаць новы зборнік дакументаў пра жыцьцё і дзейнасьць Скарыны, і, магчыма, ён убачыць сьвет ужо ў 2017 годзе. «Запланавана выданьне на новых археаграфічных прынцыпах і адпаведным навуковым узроўні, бо за мінулы з папярэдняга выданьня час зьявіліся новыя зьвесткі, былі знойдзеныя новыя дакументы. Таксама будуць папраўлены ўжо апублікаваныя дакументы, будуць дададзеныя факсіміле і каментары. Трэба проста на новым факталагічным узроўні прадставіць і асэнсаваць асобу Скарыны», — лічыць Алесь Жлутка.
 
Асэнсаваць постаць Скарыны яшчэ трэба будзе многім, і нагода адпаведная ёсьць: у 2017 годзе ўвесь сьвет адзначыць юбілей першай друкаванай Бібліі Скарыны. Дарэчы, праца па вывучэньні яго біяграфіі вядзецца цяпер шматлікімі ўстановамі Беларусі, а ўлічваючы веліч і знакамітасьць гэтай постаці, узьнікла нават ідэя надаць нацыянальнаму аэрапорту імя Францішка Скарыны.
 
Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Гл. таксама:
14.02.2019
У Менску, успамінаючы настаўнікаў славянаў сьв. Кірылу і Мятода, адзначылі 70-годдзе Апостальскага Візітатара БГКЦ
10.08.2017
У Менску прайшло духоўна-асьветніцкае сьвята ў гонар Скарыны
18.11.2016
Першаярарх УГКЦ сустрэўся з Рымскім Архірэем
31.10.2014
Усходнія Каталіцкія Цэрквы павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу праўды і любові
31.01.2012
Ватыкан лічыць, што дыялог з пяцідзясятнікамі магчымы