Пошук
Гісторыя Царквы
23.12.2011
Гісторыя адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі
 
Кароткі агляд гісторыі адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі ад пачатку 20 стагоддзя да нашых дзён.
 
Неяк раней нават не задумваўся, наколькі шмат зьвязана з гісторыяй Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі ў 20 ст. выдатных постацяў гісторыі нашай краіны і сапраўдных сьведкаў веры. Цэлы шэраг сьвятароў, якія мелі дачыненьне да ідэі адраджэньня Уніі ў Беларусі сталі мучанікамі, прайшлі праз лагеры і перасьлед, як савецка-бальшавіцкіх уладаў, так і польскіх, акупацыйных нямецкіх. А нават тыя, што проста аддана працавалі на сваіх парафіях, такія як а. Вячаслаў Аношка (яго, праўда, таксама ледзь не расстралялі партызаны ў вайну, каб не заступіліся людзі), а. Баляслаў Пачопка (і яго допыты НКВДыстаў давялі да заўчаснай сьмерці), і праз многія дзесяцігоддзі ў памяці людзей, сярод якіх яны служылі, застаюцца прыкладам сапраўднага сьвятарскага служэньня. Ня раз пра іх мне даводзілася чуць такое: «Вось гэта быў сьвятар! Сьвяты чалавек! Больш такіх ня будзе!» І гэтая памяць простых людзей значна больш важная, чым тое, што напішуць (і ці напішуць?) пра іх гісторыкі...
 
У гісторыі адраджэньня Уніі ў Беларусі, як 75-85, так і 15-20 гадоў таму былі і тыя (сьвятары ды вернікі), хто спачатку сэрцам адгукнуўся на запавет-заклік Хрыста «каб усе былі адно», але потым, у сілу розных сваіх расчараваньняў, слабасьцяў ці спакусаў, адыйшоў туды, дзе прасьцей, утульней, дзе менш спакусаў і выпрабаваньняў. Толькі ці шмат хто пра такіх ведае і помніць сёньня? Таму тут найперш не пра іх, а пра тых, хто імкнуўся ствараць, незважаючы на абставіны, ЖЫЦЬ у Еднасьці, ды пра тое, што рабілі і прагнулі зрабіць, чаго ўрэшце дасягнулі.
 
Пачатак 20 стагоддзя
 
Пасьля выданьня ўказу пра верацярпімасьць у Расейскай імперыі ў 1905 г. больш за сто дваццаць тысячаў вернікаў, некалі гвалтоўна запісаных з уніятаў у праваслаўныя, а таксама іх нашчадкі перайшлі на каталіцызм лацінскага абраду (адраджаць уніяцтва было па-ранейшаму забаронена).
 
Тым ня менш, ужо на пачатку XX ст. былі першыя спробы адраджэньня Уніі ў Беларусі, яшчэ да 1-й Сусьветнай вайны. На гэтай ніве працавалі пачынальнік беларускага адраджэньня Іван Луцкевіч, які кантактаваў з Галіцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, беларуская паэтка і грамадзкая дзяячка Алаіза Пашкевіч-Цётка, якая, жывучы ў Львове, падрыхтавала да выданьня беларускі ўніяцкі малітоўнік для дзяцей і іншыя. Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі накіраваў у 1908 г. адмысловае пасланьне да вернікаў на тэрыторыі былых уніяцкіх япархіяў у Беларусі, якія ён па-ранейшаму лічыў нескасаванымі ў выніку Полацкага сабору 1839 г. Ён нават зьдзейсьніў таемнае падарожжа па гарадах Беларусі пад выглядам сьвецкай асобы. Разам з Іванам Луцкевічам ён падрыхтаваў праект набыцьця зямлі на Барысаўшчыне з мэтаю перасяленьня туды безьзямельных грэка-католікаў з Галіцыі, каб яны дапамаглі адрадзіць там Унію беларусам. Царскія ўлады перашкодзілі гэтаму праекту, аднак ня выключана, што ён быў рэалізаваны на Палесьсі ў в. Гарадная (Столінскі раён), дзе сапраўды поруч з мясцовым насельніцтвам дагэтуль жывуць «галіцыяне» — нашчадкі грэка-каталіцкіх перасяленцаў з Галіцыі. Мітрапаліт А.Шаптыцкі прызначыў расейскага сьвятара а. Аляксея Зерчанінава, якія прыняў грэка-каталіцтва, апекавацца ўсімі вернікамі-уніятамі на тэрыторыі Расейскай імперыі, у тым ліку і беларусамі.
 
Спробы адраджэньня Уніі ва Ўсходняй Беларусі
 
Ва Ўсходняй Беларусі, якая была пад Саветамі, у першай палове 1920-х гг. спробы адрадзіць Унію рабілі рыма-каталіцкі дэкан з Магілёва а. Язэп Белагаловы і расейскі грэка-каталіцкі Экзарх а. Леанід Фёдараў, біскуп Баляслаў Слосканс. Леаніду Фёдараву (цяпер ён блаславёны Каталіцкай Царквы) 18 студзеня 1923 мітрапаліт А.Шаптыцкі даручыў часовае кіраваньне ўсімі католікамі ўсходняга абраду ў Беларусі на правах экзарха з усімі належнымі правамі і прывілеямі аж да прызначэньня сталага адміністратара. У 1923-1926 гг. у Магілёве, а таксама ў навакольных вёсках і мястэчках (Фашчаўка, Сафіеўка) былі адслужаны а. Леанідам Фёдаравым грэка-катліцкія Боскія Літургіі, якія выклікалі моцны рэлігійны ўздым і вялікую цікавасьць да адраджэньня Уніі. На жаль, экзарх Л. Фёдараў быў хутка арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі (двойчы — у 1923 г. і 1926 г.) за сваю місіянерскую дзейнасьць. Ёсьць зьвесткі, што спробы служыць у візантыйскім абрадзе для вернікаў-католікаў рабілі іншыя сьвятары, напрыклад малады расейскі сьвятар а. Епіфан Акулаў у Віцебску, які прыязджаў з Петраграда.
 
Унія за польскім часам
 
Сапраўднае адраджэньне Уніі пачалося ў 1920-ых гадах у Заходняй Беларусі, якая трапіла ў склад Польшчы.
Усходняя місія айцоў-езуітаў у Альбярціне пад Слонімам. Фота міжваеннага часу. Так выглядала некалі грэка-каталіцкая царква, на якую цяпер праваслаўныя насадзілі выключна непрывабную цыбуліну-чалму.
Цэнтрам адраджэньня Уніі стаў Альбярцін (каля Слоніма), дзе была створаная Ўсходняя місія айцоў езуітаў. У Заходняй Беларусі было створана каля двух дзясяткаў парафіяў славяна-візантыйскага абраду, якія ня мелі свайго ярарха, але падпарадкоўваліся мясцовым лацінскім біскупам (Віленскаму, Пінскаму і Падляшскаму). У гісторыі гэтае адраджэньне ўніяцтва атрымала назву «неаунія».
 
Выдатнымі беларускімі сьвятарамі таго часу зьяўляюцца а. Баляслаў Пачопка (колішні рэдактар першай беларускай хрысьціянскай газеты «Biełarus», дырэктар першай беларускай настаўніцкай семінарыі ў Сьвіслачы, які стаў адным з першых беларускіх каталіцкіх сьвятароў візантыйскага абраду), а. Вячаслаў Аношка, манах-езуіт а. Антон Неманцэвіч (выдавец беларускага ўніяцкага штомесячніка “Да Злучэньня”), а. Антон Дамброўскі, SJ, а. Леў Гарошка, а. Васіль Гапановіч і інш. Таленавітымі, дзейнымі і руплівымі душпастырамі ўніятаў у Альбярціне былі сьвятары небеларускага паходжаньня, якія ў сваёй душпастырскай дзейнасьці выкарыстоўвалі беларускую мову: а. Уладзімір Пянткевіч, SJ, а. Іван Гермацюк, а. Марцэлі Высакінскі і а. Вальтар Цішак, SJ (вязень ГУЛАГу, адносна яго ў ЗША распачаты беатыфікацыйны працэс). У былой рэзідэнцыі
Базыльянская царква ў Таракані (Драгічыньскі р-н), дзе некалі была рэзідэнцыя генерала Літоўскай правінцыі айцоў-базыльянаў. Сёньня не існуе.
генерала Літоўскай правінцыі базыльянаў Таракані на Палесьсі адданым душпастырскім служэньнем запомніўся вернікам а. Данат Навіцкі — удзельнік сьвецкай дамініканскай супольнасьці візантыйскага абраду ў Маскве, вязень Салавецкіх лагероў, высьвячаны там на сьвятара біскупам Баляславам Слоскансам).
Апекавацца парафіямі славяна-візантыйскага абраду на тэрыторыі Валыні, Падляшша і Палесься было даручана Апостальскаму Візітатару біскупу Мікалаю Чарнецкаму, CSsR. Ён ня раз правіў Боскія Літургіі ў многіх уніяцкіх парафіях Заходняй Беларусі. (Цяпер Мікалай Чарнецкі, які мужна прайшоў праз допыты і катаваньні ў савецкіх турмах, выпрабаваньні сталінскіх лагероў, праслаўлены ў Каталіцкай Царкве як біскуп-сьвятамучанік.) Прыкладалі намаганьні распачаць служэньне ў візантыйскім абрадзе беларускія марыяне з Друі (а. Фабіян Абрантовіч, а. Андрэй Цікота, а. Язэп Германовіч і інш.) аднак польскія ўлады (як сьвецкія, так і царкоўныя) зрабілі ўсё, каб абмежаваць іх дзейнасьць у Заходняй Беларусі, ня даць разгарнуць ім місійную працу ды выслаць іх падалей з Заходняй Беларусі на місію ў Харбін, Манчжурыя. Там, зрэшты, яны і працавалі для справы Еднасьці і далі сваё мужнае сьведчаньне веры, калі трапілі пасьля вайны ў ГУЛАГ.
 
17 верасьня 1939 году Кіева-Галіцкі мітрапаліт Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэй Шаптыцкі на падставе паўнамоцтваў, наданых яму папам Піем Х у 1908 годзе, заснаваў Беларускі Экзархат ГКЦ і прызначыў часовым кіраўніком Экзархату біскупа М.Чарнецкага. Праз год, у кастрычніку 1940 году, першым беларускім Экзархам быў прызначаны айцец Антон Неманцэвіч. Сядзіба Экзархату месьцілася ў Альбярціне пад Слонімам, дзе знаходзілася Ўсходняя місія айцоў езуітаў. Прызначэньне а. А.Неманцэвіча пацьвердзіў прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кард. Э.Тысэран у сваім лісьце ад 22 сьнежня 1941 году. У помач Экзарху была створана Рада Беларускага экзархату ГКЦ з трох сябраў: намесьнікам Экзарха стаў айцец Леў Гарошка, сябрамі Рады — айцец Іван Гермацюк і айцец Вячаслаў (Вацлаў) Аношка.
 
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР Грэка-Каталіцкая Царква апынулася пад моцным ціскам уладаў. На пачатак 1941 году засталося толькі 3 парафіі і яшчэ некалькі невялікіх асяродкаў вернікаў. Падчас нямецкай акупацыі айцец Экзарх Антон Неманцэвіч быў арыштаваны за сваю місійную дзейнасьць. Зьнясілены, ён памёр ад тыфу ў 1943 годзе як мучанік у турме СД у Менску.
 
Паваенны час
 
Пасьля Другой сусьветнай вайны і ліквідацыі Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1946 годзе яе структураў ў Беларусі афіцыйна не існавала, аднак працягвалася жыцьцё ў падпольлі. Час ад часу ў Беларусь прыязджалі ўкраінскія манахі-базыльяне, якія дзейнічалі ў падпольлі і таемна служылі набажэнствы на кватэрах у сем’ях вернікаў і ў касьцёлах (Лагішын, Слонім, Індура). У Пінску пры касьцёле служылі некалькі грэка-каталіцкіх манахіняў з Задзіночаньня Сясьцёр «Дзеці Марыі». Апошняя зь іх памерла ў сярэдзіне 1980-ых. Пра гэтыя факты пакінуў кароткія сьведчаньні кс. Станіслаў Рыжка ў сваіх успамінах. У пасьляваенны перыяд легальнае жыцьцё Царквы перанеслася на Захад, дзе былі створаныя беларускія грэка-каталіцкія асяродкі: у Лондане, Парыжы, Чыкага, Лювэне, Рыме і інш. Пасьля вайны ў жывых заставаліся 2 сябры Рады Экзархату. Намесьнік Экзарха а. Леў Гарошка, які жыў у Парыжы і Лондане, захоўваў архіў беларускага Экзархату ГКЦ. Аднак дзейнічаць ад імя Беларускага экзархату ГКЦ па-за межамі Беларусі яны ўжо не маглі.
 
Ад 1976 году сістэматычную апостальскую працу ў Беларусі падпольна праводзіў айцец Віктар Данілаў, высьвячаны на грэка-каталіцкага сьвятара ў 1976 годзе ў Львове Зьверхнікам УГКЦ у падпольлі архібіскупам Уладзімерам Стэрнюком. Цэнтрам місійнай дзейнасьці айца В. Данілава была Горадня. Ён езьдзіў на місіі ў Вільню, Рыгу, у Сібір.
 
Ад 1989 да нашых дзён
 
Пачынаючы з 1989 году — пры лібералізацыі грамадзкага і рэлігійнага жыцьця — групы студэнцкай моладзі і інтэлігенцыі, зацікаўленыя ідэяй Уніі, пачалі адраджэньне БГКЦ. 11 сакавіка 1989 г. у Кальварыйскім касьцёле ў Менску а. Аляксандар Надсан адслужыў першую ў беларускай сталіцы за 150 гадоў пасьля скасаваньня Уніі ў 1839 г. публічную каталіцкую багаслужбу ў візантыйскім абрадзе (па-беларуску). Гэты дзень лічыцца пачаткам адраджэньня рэлігійнага і малітоўнага жыцьця Грэка-Каталіцкай Царквы ў сучаснай Беларусі.
 
Першая пасьля 2-й Сусветнай вайны грэка-каталіцкая парафія ўтварылася ў Менску ў верасьні 1990 году. Адмысловую грамату з пацьверджаньнем гэтага даў архібіскуп УГКЦ Уладзімір Стэрнюк, які разам з івана-франкоўскімі біскупамі Сафронам Дмытэркам і Сафронам Мудрым напачатку ўзяў пад асабістую апеку адраджэньне грэка-каталіцтва ў Беларусі.
 
Айцец Ян Матусевіч на аўдыенцыі ў Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Сьнежань, 1990.
У 1990 а. Ян Матусевіч стаў парахам першай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску. Айцец Ян Матусевіч спачатку быў праваслаўным сьвятаром (каталіцкім сьвятаром у часы СССР ён стаць ня змог), які пасьля пераходу ў 1979 годзе ў каталіцтва быў прызначаны ў Віленскую архідыяцэзію пробашчам у рыма-каталіцкую парафію сьв. апосталаў Пятра і Паўла ў м. Баруны Ашмянскага р-ну (сёньня — Гарадзенская дыяцэзія). У гэтай парафіі, дзе некалі месьціўся адзін з важных асяродкаў Уніяцкай Царквы і захаваўся прыгожы барочны комплекс былога базыльянскага манастыра з цудатворнай іконай Маці Божай Барунскай, а. Ян Матусевіч служыў з 1979 па красавік 1990 году. Адным з першых у 1988 годзе ён пачаў служыць сьвятую Імшу на беларускай мове, а таксама пачаў удзяляць хрост ва ўсходнім абрадзе маладым беларусам, якія прагнулі аднаўленьня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. 12 лістапада 1989 году ўніяцкая моладзь і інтэлігенцыя прысутнічалі на сьвяце, якое ён зладзіў у Барунах у гонар мучаніка за Унію сьвятога Язафата (Кунцэвіча).
 
Падчас сваёй сьвятарскай дзейнасьці а. Ян Матусевіч неаднаразова зьведаў ціск і перасьлед з боку КГБ. Адразу пасьля пераходу ў Каталіцкую Царкву паўгода ўлады не давалі яму працавць на парафіі ў Барунах, выклікалі на размовы і пагражалі, што пасадзяць за здраду Радзіме, бо ён, нібыта, стаў агентам Ватыкану і ЦРУ.
 
Пасьля цяжкай аўтамабільнай аварыі да траўня 1991 году а. Ян Матусевіч з дазволу Апостальскага адміністратара Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча знаходзіўся ў адпачынку па стану здароўя. Затым ён вырашыў цалкам прысьвяціць сваё сьвятарскае служэньне справе адраджэньня Уніі ў Беларусі.
 
У чэрвені 1991 году ён быў прыняты ардынарыем Івана-Франкоўскай грэка-каталіцкай япархіі біскупам Сафронам Дмытэркам пад ягоную юрысдыкцыю да канчатковага вырашэньня справы Апостальскай Сталіцай. У 1993 біскуп Сафрон Дмытэрка прызначыў а. Яна Матусевіча на пасаду дэкана Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, таксама да канчатковага вырашэньня справы беларускіх грэка-католікаў Апостальскай Сталіцай. 16 траўня 1994 Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў афіцыйна пацьвердзіла яго правы як параха ў Менску і дэкана БГКЦ.
 
З восені 1993 году айцец Сяргей Гаек быў пасланы ў Беларусь візітатарам-дэлегатам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у справе грэка-католікаў Беларусі, а ў студзені 1994 Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Апостальскім Візітатарам “ad nutum Sanctae Sedis” для грэка-католікаў у Беларусі. У 1996 Кангрэгацыяй Ўсходніх Цэркваў а. Сяргей Гаек быў пастаўлены ў сан архімандрыта і атрымаў архімандрыцкую хіратэсію з рук Мітрапаліта Перамышальска-Варшаўскага Яна (Мартыняка). У лютым 2003 году, падчас візіту ў Рым каталіцкіх ярархаў Беларусі ad limina Apostolorum, Папа Ян Павел II падарыў Архімандрыту Сяргею (Гаеку) біскупскі крыж, а ў 2004 годзе Першаярарх УГКЦ кардынал Любамір Гузар дараваў яму грамату на права нашэньня панагіі і даў літургічны прывілей на бласлаўленьне вернікаў дыкірыем і трыкірыем. На сёньня Архімандрыт Сяргей (Гаек) адзіны ў Каталіцкай Царкве амафорны архімандрыт.
 
Пасьля больш чым 150-гадовага перапынку першым грэка-каталіцкім сьвятаром, высьвячаным на тэрыторыі Беларусі, стаў а. Яўген Усошын з Менску. 17 чэрвеня 2007 году ён быў рукапакладзены дапаможным біскупам Кіеўскай архіяпархіі УГКЦ Багданам Дзюрахам у Маладэчна. Дагэтуль усе беларускія грэка-каталіцкія сьвятары высьвячваліся па-за межамі Беларусі.
 
Колькасьць парафіяў і вернікаў
 
У 2009 годзе Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мела 20 парафіяў (з іх зарэгістраваных — 15, 5 чакала рэгістрацыі), у тым ліку 4 — у Менску, 2 — у Віцебску. БГКЦ мела на гэты час 16 сьвятароў і 2 дыяканы і была прадстаўленая амаль ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і ў многіх вялікіх гарадах: Менск, Віцебск, Берасьце, Горадня, Магілёў, Гомель, Полацак, Баранавічы, Івацэвічы, Маладэчна, Ліда, Пінск, Слонім, Ворша, Мар’іна Горка, Жодзіна.
 
Грэка-каталіцкая царква сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
Робяцца спробы закласьці місійныя пляцоўкі і парафіі ў Ваўкавыску, Сьвіслачы, Барысаве, Бярозе і інш. Па-за межамі Беларусі стала жывуць і служаць 5 беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў.
 
Беларускія грэка-каталіцкія асяродкі і парафіі, разьмешчаныя за межамі краіны: Беларуская каталіцкая місія ў Лондане, (Вялікабрытанія), парафія сьв. мучаніка Язафата Полацкага і Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Антвэрпане (Бельгія), Беларускае грэка-каталіцкае душпастырства Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Празе (Чэхія), у Калінінградзе (Расея) ствараецца беларуская грэка-каталіцкая суполка ў гонар сьв. Еўфрасіньні Полацкай.
 
Грэка-каталіцкая царква ў Віцебску.
Афіцыйна БГКЦ мае толькі 2 культавыя пабудовы — царкву ў Полацку і маленькую капліцу на могілках у Магілёве, урачыста асьвечаную на 400-ыя ўгодкі Уніі падчас візіту ў Беларусь тагачаснага прэфекта Кагрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кард. Акіле Сільвестрыні. У іншых гарадах пабудаваныя душпастырскія цэнтры з капліцамі. З 1999 году дзейнічае грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтар парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці (вул. Дворнікава, 63), дзе месьціцца Рэдакцыя адзінай на сёньня ў Беларусі грэка-каталіцкай газеты «Царква», ёсьць бібліятэка, якой карыстаюцца студэнты і навукоўцы, і вялікая капліца з лавамі ня менш на 80-100 пасадачных месцаў. У канцы чэрвеня 2008 году ў Менску пачаў дзейнічаць Грэка-каталіцкі цэнтар сьвятога Язэпа з капліцай, бібліятэкай па вул. Арджанікідзэ, 6 (раён ст. м. Аўтазаводзкая).
 
У БГКЦ, акрамя двух ераманахаў і адной манахіні студыйскага ўставу, ёсьць таксама тры манахі-рэдэмптарысты з Кангрэгацыі Найсьвяцейшага Адкупіцеля (1 — ужо сьвятар). Ціквасьць да служэньня ў візантыйскім абрадзе была і ў беларускіх марыянаў, але на сёньня ў Беларусі ў гэтым абрадзе служыць толькі архім. Сяргей Гаек.
 
Вернікі
 
Грэка-каталіцкая царква сьв. Параскевы Полацкай у Полацку.
Парафіі БГКЦ малаколькасныя праз адсутнасьць нармальных месцаў для малітвы. У нядзелю на набажэнствах бывае па 15-50 чалавек, якія прадстаўляюць у асноўным інтэлігенцыю і моладзь. Найбольшыя па колькасьці вернікаў парафіі ў Менску, Берасьці, Баранавічах, Івацэвічах, Віцебску, Полацку і Горадні.
 
Дадзеныя па агульнай колькасьці вернікаў, якія перыядычна наведваюць грэка-каталіцкія набажэнствы недакладныя, ацэнкі вагаюцца ад 3 тыс. да 10 тыс. чалавек. Колькасьць актыўна практыкуючых католікаў візантыйскага абраду, якія штонядзелю бываюць на сьвятой Літургіі ў храмах свайго абраду, рэальна складае ў Беларусі каля 500 вернікаў. Значная частка вернікаў візантыйскага абраду, якія былі хрышчаныя ў праваслаўі і прынялі каталіцтва, праз недахоп грэка-каталіцкіх сьвятыняў і душпастыраў, адпаведных (паводле іх разуменьня) месцаў малітвы або праз нежаданьне ці з іншых прычынаў, на жаль, практыкуе ў лацінскім абрадзе (па некаторых ацэнках — да 30 тыс.).
 
Ярархія і падрыхтоўка кадраў
 
На чале дэканату БГКЦ у 1993—1998 стаяў а. протапрасьвітар Ян Матусевіч. Пасьля яго сьмерці дэканам БГКЦ стаў а. Віктар Данілаў з Горадні, які быў на гэтай пасадзе да свайго адыходу на спачын у 2000 годзе. На сёньня ў БГКЦ створаны два дэканаты (протапрасьвітараты) БГКЦ: Усходні протапрасьвітарат імя сьв. Язафата (дэкан — а. Зьміцер Грышан з Віцебску) і Цэнтральна-Заходні протапрасьвітарат імя сьвятамучаніка Мікалая Чарнецкага (дэкан — а. Яўген Усошын з Менску).
 
Беручы пад увагу той факт, што заснаваны мітрапалітам А. Шаптыцкім у 1939 годзе Беларускі Экзархат для грэка-каталікоў Апостальская Сталіца ў Рыме ніколі не скасоўвала, лічыцца, што Экзархат юрыдычна існуе, але застаецца без свайго біскупа-ардынарыя да сёньняшняга дня, і падпарадкоўваецца, такім чынам, наўпрост Апостальскай Сталіцы, але ёсьць і супрацьлеглыя погляды, паводле якіх БГКЦ не зьяўляецца Царквою свайго права (Sui iuris) і толькі чакае атрыманьня гэтага статусу ад Рыму.
 
Рымскім Апостальскім Пасадам для грэка-каталікоў у Беларусі ў студзені 1994 году прызначаны Апостальскі Візітатар «ad nutum Sanctae sedis» — архім. Сяргей Гаек, а Візітатарам-дэлегатам для беларускіх каталікоў у замежжы зьяўляецца мітрафорны протаярэй а. Аляксандар Надсан. Архімандрыт Сяргей (Гаек) прадстаўляе БГКЦ на кансультацыйных сустрэчах усходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы (CHOCE) і ў Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.
 
У склад духавенства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы паводле стану на канец 2011 году ўваходзіць 13 сьвятароў: а. Андрэй Абламейка (на дадзены момант студыюе ў Аўстрыі і апякуецца вернікамі ў Празе), а. Андрэй Буйніч (Ліда, Слонім, Івацэвічы), протапрасьвітар а. Зьміцер Грышан (Віцебск, Ворша), ераманах Пахом Кавалёў (Менск і вобласьць), а. Ігар Кандрацьеў (Берасьце, Пінск), а. Андрэй Крот (Горадня, Ваўкавыск), а. Яўген Маліноўскі (Баранавічы), ераманах Антон Нікалаеў (пакуль служыць ва Ўкраіне), ераманах Лявонці Тумоўскі (цяпер студыюе ў Рыме), протапрасьвітар а. Яўген Усошын (Менск і вобласьць), а. Аляксандар Шаўцоў (Полацак), а. Аляксандар Шыбека (Менск), а. Васіль Ягораў (Магілёў, Гомель).
 
Айцец Аляксандар Надсан, які жыве ў Лондане — адна са знакавых постацяў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, яго мудрае і простае Слова, скіраванае да вернікаў у Беларусі, знайшло водгук у сэрцах многіх людзей, а яго пераклады літургічных тэкстаў Усходняй Царквы на беларускую мову — вялікі скарб ня толькі для БГКЦ.
 
Акрамя а. Аляксандра Надсана (Вялікая Брытанія), у замежжы стала жывуць и служаць сьвятары а. Ян Майсейчык (Бельгія), а. Ігар Лабацэвіч (ЗША), а. Сяргей Стасевіч (Вялікая Брытанія). Для беларускіх грэка-католікаў па-за межамі Беларусі перыядычна таксама служаць набажэнствы па-беларуску а. Пётр Мартэн (Польшча, Варшава) і а. Кірыла Міронаў (Расея, Санкт-Пецярбург).
 
Беларускія грэка-каталіцкія семінарысты праходзяць фармацыю і навучаньне ў духоўных установах Украіны (Львоў, Івана-Франкоўск), Польшчы (Драгічын), Італіі (Рым). На канец 2011 году ў розных духоўных навучальных установах праходзяць фармацыю 7 семінарыстаў БГКЦ, у тым ліку два манахі-рэдэмптарысты.
 
Ігар Бараноўскі
http://jacviah.livejournal.com/35592.html
Гл. таксама:
16.08.2016
Чаму Мітрапаліт Павел узгадаў пра Унію?
20.02.2016
Тэлепраграма «Існасьць». Пра Грэка-Каталіцкую Царкву ў Беларусі
17.11.2015
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане
17.04.2015
Пра айца Аляксандра Надсана: як працаваць з надзеяй у безнадзейны час
13.03.2015
Каталіцкія ярархі Беларусі павіншавалі беларускіх грэка-католікаў з 25-годдзем аднаўленьня адкрытай дзейнасьці