Пошук
Гісторыя Царквы
08.03.2019
Месца для спонсара і імітацыя багацьця: што малявалі на беларускіх абразах
 
У Нацыянальнай акадэміі навук захоўваецца ўнікальная калекцыя абразоў, кожны з якіх — сапраўдная каштоўнасьць.
 
Навуковы супрацоўнік Музею старажытнабеларускай культуры Цэнтра дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Галіна Флікоп-Сьвіта правяла сьпецыяльную экскурсію для Sputnik, падчас якой распавяла аб самых знакавых абразах з калекцыі музею.
 
Абразы з калекцыі Музею старажытнабеларускай культуры.
«Безумоўна, кожны абраз, прадстаўлены ў экспазіцыі, для нас па-свойму каштоўны, але ёсьць тыя, якія можна вылучыць з агульнай колькасьці па пэўных прычынах, напрыклад, як унікальны прадмет пэўнай эпохі ці рэгіёну», — падкрэсьліла сьпецыяліст.
 
На першы погляд абразы падаюцца даволі складанымі і цяжкімі для разуменьня творамі мастацтва, але за кожным свая таямніца і цікавая гісторыя. Ёсьць у музеі ўнікальныя прыклады іканапісу XVI стагоддзя, якія па ўсёй краіне можна пералічыць па пальцах. На некаторых абразах народныя майстры дамалёўвалі выяву фундатара, які дапамог грашыма ў стварэньні абраза ці даў сродкі на стварэньне шатаў — металічнага ўпрыгажэньня.
 
Самыя цікавыя абразы з Музею старажытнабеларускай культуры і іх ня менш цікавыя гісторыі — у фотастужцы.
 
Самыя старажытныя захаваныя беларускія абразы датуюцца XV стагоддзем, але такіх прыкладаў вельмі мала на ўсю краіну. Калекцыя музея пачынаецца з XVI стагоддзя. На фота адзін з іх — абраз «Маці Божая Адзігітрыя», знойдзены ў вёсцы Зьдзітава Берасьцейскай вобласьці. У гэты перыяд прасочваецца моцная сувязь з візантыйскім мастацтвам, але пры гэтым помнік сьведчыць ужо пра фармаваньне ў той час самабытных традыцыяў беларускага іканапісу.
 
Побач з праваслаўнай Маці Божай Адзігітрыяй — алтарная карціна «Пакланеньне вешчуноў» з касьцёлу ў Дрысьвятах Віцебскай вобласьці. Таксама датуецца XVI стагоддзем. Абраз быў перапісаны ў XVII стагоддзі, у тыя часы гэта было нармальнай практыкай. Дамалявалі на абразе фундатара, які выдаткаваў грошы на стварэньне металічных шатаў. Металёвым упрыгажэньнем аздобілі ня толькі выявы сьвятых, але і самога фундатара.
 
Абраз «Сьвятая Параскева» 1646 году знойдзены ў вёсцы Пескі Гарадзенскай вобласьці. Ён унікальны тым, што датаваных абразоў з Гарадзеншчыны ўвогуле захавалася вельмі мала.
 
Абраз «Маці Божая Замілаваньне» — самы стары з датаваных абразоў у калекцыі музею. Створаны ён ў 1644 годзе.
 
Абразы Тамаша Міхальскага — «Узьнясеньне» 1751 году і «Сьвяты Анупрэй» XVIII стагоддзя знойдзены ў вёсцы Дывін Берасьцейскай вобласьці. Іх каштоўнасьць менавіта ў тым, што яны захавалі для нас імя мастака. Абразоў гэтага іканапісца ёсьць некалькі ў Беларусі, а таксама — ва Ўкраіне: ён працаваў на Палесьсі і Валыні.
 
Абраз «Сьвятая Барбара» — яскравы прыклад таго, як майстры імітавалі багатыя ўпрыгажэньні. Калі прыгледзецца, можна заўважыць, што майстар Ян Васілеўскі, імя якога вядома з надпісу на абразе, паспрабаваў даступнымі яму сродкамі зрабіць імітацыю пад металічную шату. Такім чынам падкрэсьлівалі каштоўнасьць абраза, калі на гэта не было грашовых сродкаў.
 
Абраз «Маці Божая Крывошынская» з каталіцкага касьцёлу ў Крывошыне з выявамі Ігнація Лаёлы і Францішака Ксаверыя. Адзін з абразоў у калекцыі музею, які шанаваўся як цудадзейны.
 
Фератрон — працэсійны перанасны алтарык. Яны выкарыстоўваліся ў каталіцкіх касьцёлах і пад уплавым каталіцкай традыцыі распаўсюдзіліся ва ўніяцкіх цэрквах. Калі пад час сьвята адбываўся хросны ход, то прыхаджане выносілі фератрон. У праваслаўнай царкве гэтую функцыю выконваюць крыжы і харугвы. Рабілі фератроны звычайна за сродкі брацтва.
 
На абразе «Маці Божая Лясьнянская» 1852 году намаляваны эпізод пра яго зьяўленьне. Лічылася, што ён зьявіўся на дрэве. Побач — пастушкі, якія паводле легенды і знайшлі абраз.
 
Фота: Sputnik.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
20.05.2016
Выстава беларускіх абразоў у залах Ватыканскіх музеяў
08.03.2014
Канфесіянальныя “франты”, лініі “культурнага разлому” і “доўгая памяць”
11.01.2014
Ці можа ўніяцтва зноў аб’яднаць беларусаў?
13.12.2012
Каб стварыць беларускую царкву ў Лондане, кітаец вывучыў нашу гісторыю