Пошук
Відэа
Рэлігійны канфлікт на Берасьцейшчыне — праваслаўныя патрабуюць зьнесьці каталіцкі крыж
Рэлігійны канфлікт разгарэўся на Берасьцейшчыне. У аграгарадку Белавежскі, што ў Камянецкім раёне, частка праваслаўных патрабуе зьнесьці каталіцкі крыж.

Мясцовыя каталікі зьвярнуліся да ўладаў з просьбай усталяваць крыж яшчэ ў студзені 2014 году, але не дачакаўшыся адказу – самавольна ўсталявалі крыж на ў’езьдзе ў аграгарадок.

Крыжы праваслаўны і каталіцкі, маглі б стаяць побач нікому не замінаючы, — такое можна пабачыць па ўсёй Беларусі, — каб не сьвятар мясцовай праваслаўнай царквы, якому каталіцкі крыж не дае спакойна жыць.

Што рабіць далей з каталіцкім крыжам вырашалася на адмысловым сходзе жыхароў Белавежскага. Пасьля доўгіх спрэчак залу пакінулі прадстаўнікі каталіцкай паствы, якія адмыслова не рэагавалі на рэзкія выказваньні некаторых прадстаўнікоў праваслаўнага боку. У выніку рашэньне наконт далейшага лёсу каталіцкага крыжа будуць прымаць сьвецкія ўлады.

З 2,5 тыс. жыхароў Белавежскага супраць крыжа выступае толькі частка прыхаджанаў РПЦ. Астатнім праваслаўным вернікам пасёлку крыж зусім не замінае.

У суседнім горадзе Высокае крыжы двух канфесіяў стаяць побач шмат гадоў, і ніяк ня свараць людзей.

Спрадвеку ў Беларусі мірна жылі прадстаўнікі розных канфесіяў. І ёсьць надзея, што і ў Белавежскім агонь канфлікту будзе загашаны, а крыж ня стане яблыкам разладу.

Алесь Ляўчук, «Белсат»