Пошук
Відэа
Паніхіда ў памяць уніятаў у Вяда
25 жніўня 2016 году грэка-католікі з Івацэвічаў, Берасьця, Баранавічаў, Менску і Ліды ўшанавалі памяць зьнішчаных падчас карнай аперацыі ў верасьні 1942 г. жыхароў в. Вяда і сумежнай з ёй в. Тупічыцы з Бабровіцкай уніяцкай парафіі. Паніхіду ля памятнага крыжа па бязьвінных ахвярах вайны адслужыў а. Андрэй Абламейка.

Вёскі Вяда і Тупічыцы, якія знаходзіліся на ўсходнім беразе Бабровіцкага возера (Івацэвіцкі раён), былі аднымі з самых старажытных паселішчаў у рэгіёне, мелі цікавую і насычаную гісторыю. Вёска Вяда вядомая паводле гістарычных дакументаў з 1433 г. А ў 1971 г. тут нават выявілі паселішча каменнага веку, якое археолагі грунтоўна дасьледавалі ў 1989 г.

У міжваенны час Вяда і Тупічыцы належылі да ўніяцкай парафіі ў Бабровічах, душпастырам якой зьяўляўся выдатны беларускі культурна-асьветны і рэлігійны дзяяч а. Баляслаў Пачопка.

13 верасьня 1942 г. гэтыя вёскі разам з усімі жыхарамі былі зьнішчаныя карнікамі падчас аперацыі "Балотная ліхаманка". У вёсцы Вяда было спалена 86 двароў і 217 жыхароў, у Тупічыцах — 43 двары і 143 жыхары. Пасьля вайны гэтыя старажытныя вёскі ўжо не адрадзіліся.

Гэтае месца сёньня знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі ад людзей. Дабрацца ў гэтыя мясьціны можна або праз Бабровіцкае возера, або праз балоцістыя мясьціны, даступныя толькі ў вялікую сушу.

Вось ужо больш за сем дзесяцігоддзяў на месцы зьнішчаных вёсак пануе забыцьцё. І нават сьціплы абеліск, пастаўлены яшчэ ў 1965 г. на месцы спаленай вёскі, быў ужо зусім у заняпадзе. Яшчэ і сёньня на пясчаным узгорку мала што расьце. Аб тым, што тут жылі людзі, месцамі нагадваюць адно зьдзічэлыя грушы. А яшчэ ля помніка моцна разрасьліся кусты шыпшыны, чырвоныя плады якой нагадваюць кроплі крыві, што тут некалі пралілася...

У апошнія гады напрыканцы лета грэка-католікі імкнуцца абавязкова наведаць гэтыя мясьціны, каб памаліцца за душы бязьвінна загінулых у вайну продкаў. Крыж, які паставілі грэка-католікі ў памяць былых уніятаў з вёсак Вяда і Тупічыцы ў канцы 1990-х, прымусіў і ўлады абнавіць стары мемарыяльны знак. Яго замянілі ў 2015 г.