Пошук
Відэа
У Берасьці падчас сьвята парафіі ў 420-ыя ўгодкі Уніі асьвяцілі крыж на каплічцы
З нагоды ўспаміну сьв. Апостала Андрэя Першапакліканага, апекуна хрысьціянскага Ўсходу, у суботу і нядзелю 3-4 сьнежня 2016 году ў Берасьці сваё зімовае патранальнае сьвята адзначылі вернікі грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя. Гэтыя ўрачыстасьці сталі таксама завяршэньнем агульнацаркоўнага ўспаміну 420-х угодкаў Берасьцейскай царкоўнай уніі ў БГКЦ.

З нагоды 420-х угодкаў Берасьцейскай царкоўнай уніі да берасьцейцаў на сьвята парафіі і ўрачыстае асьвячэньне крыжа на каплічцы прыехалі госьці з Астраўца, Менску, Івацэвічаў, Віцебску, Полацку, Глыбокага, Магілёву, Пінску, Горадні, Ліды, Гомеля. На сьвяткаваньні ў Берасьці сабраліся каля 90 вернікаў з розных парафіяў Беларусі.

Урачыстую Літургію ў Берасьці ў суботу, 3 сьнежня, узначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). З ім саслужылі сьвятары Заходняга дэканату БГКЦ: душпастыр берасьцейскіх грэка-католікаў а. Ігар Кандрацьеў, дэкан БГКЦ з Ліды а. Андрэй Буйніч, а. Андрэй Крот з Горадні, а. Аляксей Філіпенка з Менску і а. Віталь Быстроў з Івацэвічаў. Дыякан Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў выконваў падчас сьвята дыяканскае служэньне.

З нагоды зімовага парафіяльнага фэсту ў Берасьці і 420-х угодкаў Берасьцейскай царкоўнай уніі перад пачаткам Боскай Літургіі адбылося асьвячэньне па-мастацку зробленага каванага крыжа на каплічцы перад душпастырскім цэнтрам грэка-католікаў Берасьця. Асьвячэньне крыжа зьдзейсьнілі ўсе прысутныя на сьвяце грэка-каталіцкія сьвятары на чале з Апостальскім Візітатарам грэка-католікаў Беларусі Архімандрытам Сяргеем (Гаекам).

Каваны крыж — мастацкая праца каваля з Берасьця Аляксандра Чумакова. Раней, летам гэтага году, ягонымі кавальскімі творамі быў упрыгожаны новы фасад грэка-каталіцкай царквы ў Берасьці.

На працягу году ў парафіях Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы дэвізам сьвяткаваньняў 420-х угодкаў Берасьцейскай царкоўнай уніі былі словы Сымбаля веры «Веру ў адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву». Гэтыя ж словы былі лейтматывам казаньня Апостальскага Візітатара Архімандрыта Сяргея (Гаека) падачс сьв. Літургіі і дэкана БГКЦ а. Андрэя Буйніча падчас сьвяткаваньняў у Берасьці 3 сьнежня 2016 году.

У сваім казаньні Архімандрыт Сяргей яшчэ раз зьвярнуў увагу вернікаў, прысутных на сьвяткаваньні ў парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя — апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу, на словы з Пасланьня Апостальскага нунцыя ў Беларусі Архібіскупа Габара Пінтэра з нагоды 420-годдзя падпісаньня Берасьцейскай уніі: «Берасьцейская унія прывяла да ўмацаваньня духоўнага і культурнага абмену паміж хрысьціянамі з Усходу і іх братамі на Захадзе, што ў сваю чаргу спрычынілася да росквіту культуры, выхаваньня і архітэктуры. /.../ Гэта каштоўная духоўная спадчына ў гісторыі Царквы ў Беларусі.Сёньня, 420 гадоў пасьля падпісаньня Берасьцейскай уніі, мы маем магчымасьць нанова адкрыць для сябе гэтае духоўнае і культурнае багацьце нашай прыналежнасьці да адзінай, сьвятой, каталіцкай і апостальскай Царквы, усьведамляючы сабе адказнасьць быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека. У гэтыя ўрачыстыя дні, дзякуючы Богу за Яго бязьмежную любоў, заклікаю да малітвы аб будаваньні еднасьці паміж хрысьціянамі так, як гэтага прагне наш Госпад».

Пасьля сьвяточнага набажэнства гасьцей урачыстасьцяў чакаў канцэрт цікавага сьпевака, паэта і перакладчыка Арцёма Сітнікава і гурта «Bar Akaryna». Арцём Сітнікаў — лаўрэат конкурсу «Экслібрыс», захапляецца перакладамі рок-паэзіі Барыса Грабеншчыкова і Боба Дылана, сьпявае песьні на хрысьціянскія вершы Рыгора Барадуліна, Кірылы Тураўскага.

Пасьля канцэрту па традыцыі ўсіх удзельнікаў чакаў сьвяточны абед, падчас якога вернікі і сьвятары з розных гарадоў і парафіяў у нязмушанай абстаноўцы маглі яшчэ доўга размаўляць, знаёміцца, задаваць пытаньні сьвятарам і дзяліцца навінамі з жыцьця сваіх супольнасьцяў.

А 4 сьнежня, адразу пасьля нядзельнай сьв. Літургіі, гасьцей парафіяльных сьвяткаваньняў у Берасьці чакала яшчэ адна цікавая сустрэча — з пісьменьнікам, журналістам і бардам Зьмітром Бартосікам. Ён прэзентаваў у Берасьці сваю новую кнігу падарожжаў па розных кутках Беларусі «Быў у пана верабейка гаварушчы», у якой распавядаецца пра цікавыя і трагічныя падзеі ды здарэньні ў лёсах звычайных людзей у няпростым XX стагоддзі.