Пошук
Відэа
Дзеля ўмацаваньня Еднасьці. Мітрапаліт Язэп Руцкі
Мітрапаліт Язэп Вельямін-Руцкі, які прыйшоў на сьвет у маёнтку Рута пад Наваградкам 1574 г. — выдатная постаць у гісторыі Беларусі і Ўніяцкай Царквы: пісьменьнік-палеміст, філосаф, педагог, тэолаг, заснавальнік Ордэну базыльянаў. Яго называлі Атлантам Уніі.

З імем мітрапаліта Язэпа Руцкага зьвязанае ўмацаваньне Ўніяцкай Царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім і ва ўсёй Рэчы Паспалітай, час яе росквіту і заўважнага ўплыву на духоўнае жыцьцё беларусаў і ўкраінцаў. У асобе мітрапаліта Язэпа Руцкага арганічна спалучаліся талент тонкага дыпламата, майстэрства літаратара, рэдкія здольнасьці практыка-арганізатара і царкоўнага лідара, сапраўднага бацькі Царквы, здатнага бачыць персьпектывы, грунтоўна рыхтаваць і праводзіць глыбокія неабходныя рэформы.

Сёлета адзначаецца 380-я гадавіна завяршэньня зямнога жыцьця мітрапаліта Язэпа Вельяміна-Руцкага (+1637). З удзячнасьцю Богу ўзгадваем мітрапаліта Язэпа Руцкага і ягоную рэформу ўсходняга манаства. 400 гадоў таму (у 1617 г.) ён рэарганізаваў адданых справе царкоўнай еднасьці манахаў і стварыў Ордэн базыльянаў. Ім ён даверыў арганізацыю школьніцтва паводле еўрапейскіх хрысьціянскіх стандартаў.

Фільм Сяргея Раюнца «Дзеля ўмацаваньня Еднасьці» быў падрыхтаваны, каб дапамагчы сучасным вернікам бліжэй пазнаёміцца з постацьцю і спадчынай выдатнага ўніяцкага мітрапаліта.