Пошук
Архіў навін

19.04.2011

 

Сірыйска-малабарскі ярарх: трактуеце нас несправядліва

Такая скарга была выказана Рымскаму Архірэю Бенядыкту XVI Адміністратарам Сірыйска-Малабарскай Каталіцкай Царквы падчас візіту ў Апостальскую Сталіцу і расповеду пра стан сваёй Царквы. Ярарх гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы выказаў яе ня ў адрас уладаў Індыі, а ў бок Рымскай курыі і многіх біскупаў лацінскага абраду ў гэтай краіне, паведамляе каталіцкая інфармацыйная служба CNS (Catholic News Service). 

Як сьцьвярджае ўладыка Боска Путхур (Bosco Puthur), дапаможны біскуп Эрнакулам-Ангамалі, хоць іншыя хрысьціяне і вызнаўцы іншых рэлігіяў у Індыі цешацца свабодай будаваць цэрквы і зьдзяйсьняць богаслужэньні паўсюль у краіне, Усходнія Каталіцкія Цэрквы ня могуць гэтага рабіць і, як гэта не парадаксальна, перашкаджае ім у гэтым зусім не дзяржавва, а ўласныя царкоўныя ўлады. Біскуп Путхур, які пасьля сьмерці Вярхоўнага Архібіскупа Сірыйска-Малабарскай Каталіцкай Царквы кардынала Варкея Вітхаятхіла (Varkey Vithayathil), што памёр 1 красавіка 2011 году, зьяўляецца Адміністратарам Царквы, размаўляў пра гэтую балючую праблему, якая наносіць крыўду Царкве, з Бенядыктам XVI 7 красавіка 2011 году, напрыканцы візіту «ad limina» сірыйска-малабарскіх біскупаў.
 
Як правіла, зьверхнікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, такіх як Сірыйска-Малабарская Царква, карыстаюцца поўнай свабодай абіраць біскупаў і ўстанаўліваць япархіі толькі на сваіх традыцыйных царкоўных тэрыторыях. Ва ўсіх жа іншых выпадках яны вымушаны чакаць і пакладацца на рашэньне папы, які кансультуецца з біскупамі лацінскага абраду адпаведнага рэгіёну.
 
У выпадку Сірыйска-Малабарскай Царквы Ўладыка Путхур нагадаў Папе Бенядыкту XVI, што традыцыйнай тэрыторыяй гэтай Царквы была ўся Індыя да таго часу, пакуль у 15 стагоддзі там не зьявіліся місіянеры лацінскага абраду. У выніку цяпер кожны вернік, які жыве па-за межамі штату Керала падлягае ўладзе мясцовага біскупа лацінскага абраду. «Мы перакананыя, што гэта будзе падрываць крэдыт даверу да Апостальскаага Пасаду, калі гэтыя правы на юрысдыкцыю ня будуць адноўленыя ў сваім некранутым выглядзе», –- сказаў біскуп.
 
Паводле інфармацыі CNS, усходне-каталіцкі ярарх з Індыі ў сваім дакладзе пра стан сірыйска-малабарскіх япархіяў падаў Рымскаму Архірэю пяць просьбаў: аднавіць «усеіндыйскую юрысдыкцыю» Сірыйска-Малабарскай Царквы; дазволіць стварэньне архіяпархіі ў сталіцы краіны Дэлі і іншых вялікіх гарадах; надаць права ўстанаўліваць сьпецыяльную юрысдыкцыю для краінаў Персідзкай затокі, каб абслугоўваць дзясяткі тысячаў сірыйска-малабарскіх католікаў з Індыі, якія працуюць ў рэгіёне; дазволіць дзейнасьць, каб палепшыць душпастырскую апеку сірыйска-малабарскіх католікаў у Еўропе, Аўстраліі і іншых частках сьвету.
 
Сірыйска-малабарскі ярарх падзякаваў біскупам лацінскага абраду ў ЗША і Канадзе за іх разуменьне і падтрымку прызначэньня ў 2001 годзе біскупа з рэзідэнцыяй у Чыкага для вернікаў гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы ў Паўночнай Амерыцы.
 
Як адзначыў біскуп Путхур, Сірыйска-Малабарская Каталіцкая Царква налічвае каля 3,7 мільёнаў вернікаў па ўсім сьвеце. Сёньня існуе 29 япархіяў гэтай Цапквы, у якой нясуць служэньне 32855 манахіняў, 3987 епархіяльных сьвятароў, 3133 сьвятароў розных манаскіх законаў і 745 братоў-манахаў, сказаў ён.
 
У ходзе размовы з сірыйска-малабарскімі біскупамі Папа Бенядыкт XVI заклікаў іх працаваць для еднасьці ў межах сваіх япархіяў, у сваёй Царкве і ў еднасьці з усімі біскупамі Індыі.
Гл. таксама:
18.12.2018
Сьвяты Пасад захоўвае кантакты з усімі бакамі канфлікту ў праваслаўі
22.09.2018
Архімандрыт Сяргей (Гаек) пра чаканьні беларусаў ад сустрэчы з Папам у краінах Балтыі
14.10.2017
Папа Францішак сустрэўся з ўсходнімі патрыярхамі і вярхоўнымі архібіскупамі
02.05.2017
Папа — копцкаму Патрыярху: нас аб’ядноўвае кроў бязьвінных мучанікаў
11.04.2011
Рымскі Архірэй заклікаў сірыйска-малабарскіх ярархаў мацаваць еднасьць