Пошук
Архіў навін

15.07.2011

У Беларусі – новы прадстаўнік Апостальскага Пасаду

15 ліпеня 2011 году Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведаміла, што Яго Сьвятасьць Бенядыкт XVI прызначыў Яго Эксцэленцыю архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці новым Апостальскім нунцыем у Беларусі. Да моманту гэтага прызначэньня ў Беларусь архібіскуп Гуджэроцьці з 2001 году зьяўляўся прадстаўніком Апостальскага Пасаду ў Грузіі, Арменіі і Азербайджане.

Claudio Gugerotti
Да нядаўняга часу дыпламатычным прадстаўніком Ватыкану ў Беларусі зьяўляўся архібіскуп Марцін Відавіч – харват па паходжаньні, які праслужыў у Беларусі 7 гадоў з 2004 году.
 
Новы Апостальскі нунцый у Беларусі – архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці (Claudio Gugerotti) – паходзіць з Італіі. Ён нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 году ў Вероне. Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 29 траўня 1982 году.
 
Cкончыў факультэт Усходніх моваў і літаратуры пры Венецыянскім універсітэце “Cà Foscari”. Атрымаў навуковую ступень магістра літургікі ў Папскім універсітэце сьв. Ансельма (Pontificio Ateneo Sant Anselmo) у Рыме, а таксама ступень доктара ўсходніх царкоўных навук у Папскім Усходнім інстытуце. Выкладаў ва ўніверсітэтах Венецыі, Падуі і Рыма (у Папскім Грыгарыянскім універсітэце і Папскім Усходнім інстытуце). Зьяўляецца знаўцам духоўнасьці і літургікі хрысьціянскага Ўсходу, пераклаў на італійскую мову шэраг рэлігійных прац усходніх аўтараў (пераважна армянскіх). Аўтар некалькіх кніг рэлігійнай тэматыкі.
 
З 1985 году Клаўдыё Гуджэроцьці працаваў у Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, у 1997–2001 гг. зьяўляўся падсакратаром гэтай Кангрэгацыі пры тагачасным Прэфекце кардынале Акіле Сільвестрыні.
 
7 сьнежня 2001 году Папа Ян Павел II, прызначыў Клаўдыё Гуджэроцьці Апостальскім нунцыем у Грузію, Арменію і Азербайджан і менаваў яго тытулярным архібіскупам дыяцэзіі Равэла (Rebellum), а 6 студзеня 2002 году ён зьдзейсьніў яго хіратонію на біскупа.

Служэньне Архібіскупа Гуджароцьці ў якасьці прадстаўніка Апостальскай Сталіцы на Каўказе, дзе сустракаецца Ўсход і Захад і каталікі жывуць у абсалютнай меншасьці, прыйшлося на часы сур’ёзнага абвастрэньня сітуацыі ў гэтым рэгіёне:
вайна Грузіі з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй, расейска-грузінскі канфлікт. Варта адзначыць таксама, што ў канцы красавіка 2011 году Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці падпісаў ад імя Апостальскай Сталіцы пагадненьне з Азербайджанскай Рэспублікай, якое рэгулюе прававы статус і гарантыі дзейнасьці Каталіцкай Царквы ў гэтай мусульманскай краіне.  
 
Рыма-каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, у сваім звароце да вернікаў з нагоды прызначэньня новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі адзначае, што Клаўдыё Гуджароцьці зьяўляецца вельмі дасьведчаным дыпламатам і, як былы супрацоўнік Кангрэгацыі Ўходніх Цэркваў, таксама добры эксьперт у справах экуменізму. Адзначым таксама, што па працы ў гэтай ватыканскай Кангрэгацыі з новым нунцыем у Беларусі добра знаёмы Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).
Гл. таксама:
07.03.2017
Былы Апостальскі нунцый у Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны
20.05.2016
Выстава беларускіх абразоў у залах Ватыканскіх музеяў
15.12.2015
Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці: «Я быў сьведкам вашага пошуку ўнутранай свабоды»
06.12.2015
Клаўдыё Гуджэроцьці: «Усім я жадаю свабоды мараў і веры ў тое, што няма нічога немагчымага»
12.10.2011
У Беларусі распачынае служэньне новы Апостальскі нунцый