Пошук
Архіў навін

08.08.2011

Айцец Аляксандар Надсан: Скарынаўская бібліятэка павінна зрабіцца беларускім аналагам Гётэ-інстытута

8 жніўня 2011 году выдатны грэка-каталіцкі сьвятар, дасьледчык і грамадзкі дзеяч айцец Аляксандар Надсан, адзначае сваё 85-годдзе. 30 гадоў ён зьяўляецца кіраўніком Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі (з 1981 г.), 25 гадоў – Апостальскім Візітатарам для беларусаў-каталікоў абодвух абрадаў у замежжы (з 1986 г.).
   

а. Аляксандар Надсан
Яго прыезд у Беларусь з грузам дапамогі для ахвяраў Чарнобыля і першая публічная каталіцкая Боская літургія ва ўсходнім (візантыйскім) на беларускай мове ў сакавіку 1990-га сталі штуршком для адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы на Бацькаўшчыне.

Айцец Аляксандар Надсан зрабіў велізарную працу па перакладзе на беларускую мову літургічных тэкстаў візантыйскай традыцыі. Плён ягоных шматгадовых высілкаў – гэта Псалтыр і ўвесь корпус багаслужбаў Усходняй Царквы, якія адзначаюцца ня толькі добрай і зразумелай беларускай мовай, але і малітоўнай мілагучнасьцю. Цяпер яны даступны ўсім беларускім вернікам. Гэтымі перакладамі афіцыйна карыстаецца ў сваім малітоўным жыцьці Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква. Ужо толькі за адну гэтую працу, якая мае надзвычайнае духоўнае і культурнае значэньне, а. Аляксандар Надсан заслугоўвае вялікай пашаны і падзякі ад беларусаў.

Айцец Аляксандр – гэта ўнікальная постаць у беларускай рэлігійнай, культурнай і навуковай прасторы, ён адзін зрабіў столькі, колькі звычайна робяць цэлыя калектывы. Ад усяго сэрца віншуем айца Аляксандра Надсана з 85-годдзем і зычым яму яшчэ многія і добрыя леты.

З нагоды 85-годдзя а. Аляксандра Надсана прапануем інтэрв’ю з ім Алеся Чайчыца, зьмешчанае ў “Нашай Ніве”. 

Будынак Беларускай бібліятэкі і музею імя Ф. Скарыны ў Лондане
Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны – кавалачак Беларусі, якіх мала ў самой Беларусі. У самы мой першы прыезд у Лондан мне хацелася пабачыць гэтае месца куды больш, чым турыстычныя Таўэр ці Вестмінстэрскае абацтва.

Бібліятэка разьмяшчаецца ў маляўнічым ціхім прадмесьці на поўначы Лондана. Пасярод утульных фахверкавых катэджаў з добраўладкаванымі садкамі месьціцца невялікая “беларуская вёска”: Беларуская бібліятэка, Марыян Гаўс (місія беларускіх манахаў-марыянаў) і жылы дом беларускай каталіцкай місіі ў Брытаніі. Яшчэ адзін суседні дом, што належаў беларускай місіі, быў нядаўна прададзены, а на тэрыторыі побач з Марыян Гаўс цяпер плануецца будаўніцтва царквы.
 
Сёньня, 8 жніўня, айцу Аляксандру Надсану спаўняецца 85 гадоў. Таксама сёлета спаўняецца 40 гадоў з дня ўрачыстага адкрыцьця Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане. Падвойны юбілей бібліятэкі і аднаго з яе заснавальнікаў – нагода яшчэ раз узгадаць пра гісторыю стварэньня і пра ролю гэтай унікальнай беларускай установы.
 
– Давайце пачнем храналагічна: як зьявілася ідэя стварэньня бібліятэкі, каму яна належала?
 
– Бібліятэка як збор кнігаў існавала ўжо здаўна, амаль з тых часоў, як беларусы, што ў час вайны апынуліся ў польскім войску ці ў Нямеччыне, прыехалі ў Вялікую Брытанію. У 1947 г. у Лондан прыехаў айцец (будучы біскуп) Чэслаў Сіповіч, вялікі кнігалюб. Ён ужо тады пачаў зьбіраць кнігі, і мы яму дапамагалі. Гэта была прыватная калекцыя, якая захоўвалася ў Марыян Гаўс [доме Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане – АЧ].
 
Потым я паехаў у Рым і вярнуўся сьвятаром у 1959 г. Хутка пасьля сюды прыехаў айцец Леў Гарошка, які перад гэтым быў у Парыжы, таксама вялікі кнігалюб.
 
Думка пра бібліятэку прыйшла ў канцы 60-х гадоў. Памятаю, як мы выйшлі на прагулку – біскуп Сіповіч, айцец Гарошка і я, і біскуп Сіповіч кажа: “Давайце будзем засноўваць беларускую бібліятэку”. Мы кажам: “Давайце”, але ані грошай, анічога ў нас на гэта не было. Ужо вяртаючыся дахаты з прагулкі мы абмяркоўвалі, які дом нам патрэбны пад бібліятэку. У гэты час якраз прадаваўся такі дом. Суседнія два дамы ўжо былі нашыя, а насупраць быў Марыян Гаўс – таму гэта было вельмі выгодна. Мы дамовіліся з гаспадарамі і купілі дом. Пры гэтым залезьлі ў даўгі. Трэба сказаць, што беларусы, якія жылі за мяжой, разумелі патрэбу ў такой установе, і шмат дапамаглі. Але вялікую суму мусілі заплаціць мы самі, сьвятары.
 
– Беларуская каталіцкая місія ў Лондане?
 
– Так. Нашыя даходы былі малыя, і з тых даходаў мы бралі палову, каб з голаду не памерці, а палову аддавалі на бібліятэку.

Мемарыяльная дошка ў гонар Францішка Скарыны ў Беларускай бібліятэцы і музеі ў Лондане
Пасьля кожны з нас склаў усе кнігі разам, і так паўстала бібліятэка, якая пачала расьці памаленьку. На 1971 год, калі бібліятэка была афіцыйна адчыненая, тут ужо было сабрана даволі шмат кнігаў, пераважна з прыватных збораў айцоў Сіповіча і Гарошкі і, у меншай ступені, маёй.

Айцец Гарошка хутка пасьля гэтага зноў выехаў з Лондана – гэтым разам у Рым, дзе стаў кіраўніком беларускай праграмы Ватыканскага радыё. Мы з біскупам Сіповічам засталіся тут.
 
Праз дзесяць гадоў, у 1981 г., біскуп Сіповіч памёр, і з таго часу ўсё лягло на мае плечы.
 
– З якой мэтай засноўвалі бібліятэку?
 
– Мэта заснаваньня бібліятэкі была падвойная: перадусім, сабраць як мага больш матэрыялаў пра Беларусь і на беларускай мове. Каб даць магчымасьць тым, хто цікавіцца Беларусьсю на Захадзе, знайсьці патрэбную інфармацыю. Пра Беларусь на Захадзе ў той час практычна нічога не было вядома.
 
Па-другое, было неабходна захаваць ад зьнішчэньня шмат матэрыялаў, якія былі ў прыватных руках.
 
Шмат маладых беларусаў выехалі з Беларусі ў часе вайны ці хутка пасьля вайны, маючы з сабою якія-небудзь адну-дзьве кніжкі. Пасьля, на эміграцыі, яны паміралі, і жонкі, звычайна чужынкі, выкідвалі гэтыя кнігі на незразумелай ім мове.
 
– То бок, кнігі зьбіралі ўсім беларускім замежжам?
 
– Так. Беларусы разумелі патрэбу гэтага, дзякаваць Богу.
 
Акрамя гэтага мы сачылі за навінкамі, шукалі і куплялі іх. Шукалі па антыкварыятах розных краінаў: у Нямеччыне, Галандыі, Францыі – усюды, дзе магчыма. Вельмі часта нам удавалася купіць вельмі рэдкія і вельмі каштоўныя кнігі.
 
– Ці можаце прывесьці прыклады такіх цікавых знаходак?
 
– Беларускія старадрукі XVI–XVII стагоддзя. Шмат кніг XIX стагоддзя. Напрыклад, “Записки Іосифа Митрополита Литовскаго” 1883 г. – запісы біскупа Сямашкі, які зьнішчаў царкоўную Унію.
 
Маем такія рэдкія кнігі, як “Беларускі архіў”, выдадзены ў 1824 годзе ў Маскве, які склаў вядомы тагачасны праваслаўны сьвятар-беларус Грыгаровіч. Гэта першы археаграфічны зборнік беларускіх дакументаў.
 
Можна распавядаць шмат – нам удалося набыць сотні цікавых кнігаў з гісторыі Беларусі, з гісторыі Царквы на Беларусі, якія цяпер даступныя для ўсіх, хто гэтым цікавіцца.
 
– Паралельна з бібліятэкаю зьявіўся і музей…
 
– Музей – як бы дадатак да бібліятэкі, бібліятэка важнейшая, але і ў музеі таксама ёсьць некалькі цікавых экспанатаў: слуцкія паясы, старыя манеты Вялікага Княства Літоўскага, пачынаючы ад срэбнай грыўны.
 
Вельмі важным таксама было зьбіраньне архіўных матэрыялаў. Маем дакументы з канца XV стагоддзя і аж да сёньняшняга дня.
 
– Напэўна, шмат архіваў, зьвязаных з Беларускай Народнай Рэспублікай?
 
Ёсьць пэўныя старыя дакументы БНР 20-х гадоў. Таксама мы зьбіралі архівы беларускіх арганізацыяў у розных краінах. Напрыклад, маем архівы арганізацыі беларускіх скаўтаў у Нямеччыне, Хаўрусу беларускіх работнікаў у Францыі – арганізацыі, якая дзейнічала яшчэ перад вайною. Ёсьць архівы з Канады, ЗША, іншых краінаў.

– Атрымліваецца такі глабальны архіў беларускай дыяспары…
 
– Так, глабальны архіў. Усе гэтыя архівы вось стаяць у нас у скрынках.
 
Плюс, у нас царкоўныя архівы, архівы беларускіх сьвятароў, якія ўжо памерлі: айцоў Гарошкі, Татарыновіча, Салаўя, Падзявы, Германовіча і іншых. Найбольшы архіў, безумоўна, біскупа Сіповіча – гэта цэлая шафа. Ёсьць дакументы адносна беларускай царквы ХІХ стагоддзя. Самы стары рукапіс у нас – з канца ХV стагоддзя.
 
– Царкоўныя архівы, напэўна, дапамаглі потым адраджаць Царкву ў Беларусі пасьля таго, як сышла савецкая ўлада?
 
– Царква пачала адраджацца, калі яшчэ быў Савецкі Саюз, і архівы былі сапраўды важныя. Калі я цяпер пішу кнігі пра беларускую Царкву – пра біскупа Сіповіча, пра марыянаў у Друі ці пра княгіню Радзівіл – усе адпаведныя архівы знаходзяцца тут у нас у бібліятэцы. І шмат яшчэ архіваў застаюцца неапрацаванымі, чакаюць навукоўцаў, якія б імі заняліся.
 
– Наколькі беларускім навукоўцам цікавыя гэтыя матэрыялы?
 
У нас было даволі шмат наведвальнікаў з Беларусі ў канцы 80-х і пачатку 90-х гг. Цяпер іх крыху паменшала, але тым ня менш да нас прыязджаюць працаваць.
 
– Якія ў бібліятэцы ёсьць кнігі з дарчымі надпісамі аўтараў?
 
Ёсьць кніга расейскага гісторыка П. Уладзімірава “Докторъ Францискъ Скорина”, 1888 году. На гэтай кнізе маецца цікавы дарчы надпіс гісторыку Станіславу Пташыцкаму, паляку з паходжаньня. З цяперашніх аўтографаў многія беларускія пісьменьнікі даслалі і дасылаюць нам свае падпісаныя кнігі. Маем аўтографы Быкава, Караткевіча ён перад сьмерцю даслаў нам сваю апошнюю кнігу. Ёсьць кнігі з аўтографамі Барадуліна, Гілевіча, Мальдзіса і многіх іншых.
 
– Гэта гонар для аўтара, калі яго кніга маецца ў такой знакавай бібліятэцы…
 
А мы ўдзячныя за тое, што нам дасылаюць.
 
– Ці багата маеце рукапісаў беларускіх пісьменьнікаў у зборы?
 
Якраз рукапісаў ня так шмат. Ёсьць нешта Арсеньневай, Ільляшэвіча, Салаўя. Ёсьць таксама рукапісы Купалы і Коласа, у тым ліку рукапіс вядомай паэмы Купалы “Курган”. Самы раньні рукапіс Коласа, які ёсьць у нас, гэта “Другое чытаньне для дзетак-беларусаў” з 1905 1907 гг.
 
– Якія цікавыя людзі наведвалі бібліятэку? У пачатку 90-х гадоў сюды прыязджала шмат урадоўцаў?
 

Шмат дзеячоў з усяго сьвету бывалі ў нашай бібліятэцы, усіх не магу прыгадаць.
 
Сярод больш вядомых былі Пазьняк, Шушкевіч; пісьменьнікі, паэты Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін. З палітыкаў таксама Пятро Краўчанка. З царкоўных дзеячоў адведаў нас украінскі архібіскуп мітрапаліт Ёсіф Сліпый, калі бібліятэка толькі была заснаваная. Многія пакінулі запісы ў кнізе гасьцей.

– А лукашэнкаўскія чыноўнікі бывалі якія-небудзь?

Усе беларускія амбасадары ў Брытаніі да нас прыходзілі. Быў Казулін (ягоны запіс ёсьць у кнізе), Мясьніковіч. Мы ўсіх прымаем.
 
Вельмі балюча толькі, што многія высокапастаўленыя беларускія ўрадоўцы не валодаюць беларускай мовай.
 
Добра, што акрамя ўрадоўцаў прыязджаюць цэлыя групы моладзі.
 
– Ці праяўляла незалежная беларуская дзяржава цікаўнасьць у тым, каб дапамагчы бібліятэцы?
 
Можа і лепш, што не [сьмяецца].
 
– А акадэмічнае супрацоўніцтва з афцыйнымі ўстановамі існуе?
 
Было вельмі добрае супрацоўніцтва з бібліятэкай Акадэміі навук, але цяпер з гэтым стала цяжэй і нам, і ім. Падаражэлі паштовыя паслугі, падпіска на сьпецыялізаваныя часопісы, якія Акадэміі навук былі патрэбныя ў Брытаніі.
 
– То бок, перадусім з матэрыяльных прычынаў?

Так. Акрамя таго, у самой Беларусі беларуская выдавецкая справа цяпер слабая. Мы атрымліваем кнігі адтуль, знайшлі іншыя спосабы здабываць літаратуру але зрабіць нейкі афіцыйны абмен з Беларусьсю вельмі цяжка.
 
– Фонд бібліятэкі працягвае папаўняцца?

З вялікай цяжкасьцю.
 
– Пошукі рэліквій па антыкварах ідуць надалей?
 
Цяпер антыквары ўжо зусім ня тыя, што ў 60-я, 70-я і нават 80-я гады. Гадоў праз дваццаць пасьля вайны ў антыквараў у Заходняй Еўропе, асабліва ў Нямеччыне, пачалі зьяўляцца сапраўды сотні цікавых нам кніг. Магчыма, іх у час вайны вывезьлі з Беларусі, і тады сталі распрадаваць. Але гэта быў вельмі кароткі час: гадоў праз дзесяць усё скончылася.
 
– Ці было супрацоўніцтва з такімі ж установамі ў іншых краінах? У Празе, здаецца, беларусы нядаўна стварылі бібліятэку…
 
У Празе бібліятэку толькі цяпер стварылі, спадзяюся, што яна будзе расьці. У Амерыцы, на жаль, нічога створана не было магчыма, былі іншыя абставіны. Там болей беларусаў, чым тут, і магчымасьці, у тым ліку матэрыяльныя, былі але чамусь не склалася.
 
Некаторыя амерыканскія беларусы зьбіралі прыватна і сабралі вялікія зборы кнігаў доктар Вітаўт Тумаш (выдатны чалавек і скарыніст), сям’я Кіпеляў, доктар Мацей Смаршчок.

Наколькі ведаю, некаторыя амерыканскія беларусы перадалі свае прыватныя бібліятэкі амерыканскім універсітэтам. І гэта вельмі добра ва ўніверсітэцкіх бібліятэках кнігі не прападуць і будуць даступныя для дасьледчыкаў галоўнае, каб людзі ведалі, дзе шукаць. Плюс, значную частку кнігаў людзі з Амерыкі, канечне, перадалі нам у Лондан. Шмат кнігаў перадалі Чэслаў Будзька з Чыкага, Антон Адамовіч з Нью-Ёрка. У Нью-Ёрку таксама была букіністычная крама, дзе я купіў шмат кнігаў.

Шмат архіваў з Амерыкі маем тут архіў біскупа Ўладзімера Тарасэвіча, архіў сьвятара Чэслава Будзькі вельмі каштоўныя даваенныя кнігі, якія яны ўсе перадалі нам.

– Наколькі заходнія навукоўцы ведаюць пра бібліятэку і карыстаюца ёю?
 
Ведаюць і карыстаюцца мы маем сувязі з брытанскімі бібліятэкамі, дзе ёсьць усходнееўрапейскія аддзяленьні. Супрацоўнічаем з ангельскімі ўніверсітэтамі, па матэрыялах нашае бібліятэкі было напісана ўжо нямала навуковых працаў.
 
– Толькі з Брытаніі, ці таксама з іншых краінаў?
 
З Брытаніі больш за ўсё, але прыязджаюць навукоўцы (славісты, гісторыкі) і з іншых краінаў з Амерыкі, з Ізраіля, Нямеччыны, Аўстраліі.
 
Беларусь ня вельмі вядомая ў сьвеце, але дзякуючы таму, што бібліятэка існуе, расьце і зацікаўленьне.
 
– То бок самое існаваньне бібліятэкі – гэта як сьцяг: раз ёсьць бібліятэка, значыць людзі ведаюць, што ёсьць і такая краіна.
 
Так.
 
– Як Вы бачыце будучыню бібліятэкі, як яна павінна далей разьвівацца, на Вашу думку?
 
Вельмі цяжка казаць, я шмат думаю пра гэта, як і пра далейшае існаваньне місіі. Зараз чакаем сканчэньня рамонту Марыян Гаўс, потым хачу сабраць нашу бібліятэчную раду, каб думаць, як бібліятэцы далей існаваць. Мне ўжо 85 гадоў, пара думаць пра тое, каб нехта заняў маё месца. Справа нават не фінансавая, а ў чалавеку, які б гэтым займаўся.
 
Яшчэ шмат недахопаў у бібліятэцы: каталог ня скончаны, а я гэтым займацца ўжо не магу. Але ёсьць тут і багацьці, якіх больш нідзе няма.
 
Калі б Беларусь была сапраўды незалежнай і беларускай, трэба было б, каб урад пераняў на сябе кіраваньне бібліятэкай, і мы б з радасьцю яму яе аддалі.
 
Брытанцы маюць British Council у іншых краінах, немцы Гётэ-інстытут. Скарынаўская бібліятэка была б такім беларускім культурным цэнтрам пры амбасадзе Беларусі.

Але пры сучасных абставінах мы ня маем маральнага права і ня хочам перадаваць бібліятэку ў рукі сучасных уладаў, дзе нават прэзідэнт не размаўляе па- беларуску.
 
Добра, што мы не сьпяшаліся рабіць гэта ў пачатку 90-х гадоў і чакалі, пакуль курс на незалежнасьць і беларускасьць у Беларусі замацуецца.
 
Дзякуй Богу, што бібліятэка ёсьць, і я думаю, што яна будзе існаваць надалей і прыносіць карысьць. Але ў вялікай ступені гэта будзе залежаць ад самой Беларусі. Калі Беларусь будзе сапраўды беларускай, тады ўрад будзе зацікаўлены ў разьвіцьці бібліятэкі.

***
У гасьцявой кнізе бібліятэкі запісы многіх вядомых людзей, ад Зянона Пазьняка да Андрэя Саньнікава. Гэта сапраўды месца, якое абавязкова варта наведаць. Самае лепшае прыехаць у нядзелю зраніцы: у 10:30 паўдзельнічаць у набажэнстве, якое служаць а. Сяргей Стасевіч і а. Аляксандар Надсан, а потым, пасьля кубка гарбаты, наведаць саму бібліятэку.
 
Адрас бібліятэкі: 37 Holden Road, London N12 8HS (найбліжэйшая станцыя метро – Woodside Park)
.

 

Гл. таксама:
19.12.2016
Беларуская царква ў памяць пра ахвяры Чарнобыля асьвячана ў Лондане
14.10.2016
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
16.04.2015
Ён прынёс свабоду нашай Царкве ў Беларусі
14.05.2012
Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў паніхіду ў Хатыні
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас