Пошук
Архіў навін

18.06.2009

«Мой Улюбёны — нібы гор вышыні»

На пачатку чэрвеня 2009 году выйшаў дыск “Песьні Духа вялікіх містыкаў Кармелю”, які запісалі берасьцейскія грэка-католікі з харызматычнай супольнасьці “Маран ата”.

Гэты дыск уяўляе сабой музычную кампазіцыю з 14 песьняў у спалучэньні з урыўкамі з Сьвятога Пісаньня, агульны час гучаньня яго больш за гадзіну. Ён стаў ня толькі першым для музыкантаў гэтай харызматычнай супольнасьці, але і першым музычным праектам, зьдзейсьненым у БГКЦ.

Каардынатарам гэтага музычнага праекту зьяўляецца рэгент хору берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя спн. Вольга Граськова. Яна зрабіла пераклад на беларускую мову вершаў вялікіх містыкаў Кармелю – сьв. Яна ад Крыжа, сьв. Тэрэзы Авільскай і сьв. Тэрэзы з Лізье, а таксама зьяўляецца аўтарам музыкі і аранжыроўкі да шэрагу песьняў, што гучаць на дыску. Як адзначаюць сябры гэтай харызматычнай супольнасьці, кармяліцкая духоўнасьць, па сваёй прыродзе блізкая да ўсходняй, вельмі паўплывала на духоўнасьць супольнасьці “Maran atha”. Беларускія айцы-кармяліты аказалі таксама падтрымку ў выданьні дыску.

У гэтым музычным праекце акрамя Вольгі Граськовай (клавішы, сінтэзатар — разам з Віталём Усьцямчуком), бралі ўдзел таксама Сяргей Карнялюк (гітара, вакал), Вольга Дрык (скрыпка), Натальля Амельянюк, Марына Гаўрута і Вераніка Тарасюк.

Усе тэксты песьняў на словы кармяліцкіх сьвятых сабраныя і выдадзеныя асобнай кніжачкай, якая ўкладзена ў кампакт-дыск.

У бліжэйшы час плануюцца выступы з прэзентацыяй гэтага дыску ў краіне.

Адносна набыцьця кампакт-дыску “Песьні Духа вялікіх містыкаў Кармелю” можна зьвяртацца да а. Ігара Кандрацьева на яго e-mail: a.ihar@tut.by і па тэлефонах: (+375 162) 24-74-82, (+375 29) 724-74-82.

Гл. таксама:
15.06.2017
У Вільні гучалі беларускія царкоўныя сьпевы
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
14.01.2016
Гурт «Балцкі Субстрат» сьпяваў у грэка-католікаў Берасьця
05.07.2015
Парафіяльны фэст у грэка-католікаў Берасьця