Пошук
Архіў навін

28.08.2009

Дэкан БГКЦ айцец А. Абламейка будзе студыяваць у Аўстрыі

16 жніўня, у дзень Нерукатворнага вобразу Гасподняга, парах менскай парафіі сьвятога і праведнага Язэпа і протапрасьвітар Цэнтральна-Заходняга дэканату БГКЦ а. Андрэй Абламейка адслужыў разьвітальную літургію – цяпер ён накіраваны для навуковых студыяў у Аўстрыю.

Айцец Андрэй Абламейка быў высьвячаны на сьвятара 16 сьнежня 1998 году і больш за 10 гадоў служыў душпастырам беларускіх грэка-католікаў у Менску і вобласьці. Да сваіх сьвятарскіх сьвячаньняў ён 7 гадоў студыяваў на тэалагічных факультэтах у Аламоўцы (Чэхія) і ў Любліне (Польшча). Скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт і мае ступень магістра багаслоўя. Цяпер па блаславеньні царкоўных уладаў ён накіроўваецца на далейшую вучобу ў Аўстрыю, дзе мае намер падрыхтаваць доктарскую працу па праблемах сям’і. Вучыцца і пісаць дысертацыю а. Андрэй Абламейка будзе ў Міжнародным багаслоўскім інстытуце вывучэньня праблемаў сужэнства і сям’і, што ў Гамінгу.

Разам з айцом Андрэем Абламейкам на вучобу ў Гамінг накіроўваецца і яго жонка Сьвятлана. Яна мае намер пісаць магістарскую працу з тэалогіі сям’і. Сын сьвятара, Багдан, увосень пачне навучаньне ў Каталіцкім універсітэце ў Любліне, а дочкі – непаўналетнія Альжбета і Анастасія – будуць жыць разам з бацькамі ў Аўстрыі.

Міжнародны багаслоўскі інстытут у Гамінгу заснаваны ў 1996 годзе з ініцыятывы папы Яна Паўла ІІ. Ён разьмясьціўся ў ціхіх старажытных мурах былога картузіянскага кляштару, які быў збудаваны яшчэ ў ХIV стагоддзі.

Сёньня ў гэтым багаслоўскім інстытуце ў альпійскім мястэчку Гамінг займаюцца навукаю прафесары і студэнты з больш чым 20 краінаў сьвету, якія належаць да розных культур, традыцыяў і абрадаў. Паводле апошніх дадзеных у інстытуце праходзяць навучаньне каля шасьцідзесяці студэнтаў – мужчынаў і жанчынаў, сьвецкіх і асобаў духоўнага стану.

Усе гэтыя навукоўцы пазнаюць Бога ня толькі з кніжак, але і з асасбістага досьведу ў малітве. Нельга не адзначыць, што сярод тых, хто студыюе ў Гамінгу, католікаў лацінскага абраду не на шмат болей за католікаў візантыйскага абраду. Гамінг сёньня ператварыўся ў адзін з важных асяродкаў усходняй духоўнасьці. Таму пры багаслоўскім інстытуце была створана ўсходняя капліца, росьпіс якой зроблены паводле правілаў візантыйскай іканаграфіі румынскім і славацкім іканапісцамі, якія навучаліся ў Гамінгу. У 2007 годзе, на сьвята Дабравешчаньня, адбылося асьвячэньне капліцы. На гэтай знакавай урачыстай падзеі прысутнічалі архібіскуп Вены кардынал Крыстаф Шэнбарн, зьверхнік УГКЦ кардынал Любамір Гузар, а таксама ўкраінскія, румынскія і славацкія грэка-каталіцкія ярархі.

Гл. таксама:
10.10.2017
Першаярарх УГКЦ: будзьце пэўныя, мы будзем адстойваць вашыя патрэбы і вашыя правы
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
10.06.2014
Румынскі грэка-каталіцкі ярарх гасьціў у менскіх грэка-католікаў
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
02.12.2011
Сустрэць агонь і несьці агонь