17.12.2011
15 сьнежня 2011 году ў рамках пастырскага візіту ў Полацак, Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці сустрэўся з грэка-каталіцкім духавенствам.
Найперш, па запрашэньні біскупа Віцебскага Ўладзіслава Бліна, грэка-каталіцкія сьвятары разам з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам удзельнічалі у перадкаляднай сустрэчы духоўных асобаў Віцебскай дыяцэзіі ў Наваполацку і цэлебравалі літургію, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый.
Пасьля абеду архібіскуп Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкую сьвятыню сьвятой Параскевы ў Полацку, дзе ўдзельнічаў у Акафісьце Найсьвяцейшай Багародзіцы і скіраваў да грэка-каталіцкіх сьвятароў пастырскае слова.
Гэтая душпастырская сустрэча працягнулася за гасьцінным сталом у парафіяльным доме. На ёй былі абмеркаваныя прыярытэты душпастырскага служэньня ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі на бліжэйшы час.
На заканчэньне Апостальскі нунцый перадаў сваё блаславеньне і сьвяточныя пажаданьні ўсім сьвятарам, іх сем’ям і парафіям, у якіх яны служаць.
Паводле Catholic.By