Пошук
Архіў навін

26.12.2011

Бэтлеемскі агонь – сымбаль полымя веры

Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) скіраваў сваё Пастырскае пасланьне на сьвята Раства Хрыстовага 2011 году і на Новы 2012 год. У ім ён заклікае вернікаў запаліць іскру веры, надзеі ды любові ад Госпада Ісуса Хрыста – Сына Божага, Які стаўся чалавекам, ды ў бляску гэтага полымя веры, надзеі ды любові зразумець, што нават малая іскра ёсьць вялікай сілай, якая здольная запаліць усе навокал. Дзеля гэтага Апостальскі Візітатар заклікае грэка-католікаў у наступным годзе, які будзе праходзіць пад знакам Новай Евангелізацыі і малітвы за сем’і, зьяднацца вакол адчыненай Кнігі Слова Божага і шчыра маліцца, каб Новы 2012 Год Гасподні быў нагодай сьведчыць пра актуальнасьць і неабходнасьць Слова Божага на роднай мове ў жыцьці нашай краіны.

Ніжэй падаем увесь тэкст Пастырскага пасланьня Архімандрыта Сяргея (Гаека).

ПАСТЫРСКАЕ СЛОВА
Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі

на сьвята Раства Хрыстовага 2011 году і на Новы 2012 год Гасподні
 
Вялебныя Айцы Сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
 

Вось Бог наш, і няма іншага роўнага Яму.
 Ён нарадзіўся ад Дзевы і жыў сярод людзей.

(Служба Раства Хрыстовага, Трэцяя гадзіна).

 
1. Таямніца Ўцелаўленьня Сына Божага прасьвятляе Бэтлеемскім сьвятлом усё чалавецтва. У гэты час сьвятаў Раства Хрыстовага ў нашых храмах ды ў шматлікіх сем’ях прымаем “Бэтлеемскі агонь”. Чарговы раз – дзякуючы скаўтам – мы ў Беларусі атрымалі гэты агонь ад хрысьціянаў Бэтлеема. Гэта знак духоўнай Сулучнасьці хрысьціянаў Беларусі з хрысьціянамі Сьвятой Зямлі, аб якіх хочам асабліва памятаць у нашых малітвах у гэты сьвяточны час.
 

Бэтлеемская зорка
Бэтлеемскі агонь сымбалізуе Сьвятло Бэтлеемскай ночы, якое перамагае цемру духоўнага невуцтва ды разгубленасьці і дапамагае нам сузіраць Нованароджанага Сына Божага – Спрадвечнае Слова, што сталася целам і пасялілася паміж намі (пар. Ян 1,14 ). Бэтлеемскі агонь – сымбаль полымя веры, надзеі ды любові, што маюць карані ў Таямніцы Ўцелаўленьня Ісуса Хрыста.
 
У гэтым кантэксьце хочам узгадаць архіпастырскія словы новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, Высокадастойнага Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці, якія ён накіраваў да вернікаў менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў з нагоды сьвята сьв. Андрэя Першапакліканага: “Хачу вам усім перадаць словы прывітаньня і блаславеньня ад Сьвятога Айца Папы Бенядыкта XVI, а менавіта: сустрэць агонь і несьці агонь. Моц агню не залежыць ад яго аб’ёму, ад велічыні полымя. Не залежыць ад велічыні вогненнага слупа, але ад моцы іскраў”.
 
Гэтыя словы актуальныя для ўсіх грэка-католікаў Беларусі. Нашым заданьнем зьяўляецца запаліць іскру веры, надзеі ды любові ад Госпада Ісуса Хрыста – Сына Божага, які стаўся чалавекам. І ў бляску гэтага полымя веры, надзеі ды любові зразумець, што нават малая іскра – вялікая сіла, здольная запаліць усе навокал.
 
2. Дарагія браты і сёстры!
 
Новы Год Гасподні – 2012 будзе праходзіць ва ўсёй Каталіцкай Царкве як год, у якім на Сінодзе Біскупаў у Рыме, у месяцы кастрычніку, будзе абмяркоўвацца справа Новай Евангелізацыі. А ў чэрвені ў горадзе Мілан пройдзе чарговая Сусьветная сустрэча сем’яў. У тым жа чэрвені 2012 году Яго Сьвятасьць Папа Бенядыкт XVI аб’весьціць Год Веры.
 
Такім чынам Сьвятая Царква заахвочвае нас, каб мы раз яшчэ адкрылі ў Евангельлі Ісуса Хрыста крыніцу моцы для ажыўленьня нашай веры. І каб верай, угрунтаванай на Евангельлі, мы кіраваліся ў асабістым, сямейным, прафесійным ды грамадзкім жыцьці.
 
Таму ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве 2012 год будзе праходзіць пад дэвізам “Евангелізацыя – пакліканьне сям’і”. Зразумела, што сям’я павінна быць ачагом, дзе захоўваецца агонь веры, надзеі ды любові. Аднак вельмі патрэбна, каб гэтыя цноты не былі толькі прыгожымі словамі ў нашых вуснах, але каб яны праяўляліся ў нашых канкрэтных учынках. Трэба, каб мы, ахопленыя любоўю Хрыста, любілі нашых бліжніх, несьлі ім агонь веры і надзеі.
 
3. Як вядома, агонь хрысьціянскай веры мы ў Беларусі атрымалі больш за тысячу гадоў таму. І амаль ужо паўтысячагоддзя маем Евангельле ў перакладзе на беларускую мову.

На самай справе да Юбілею 500-годдзя выданьня Францішкам Скарынам беларускай Бібліі ў 1517 годзе засталося 5 гадоў. Таму вельмі важна, каб у рамках духоўнай падрыхтоўкі да гэтага Юбілею хрысьціяне Беларусі пастаянна адкрывалі багацьце Слова Божага – “жывога і дзейснага” – чытаючы яго на роднай беларускай мове.

Няхай гэта будзе бачным знакам адказнай любові да духоўнай спадчыны Беларусі ды сьведчаньнем нашай жывой веры ў тое, што Бог любіць нашую Бацькаўшчыну – Беларусь. Няхай Слова Евангельля ўмацоўвае нас на шляху гэтай сапраўднай любові.
 
Таму грэка-католікі Беларусі, зьяднаныя вакол адчыненай Кнігі Слова Божага, шчыра моляцца, каб Новы 2012 Год Гасподні быў блаславёнай нагодай сьведчыць на роднай мове – разам з братамі лацінскага абраду ды з братамі праваслаўнымі і пратэстантамі – пра актуальнасьць і неабходнасьць Слова Божага ў жыцьці нашай Айчыны.
 
Усім сьвятарам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам нашае Царквы ды ўсім нашым сябрам жадаем міру і радасьці ў сэрцы і мужнасьці несьці агонь веры, надзеі ды любові, што заахвочваюць нас нястомна чыніць дабро.
 
Сардэчна віншуем усіх вас з Раством Хрыстовым і Новым 2012 Годам Гасподнім і вітаем сьвяточным вітаньнем:
 
ХРЫСТОС НАРАДЗІЎСЯ – СЛАВІМ ЯГО!
 
Менск, Раство Хрыстова 2011 году.

+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
 Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
12.05.2017
Базыльяне з Украіны наведалі Беларусь
27.03.2016
Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Пасхі Гасподняй 2016 году
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас
07.01.2012
Свабода ня можа быць без духоўнасьці