Пошук
Архіў навін

07.01.2012

Свабода ня можа быць без духоўнасьці

Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, Апостальскі нунцый у Беларусі адзначыў 5 студзеня 10-гадовы юбілей біскупскага пасьвячэньня. У інтэрв’ю журналістам Ватыканскага радыё ярарх узгадаў падзеі 10-гадовай даўніны, а таксама падзяліўся першымі ўражаньнямі ад служэньня ў Беларусі.
   

Архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці
“Я шчасьлівы адзначаць 10-годдзе майго біскупскага пасьвячэньня ў Беларусі. Я памятаю гэты сьвяты дзень, калі бл. Ян Павел ІІ усклаў на мяне рукі ў базыліцы сьв. Пятра. Дагэтуль адчуваю на маім твары яго пяшчотны дотык пасьля цырымоніі.
 
Я імкнуўся сьведчыць аб любові Божай і прысутнасьці Папы там, дзе правёў гэтыя 10 гадоў, і прашу мне дараваць за ўсе тыя выпадкі, калі ня здолеў сьведчыць гэта на той вышыні, якой хацеў ад мяне Бог.
 
Калі прыехаў у Беларусь, я наведаў усе каталіцкія япархіі і сустрэўся з грэка-каталіцкай супольнасьцю. Сьвятары, дыяканы і манахі тут моляцца, медытуюць, працуюць. Гэтая Царква – маладая, дынамічная, жывая”, – сказаў архібіскуп Гуджэроцьці.
 
Узгадваючы вялікую міжнародную канферэнцыю, прысьвечаную каталіцка-праваслаўнаму дыялогу, што прайшла восеньню ў Менску і выпала як раз на пачатак служэньня архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці ў Беларусі, ён адзначыў: “Канферэнцыя была знакам таго, як можна і трэба разам сьведчыць пра Хрыста. Таксама кардынал Кох, удзельнік сустрэчы, быў вельмі ўражаны кліматам сяброўскіх стасункаў і расказаў аб гэтым Папе. Вельмі сымбалічным жэстам можна лічыць “Рэквіем” Моцарта ў Дзяржфілармоніі, які Мітрапаліт Філарэт пажадаў прысьвяціць памяці кардынала Казіміра Сьвёнтка. Гэта вельмі высокі і тонкі жэст пашаны”.
 
У інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Апостальскі нунцый закрануў таксама праблему змаганьня супраць таталітарызму, за свабоду і высокія ідэалы: “Разбурэньня “жалезнай завесы” чакалі са стойкасьцю вялікія людзі. Як нам заўсёды нагадвае Папа Бенядыкт XVI, недастаткова ствараць арганізацыі для ажыцьцяўленьня мары. Цяпер многія згубілі нават сьмеласьць марыць і змагацца за ідэалы: паважаць кожнага чалавека і цэлыя народы з іх адметнасьцямі, сьпецыфікай і культурай. Многія згубілі сьмеласьць высокага палёту, ахвярнасьць – асабістую і калектыўную. І, такім чынам, мы не памножылі свабоду, а таксама і згубілі многія нашыя матэрыяльныя даброты. Свабода бяз духоўнасьці – гэта маска”.
 
Што да сваіх першых кантактаў з сьвецкімі ўладамі і прадстаўнікамі Праваслаўнай Царквы, архібіскуп Гуджэроцьці адзначыў наступнае: “Я меў у Беларусі вельмі цікавыя сустрэчы з прадстаўнікамі сьвецкай улады і праваслаўнымі лідарамі. Цяпер чакаю сьвяткаваньня праваслаўнага Раства, каб паяднацца таксама з праваслаўнымі Беларусі ад імя Сьвятога Айца на сьвяце падзякі”.
 
А свае ўражаньні ад Беларусі Апостальскі нунцый падсумаваў так: “Вы, беларусы, цудоўны народ!”
 
Паводле Ватыканскага радыё

Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял
23.06.2014
Нунцый узначаліў парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-католікаў у Менску
07.02.2013
Апостальскі нунцый: Папа цэніць існаваньне беларускіх грэка-католікаў
17.12.2011
Напярэдадні Калядаў Апостальскі нунцый сустрэўся з грэка-каталіцкім духавенствам