Пошук
Архіў навін

06.02.2012

Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас

3-5 лютага 2012 году Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці знаходзіўся з візітам у Горадні. Папскі прадстаўнік наведаў каталіцкія парафіі лацінскага і візантыйскага абрадаў, духоўную семінарыю, сустрэўся з духавенствам і мясцовымі ўладамі.
  
4 лютага Апостальскага нунцыя вітаў у капліцы айцоў-рэдэмптарыстаў, дзе сёньня моляцца гарадзенскія грэка-католікі, душпастыр парафіі Маці Божай Фацімскай айцец Андрэй Крот.

Апостальскі нунцый архібіскуп Гуджароцьці
Адбылася кароткая размова і знаёмства з жыцьцём парафіі.  Вернікі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні з радасьцю прынялі ўдзел сустрэчы Апостальскага нунцыя архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці падчас яго візіту ў абласны цэнтар, а таксама суправаджалі свайго параха айца Андрэя Крата і Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі архмандрыта Сяргея (Гаека) на ўрачыстай літургіі ў лацінскім абрадзе, якая ў нядзелю, 5 лютага, была адслужана ў гарадзенскай рыма-каталіцкай катэдры. Падчас урачыстай сустрэчы архібіскупа Гуджэроцьці ў катэдры айцец Андрэй Крот ад імя грэка-католікаў сказаў прывітальныя словы на адрас пасланца Папы.

Апостальскі нунцый у літургічнай малітве ў катэдры
разам з гарадзенскімі каталіцкімі сьвятарамі і вернікамі абодвух абрадаў маліўся за ўсіх мучанікаў і сьведкаў веры, якія былі зьвязаныя сваім жыцьцём з Гарадзеншчынай. Пасьля сьв. Імшы ў прамове да вернікаў архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці ўзгадаў асобна яшчэ й мучаніцкі подзьвіг і сьведчаньне веры беларускага грэка-каталіцкага Экзарха Антона (Неманцэвіча), які сем дзесяцігоддзяў таму загінуў, зьнясілены турэмнымі ўмовамі, у менскай вязьніцы гестапа. 2012 год у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве абвешчаны годам памяці Экзарха Антона, а таксама ўсіх вернікаў-уніятаў, якія загінулі ў часы фашысцкай акупацыі Беларусі. Кроў мучанікаў яднае ўсіх вызнаўцаў Хрыста, незалежна ад іх абраду і нацыянальнасьці, падкрэсьліў архібіскуп Гуджэроцьці.
 
На прэсавай канферэнцыі, якую зладзіў Апостальскі нунцый для прадстаўнікоў СМІ напрыканцы свайго візіту ў Горадню, пытаньне пра Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву гучала адно з першых: калі нарэшце беларускія грэка-католікі дачакаюцца ерархічнага завяршэньня Царквы свайго права ў асобе экзарха?
 
Адказваючы на гэтае пытаньне, пасланец Папы між іншага сказаў, што 16 гадоў ён працаваў у Ватыкане, у адной з кангрэгацыяў, як асоба, адказная за разьвіцьцё Ўсходніх Цэркваў. Таму гэтае пытаньне для яго добра знаёмае і важнае. На думку архібіскупа Гуджэроцьці, сёньня важнай зьяўляецца паступовасьць у працэсах разьвіцьця Грэка-Каталіцкае Царквы ў Беларусі. “Мы маем перад сабой Царкву, якая ў гісторыі змушана была спыніць сваё існаваньне, і якая сёньня ізноў пачынае дыхаць, – адзначыў нунцый. – Існуе дзьве стратэгіі, якія можна прымяніць у гэтым выпадку. Першая – пачаць “з ног”, другая – пачаць “з галавы””. Як адзначыў нунцый, мы пачалі адбудоўваць Царкву “з ног” (з нізу) і цяпер знаходзімся на добрым узроўні, будуючы ўсё Цела Царквы.

У справе прызначэньня свайго біскупа (ардынарыя) для беларускіх грэка-католікаў архібіскуп Гуджэроцьці сказаў наступнае: “Спадзяемся, што будзе рашэньне і адносна “галавы”. Яна ўжо ёсьць, але можа ўдасца зрабіць гэтую “галаву” больш рэальнай”.

Вырашэньне гэтай справы, на думку нунцыя, залежыць таксама ад таго, на колькі вернікі змогуць зрабіць сваю прысутнасьць больш бачнай.

Архібіскуп Гуджэроцьці нагадаў, што Ватыкан ведае, што шмат людзей навукі і культуры пазіцыянуюць сябе, як грэка-католікі. Ад іх ідуць лісты, але ў царкве, на малітве, на жаль, іх бачна вельмі рэдка. І было б добра, каб іншыя вернікі бачылі гэтых людзей у Царкве, як і прысутнасьць у Беларусі грэка-каталіцкае Царквы. Гэта таксама дапамагло б Рыму мець аргументы для больш рашучага разьвязаньня праблемы.

 
Пры гэтым архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці адзначыў, што праблема арганізацыі грэка-каталіцкай супольнасьці ў Беларусі – гэта таксама праўная праблема. “Таму, калі ідзе гаворка пра права, то яно не ўвязана з пытаньнямі колькасьці, – падкрэсьліў Апостальскі нунцый. – Для Сьвятога Пасаду грэка-католікі вельмі важны, яны зьяўляюцца інтэгральнай часткай прысутнасьці Паўсюднай Царквы ў Беларусі”.
 
“Мы робім сваю справу, хоць у вачах людзей гэта можа выглядаць вельмі павольна. Было б вельмі пажадана, каб грэка-каталіцкая Царква была прысутная ня толькі на ўзроўні культуры, дзе яна сапраўды займае заўважнае месца, але, як і ў рыма-каталіцкіх цэрквах, на ўзроўні пастаральным, у нядзельных літургіях. Бо, не забывайма: гэта – галоўная задача вернікаў. І тады сустрэнуцца гэтыя дзьве рэчаіснасьці”, – падсумаваў архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці.
 

Віктар ПАРФЁНЕНКА, г. Горадня

 

Гл. таксама:
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
01.11.2013
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу
14.05.2012
Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў паніхіду ў Хатыні
07.04.2012
Архібіскуп Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкі храм у Віцебску
02.12.2011
Сустрэць агонь і несьці агонь