Пошук
Архіў навін

12.05.2012

Ватыканскі ярарх наведаў Альбярцін і ўшанаваў Жыровіцкую ікону Багародзіцы

Падчас свайго візіту ў Беларусь Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Цырыл Васіль, які належыць да Таварыства Ісуса, 8 траўня 2012 году наведаў Альбярцін, дзе ў міжваенны час месьцілася Ўсходняя місія айцоў-езуітаў і дзе нёс служэньне беларускі грэка-каталіцкі экзарх-мучанік а. Антон Неманцэвіч, SJ. Таксама ён памаліўся перад Жыровіцкай іконай Багародзіцы ў касьцёле ў Слоніме і на парафіяльным сьвяце грэка-католікаў у Івацэвічах.
  
Другі дзень свайго візіту ў Беларусь ватыканскі ярарх пачаў з наведваньня колішняга слонімскага прадмесьця Альбярцін, дзе ў міжваенны час была ўніяцкая парафія, у якой служылі манахі-езуіты. Менавіта Альбярцін быў рэзідэнцыяй Экзарха Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі айца Антона Неманцэвіча. І менавіта адсюль пачынаўся мучаніцкі шлях беларускага Экзараха, якога 70 гадоў таму, 4 ліпеня 1942 году, арыштавала гестапа за яго актыўную місіянерскую дзейнасьць, і даставіла ў турму СД у Менску, дзе ён памёр, будучы вычарпаны фізічна, ад сардэчна-сасудзістай недастатковасьці.

Архібіскуп Кірыла (Васіль) агледзеў будынак, дзе месьцілася Ўсходняя місія айцоў-езуітаў, наведаў альбярцінскі касьцёл Маці Божай Каралевы Супакою ды памаліўся за загінулых падчас 2-й Сусьветнай вайны. Ля мемарыяльнага крыжа, устаноўленага ў памяць пра езуітаў усходняга абраду, разам з грэка-каталіцкімі сьвятарамі і вернікамі ён ўзгадаў у малітве Экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча і іншых сьвятароў і манахаў, якія працавалі ў Альбярціне.

Пасьля гэтага Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў накіраваўся ў касьцёл сьв. Андрэя ў Слоніме, дзе захоўваецца сёньня дастаўлены ў свой час з Рыму для каранацыі Жыровіцкі абраз Маці Божай.

Малітва ў Альбярціне
Там госьця з Ватыкану вітаў Гарадзенскі рыма-каталіцкі біскуп Аляксандар Кашкевіч. Перад цудатворнай іконай Маці Божай Жыровіцкай, Уладыка Кірыла разам з прысутнымі сьвятарамі і вернікамі абодвух абрадаў, у малітве Акафісту ўшанаваў Багародзіцу, якая лічыцца Апякункой беларускага народу.

 
Падчас малітоўнай сустрэчы з архібіскупам Кірылам (Васілём) у слонімскім касьцёле сьв. Андрэя царкоўную ўзнагароду ад імя Сьвятога Айца — крыж “За Царкву і папу” — атрымала мясцовая грэка-каталіцкая верніца Яўгенія Лазар, якая ў часы савецкага бязбожжа і забароны Грэка-Каталіцкай Царквы разам з сваёй сям’ёй аддана трымалася сваёй грэка-каталіцкай веры. Ня раз яна прымала ў сваёй хаце ў Слоніме сьвятароў, якія працягвалі служэньне ва ўмовах падпольля. Яна змагла выхаваць у веры сваіх дзяцей ды ўнукаў, перадала ім любоў да Бога.
 
Яўегнія Лазар з Уладыкам Кірылам (Васілём) і архім. Сяргеем (Гаекам).

Са Слоніму Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў накіраваўся ў Івацэвічы на парафільнае сьвята мясцовай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай. Уладыка Кірыла (Васіль) наведаў душпастырскі цэнтр парафіі, дзе азнаёміўся з ўмовамі жыцьця і малітвы грэка-католікаў. Высокадастойны госьць коратка памаліўся разам з вернікамі ў сьціплай капліцы перад іконай Маці Божай Жыровіцкай, затым зьвярнуўся да вернікаў з кароткай прамовай, у якой заахвоціў іх не баяцца і не саромецца сваёй невялікай, як у першахрысьціянскія часы, супольнасьці і сьмела сьведчыць пра сваю хрысьціянскую ідэнтычнасьць, захоўваць і перадаваць сваю веру наступным пакаленьням, як гэта рабілі нашыя продкі.

Пасьля наведваньня грэка-каталіцкага душпастырскага цэнтру ўрачыстасьці ў гонар Маці Божай Жыровіцкай перанесьліся ў івацэвіцкі касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Мясцовыя рыма-католікі гасьцінна прапанавалі сваю сьвятыню візантыйскім католікам для такой урачыстасьці, бо маленькая грэка-каталіцкая капліца не зьмясьціла б усіх вернікаў, якія прыехалі з Баранавічаў, Берасьця, Менску, а таксама Пінску на сьвята ў гонар Маці Божай Жыровіцкай, каб мець не такую частую пакуль магчымасьць памаліцца на архірэйскай Боскай Літургіі разам з Уладыкам Кірылам.

Каля касьцёлу ватыканскага госьця вітаў дапаможны біскуп Пінскі Казімір Вялікаселец, прадстаўнікі мясцовых уладаў і супрацоўнікі апарату Ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў з Берасьця. Разам з высокім госьцем з Ватыкану ва ўрачыстай сьвяточнай багаслужбе прыняў удзел таксама Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, шматлікія сьвятары абодвух абрадаў.

 

Падчас візантыйскай архірэйскай Літургіі быў урачыста пастаўлены на іпадыякана выпускнік семінарыі Віталь Быстроў з Івацэвічаў. Таксама Ўладыка Кірыла (Васіль) асьвяціў зямлю з месца, дзе пахаваныя зьнішчаныя нацыстамі ў вайну бабровіцкія ўніяты.
 
Вернікі івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай кажуць, што такі высокі ярарх хіба ўпершыню ў гісторыі зрабіў візіт у Івацэвічы. Вось што сказаў з гэтае нагоды для Радыё Свабода старшыня івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Вячаслаў Гарчакоў: “Нашыя малітвы пачутыя, і такі вялікі дастойнік ватыканскі едзе да нас. /.../ Гэта была вялікая нечаканасьць, канечне, але і радасьць таксама. Гэта першы такі візіт, увогуле, можна сказаць, у гісторыі апошніх вякоў”.
 
Вернікі грэка-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах асабліва ушаноўваюць памяць пра зьнішчаную ў вайну ўніяцкую парафію ў Бабровічах і апякуюцца магілай выдатнага душпастыра гэтай парафіі — беларускага грэка-каталіцкага сьвятара а. Баляслава Пачопкі, які пахаваны на могілках у Целяханах. “Наш сьвяты абавязак іх ушаноўваць, бо мы таксама прадаўжальнікі гэтай традыцыі на нашых землях, традыцыі еднасьці з Апостальскім Пасадам”, — кажа старшыня парафіі Вячаслаў Гарчакоў.
 
Наведваньне Сакратаром Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Слоніму і Івацэвічаў пракаментаваў для Радыё Свабода грэка-каталіцкі сьвятар айцец Андрэй Крот, які сам мае карані ў Бабровічах і яшчэ як вернік у значнай ступені спрычыніўся да адраджэньня грэка-каталіцкай супольнасьці ў Івацэвічах: “У першую чаргу ягоны візіт зьвязаны з ушанаваньнем памяці экзарха Антона Неманцэвіча, зьверхніка Грэка-Каталіцкай Царквы, які кіраваў ёю з 1939 па 1942 год. У 1942 годзе ён быў арыштаваны гестапа і памёр у 1943 годзе. Івацэвічы таксама выбраныя нездарма, таму што ў Бабровічах, якія цяпер знаходзяцца ў Івацэвіцкім раёне, існавала ўніяцкая парафія ў міжваенны час, якая была спаленая разам з жыхарамі. Візіт у Слонім і Івацэвічы зьвязаныя з ушанаваньнем памяці нашых пакутнікаў 2-й Сусьветнай вайны”.


Зьвяртаючыся да вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Уладыка Кірыла (Васіль) у сваім казаньні (па-беларуску!) адзначыў: “У сьвеце вялікіх і моцных мы пакліканы разам з Марыяй, Маці Божай, абвяшчаць моц маленькіх, прыніжаных, непрызнаных. “Усе пакаленьні” называюць блаславёнай гэтую малую служку Госпада. /.../ Асабліва ўспамінаем Яе як Маці Божую Жыровіцкую, праз Ейную ікону так глыбока шанаваную ў беларускім народзе. Маці Божая у сваёй пакорнасьці нясе сьвету збаўленьне, Свайго Сына – Сына Божага. Беларуская Царква у сваёй нязначнасьці і пакорнасьці паклікана споўніць тую самую вялікую справу: данесьці да гэтага сьвету, да людзей спрагненых надзей, да людзей прыгнечаных і пакінутых вялікімі сістэмамі і вялікімі ідэалогіямі, голас Сына Божага, голас надзеі”.

Фота з "Газеты Слонімскай", Вітаўта Парфяненкі, Паўла Дайліда і Ігара Бараноўскага.

Гл. таксама:
14.05.2012
Захоўваць ідэал Еднасьці, абвяшчаць моц маленькіх, прыніжаных і непрызнаных
14.05.2012
Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў паніхіду ў Хатыні
07.05.2012
Дні памяці і малітвы – пад апекай Багародзіцы
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
04.05.2012
У Беларусь прыедзе Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў