Пошук
Архіў навін

14.05.2012

Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў паніхіду ў Хатыні

У Дзень Перамогі, 9 траўня 2012 году, у мемарыяльным комплексе “Хатынь” пасьля ўрачыстага мітынгу, арганізаванга ўладамі, адбылася паніхіда па ахвярах вайны з удзелам архібіскупа Кірылы Васіля, Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, сьвятароў і вернікаў візантыйскага і лацінскага абрадаў, а таксама прадстаўнікоў менскай абласной і мясцовай улады.

Хатынь. Архібіскуп Кірыла Васіль.
Каталіцкая вёска Хатынь стала сымбалем трагедыі беларускага народу, журботнай старонкай нашай гісторыі часоў 2-й Сусьветнай вайны. Хатынь — адна з тых 186 вёсак, якія былі спаленыя ў вайну разам з жыхарамі і не аднавіліся пасьля вайны. У 1943 годзе там былі забіты і спалены 147 мясцовых жыхароў, з іх — 75 дзяцей. У мемарыяльным комплексе “Хатынь” ўшанавана таксама памяць пра жыхароў спаленых вёсак Вяда, Тупічыцы і Красьніца з уніяцкай парафіі ў Бабровічах, за якіх Уладыка Кірыла маліўся падчас наведваньня грэка-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах.
 
Як піша Catholic.by, грэка-каталіцкі ярарх з Ватыкану быў асабліва ўсьцешаны, што яго візіт у Беларусь адбываўся менавіта ў дні, калі ўзгадваюць ахвяры вайны і ён меў магчымасьць памаліцца разам з беларускай супольнасьцю за душы тых, хто загінуў у часы ваеннага ліхалецьця. “Хатынь — гэта месца, дзе лепш можаш зразумець дух і душу, бо яно нагадвае пра сьмерць і боль. Але тут нараджаецца таксама надзея, бо ёсьць яскравае ўсьведамленьне — дабро перамагло зло”, — падкрэсьліў архібіскуп Кірыла (Васіль). Ён таксама адзначыў, што надзея — гэта рыса, якая адрозьнівае беларускі народ, які з надзеяй заўсёды ідзе наперад.


“У гэты велікодны час, калі ўзгадваем перамогу Ісуса над пеклам, сьмерцю і грахом, мы ўзгадваем мучанікаў (мы нават ня можам сабе ўявіць усіх пакутаў гэтых людзей) і давяраем іх Міласэрнаму Богу. А Ён, можам быць упэўненыя, пра іх не забудзе”, — сказаў ярарх.
 
Архібіскуп Кірыла Васіль заклікаў усіх прысутных на памінальнай урачыстасьці быць братамі адно для аднаго, пажадаў, каб наш час быў поўны міру, еднасьці і пашаны да бліжняга.
 
Пасьля паніхіды ў візантыйскім абрадзе адбылася сьвятая Імша ў лацінскім абрадзе, якую ўзначаліў кс. Уладзіслаў Завальнюк з Менску. Удзельнікі набажэнства прасілі ў малітвах аб Божай міласэрнасьці для ўсіх, хто загінуў, абараняючы Бацькаўшчыну.
 

 Высокадастойнага госьця з Ватыкану ў мемарыяльным комплексе “Хатынь” віталі беларускія скаўты і гайды (Уладыка Кірыла доўгі час быў душпастырам славацкіх і еўрапейскіх скаўатаў), якія стаялі падчас урачыстага мітынгу і памінальнага набажэнства ў ганаровай варце.
 
 
Фота Юрыя Мазуркевіча.
Гл. таксама:
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял
29.06.2014
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі
12.05.2012
Ватыканскі ярарх наведаў Альбярцін і ўшанаваў Жыровіцкую ікону Багародзіцы
07.05.2012
Дні памяці і малітвы – пад апекай Багародзіцы
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў