Пошук
Архіў навін

16.05.2012

Ватыканскі ярарх назваў адраджэньне БГКЦ сапраўдным цудам
 
На прэсавай канферэнцыі, якую Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Цырыл Васіль правёў 9 траўня 2012 году ў канферэнц-залі Чырвонага касьцёлу, ацэньваючы стан Грэка-Каталіцкай Царквы Беларусі з пункту гледжаньня разбудовы структураў, ён назваў яе пакуль што “беднай і слабой”, але сам факт яе адраджэньня ў Беларусі ён акрэсьліў, як “сапраўдны цуд”. Знаёмства з жыцьцём беларускіх грэка-католікаў, сустрэчы з вернікамі і размовы з каталіцкімі сьвятарамі і ярархамі ў Беларусі далі падставу ватыканскаму ярарху сьцьвярджаць, што сёньня гэта ёсьць жывая Царква.
  
Уладыка Кірыла (Васіль)
Радыё Свабода асабліва выдзяляе наступныя словы Ўладыкі Кірылы (Васіля): “Ёсьць пэўныя асьпекты, якія трэба разьвіваць, узмацняць і нарошчваць. Што да іншага жыцьця Царквы, якое датычыць веры, сумленьня, сям’і, то тут Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква зрабіла вялікі крок наперад, бо гэта Царква, якая адрадзілася з попелу, як Рыма-Каталіцкая і Праваслаўная Цэрквы. Пасьля доўгага часу перасьледу і зьнішчэньня Царквы ў Беларусі гэта сапраўдны цуд — тое, што адбывацца з Царквой, яе аднаўленьне ў Беларусі. Гэта знак таго, што яна жывая”.
 
Паводле ватыканскага ярарха, цяпер мае актуальнасьць тэма разбудовы структуры Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, — паведамляе Рады і яна будзе абмяркоўвацца з іншымі кампетэнтнымі органамі Сьвятога Пасаду: Дзяржаўным Сакратарыятам Ватыкану, Папскай Радай спрыяньня хрысьціянскай еднасьці, а таксама з каталіцкімі ярархамі і папскім нунцыем у Беларусі.
 
Што да канкрэтных крокаў у справе прызначэньня ўласнага біскупа для БГКЦ і зацьверджаньня яе статусу, Уладыка Кірыла сказаў наступнае: “Безумоўна, гэта пытаньне, адказ на якое цікавіць многіх грэка-католікаў і ня толькі іх. Гэтае пытаньне таксама блізкае майму сэрцу. Яно будзе абмяркоўвацца з усёй увагай і далікатнасьцю, якая яму належыць. Але гаварыць пра канкрэтныя формы, спосабы і час яго разьвязаньня яшчэ заўчасна”.
 
На прэсавай канферэнцыі, адказваючы на пытаньне журналістаў, архібіскуп Кірыла (Васіль) паведаміў таксама, што падчас ягонага знаходжаньня ў нашай краіне не абмяркоўвалася тэма магчымага візіту Папы Рымскага ў Беларусь. “Але я ведаю, што да гэтай тэмы ёсьць вялікая цікавасьць. Такое гіпатэтычна магчыма ў будучыні, і многія хочуць, каб гэта адбылося. Гэта адбудзецца тады, калі абодва бакі будуць гатовыя надаць гэтай падзеі сапраўднае значэньне”, — адзначыў ватыканскі ярарх.
 
Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, падсумоўваючы вынікі візіту Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у Беларусь пасьля сьв. Імшы ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены адзначыў, што візіт ватыканскага ярарха зьяўляецца гістарычнай падзеяй. “Убачыце, што гэты дзень будзе гістарычным, і тады вы скажаце: я там быў”, — сказаў нунцый.
Гл. таксама:
03.10.2013
Папа Францішак заклапочаны лёсам затрыманага ксянзда Лазара
15.05.2012
Архібіскуп Кірыла (Васіль): на беларускай зямлі сустракаецца Ўсход і Захад
14.05.2012
Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў паніхіду ў Хатыні
10.05.2012
Ватыканскі ярарх разам з грэка-католікамі памаліўся за Менск і за ахвяры вайны
08.08.2011
Айцец Аляксандар Надсан: Скарынаўская бібліятэка павінна зрабіцца беларускім аналагам Гётэ-інстытута