Пошук
Архіў навін

02.07.2012

 

Сьвяты Пасад падтрымлівае імкненьне да свабоды і справядлівасьці ў Беларусі

 

29 чэрвеня 2012 году ў Менску адбыўся прыём з нагоды 7-х угодкаў Пантыфікату і 85-годдзя з дня нараджэньня Сьвятога Айца Бенядыкта XVI. На ім прадстаўнік Сьвятога Пасаду ў Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці запэўніў беларускі народ у падтрымцы беларускай культуры і ў імкненьні да ўмацаваньня прынцыпаў свабоды і справядлівасьці ў нашай краіне.
  
У сьвята вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла па запрашэньні Апостальскага нунцыя ў Беларусі архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці, каб адзначыць памятныя даты ў жыцьці Сьвятога Айца Бенядыкта XVI, сабраліся каталіцкія ярархі Беларусі, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек), прадстаўнік Праваслаўнай Царквы, супрацоўнікі апарату Ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, сталічнай улады, дыпламатычных місіяў, ААН.
 
На прыёме прысутнічалі прадстаўнікі пасольстваў Францыі, Італіі, Германіі, Баўгарыі, Сірыі, Іраку, Еўрапейскага Саюзу, Турцыі, Румыніі, Ірану, Чэхіі, Ізраіля, Казахстану, Арменіі, Польшчы, Швайцарыі, Японіі, Малдовы, Палестыны, Літвы, Паўднёвай Афрыкі.
 
Апостальскі нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, зьвярнуўся да прысутных на беларускай мове. Цікава адзначыць, што ў сваёй прамове, гаворачы пра ідэнтычнасьць беларускага народу, прадстаўнік Папы выкарыстаў узьнёслыя радкі з верша маладой таленавітай беларускай паэткі Валерыі Куставай, якая параўнала яго са зьнясіленым матыльком. “Нашым агульным абавязкам зьяўляецца тое, каб зрабіць больш моцным гэтага матылька, а калі больш дакладна — дапамагчы матыльку ўмацаваць свае сілы”, — сказаў Уладыка Клаўдзі. Таксама і напрыканцы прамовы, з адценьнем гумару жадаючы беларусам не губляць аптымізму, ён завершыў свае пажаданьні радкамі з верша народнага паэта Рыгора Барадуліна.
 
Акрэсьліваючы пазіцыю Рымскай Апостальскай Сталіцы што да сітуацыі ў Беларусі, архібіскуп Гуджэроцьці нагадаў словы са звроту Папы Бенядыкта XVI да беларусаў, сказаныя ім у 2008 годзе: “Вы можаце быць упэўненыя, што Сьвяты Пасад і надалей будзе падтрымліваць ваш народ у яго стараньнях умацаваць належныя і легітымныя імкненьні да свабоды і яго намаганьні па паскарэньні дэмакратычнага працэсу як удзельніка вялікай сям’і свабодных і суверэнных еўрапейскіх народаў”.
 
Далей Апостальскі нунцый адзначыў, што і ў наступныя гады Папа і яго супрацоўнікі ўважліва сачылі за падзеямі ў Беларусі: “Чым больш напружанай станавілася сітуацыя пасьля 2008 году, тым мацней Сьвяты Пасад стараўся і стараецца споўніць сваё абяцаньне”. Пазіцыя Ватыкану застаецца нязьменнай: “Сьвяты Пасад разьдзяляе агульнае імкненьне да ўмацаваньня прынцыпаў свабоды і справядлівасьці”. Адначасова Апостальскі нунцый адзначыў, што Сьвяты Пасад з павагай ставіцца да багатай беларускай культуры, прыкладае намаганьні па падтрымцы яе, спрыяе росту вядомасьці пра яе і ўсю нашу краіну ў сьвеце. Паводле словаў прадстаўніка Папы, дыпламатычная роля Сьвятога Пасаду зводзіцца да намаганьняў дазволіць адбыцца разумнаму і справядліваму дыялогу, дыялогу ўнутры краіны і дыялогу на міжнароднай арэне.
 
Архібіскуп Гуджэроцьці таксама адзначыў, што Сьвяты Пасад чакае ад дзяржаўных уладаў новых крокаў і ініцыятываў, скіраваных на падтрымку і ўмацаваньне рэлігійнай свабоды ў краіне.
 
Пасланец Папы выказаў спадзяваньне, “што беларускі шлях да свабоды і справядлівасьці будзе працягвацца і будзе кіравацца маральна прымальнымі прыладамі сучаснай эканомікі, не забываючы пра сацыяльную падтрымку”.
 
Ніжэй прапануем поўны тэкст прамовы Апостальскага нунцыя. (Друкуецца паводле Catholic.by).
 
 
Прамова Апостальскага нунцыя ў Беларусі
архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці
падчас прыёму ў гонар Бенядыкта XVI
 
Шаноўная спадарыня Алена Купчына, намесьнік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, паважаныя прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, дастойныя біскупы Рыма-Каталіцкага Касьцёлу, шаноўныя прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, вялебныя дэлегаты Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, дарагія сьвятары, паважаныя сёстры, шаноўнае спадарства!
 
Дазвольце прывітаць усіх вас з нагоды сьвяткаваньня 7-ай гадавіны Пантыфікату і 85-годдзя з дня нараджэньня Яго Сьвятасьці папы Бенядыкта XVI.
 
Я ўпэўнены, што выражаю пачуцьці ўсіх вас, жадаючы Яго Сьвятасьці Божага блаславеньня, моцнага здароўя і посьпехаў у ягоных намаганьнях прапаведаваць і пашыраць вечныя каштоўнасьці ў сучасным сьвеце.
 
У 2008 годзе Папа скіраваў свой зварот да беларусаў: “Мяне радуюць шматлікія знакі ў краіне, якія абнадзейваюць. Вы можаце быць упэўнены, што Сьвяты Пасад і надалей будзе падтрымліваць ваш народ у яго стараньнях умацаваць належныя і легітымныя імкненьні да свабоды і яго намаганьні па паскарэньні дэмакратычнага працэсу як удзельніка вялікай сям’і свабодных і суверэнных еўрапейскіх народаў”.
 
Чым больш напружанай станавілася сітуацыя пасьля 2008 году, тым мацней Сьвяты Пасад стараўся і стараецца споўніць сваё абяцаньне.
 
Сьвяты Пасад разьдзяляе агульнае імкненьне да ўмацаваньня прынцыпаў свабоды і справядлівасьці.
 
У той жа час Сьвяты Пасад усьведамляе, што ніхто ня мае права навязваць сябе ў якасьці таго, хто настаўляе, арбітра ці ўласьніка гэтых прынцыпаў: кожная краіна прыкладае свае намаганьні, каб знайсьці шлях рэалізацыі гэтых прынцыпаў з улікам уласнай сьпецыфікі і сусьветнай сітуацыі ўвогуле, усьведамляючы свае моцныя бакі і свае супярэчнасьці.
 
У гісторыю Беларусі ўпісаны трагедыі, якія немагчыма выказаць словамі.
 
Любыя спробы размаўляць з беларускім народам на мове, якая не ўлічвае гістарычнага вопыту гэтай краіны, будуць неэфектыўнымі.
 
Беларусы часам адчуваюць сябе падобнымі да матылька, апісанага ў вершы Валерыі Куставай:
 
Ля апошняй кветкі лётаў трапяткі матылёк,
Ён нават не спрабаваў сесьці на яе,
Пэўна, баяўся зламаць кволую сьцябліну.
Раптам неба ўздыхнула — і пайшоў дождж.
Адна буйная кропля зьбіла зьнясіленага матылька...
 
Беларускі народ — гэта моцная нацыя, і было б няправільна атаясамліваць яго з матыльком. Але ў той жа час такі ж далікатны і ўразьлівы тэмперамент зьяўляецца часткай беларускай ідэнтычнасьці.
 
Нашым агульным абавязкам зьяўляецца тое, каб зрабіць больш моцным гэтага матылька, а калі больш дакладна — дапамагчы матыльку ўмацаваць свае сілы.
 
Спробы ўтапіць матылька будуць контрпрадуктыўнымі.
 
Каштоўнасьці дасьпяваюць унутры. Інтэрвенцыі звонку могуць стымуляваць гэты працэс.
 
Менавіта таму Папа ў вышэйзгаданым звароце сказаў: “Дасягненьне такой высокай мэты зьяўляецца няпростай задачай. Гэта патрабуе пастаяннага і разумнага дыялогу, які асноўваецца на сапраўднай салідарнасьці, павазе да легітымных імкненьняў, гістарычнай сітуацыі і адрозьненьня іншых”.
 
Сьвяты Пасад гатовы садзейнічаць такому працэсу тым, чым можа.
 
Калі дыпламаты замаўкаюць і не спаўняюць ролі стваральнага пасярэдніка, такое маўчаньне можа адкрыць шлях канфліктам значна больш небясьпечным і разбуральным.
 
Пра гэта мы ведаем з нашага працяглага вопыту. Дыялог нельга ўвесь час адкладваць. Заўсёды ёсьць шанец зрабіць яго больш інтэнсіўным.
 
Дыпламатычная роля Сьвятога Пасаду зводзіцца да намаганьняў дазволіць адбыцца дыялогу, дыялогу ўнутры краіны і дыялогу на міжнароднай арэне.
 
Народ ніколі не вінаваты. Ён ніколі не павінен адчуваць на сабе наступствы непаразуменьняў і рознагалосьсяў, нават калі стаўкай у гульні зьяўляюцца важныя прынцыпы.
 
Ізаляцыя ні ў якім разе ня дасьць сілы крылам матылька.
 
Менавіта таму Сьвяты Пасад працягвае падтрымліваць і заахвочваць да дыялогу, зносінаў, абмену ведамі і ідэямі ўнутры і за межамі Беларусі.
 
Сьвяты Пасад прыкладае намаганьні па падтрымцы багатай культуры гэтай краіны, паважаючы яе і папулярызуючы ва ўсім сьвеце.
 
Сьвяты Пасад ганарыцца значным укладам Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі ў гэты працэс. Касьцёл дзейнічае праз пашырэньне маральных прынцыпаў, якія зьяўляюцца асновай грамадзкага прагрэсу і ўзвышаюцца над чыстым мысьленьнем рынку і эканомікі.
 
Больш таго, Каталіцкі Касьцёл робіць усё магчымае, каб падтрымаць беларускую культуру ва ўсёй яе складанасьці праз адукацыю, камунікацыю, салідарнасьць і ўзаемаабмен. Усё гэта патрабуе супольных намаганьняў разам з іншымі канфесіямі і асаблівым чынам з Праваслаўнай Царквой у Беларусі.
 
Існуючая атмасфера ўзаемнай павагі і разуменьня зьяўляецца спрыяльнай для такой працы.
 
Сьвяты Пасад дзякуе прадстаўнікам дзяржаўнай улады Беларусі за намаганьні, скіраваныя на падтрымку рэлігійнай свабоды і спадзяецца, што гэты працэс будзе працягвацца і будзе ўзмоцнены новымі крокамі і ініцыятывамі ў кантэксьце ўсіх іншых правоў — асабістых і грамадзкіх.
 
Мы спадзяёмся, што беларускі шлях да свабоды і справядлівасьці будзе працягвацца і будзе кіравацца маральна прымальнымі прыладамі сучаснай эканомікі, не забываючы пра сацыяльную падтрымку, якая пакуль абараняе беларускіх грамадзянаў ад разбуральных наступстваў рэзкага сутыкненьня з дзікім капіталізмам, што ігнаруе чалавечую годнасьць і стварае недапушчальную сацыяльную няроўнасьць.
 
Сьвяты Пасад жадае Беларусі хуткага разьвіцьця і істотных дасягненьняў, не выпускаючы з-пад увагі ні пастаўленых мэтаў, ні таго, што ўжо дасягнута.
 
Гэтыя пажаданьні з прысмакам гумару я хацеў бы выказаць словамі вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна.
 
Халадней мне
на гэтым сьвеце штодня
Дый на тым
Не бывае цяплей
Нікому...
 
Дзякую за ўвагу!

 
Архібіскуп Гуджароцьці і Архімандрыт Сяргей (Гаек)


Менск, 29.06.2012. Апостальскі Нунцый Уладыка Клаўдзі (Гуджэроцьці)
і Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) падчас прыёму
ў гонар Сьвятога Айца. (Фота В. Палінеўскага, Catholic.by)

 

 

Гл. таксама:
17.05.2016
Новы Апостальскі нунцый у Беларусі бачыць сваім прыярытэтам разьвіцьцё экуменізму
03.10.2013
Папа Францішак заклапочаны лёсам затрыманага ксянзда Лазара
15.07.2011
У Беларусі – новы прадстаўнік Апостальскага Пасаду
19.09.2009
Бенядыкт XVI у 2010 годзе прыедзе ў Беларусь?
27.04.2009
Паведамленьне прэс-службы Сьвятога Пасаду