Пошук
Архіў навін
03.07.2012
Грамадзянін Вялікага Княства Любові
 
Раніцай, 2 ліпеня 2012 году, у шпіталі ў Вільні заўчасна памёр Сяргей Вітушка — гісіторык, настаўнік і журналіст. Ён быў кіраўніком легендарнай менскай “Талакі” — адной з першых незалежніцкіх арганізацый беларускай моладзі ў 1985-1990 гг.
 
Сяргей Вітушка належаў да той групы беларускай моладзі, якая ў 1990 годзе ініцыявала рэгістрацыю першай адноўленай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску. На пачатку 1990-х уваходзіў у склад знакавага часопісу “Унія”.
 
Сяргей Вітушка
Жывучы ўжо ў Вільні, калі бываў у Менску, наведваў набажэнствы ў грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа. Падчас доўгай і цяжкай хваробы яго наведаў у лякарні ў Вільні архімандрыт Сяргей Гаек і а. Андрэй Абламейка.
 
Два тыдні таму ў Сяргея Вітушкі здарыўся інфаркт, паведамляе “Наша Ніва”. Апошнія дні ён правёў у цяжкім стане і памёр на руках у жонкі Людвікі, якая апекаваліся ім, немачным, доўгія гады ягонай слабасьці.
 
Сяржук Вітушка нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Чысьць Маладэчанскага раёну. У 1989-м скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў у “Беларускай хатцы” ў Менску, філіяле музею М. Багдановіча.
 
З 1987 году быў старшынём моладзевага таварыства “Талака”. Як адзначаюць сябры, у Сяржука Вітушкі была цудоўная здольнасьць — прыцягваць у “Талаку” розных людзей, якія выходзілі адтуль сапраўднымі беларусамі. Разам з сябрамі ён ўдзельнічаў у архэалагічных раскопах і аднаўленьні помнікаў архітэктуры, агітаваў за стварэньне беларускіх класаў і школаў. Шмат пісаў на тэмы моладзевага руху, аховы помнікаў, краязнаўства.
 
З 1991 году Сяргей Вітушка пераехаў жыць у старажытную Вільню, працаваў там у беларускай школе, на радыё “Балтыйскія хвалі” і мясцовым тэлебачаньні. Прыкладаў намаганьні, каб адрадзіць у Вільні Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, быў кіраўніком грамадзкай арганізацыі, што была створана для гэтых мэтаў. У Вільні нарадзілася і яго дачка Паўліна, якая ў свае 19 ужо мела свае персанальныя выставы жывапісу.
 
На жаль, у Вільні Сяржук Вітушка цяжка захварэў на цукровы дыябет. У выніку хваробы страціў зрок, а пасьля і нагу. Тым ня менш, не губляў жыцьцёвы аптымізм, навучыўся ўсьляпую друкаваць на кампутары, пісаў вершы, п’есы-батлейкі, казкі для дзяцей і дарослых, якія ўражваюць чытачоў сваёй чысьцінёй і шчырай наіўнасьцю. Пакуль былі сілы ён нават арганізоўваў “сьляпыя экскурсіі” для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ.
 
Як адзначае ў інтэрв’ю для Радыё Свабода ягоны шматгадовы сябра віленскі мастак Алег Аблажэй, ніхто ані разу ня чуў ад яго ніводнага слова скаргі, нараканьня на жыцьцё: “Мы заўсёды хадзілі набірацца аптымізму менавіта да Вітушкі. Гэта быў найбольш аптымістычны чалавек з усёй нашай нешматлікай грамады”.
 
У 2011 годзе выйшла кніга С. Вітушкі “Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!”. Радыё “Рацыя” выдала кампакт-дыск на яе аснове. Прэзентацыя гэтага дыску ў Менску стала апошняй імпрэзай з ягоным удзелам.
 
Сябры кажуць, да апошняга Сяргей ня траціў сьветлыні духу і гумару. Яму было толькі 47...
 
Паводле запавету пахаваюць Сяргея Вітушку на радзіме продкаў — у вёсцы Рагава, што ў Менскім раёне.
 
3 ліпеня адбудзецца разьвітаньне з ім у Вільні, а на наступны дзень з ім разьвітаюцца сябры ў Менску.
 
Пахавальная паніхіда за слугу Божага Сяргея і малітоўнае разьвітаньне з ім адбудзецца ў Менску, у сераду, 4 ліпеня 2012 году, а 12-й гадз. у капліцы Ўсіх сьвятых беларускага народу ў грэка-каталіцкім душпастырскім Цэнтры сьвятога Язэпа (вул. Арджанікідзэ, д. 6, ст. метро “Аўтазаводзкая”).
 
Са сьвятымі супакой, Хрысьце, душу заснулага слугі Твайго.
 
Віктар ШНІП
Балада Сержука Вітушкі
(1965—2012)
 
Na pašparcie zołatam — VKL,
I viza ź minuŭščyny ŭ novi.
Čytajcie, zajzdroście — ja hramadzianin
Vialikaha Kniastva Lubovі.
Сяржук Вітушка
 
У Вялікае Княства Любові дарога
Для цябе і сяброў, як дарога да Бога,
Як дарога да роднае хаты, да маці…
Ты ідзеш па дарозе нябачнай, і шчасьце
Матыльком над табою крыляе спакойна
І ад гэтага сьветла, ад гэтага гойна
На душы і на сэрцы тваёй талакі,
Дзе ў сяброў на пытаньне жыцьця: “Хто такі?”
Ёсьць адказ: “Беларус! І тут наша зямля
Ёсьць, была, і тут будзе заўсёды пасьля!
І касьцямі мы ляжам у нашу зямлю,
Для якой не крычалі: “Да скону люблю!”,
А маўкліва любілі, з нябыту ўздымалі
Беларусь, за якую сьцяною стаялі
Нашы продкі на замкавых сьценах і ў полі,
І ня здраджвалі ёй ні за што і ніколі!”
Ты ідзеш па дарозе нябачнай, шчасьлівы,
І ты рыцар, якому радзімыя нівы
Гояць раны на сэрцы, дзе ўся твая кроў
Ператворана ў Веру, Надзею, Любоў…
І ляціць матылёк над табой і ляціць,
І нікому яго не злавіць, не забіць,
Бо ён вечны, як ты, бо ты вечны, як сьвет,
Праз які ты ідзеш, як змагар, як паэт,
У якога нічога няма акрамя
Беларусі і продкаў імя…
03.07.2012
Газета “Наша Ніва”
 
Гл. таксама:
27.05.2017
Беларуская царква трапіла ў лік найлепшых будынкаў Лондану за 2016 год. Інтэрвію з архітэктарам
19.11.2014
Архімандрыт Сяргей Гаек: Папа пажадаў грэка-католікам Беларусі асэнсаваць сваю спадчыну
11.11.2014
Апостальскі Візітатар БГКЦ на ўрачыстасьцях у Вільні
10.09.2014
У Вільні ўшанавалі 500-ыя ўгодкі перамогі войскаў ВКЛ над Маскоўскім княствам
26.12.2011
Бэтлеемскі агонь – сымбаль полымя веры