Пошук
Архіў навін

04.07.2012

Сьвята Еднасьці пад апекай Маці Божай Берасьцейскай

 
З малітвы ля цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай 30 чэрвеня 2012 году распачаліся сёлета парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-каталіцкай парафіі братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
  
У гэты суботні вечар разам з братамі рыма-католікамі вернікі берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі на чале з сваім душпастырам а. Ігарам Кандрацьевым маліліся ў касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа. У гэты дзень сьвяткуецца ўспамін Маці Божай Берасьцейскай. Пробашч касьцёлу кс. Юры Хіневіч прапанаваў сказаць казаньне для вернікаў з нагоды сьвята а. Ігару Кандрацьеву.
 
Малітва грэка-католікаў ля цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай.
У сваім казаньні сьвятар прапанаваў вернікам задумацца і адказаць самім сабе на пытаньне, якой была Марыя, Маці Ісуса, за што мы Яе шануем, да чаго Яна нас заклікае і вучыць сваім жыцьцём.
 
Пасьля сьв. Імшы, адслужанай каля алтара з цудатворным абразом Усячыстае Дзевы з Немаўляткам Ісусам, усе прысутныя разам з хорам грэка-католікаў маліліся Акафіст да Найсьвяцейшай Багародзіцы. Кожны радок акафісту быў адказам на пытаньне, якое паставіў вернікам у сваім казаньні грэка-каталіцкі сьвятар. Яшчэ і на наступны дзень, у нядзелю, уражаныя прыгажосьцю сьпеву і глыбінёй зьместу Акафісту да Багародзіцы, кабеты з касьцёлу жыва абмяркоўвалі гэтую падзею.
 
А ў нядзелю, 1 ліпеня, берасьцейскія грэка-католікі сустракалі шматлікіх гасьцей у сваім храме і душпастырскім цэнтры. Урачыстую Боскую Літургію з нагоды парафільнага сьвята ўзначальваў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
З гэтага году галоўныя парафіяльныя ўрачыстасьці ў гонар братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу, грэка-каталіцкая грамада ў Берасьці вырашыла сьвяткаваць ў апошні ўік-энд чэрвеня (раней сьвята было прымеркавана да дня літургічнага ўспаміну сьв. апостала Андрэя — 30 лістапада). Гэты перанос выкліканы жаданьнем даць магчымасьць як мага большай колькасьці вернікаў прыняць удзел у парафіяльных сьвяткаваньнях у больш зручны для многіх, летні час. Тым больш, што напрыканцы чэрвеня паводле літургічнага календара БГКЦ адзначаецца некалькі сьвятаў, якія, як адзначыў Архімандрыт Сяргей (Гаек) у сваім казаньні падчас Літургіі, надаюць асаблівую сымболіку парафіяльным сьвяткаваньням у Берасьці: 29 чэрвеня — сьвята вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, якое для ўсіх католікаў зьяўляецца яшчэ і сьвятам яднаньня з Біскупам Рыму, Пераемнікам пасаду сьв. апостала Пятра, а 30 чэрвеня сьвяткуецца Сабор слаўных і ўсяхвальных 12-ці апосталаў, сярод якіх ушаноўваюцца і першпакліканыя Ісусам браты-апосталы Пятро і Андрэй.
 
Да таго ж, 30 чэрвеня 1996 году, упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі, была каранавана залатымі папскімі каронамі цудатворная ікона Маці Божай Берасьцейскай — напэўна, адзіная і самая каштоўная рэліквія, што засталася нам ад зруйнаванага ў выніку будаўніцтва крэпасьці сярэднявечнага Берасьця. Сьвята Берасьцейскай іконы Маці Божай, якую, паводле паданьня, прывёз з Рыму пасьля падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай Уніі 1596 году ўніяцкі біскуп Уладзімірскі і Берасьцейскі Іпаці Пацей, адзначецца ў апошнюю суботу чэрвеня. На жаль, пакуль яшчэ вельмі мала ладзіцца пілігрымак у дзень сьвята гэтай іконы. Вось жа ў берасьцейскіх грэка-католікаў ёсьць нагода і добрая магчымасьць разам з братамі рыма-католікамі сумесна ўшаноўваць гэтую цудатворную ікону Багародзіцы і ўрачыста праслаўляць Бога ў гэтыя дні.
 
Сьвята ў гонар нябесных апекуноў берасьцейскай парафіі традыцыйна мае характар сьвята Еднасьці. На яго зьбіраюцца ня толькі мясцовыя грэка-католікі але і шматлікія госьці з іншых грэка-каталіцкіх парафіяў Берасьцейшчыны (з Івацэвічаў, Баранавічаў, Пінску), заснаваньне якіх стала плёнам евангельскай і місійнай працы берасьцейцаў. Заўсёды жаданыя на парафіяльным сьвяце таксама сябры і дабрадзеі берасьцейскай парафіі: рыма-католікі, праваслаўныя, вернікі пратэстанцкіх супольнасьцяў.
 
Вось і сёлета, каб павіншаваць берасьцейцаў і зьяднацца ў малітве прыехалі вялікія групы грэка-католікаў з Івацэвічаў і Пінску, сябры з каталіцкай супольнасьці ў Астраўцы, госьці з Менску: з супольнасьці “Каштоўная пярліна”, а таксама католікі-місіянеры з Нігерыі Рафаэль і Кейсі. Маладыя госьці з Афрыкі ў якасьці падарунка выканалі некалькі вядомых хрысьціянскіх песьняў па-ангельску. Яны ўразілі ўсіх сваімі цудоўнымі чыстымі галасамі і шчырай малітвай. Таксама падчас віншаваньняў парафіі падзяліўся з прысутнымі некалькімі сваімі хрысьціянскімі песьнямі-перажываньнямі ў стылі рэп Максім Дыбко з Пінску.
 
Завяршэньнем віншавальнай праграмы сьвята стала падрыхтаваная берасьцейскімі грэка-католікамі 30-хвілінная музычная відэапрэзентацыя “Скажы: “Так!”” на тэму нашага адказу на Божы заклік.
 
Затым для ўсіх была зладжана сьвяточная брацкая агапа-абед, пасьля якой аж да вечару працягваліся сьпевы, малітва і сумеснае праслаўленьне Бога.

 

Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
06.12.2016
У Берасьці падчас сьвята парафіі ў 420-ыя ўгодкі Уніі асьвяцілі крыж на каплічцы
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
11.07.2013
Урачыстасьці ў грэка-католікаў Берасьця
27.11.2012
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі