Пошук
Архіў навін

31.07.2012

Айцец Віктар Данілаў: “Я заўсёды быў антыкамуністам”

Грэка-каталіцкі сьвятар а. Віктар Данілаў, які 20 ліпеня адзначыў сваё 85-годдзе – чалавек незвычайнага лёсу. У пошуках праўды і сэнсу жыцьця ён прайшоў складаны шлях ад атэіста да сьвятара. Будучы асуджаны за антысавецкую агітацыю, у савецкім лагеры ён знайшоў свой шлях да Бога і адчуў там сваё пакліканьне. Ён прыняў сьвятарскія сьвячаньні ў падпольнай Грэка-Каталіцкай Царкве і адважна нёс Добрую Вестку людзям у часы савецкага дзяржаўнага атэізму. Яго служэньне як сьвятара і дэкана БГКЦ Папа Ян Павел II адзначыў царкоўнай узнагародай – залатым крыжам “Pro Ecclesia et Pontifice”.

Протапрасьвітар Віктар Данілаў.
Віншуем былога дэкана Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з 85-годдзем і ніжэй прапануем яго інтэрв’ю для гарадзенскага моладзевага інтэрнэт-праекту “Твой стыль”.

Айцец Віктар Данілаў – грэка-каталіцкі (уніяцкі) сьвятар, чалавек незвычайнага лёсу: яму давялося прайсьці праз пекла ГУЛАГу, знайшоўшы там шлях да Бога і сваё пакліканьне, заснаваць у Горадні парафію Маці Божай Фацімскай, пасьля чаго вярнуцца ў Расею з апошнім місіянерскім падарожжам.

Свой 85-ы дзень нараджэньня а. Віктар сустрэў на Радзіме, у Яраслаўлі. За плячыма застаўся доўгі шлях: праца ў ваеннай прамысловасьці падчас вайны, арышт у 1947-ым за “палітыку”, пасьля – вызваленьне ў 1955-ым разам з поўнай рэабілітацыяй, падпольнае навучаньне ў львоўскай семінарыі і рукапалажэньне ў сьвятары, нелегальная місіянерская дзейнасьць... Гарадзенцы памятаюць а. Віктара як заўзятага верніка, які на пачатку бурлівых 1990-х арганізаваў тутэйшых патрыётаў у грэка-каталіцкую парафію. Сёньня, нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, сьвятар актыўна карыстаецца фэйсбукам ды працягвае пісаць працы на рэлігійныя тэмы. Нешматслоўны, але заўжды шчыры і грунтоўны, а. Віктар пагадзіўся адказаць на пытаньні інтэрнэт-праекту “Твой стыль”.

– Айцец Віктар, Вашае навяртаньне да веры падчас адсідкі апісанае ў кнізе ўспамінаў “Мой шлях да Бога і каталіцкай царквы”, аднак чаму ўсё ж такі – грэка-каталіцтва?
 
– Я быў ахрышчаны ва ўсходнім абрадзе і быў жанаты. Таму ў лацінскім абрадзе ўжо быць ня мог. Сёньня па хадайніцтву мітрапаліта Кандрусевіча зьяўляюся бірытуалістам – магу служыць у двух абрадах. Зьвязана гэта з тым, што я быў патрэбны ў Расеі.
 

– А чаму пераехалі ў Горадню?
 
– Прычына – уцёкі ад КДБ на сваёй Радзіме. З-за місіянерскай дзейнасьці я ня мог уладкавацца на працу для ўтрыманьня сям’і. Там (у Расеі – “ТС”) каталікоў ненавідзелі... Акрамя таго я быў на дрэнным рахунку ў КДБ, бо меў дзьве палітычныя судзімасьці. У Горадні каталікоў было шмат і на гэта ня так коса глядзелі.
 

– Як пачыналася гарадзенская грэка-каталіцкая парафія?
 
– Для рэгістрацыі паводле закону патрэбна было 10 чалавек – людзі прыходзілі больш з патрыятычных пачуцьцяў, у Бога яны яшчэ ня верылі. Пасьля была праца з людзьмі, колькасьць парафіянаў вырасла да 80, частка зьехала. Пастаянных было хіба чалавек 60. Парафіі далі імя Маці Божай Фацімскай – тады гэта было модна. Яе прароцтвы натхнялі да веры.
 

– А ці не было ў Вас праблемаў з расейскім паходжаньнем, з беларускай ды ўкраінскай мовамі?
 
– Украінскія каталікі ня дурні, каб дачапляцца да мяне з-за мовы. Яны радыя ўжо таму, што я не “маскаль”, а чалавек іх маралі і поглядаў. Таксама было і ў Беларусі, хоць некаторыя хацелі на пачатку, каб я прапаведваў па-беларуску – я пачаў рабіць пераклады, але высьвятлілася, што па-расейску мае казаньні ўсё ж такі больш “запальвалі”, таму людзі сказалі: “Лепш па-расейску”. Але ў царкоўных справах я заўсёды праводзіў беларускую традыцыю і не дапускаў “сінадальшчыны”: напрыклад у выбары іконаў, стылі жывапісу і датычна “ныцьця” у сьпевах; я заўсёды быў антыкамуністам. (Афіцыйнае праваслаўе і палітыка Сіноду лічылася за савецкім часам падкантрольнай афіцыйным уладам – “ТС”.)
 
Службу я вёў па-беларуску. Сам часьцяком размаўляў на “трасянцы”, на якой размаўляе большасьць беларусаў. Чыстая беларуская мова мне давалася дрэнна, бо я ведаў польскую і часьцяком блытаўся з-за падобных словаў. Па царкоўна-славянску не служыў, бо гэтай мовы нават расейцы не разумелі.


– Чаму Вы зьехалі з Горадні і з Беларусі?
 
– Я вярнуўся ў Расею ў 2005-м, мне было ўжо 78 год, таму меў права на спакой. Акрамя таго на Радзіме ў мяне было два ўнукі бяз бацькі, які рана памёр, іх трэба было выхоўваць. І, нарэшце, Расея вызвалілася ад КПСС і я меў намер нешта зрабіць для яе, гэта быў мой абавязак. Грэка-каталікоў на Радзіме не было, сьвятароў, якія б ведалі расейскую мову не хапала – мяне запрасілі. Я працаваў вікарыем, бо быў ужо хворы: перанёс інфаркт, грыжа храбта пашкодзіла ногі, таму яшчэ ў Беларусі я езьдзіў на таксі... Старасьць. Зараз 85 і з хаты фактычна не выходжу, інвалід 2-й групы.
 

– Не шкадуеце аб ад’езьдзе?
 
– Не, маё вяртаньне ўратавала ўнукаў: яны добрыя грэка-каталікі, хоць наведваюць лацінскія богаслужэньні – ГКЦ (Грэка-Каталіцкай Царквы – “ТС”) там няма. Калі яны былі ў мяне ў гасьцях у Горадні, ім наш абрад грэка-каталіцкі нават больш спадабаўся, чым там лацінскі.
 

– За Вашымі плячыма доўгі і няпросты шлях. Калі б была мажлівасьць, што б Вы зьмянілі ў ім?
 
– Першае: пайшоў бы ў манахі, не жаніўся б. Другое: імкнуўся б меней грашыць. Звычайна кажуць: “Усё, што робіцца, да лепшага”, “Нет худа без добра”... Але каб так было, трэба кожную няўдачу асэнсоўваць і браць ад яе карыснае.
 

– З Богам, посьпехаў Вам!
 
– З Богам!

 
Алесь КІРКЕВІЧ, “Твой стыль”.
Гл. таксама:
07.01.2019
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар: Стаўленьне да нас з боку Ватыкана – наш вялікі боль
24.10.2018
Быць спадкаемцамі сьв. Кірылы і Мятода — зьвяртацца да людзей на зразумелай мове
21.07.2017
У Горадні малітоўна ўзгадалі айца Віктара Данілава
13.06.2017
Ноч храмаў — традыцыя, якую варта запазычыць Беларусі
13.05.2017
Адраджэньне грэка-каталіцкай парафіі ў Горадні