Пошук
Архіў навін
27.11.2012
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі
 
24 лістапада 2012 году Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці падчас свайго візіту ў Берасьце з нагоды 600-годдзя заснаваньня рыма-каталіцкай парафіі ў горадзе сустрэўся з берасьцейскімі грэка-католікамі.
 
Душпастыр берасьцейскіх грэка-католікаў а. Ігар Кандрацьеў вітае Апостальскага нунцыя.
Высокадастойны Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці знаходзіўся з візітам у Берасьці 24 – 25 лістапада 2012 году па запрашэньні біскупа Пінскага Ўладыкі Антона Дзям’янкі. У нядзелю, 25 лістапада 2012 году, у касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа Ўладыка Клаўдзі ўзначаліў сьвяткаваньне 600-годдзя заснаваньня рыма-каталіцкай парафіі ў Берасьці.
 
Напярэдадні, 24 лістапада 2012 году, Апостальскі нунцый на яго просьбу быў прыняты старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму К. Сумарам – адзначае прэс-служба аблвыканкаму.
 
У другой палове дня ў суботу Апостальскі нунцый пажадаў наведаць душпастырскі цэнтр грэка- каталіцкай парафіі братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, дзе яго віталі Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, сьвятары Цэнтральна-Заходняга дэканату БГКЦ (з Берасьця, Менску, Горадні і Ліды) і вернікі.
 
Сустрэча прадстаўніка Папы з грэка-католікамі распачалася малітвай з Акафісту да Багародзіцы. Затым архібіскуп Кладыё Гуджэроцьці зьвярнуўся да вернікаў з пастырскім настаўленьнем. Уладыка Клаўдзі ў сваёй прамове гаварыў пра значэньне радасьці ў жыцьці кожнага хрысьціяніна. За ўзор вернікам ён падаў Багародзіцу і нагадаў словы пасланага Богам Анёла, якія той прамовіў, зьвяртаючыся да Марыі. Гэтыя словы кожны раз прамаўляем у малітве “Багародзіца Дзева, радуйся!” ва ўсходняй традыцыі. Бяз радасьці нельга ўявіць хрысьціяніна, адзначыў Уладыка Клаўдыё Гуджэроцьці.
 
Затым прысутныя вернікі змаглі задаць Апостальскаму нунцыю пытаньні на розныя тэмы: пра шлюб і разьведзеных сужонкаў, якія бываюць у кожнай парафіі, пра царкоўныя рухі і супольнасьці і іх месца ў сучаснай Царкве, пра новую евангелізацыю інш. Ад вернікаў прагучала таксама шчырая падзяка архібіскупу Клаўдыё Гуджэроцьці за яго ўвагу да беларускай культуры, цікавасьць да грамадзкіх праблемаў краіны, за малітву ў Курапатах па ахвярах камуністычных рэпрэсіяў.
 
Пасьля ў душпастырскім цэнтры парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адбылася пастаральна-фармацыйная сустрэча Апостальскага нунцыя з сьвятарамі Цэнтральна-Заходняга протапрасьвітарату Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Былі абмеркаваны магчымасьці практыкаваньня візантыйскай літургічнай традыцыі і сьведчаньня духоўнай спадчыны ва ўмовах, у якіх сёньня жыве БГКЦ. Сьвятарам быў прадстаўлены два тамы Часоўніка (тэксты багаслужбаў да розных гадзінаў дня і ночы).
 
У суботу ўвечары грэка-католікі змаглі памаліцца разам з Апостальскім нунцыем яшчэ і ў касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа, куды пасланец Папы накіраваўся пасьля заканчэньня візіту ў грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтр.
 
У касьцёле архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці віталі рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Ўладыка Антон Дзям’янка і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Ўладыка Казімір Велікаселец, сьвятары ды вернікі лацінскага і візантыйскага абрадаў, да якіх Апостальскі нунцый скіраваў кароткую духоўную прамову. Затым архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці пад сьпеў Акафісту памаліўся разам з грэка-католікамі і ўсімі прысутнымі сьвятарамі і вернікамі перад цудатворнай іконай Маці Божай Берасьцейскай, якая была прывезена біскупам Іпаціем Пацеем з Рыму пасьля падпісаньня Берасьцейскай Уніі.
 
У нядзелю ранкам, 25 лістапада, Апостальскі нунцый накіраваўся на малітву на месца, дзе стаяла царква сьвятога Мікалая, і дзе ў 1596 годзе адбываўся Сінод, на якім была абвешчана Берасьцейская царкоўная Унія Кіеўскай мітраполіі з Рымам.
 
У гэты дзень у касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа, у сьвята Хрыста Ўладара Сусьвету, адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 600-гадовага юбілею першай рыма-каталіцкай парафіі ў Берасьці. На сьвяточнай канферэнцыі ў касьцёле Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і а. Андрэй Буйніч прадставілі даклад на тэму: «Год веры — заклік да духоўнага подзьвігу». Сьвятую Імшу ў дзень сьвята ўзначальваў Апостальскі нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, які таксама прамовіў і казаньне. Разам з ім саслужылі Біскуп Антон Дзям’янка, Біскуп Казімір Велікаселец, Архімандрыт Сяргей (Гаек), грэка-каталіцкія і рыма-каталіцкія сьвятары з Беларусі і замежжа.
 
Гл. таксама:
25.05.2018
Апостальскі нунцый: праз некалькі месяцаў мы зможам убачыць канкрэтныя крокі па ўпарадкаваньні жыцьця грэка-каталіцкай супольнасьці
03.03.2016
Беларускія грэка-католікі пра сумесную Дэкларацыю Папы і Патрыярха
26.10.2013
Апостальскі нунцый сустрэнецца з грэка-каталікамі ў Баранавічах
07.04.2012
Архібіскуп Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкі храм у Віцебску
18.06.2009
«Мой Улюбёны — нібы гор вышыні»